Легенды канфіскатаў, якіх мы не ведаем

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Выратаваныя скарбы: “засвяціць” і падсвяціць

Мастацкія шэдэўры сусветнага ўзроўню сустрэнеш не толькі ў музеях краіны са статусам “нацыянальны”, але і ў скарбніцах нашых рэгіёнаў. Адна з іх — музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” — ужо больш за дваццаць гадоў працуе ў Брэсце. За гэты час установу наведала больш за мільён чалавек! Аднак музей, на дзіва, не стаў абавязковым пунктам турмаршрутаў па Брэсце. Карэспандэнт “К” вырашыў даведацца аб прычынах падобнай сітуацыі, а таксама пра калекцыі ды надзённыя клопаты гэтай установы, для чаго ранішнім цягніком накіраваўся ў Брэст…

Музей пачынаецца… з вакзала?

…І першай справай вырашыў проста на чыгуначным вакзале даведацца, хаця б у агульных рысах, пра сам музей і, натуральна, высветліць шлях да яго.

/i/content/pi/cult/395/7961/2-1.jpeg

На жаль, супрацоўніца аддзела турызма Беларускай чыгункі, размешчанага на другім паверсе чыгуначнага вакзала Брэста — месца, дзе штодзень бываюць тысячы гасцей горада, — дапамагчы ў гэтай справе адмовілася, спаслаўшыся на працу выключна з турфірмамі ды карпаратыўнымі кліентамі. Можа, і сапраўды: эканамічна немэтазгодна вошкацца з адным кліентам, калі ў чэргах стаяць дзясяткі турыстычных груп? Але, па-першае, пад час майго візіту там не было ніводнага кліента, а па-другое — іншай альтэрнатывы турыстычнаму агенцтву (інфацэнтра ці хаця б інфакіёска) на вакзале, таксама як і ў іншых месцах, у Брэсце няма.

На дапамогу, як гэта звычайна і адбываецца, прыйшлі мясцовыя жыхары, якія, толькі пачуўшы адрас згаданага музея, адразу падказвалі найбольш хуткі і просты шлях да яго. Асобна падзякаваць можна і мясцовым транспартнікам: яны назвалі бліжэйшы да музея аўтобусны прыпынак паводле яго наймення, што не толькі спрашчае пошук установы, але і такім чынам рэкламуе яе. Тым больш, нават сам будынак музея — помнік архітэктуры 1925 — 1927 гадоў, узведзены па праекце славутага архітэктара Юліяна Лісецкага ў традыцыях сядзібнай архітэктуры, варты асобнай увагі.

Відавочны і недахоп прома-прадукцыі. Можна адзначыць хіба што фірменны буклет установы, зроблены яшчэ некалькі гадоў таму. Але яго можна набыць толькі ў самім музеі. Адпаведна, буклет становіцца ўжо не рэкламнай прадукцыяй, а сувенірам на памяць. З-за адсутнасці іншых. Разам з тым, думаецца, гарадскія ўлады маглі б знайсці невялікія сродкі, каб выдаць тыя ж флаеры з інфармацыяй пра музеі Брэста, у тым ліку, і пра гэты.

Кантрабанда — для турыста

Але ці замінаюць недахопы турыстычнай інфраструктуры гасцям Брэста наведваць гэты музей? Як фарміраваліся яго ўнікальныя калекцыі і якім бачыцца далейшае развіццё музея? На гэтыя пытанні адказвае загадчык установы Ірына ТАРЫМА, якая з’яўляецца адным са стваральнікаў Музея выратаваных мастацкіх каштоўнасцей.

/i/content/pi/cult/395/7961/2-2.jpeg

— Нават без агрэсіўнага маркетынгу наш музей, які з’яўляецца філіялам Брэсцкага абласнога краязнаўчага, ахвотна наведваюць. Зараз наспела неабходнасць у правядзенні капітальнага рамонту. Аднаўлення патрабуе не толькі інтэр’ер, але і дах, сутарэнні, тэрыторыя. У наступным годзе плануецца завяршэнне вонкавых работ і аднаўленне інтэр’ера музея, у выніку чаго адбудзецца частковая рээкспазіцыя. Так, усё найбольш цікавае дэманструецца ў дзеючай экспазіцыі. Ды ўсё ж некаторыя “разыначкі” для наведвальніка музей рыхтуе. Сярод іншага, плануецца, што ў абноўленай экспазіцыі будуць прадстаўлены і спецыяльныя сродкі, дзякуючы якім выявілі гісторыка-культурныя каштоўнасці, што хавалі пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы кантрабандысты. Калі казаць пра дэталі, то найперш патрабуе ўдасканалення асвятленне экспазіцыі, бо яно не адпавядае сучасным патрабаванням. Таму ўжо бліжэйшым часам мы плануем выкарыстоўваць LED-лямпы накіраванага святла.

— Як вядома, калекцыя музея пачала фарміравацца ў 50-я гады мінулага стагоддзя. А якая яго сённяшняя канцэпцыя?

— Сапраўды, першыя прадметы сучаснай калекцыі былі атрыманы яшчэ ў 1953-м. Калі ж пачалі ствараць музей, то меркавалі, што ўстанова стане адной з найбольш пазнавальных “візітовак” памежнага Брэста. Балазе музей — ці не адзіны ў свеце, дзе экспазіцыя цалкам складаецца з твораў мастацтва, канфіскаваных на мытні.

Што да канцэпцыі, то мы заўсёды падкрэсліваем: гэты музей найперш — мастацкі. Дзякуючы прадстаўленым узорам айчыннага мастацтва, творам майстроў краін Захаду і Усходу, перад наведвальнікам паўстае паўнавартасная гісторыя мастацтваў. Невыпадкова супрацоўнікамі распрацавана музейна-педагагічная праграма па праваслаўным мастацтве, паколькі менавіта іканапіс найбольш добра прадстаўлены ў нас. Зараз распрацоўваецца аналагічная праграма па дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве.

/i/content/pi/cult/395/7961/2-3.jpeg

— Не магу не пацікавіцца: кім і як вырашаецца лёс канфіскаваных каштоўнасцей?

— Згодна з заканадаўствам, усе канфіскаваныя рэчы, што маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, павінны перадавацца ў музеі. У які канкрэтна трапіць той або іншы экспанат, вырашае камісія па размеркаванні канфіскаваных каштоўнасцей, што дзейнічае пры Міністэрстве культуры нашай краіны. Да слова, цягам некалькіх апошніх гадоў у музей не было перададзена ніводнага экспаната… Наш музей, мяркую, мае заставацца адным з прыярытэтных у выпадках размеркавання такіх прадметаў, паколькі з’яўляецца спецыялізаваным і менавіта такім чынам развіваецца.

— Існуе меркаванне, што шэраг мастацкіх вырабаў з каштоўных і напаўкаштоўных камянёў трапляе не ў музеі, а па вельмі нізкім кошце прадаецца ў крамах…

— Што да твораў мастацтва, то гэта выключана, бо, калі на мытні не могуць самастойна вызначыць каштоўнасць канфіскаваных прадметаў, то звяртаюцца па кансультацыю ў музей ці ў Міністэрства культуры. Іншая справа, што шэраг твораў іканапісу камісія перадала на захоўванне ў храмы, адкуль некаторыя з іх былі скрадзены, і зноў, з нашымі музейнымі нумарамі, выявіліся на мяжы. А таму зараз камісія больш дэталёва вывучае, куды перадаваць на захоўванне каштоўныя абразы, ці маецца там належная ахова.

— У музеі шмат — каштоўнасцей, якія належаць культуры іншых краін, у першую чаргу — Расіі. Доктар філалогіі Адам Мальдзіс мяркуе, што некаторыя экспанаты варта абмяняць на беларускія гісторыка-культурныя артэфакты, тыя ж слуцкія паясы…

— Па шчырасці, у нас не так шмат прадметаў выключнай каштоўнасці. Тыя, што ёсць, — усе прадстаўлены ў экспазіцыі, і без іх музей страціць сваю спецыфіку. У фондах жа захоўваюцца абразы ХІХ — пачатку ХХ ст., якія хоць і маюць мастацкую і гісторыка-культурную каштоўнасць, але не прыдатныя для абмену, паколькі ў суседзяў шмат аналагічных прадметаў.

— Зразумела, што нелегальна перасякаюць мяжу найперш скрадзеныя рэчы. Ці былі прэцэдэнты вяртання каштоўнасцей з калекцыі музея іх сапраўдным уласнікам?

— За ўвесь час працы музея было толькі два такія выпадкі. Яшчэ ў савецкі перыяд музей атрымаў з мытні адну ікону, на якой быў шыфр Уладзіміра-Суздальскага музея-запаведніка. Мы самі звярнуліся да калег і вярнулі ім ікону.

/i/content/pi/cult/395/7961/2-4.jpeg

На пачатку 1990-х некалькі дзясяткаў абразоў былі знойдзены пагранічнікамі ў аўтобусе з яраслаўскімі турыстамі, якія накіроўваліся за мяжу. А неўзабаве ў Брэст прыйшоў запыт з інфармацыяй пра тое, што ў Яраслаўлі быў абрабаваны калекцыянер. У выніку на міждзяржаўным узроўні адбылася перадача гэтых рарытэтаў. Трэба адзначыць, усе прадметы, канфіскаваныя на мяжы, праходзяць так званы каранцін: даецца некаторы час менавіта для таго, каб выявіць сапраўднага ўладальніка той або іншай каштоўнасці.

— Што да гісторыі прадметаў, якія трапілі ў музей, то, відавочна, некаторыя з іх пабачылі сапраўдныя катаванні. Чаго варты абраз, распілаваны злачынцамі на шэсць частак…

— Так, сапраўды, быў і такі выпадак. Акрамя таго, шэраг карцін алейнага жывапісу выразалі з рам, у выніку чаго не захаваліся і подпісы аўтараў твораў, што ўскладняе іх атрыбуцыю. На жаль, легенды, гэта значыць — гісторыі, якія звычайна суправаджаюць твор мастацтва, большасці музейных прадметаў мы не ведаем: дзе і для каго ствараўся, дзе захоўваўся. Што да ікон, то нават не ведаем, з якіх храмаў, рэгіёнаў яны былі вывезены…

— Якім чынам выяўляюцца музейныя прадметы? Ці здараліся адметныя выпадкі?

— Безумоўна. Да прыкладу, музей мае мэблю, канфіскаваную ў 1993 годзе: усе шэсць прадметаў знаходзіліся ў фуры, што накіроўвалася транзітам з Латвіі ў Германію. Тавар быў запламбіраваны ліепайскімі мытнікамі, але ў іх беларускіх калег з’явіліся падазрэнні, як аказалася, небеспадстаўныя: на дне машыны было знойдзена, акрамя мэблі, каля сарака прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапісу і графікі, у тым ліку ваза фірмы Фабержэ, дзве карціны Сяргея Вінаградава, мастака-пейзажыста пачатку ХХ ст.

— А ці маюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі рэстаўратары?

— Так, але ўлічваючы колькасць ікон у нашых фондах, мяркуем, што працы хопіць не аднаму пакаленню рэстаўратараў. Пакуль адчуваем і недахоп спецыялістаў па гэтым профілі.

— Несумненна, Музей выратаваных каштоўнасцей — з’ява ўнікальная. Але якім чынам адбываецца рэклама ўстановы? Як папулярызуюцца яе калекцыі?

— Цяжкасцей на гэтым фронце хапае, у тым ліку з-за фінансавых магчымасцей установы. Тым не менш, тры гады таму было выпушчана невялікае, але змястоўнае выданне пра музей. Новае, пашыранае, чакаецца толькі пасля рамонту ўстановы: хочацца, каб усе экспазіцыйныя змены былі ў ім адлюстраваны. Зараз завяршаецца праца над стварэннем каталога, які падрабязна распавядзе пра іконы ў сярэбраных акладах XVII — сярэдзіны ХІХ стст. Да таго ж, нядаўна быў зняты фільм пра Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, дзе расказваецца і пра наш філіял. Магчыма, у будучыні дакументальная стужка будзе запісана на кампакт-дыскі і з’явіцца ў продажы. У нас ёсць свая інтэрнэт-старонка, мы стараемся даваць інфармацыю пра музей ва ўсе магчымыя каталогі, даведнікі. На парадку дня — і пашырэнне асартыменту сувенірнай прадукцыі. Ужо выпушчана пробная партыя закладак для кніг, каляндарыкаў з выявамі экспанатаў музея…

/i/content/pi/cult/395/7961/2-5.jpeg

Музейныя эксклюзівы

“Марскі пейзаж” у Брэсце

Кожны, хто “непадрыхтаваным” трапляе ў гэты музей, атрымлівае “культурны шок”: у невялікім рэгіянальным музеі прадстаўлены дзясяткі каштоўных мастацкіх твораў, вартых Эрмітажа, Луўра, галерэі Прада...

Асаблівы гонар музея складае іканапіс XVI — пачатку XX ст. Так, у асобнай зале зберагаюцца праваслаўныя абразы ў сярэбраных акладах XVIII — пачатку XX ст.

Ювелірнае мастацтва свецкага кірунку прадстаўлена вырабамі сусветна вядомай фірмы Фабержэ, сярэбранымі каўказскімі паясамі ды кінжаламі ў сярэбраных аправах. У Зале мастацтва Усходу дэманструюцца традыцыйны японскі жывапіс на шоўку, кітайскія вазы, японскі фаянс, будыйская скульптура канца XIX — пачатку XX ст. У зале пейзажнага жывапісу захоўваецца “Марскі пейзаж” невядомага галандскага мастака XVII ст., творы Айвазоўскага, Судкоўскага, Мясаедава, Вінаградава, нашага земляка Апалінарыя Гараўскага. Эцюд апошняга, да слова, апошні асабліва дарагі для брэстчан, бо ў свой час гэты мастак вучыўся менавіта ў горадзе над Бугам. Тут ён атрымаў рэкамендацыю да паступлення ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу…

Акрамя таго, перлінамі музея з’яўляюцца эскіз Міхаіла Урубеля да яго славутай карціны “Дэман зрынуты”, а таксама работа Фернана Лежэ.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Брэст — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"