Тым не менш, мяркуючы па рэакцыі залы, кантакт — адбыўся. Спадар Бартас, які асабіста завітаў на першы паказ, ахвотна і ветліва адказваў на любыя (нават трохі смешныя) пытанні, што гучалі з залы, дзе сабраліся людзі самых розных пакаленняў ды густаў. Адразу падумалася пра найважнейшую функцыю любога фестывалю — быць медыумам паміж аўтарам і open-minded-гледачом, адкрываючы для апошняга ўсё новыя і новыя планеты.
Карэспандэнты “К”, у сваю чаргу, займелі ўнікальную магчымасць пагутарыць з рэжысёрам за кубачкам гарбаты і пераканацца ў тым, што ў жыцці ён настолькі ж нешматслоўны, загадкавы і адначасова… вельмі просты, як і ягоныя фільмы.
— Ці адчуваеце вы сябе “тыповым” літоўскім рэжысёрам або, шырэй, аўтарам?
— Не. Так, Літва — гэта мая краіна, але... “Тыповым” я сябе не адчуваў ніколі.
— Вашы фільмы арганічна спалучаюць спецыфічны аўтарскі погляд і адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці, у тым ліку і ў сацыяльным разрэзе: праз “непрыдуманыя” пейзажы, абліччы, дыялогі...
— Натуральна, а як жа інакш! І ніякай супярэчнасці я тут не бачу.
— А ці ёсць нейкая істотная супярэчнасць паміж аўтарскім кіно і “глядацкім”?
— Падзел на кіно аўтарскае і... якое там яшчэ?... мне наўрад ці дадзена зразумець. Пагатоў, і з’явіўся ён адносна нядаўна. Вось, скажам, узяць таго ж Феліні — гэта якое кіно, аўтарскае? Так, натуральна. Але, у той самы час, ён быў камерцыйна паспяховым рэжысёрам, ягоныя фільмы мелі вялікія бюджэты і прыносілі прыбытак. Любая работа, якой бы яна ні была элітарнай, прызначана для гледачоў. І, у той самы час, любы самы “масавы” твор немінуча мае на сабе пячатку аўтарства…
— Як нараджаюцца ідэі вашых стужак? Што становіцца для вас першапачатковым імпульсам?
— Назапашваецца пэўны досвед, які я не магу выявіць ніяк інакш. І тады нічога не застаецца, як толькі шукаць фінансы для здымачнага працэсу...
— Ці пішаце вы сцэнарый, перш чым прыступіць да здымак?
— Часам пішу. З іншага боку, калі задума знаходзіцца ўжо на вытворчай стадыі, без нейкага плана дзеянняў працаваць папросту немагчыма: кожны кадр патрабуе неймаверных арганізацыйных высілкаў. Увогуле, у практыцы сусветнага кіно ёсць выпадкі, калі карціна “выходзіць” са сцэнарыя, калі яны ўзаемазвязаныя. Пачытайце сцэнарыі таго ж Бергмана альбо Бунюэля — і вы ўбачыце на экране іх увасабленне. Але шмат у якіх выпадках аўтарскі сцэнарый чытаць немагчыма ўвогуле: ты не разумееш, пра што там вядзецца гаворка, хаця само кіно неблагое. Мая першая мастацкая стужка “Тры дні” мела папярэдні сцэнарый, але ж палову адзнятага паводле яго матэрыялу я потым выкінуў.
Адпаведна, мне патрэбны не сцэнарый, а план вытворчасці, бо апошняя — складаная і грувасткая. Перакананы, што кіно можна здымаць без літаратурнай асновы.
— Думаецца, многія рэжысёры, якія прачытаюць гэтыя радкі, адчуюць як мінімум недаўменне...
— Калі я вучыўся ў ВГИКу, там актыўна культываваўся такі рэжысёрскі міф: маўляў, дайце мне добры сцэнарый — і я зраблю з яго геніяльны фільм. Але практыка паказвае, што так атрымліваецца далёка не заўсёды. Маючы выдатную аснову, рэжысёры часцяком ставілі нейкую лухту. А бывала і наадварот: сцэнарый нічога асаблівага з сябе не ўяўляў, але на выхадзе атрымліваўся прадукт, варты ўвагі.
— Пры ўсёй складанасці вашых фільмаў, у вас атрымліваецца глядзець на рэчы проста, бачыць іх такімі, якія яны ёсць, адкідаючы разнастайныя стэрэатыпы ды залішнія канатацыі. Мы ж прызвычаіліся да мовы метафар, шукаем схаваныя сэнсы… І калі бачым у кадры звычайнае крэсла, дык адразу задумваемся: а што гэта аўтар меў на ўвазе, і чаму тое крэсла пустуе...
— У гады “перабудовы”, калі я здымаў фільм “Памяць мінулага дня”, мяне пастаянна атакавалі пытаннямі: а што гэта значыць? Вось, напрыклад, варона, якая спрабуе сесці на крыж касцёла, але не можа з-за моцнага ветру. Розныя адказныя асобы ў мяне выпытвалі: і што вы тут мелі на ўвазе? Я тлумачыў: гэта варона, якая не можа сесці на крыж, бо вецер занадта моцны. Такі адказ не задавальняў, і даводзілася тлумачыць далей: слухайце, я ж не намаляваў тую варону, яна сапраўды там была!
— Адпаведна, трактаваць вашы фільмы ўвогуле немагчыма?
— Чаму не? Трактуйце, калі ласка! Кожны можа рабіць гэта так, як яму хочацца. У мяне часта пытаюць: слухай, мне вось падалося, што ў тым эпізодзе ты меў на ўвазе гэта і гэта. Я кажу: ну, калі табе падалося, дык, мабыць, ты маеш рацыю...
— А бывае, што ў такім выпадку вы кажаце адваротнае: маўляў, нічога падобнага я не меў на ўвазе і блізка?
— Не, такіх выпадкаў не было…
Распытвалі Ілья СВІРЫН і Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА