Роберт Фальк у Віцебску “Я ўбачыў у глыбіні пейзажу чырвоную рабіну…”

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Мала хто ведае, што 1921-ы быў для “класіка духоўнасці першай паловы ХХ стагоддзя” Роберта Рафаілавіча Фалька асаблівай старонкай яго жыцця — і творчага, і педагагічнага, і асабістага. Сам ён пра гэты час амаль не ўспамінаў. У лістах ды аўтабіяграфіях абыходзіў увагай сваю нядоўгую віцебскую “адысею”, і на тое, мне здаецца, былі свае прычыны. Ды і сучаснікі, і тры жонкі Фалька (а ўсяго іх было чатыры) — Лізавета Пацехіна, Кіра Аляксеева-Фальк і Раіса Ідэльсон — таксама сціпла гэта замоўчвалі, бо для іх Віцебск таго года быў своеасаблівым “табу”, пра што я раскажу ніжэй. Праўда, захаваліся машынапісныя дзённікавыя запісы Раісы Ідэльсон (1920 — 1925 гг.), якія знаходзяцца ў Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (ф. 3018, адзінка захавання 212). Там пра гэты перыяд ёсць сія-тыя матэрыялы. Але хто іх чытаў?..

Так, “віцебскі перыяд” Фалька — малавывучаная старонка ў гісторыі айчыннага мастацтва 1920-х. Мабыць, я быў першым у Беларусі, хто амаль 20 гадоў таму спрабаваў у “К” зрабіць накід нейкага эскізу даследавання гэтай тэмы. На той час, акрамя баязлівых згадак наконт таго, што Фальк цягам кароткага часу выкладаў у Віцебскай мастацкай школе, па сутнасці, не было нічога. А практычна ўсе расійскія біёграфы мастака і мемуарысты ўвогуле не ўзгадвалі пра гэты “фрагмент” яго шматаблічнага, цікавага і вельмі нялёгкага жыцця ў творчасці.

 

/i/content/pi/cult/394/7914/2-2.jpeg

Чаму я тады зацікавіўся Фалькам? Мабыць, таму, што мая ўніверсітэцкая пераддыпломная праца сярэдзіны 1960-х гадоў была прысвечана практычна нявывучанаму тады ў савецкім мастацтвазнаўстве (і таму мала вядомаму нават спецыялістам) мастацкаму аб’яднанню “Бубновы валет”. У яго складзе Фальк поруч з П.Канчалоўскім, А.Купрыным, А.Лентулавым, І.Машковым, В.Ражджэсцвенскім ды іншымі бліскучымі “парушальнікамі спакою” займаў пачэснае месца аднаго з лідараў. Хаця ў працэсе работы пра сувязь мастака з Віцебскам я абсалютна нічога не ведаў, пакуль не сустрэўся з яго ўдавой Ангелінай Васільеўнай Шчокінай-Кротавай, якая пражыла з Робертам Рафаілавічам апошнія дзевятнаццаць гадоў ягонага жыцця.

З гэтай жанчынай у 1964-м я сустрэўся ў Маскве, па яе прапанове, не ў яе дома, а ў маскоўскай двухпакаёвай кватэры-камуналцы ейнай маці Алены Іванаўны. У старым блакноце ў мяне захаваўся запіс: “Вуліца Метрабудаўская, дом 42-1, Алена Іванаўна Вяржбіцкая, 74-х гадоў, маці Анг. Вас. Шчокінай-Кротавай, нар. 1890 г. Купіць для жанчын кветкі і дзве каробкі цукерак. Быць а 12-й гадзіне 16 красавіка”.

Там я даведаўся, што гэты дом — непадалёк ад былой майстэрні Фалька, якая знаходзілася ў знакамітым Доме Перцава ў стылі новарускага мадэрна (калі не памыляюся, у раёне Курсавога завулка на беразе Масквы-ракі). Менавіта Ангеліна Васілеўна, акрамя расповеду пра складаны лёс мужа, расказала тое-сёе і пра “віцебскага” Фалька, а таксама вытлумачыла версію з нагоды прыезду мастака ў горад на Заходняй Дзвіне (нібыта з яго ўласных слоў). Аказваецца, Фальк незадоўга да сваёй смерці ўсё ж паспеў трошкі распавесці жонцы пра сваё жыццё-быццё ў “правінцыйным” Віцебску. Хаця я сумняваюся, што мастак мог выкласці ёй усе падрабязнасці сваіх “амурных” віцебскіх прыгод, звязаных з сямейнымі адносінамі з дзвюма першымі яго жонкамі — Лізай Пацехінай і Кірай Аляксеевай — і, адпаведна, са сваімі малымі дзецьмі ад іх. Шлюбам з карэннай віцябчанкай, сваёй вучаніцай, мастачкай Раісай Ідэльсон скончыўся “віцебскі перыяд” лавеласа Фалька, і яго любоўная лодка на наступныя дзесяць гадоў апынулася ў ціхай гавані — да чарговага разводу. Л.Шчокіна-Кротава кажа: “Так, жанчынамі Роберт вельмі захапляўся і часта пакутаваў ад усіх складаных адносін з імі. Часам каяўся ў сваіх грахах як хрысціянскі грэшнік, што не перашкаджала яму ўсё пачынаць зноў і зноў. Аднак па натуры быў чалавекам сардэчным і чулым, дапамагаў усім, хто жыў у нястачы. Але, тым не менш не меў бы нічога супраць таго, каб у яго існаваў гарэм…”. Так жартам казаў мастак.

/i/content/pi/cult/394/7914/2-3.jpeg

Колькі слоў аб папярэдніх дзвюх жонках мастака, пра каго фалькаўскія біёграфы не вельмі любяць узгадваць. А — дарэмна, бо яны заслугоўваюць павагі і пашаны. Тым больш, што першая — мастачка Лізавета Пацехіна, маці агульнага сына — Валерыя Фалька, — афіцыйна развялася з мужам перад самым яго ад’ездам у Віцебск. Сын жа пакутаваў на шызафрэнію. Але другая жонка — таксама мастачка, Кіра Аляксеева-Фальк, дачка К.С. Станіслаўскага і маці агульнай дачкі — Кірылы (Царылы) Фальк, будучай вядомай перакладчыцы з французскай мовы і музеязнаўцы, — развялася з Фалькам пасля яго прыезду з Віцебска ў Маскву, дзе мастак адразу пабраўся шлюбам з Раісай Ідэльсон. Вось такая атрымліваецца заблытаная сямейная карусель у жыцці шчодралюбнага Фалька.

Упершыню мастак ажаніўся з дваранкай Лізаветай Пацехінай у 1909 годзе (яны вучыліся разам у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры). Перад вянчаннем з ёй Фальк ахрысціўся і атрымаў імя Раман (пасля 1917-га зноў стаў Робертам). Словам, Ліза была пакуль што адзінай музай мастака. І ейны вобраз застаўся аж у пятнаццаці фалькаўскіх цудоўных партрэтах, якія былі напісаны з 1908 па 1918 гг. З другой жонкай Кірай Аляксеевай, дачкой Станіслаўскага, Фальк афіцыйна пражыў усяго нічога — з 1920-га да 1922 г. (хаця ўпотайкі сустракаліся з 1916-га). За гэты час нарадзілася дачка Кірыла. А потым наш герой ажаніўся з Раісай Ідэльсон. Бацька апошняй Веніямін Іванавіч быў земскім урачом і патомным ганаровым грамадзянінам Віцебска, маці Жанета Маісееўна Баркан — з багатай нямецка-яўрэйскай сям’і гандляроў ільном. Рая вучылася спачатку ў Пэна, потым у Школе падтрымкі мастакоў пры Акадэміі мастацтваў у Петраградзе. Перад знаёмствам з Фалькам — у мастацкай школе Я.Гольдблата. У 1928 — 1929 гг. Раіса і Роберт жылі ў Парыжы. Потым яна вярнулася ў Маскву — быццам бы да хворых бацькоў. Але, на мой погляд, прычына была не толькі ў гэтым: Фальк у Парыжы, амаль ці не на вачах жонкі, закруціў раман з мастачкай Лідзіяй Ніканоравай, якая перад гэтым паспела адсвяткаваць свой шлюб са скульптарам Жоржам Арцёмавым. Ці была галоўная прычына ўцёкаў Раісы ў Маскву ўласна ў здрадзе Фалька — дакладна не магу сказаць, але факт застаецца фактам: у 1931 годзе Лізавета кінула мастака. Хачу падкрэсліць, што ўсе сучаснікі, у тым ліку і наступная, апошняя, жонка Фалька — Ангеліна Васільеўна, вельмі добра адгукаюцца пра Лізавету як пра чалавека “бясконцага сэрца”, “вельмі таленавітага і разумнага”, чыя кіпучая энергія заўсёды была скіравана на клопат аб любімых людзях”. І ўсе аднадушна прызнавалі, што яна разумела жывапіс Фалька лепш за прафесійных мастацтвазнаўцаў. Пражыла яна 78 гадоў і памерла ў Маскве ў 1972-м, да канца захоўваючы добрую памяць пра свайго былога мужа і вялікага жывапісца ХХ стагоддзя…

 

/i/content/pi/cult/394/7914/2-1.jpeg

Так, пасля ад’езду Раісы Фальк заставаўся ў Францыі яшчэ доўга. І раптам, у самы разгар “вялікага тэрору”, напрыканцы 1937-га вярнуўся на радзіму! Калі яго сябра Саламон Міхоэлс даведаўся пра гэта, ён выгукнуў: “Знайшоў час вяртацца!”. Але Фалька не арыштавалі: уратаваў яго сябра — “сталінскі сокал”, адзін з першых Герояў Савецкага Саюза Андрэй Юмашаў. З пачатку 1938-га ён пастаянна браў Фалька з сабой у свае паездкі ў Крым і Сярэднюю Азію. Гэты сумесныя вандроўкі былі прадуманым ходам Юмашава — удалай спробай дапамагчы мастаку, “фармалісту і касмапаліту”, знікнуць з поля зроку сталічных энкаведыстаў і тым самым зберагчы яго ад арышту…

...Мінулі гады, і зараз ужо можна нешта прачытаць у даследаваннях пра Фалька ў кантэксце Віцебскай мастацкай школы мастацтвазнаўцаў В.Дуванава, А.Шацкіх, А.Лісава, В.Шышанава, Л.Хмяльніцкай ды іншых, але адзінай цэласнай “манаграфіі”, хаця б газетна-часопіснай, пра ўласна “віцебскага Фалька” я пакуль не знайшоў. Таму зараз паспрабую выправіць сітуацыю, тым больш, нейкія матэрыялы на гэты конт у маім хатнім архіве захаваліся з даўніх часоў...

...Зімовай лютаўскай раніцай 1921 года з маскоўскага цягніка, што прыбыў у Віцебск, сышоў высокі, крыху згорблены чалавек, апрануты ў габардзінавае паліто, у фетравым капелюшы, акулярах у шырокай рагавой аправе. У руках у яго была пашматаная валізка і вялікі рулон палотнаў. Выйшаўшы з вакзала, ён убачыў рамізніка і здзівіўся: той нібыта сышоў з карцін Шагала, ягонага даўняга прыяцеля: з пэйсамі, у лапсардаку, у чорным капелюшы. Паехалі па горадзе ў бок Бухарынскай вуліцы, дзе месціўся Мастацка-практычны інстытут. Рамізнік быў вясёлы дзяцюк, мармытаў сабе пад нос нейкую яўрэйскую песеньку, не звяртаючы ніякай увагі на свайго інтэлігентна апранутага кліента.

Прыезджы тым часам са здзіўленнем разглядаў маленькія драўляныя хаткі, коз, курэй, гусей, свінняў і нават коней, што гулялі па вуліцах. А бліжэй да цэнтра і ўвогуле давялося войкнуць: чалавек убачыў пасярод плошчы трошкі абдзёртыя часам высокія геаметрычныя канструкцыі, рознага кшталту кубы, цыліндры, шары, конусы, на сценах дамоў — рознакаляровыя прамавугольнікі, трохвугольнікі, сегменты, запэцканыя бруднаватым снежным пылам… Што за насланнё? Што гэта: “рэшткі” леташняга буйнога гарадскога свята ў гонар Кастрычніка ці “пастаянная экспазіцыя” ў экстэр’еры Віцебска, створаная неўтаймаванымі Шагалам і Малевічам, сябрамі маладосці гэтага прыезджага чалавека?..

Безумоўна, рамізнік не ведаў, каго ён вёз. Хаця ў Маскве і Петраградзе, ды і ў Парыжы таксама гэты дзіўны незнаёмец быў ужо даволі вядомай асобай. Зваўся ён Робертам Фалькам. Чатыры месяцы таму яму споўнілася 34 гады. У мінулым засталася вучоба ў Канстанціна Юона, Валянціна Сярова, Канстанціна Каровіна, вандроўка па Італіі, якую ён прайшоў уздоўж і ўпоперак пешшу, атрымаўшы добрыя грошы за адзін прададзены твор. Яго ведалі многія з расійскіх знаўцаў жывапісу па выстаўках “Мир искусства” і слыннага “Бубновага валета”, ведалі як дзёрзкага каларыста з “вельмі добрым густам”, заўзятага апалагета жывапісу Поля Сезана…

Што ж прывяло Фалька сюды, у гэты старадаўні патрыярхальны горад, які па волі лёсу за нечувана кароткі тэрмін стаўся ледзь не сталіцай еўрапейскага авангарда? Прынамсі, бадай, другім горадам пасля Парыжа ў сэнсе значнасці тых наватарска-радыкальных шляхоў у сучасным мастацтве, якія смела і рызыкоўна будавалі “вестуны вечнасці” Марк Шагал і Казімір Малевіч са сваімі нястомнымі маладымі вучнямі-арлянятамі. Я сканструяваў дзве версіі матыву прыезду Фалька ў Віцебск. Згодна з першай, расказанай А.Шчокінай-Кротавай, ён “…дзесьці на пачатку 1920-х паехаў у Віцебск, каб “супакоіць” Малевіча. Той там выкладаў. На яго ў Наркамасветы было шмат скаргаў, у тым ліку і ад мастакоў. Фальк паехаў туды з ордэрам на ягоны арышт, але апошні так і не скарыстаў…”.

Што да версіі Ангеліны Васільеўны, дык яе можна па-чалавечы зразумець: Фальк не жадаў ні перад кім, нават у сталыя гады, “адкрываць” патаемныя асабістыя ўспаміны пра свой віцебскі раман з Ідэльсон. Характар мастака — мяккі, незласлівы, няшкодны, “антыпалітычны” — цалкам не падыходзіў для выканання місіі — “арышту” Малевіча. Прынамсі, ніводнага афіцыйнага дакумента на гэты конт я не сустракаў. Думаю, усё гэта — легенда, якая мае дачыненне да ўзаемаадносін Шагала і Малевіча. Паводле яе, Малевіч “выгнаў беднага генія з роднага Віцебска”, а Фальк быў пасланы аддзелам Наркамасветы ў Віцебск, каб “арыштаваць Малевіча”...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"