Роберт Фальк у Віцебску “Я ўбачыў у глыбіні пейзажу чырвоную рабіну…”

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

…У Мастацка-практычным інстытуце Фальк, у асноўным, займаўся нацюрмортам. Ён лічыў, што яго вучні павінны навучыцца рэалізоўваць ідэю прадмета ў акаляючай прасторы, ідэю яго канструкцыі, хацеў, каб яны пазбягалі якіх-кольвечы асацыяцый: гэтыя прадметы мусілі выказваць той сэнс, які ім уласцівы. Прадметы ён выбіраў самыя простыя: бутэлькі, талеркі, гаршчкі — на фоне аркуша ці палатна, радзей — простыя шклянкі, пудзіла птушкі ці папяровыя, размаляваныя анілінам, кветкі, набытыя на рынку. Праўда, іншым разам ставіў і “ядомыя” нацюрморты: вэнджаную рыбу, жытні хлеб, буракі ці цыбулю, — але іх наўмысна палівалі газай ці растваральнікам, каб пазбегнуць спакусы. Карацей, рэчы былі да смешнага простыя. Як і сам свет гэтых рэчаў, жывапісны стыль, паводле Фалька, павінен быць простым і зразумелым, каб валадарыла поўная дакладнасць, строгасць, нават суровасць, іншым разам выказаная ў праграмнай якасці, якая сталася адным з кодаў фалькаўскага жывапісу. Адчуваеце прынцыповае адрозненне ад супрэматызму ўнавісаўцаў?..

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 40 — 41.)

Адным з характэрных пастановачных нацюрмортаў Фалька быў нацюрморт з дзвюма бутэлькамі і глечыкам. Тры прадметы мастак устанавіў на стале ў рад — яны былі падзелены амаль роўнымі прамежкамі. Кожны з іх існаваў нібыта сам па сабе. Трэба было знайсці іхнія сілуэты, дакладна акрэсліць край стала, на якім яны стаялі. Аб’ём меў адчувацца гэтак сама востра, як і сілуэт. Навучэнцы павінны былі змагацца з прыблізнасцю, перамагчы яе, падпарадкаваць сябе прадмету ды, разам з тым, захаваць уладу над ім, вылучаючы з яго і філасофію, і настрой. І калі вучань адчуе ў нацюрморце драматычную напругу — стрыманую, засяроджаную, — тады мэта будзе дасягнута. Іншым разам Фальк рабіў нацюрморт больш складаным, больш шматпланавым, дзе пластычная характарыстыка прадметаў страчвала сваю адназначнасць. Такі быў нацюрморт з фікусам: аб’ёмы апынуліся ў такіх адносінах з мяркуемымі светлавымі крыніцамі, што яны кідалі па тры цені, неслі па ўсёй паверхні блікі. Гэта, аднак, паводле Фалька, не павінна прывесці да прыярытэту паветранага асяроддзя. Прадмет уладарыць — прадмет у сваім аб’ёме, у падкрэсленай пабудове сваёй формы, у яе структуры. Аб’ядноўвае не паветранае асяроддзе, а матэрыяльная аднастайнасць целаў, якія патрабуюць ад навучэнцаў складанага жывапіснага ўвасаблення і сваёй паверхні, і сваёго аб’ёму ценю, блікі становяцца сродкам той распрацоўкі жывапіснай паверхні, якая дае адчуванне нічым не парушанай шчыльнасці матэрыі, пастаянства яе быцця.

/i/content/pi/cult/396/7990/2-1.jpeg

Безумоўна, у педагагічнай сістэме Фалька адбіваліся ўрокі Сезана. Але не ў капіраванні манеры ці ўлюбёнай колеравай гамы, а ў засваенні прынцыпу жывапісу, у падыходзе да паверхні палатна, у святым стаўленні да кожнага сантыметра, у імкненні да “жывапіснай несупыннасці”. Ангеліна Васільеўна распавяла мне, як Фальк пісаў старога віцебскага натуршчыка, дэманструючы вучням, як вытанчана можна распрацаваць колеравыя плямы, захоўваючы пры гэтым агульныя суадносіны. Напрыклад, чорную вопратку старога Фальк выканаў з выкарыстаннем шматлікіх адценняў карычневага, зеленавата-аліўкавага, шэра-бэзавага. Пры гэтым кожнае адценне не гублялася ў агульным асяроддзі, як у імпрэсіяністаў, а нібыта набывала сваю ўласную паверхню. У колеравай гаме, як і ў рытміцы, усё будавалася на мяккіх пераходах ды суадносінах. Фальк як мастак-педагог Віцебскага мастацка-практычнага інстытута шмат увагі надаваў спасціжэнню законаў перадачы прадметна-аб’ёмнай формы пры дапамозе цалкам жывапісна-каларыстычных рашэнняў. З яго з’яўленнем у Інстытуце павеяла чымсьці свежым, новым, незвычайным у галіне пластычных пошукаў. І гэта многія навучэнцы хутка ацанілі.

Звычайна Фальк прыходзіў да сваіх вучняў у майстэрню ў дакладна вызначаны час — пасля 11-й — і пачынаў абход ад мальберта да мальберта: адзін дзень абыходзіў правую, другі — левую палову майстэрні. Размаўляў заўсёды нягучна, глухавата, інтымна, нібыта аналізуючы ўбачанае. Разважаў услых сам з сабой — пра карціну, пра жывапіс, пра колеравую дысціпліну, пра пачуццё формы, аб’ёму, прасторы. Раіў навучэнцам трымаць пад падушкай аповесць Гогаля “Партрэт”, лічачы гэтую кніжку своеасаблівай бібліяй для сапраўднага мастака. Вучні паважалі яго не толькі як педагога і жывапісца, але і як уважлівага і добразычлівага чалавека. Пераходзячы ад мальберта да мальберта, Роберт Рафаілавіч пытаўся пра самаадчуванне ды настрой сваіх навучэнцаў; калі каму-небудзь было ніякавата, прыносіў ежу. Ягоныя размовы наконт мастацтва поўніліся прыкладамі з класічнага і сучаснага жывапісу, архітэктуры, паэзіі, музыкі (ён сам цудоўна граў на піяніна). Разважаў пра Рэмбранта, Веласкеса, Тыцыяна, Шардэна, Руо, захапляўся талентам Суціна, Мадзільяні, Маціса. Дарэчы, ён быў (разам з К.Каровіным) першым з рускіх мастакоў, хто па заслугах ацаніў нашага земляка Хаіма Суціна.

/i/content/pi/cult/396/7990/2-2.jpeg

У 1921 годзе і ў Віцебску стала вельмі цяжка не толькі са станам матэрыяльнай базы Інстытута, але і з харчаваннем. Але Фальку было трошкі лягчэй, чым вучням: ён быў строгім вегетарыянцам і харчаваўся пераважна варанай капустай, угаворваючы сваіх маладых калег “дзеля карысці здароўю” перайсці на гэтую дыету. Аднак угаворы звычайна не дапамагалі: вучні любілі больш “грубую” ежу.

У Віцебску Фальк напісаў небагата карцін. Па-першае, шмат часу забірала педагагічная праца: “…Усё больш і больш я павінен быў выдаткоўваць сябе ў іншых галінах. Школьная праца пачала ўсё больш забіраць сіл…”. Па-другое, адносіны з жонкай Кірай Канстанцінавай-Аляксеевай таксама забіралі шмат сіл: у 1921-м мастак з ёю яшчэ быў у афіцыйным шлюбе. А тут яшчэ і новая пасія — Раіса Ідэльсон… Тым не менш, Фальк хадзіў на эцюды і пісаў. Многія віцябчане бачылі яго то на беразе Дзвіны, то на ўскрайку горада, то на рынку ці ў навакольных вёсках. Ён любіў жыццё патрыярхальнага Віцебска з яго рознакаляровымі хаткамі, што караскаліся на ўзгоркі, з ягонай нетаропкай мітуслівасцю. У спакойным рытме беларускіх пейзажаў плылі ягоныя роздумы пра прыроду, якія ён гэтак сама нетаропка пераносіў на палотны. Іншым разам у іх адбіваўся спецыфічна фалькаўскі прынцып “лірычнага кубізму”, калі выявы дамоў і вуліц ён “складаў” з прамавугольнікаў ды квадратных паверхняў, адрозных па колеравых якасцях — ружовых, жоўтых, аранжавых, зялёных, блакітных, шэрых, — але набліжаных адна да адной (“Пейзаж з чырвонымі хатамі”, “Дрэвы ля плота”, “Віцебск”). З нацюрмортаў віцебскага перыяду захаваліся “Кнігі”, “Кнігі і графін”, “Нацюрморт з посудам”. З партрэтаў — “Аўтапартрэт з перавязаным вухам” (проста як у Ван Гога!) на фоне драўляных дзвярэй і “Партрэт мастака Льва Зевіна”, дапісаны пазней у Маскве.

/i/content/pi/cult/396/7990/2-3.jpeg

Не будзем забываць, што ў Віцебску Фальк таксама кіраваў пленэрамі і займаў пасаду загадчыка Музея сучаснага мастацтва пры мастацкай школе, што таксама было вельмі важна для аўтарытэту Роберта Рафаілавіча сярод моладзі і калег, хаця і негатыўна адбівалася на яго творчасці. А яшчэ Фальку даводзілася часта перасоўвацца паміж Віцебскам і Масквой: ён быў прафесарам жывапісу ВХУТЕМАСа, дзе пастаянна выкладаў (да 1927 года). Акрамя гэтага, ён атрымліваў заработную плату ў Маскоўскай калегіі па справах мастацтва аддзела выяўленчага мастацтва Наркамасветы. Да таго ж, складаныя сямейныя абставіны не дазвалялі яму надоўга з’язджаць з Масквы: сыну Фалька — Валерыю  споўнілася чатыры гады, і трэба было пастаянна дапамагаць сям’і матэрыяльна. Дарэчы, Валерый Фальк таксама стаў мастаком: я бачыў адзіны ягоны твор у Ташкенцкім мастацкім музеі. Па стане здароўя ён быў вызвалены ад вайсковай службы, але, калі пачалася вайна, даведку гэтую схаваў, трапіў у вайсковае вучылішча, ваяваў. У 1943-м пад час бою быў цяжка паранены і памёр у шпіталі…

…І вось прыйшоў апошні дзень знаходжання Фалька на віцебскай зямлі. Як і заўсёды, а 11-й ён прыйшоў у майстэрню. Вучні ўжо ведалі, што іх настаўнік пакідае Інстытут і з’язджае ў Маскву, бо, па ягоных словах, кіраўніцтва ВХУТЕМАСа патрабуе яго пастаяннай прысутнасці там. Гэтым днём навучэнцы сабраліся амаль усе. Мальберты стаялі шчыльна. У куце — мост для натуры, табурэткі, драпіроўкі, сціплы рэквізіт. Жалезная печ-”буржуйка”, ад якой ішоў комін у акно. На коміне боўталіся бляшанкі, каб вада пасля дажджу не капала на галовы. У спецыяльнай нішы захоўваліся бярозавыя дровы: паліць печ. У той дзень вучні не пісалі пастановак, а слухалі фалькаўскія развагі наконт розных пытанняў творчасці. “Калі раніцай пракрычыць певень, — казаў ён, — з розных бакоў, у адказ яму, чуюцца далёкія галасы іншых пеўняў. Гэтак сама пераклікаюцца адно з адным у натуры падобныя колеры. Аднойчы, калі я пісаў лясны пейзаж, нечакана прайшла дзяўчына ў ярка-чырвонай сукенцы, і адразу я ўбачыў дзесьці ў глыбіні майго пейзажу чырвоную рабіну, якую раней не заўважаў. Чырвоную палоску ў небе…” Увогуле, пра колер Фальк мог гаварыць гадзінамі, без стомы.

За колькі месяцаў перад прыездам у Віцебск мастак напісаў сваю знакамітую “Чырвоную мэблю” (я вельмі люблю гэты твор), якую крытыкі назвалі “Тайнай вячэрай рэчаў”: так магутна прадстаўлена тут унутранае дзеянне. І сапраўды, у гэтай чароўнай карціне (вакол круглага століка — розныя крэслы і канапа ў палымяна-чырвоных чахлах) адлюстраваны душэўныя віхуры часу. Рэчы, што збіліся ў кучу, выпраменьваюць трывожна мільгаючае святло са сваіх неспакойных глыбінь. Вострыя драматычныя перажыванні проста выплёскваюцца з палатна і нясуць у сабе знічкі жорсткага ды безнадзейнага часу.

Фальк як творца імкнуўся не ўдзельнічаць у той палітычнай і мастацкай барацьбе, якая тады разгарнулася ў савецкай Расіі. Але, хацеў ён гэтага або не, яго пластычныя вобразы неслі ў сабе водгукі гэтай барацьбы — нават у “бессюжэтных” нацюрмортах, нават у “нетэматычных” пейзажах. І, мабыць, Віцебск прывабіў мастака яшчэ і таму, што ён спадзяваўся знайсці тут спакой творчай душы, які “мроіўся” яму ў Маскве, а галоўнае — знайсці мару, хай і нерэальную, аб нараджэнні звышмастацтва і свету, насычанага толькі ім! Менавіта гэта і адрознівала віцебскі авангард ад усіх папярэдніх і ўсіх наступных мастацкіх плыняў і культур…

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"