Металічная "камізэлька": і вось мазаіка знікла?

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Ці знойдзецца месца для "Юнацтва" ў “засакрэчаным праекце” рамонту аўтавакзала "Усходні"?

Працяг тэмы

Вясной, выпраўляючыся ў чарговую камандзіроўку з аўтавакзала “Усходні”, я не пазнаў знаёмага інтэр’ера залы чакання: знікла мазаіка, якая надавала гэтаму выключна функцыянальнаму памяшканню некаторую прывабнасць. Аўтавакзал быў пабудаваны ў першай палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя і для свайго часу выглядаў вельмі эфектна. Тады ж ён быў аздоблены мазаічным пано “Юнацтва” работы Віталя Карнеева. Паводле канонаў тагачаснай эстэтыкі, юнацтва выяўлена праз вобраз аптымістычна-рамантычны: падлеткі і коні. Глядзіш — і згадваеш культавае палатно рускага жывапісу “Купанне чырвонага каня” Пятрова-Водкіна. І вось мазаіка знікла...

Насамрэч мазаіка засталася, дзе была, але яе чамусьці зашылі металічнымі лістамі. Без гэтай каляровай плямы зала чакання стала зусім аскетычнай, каб не сказаць панурай. Адсутнасць манументальнага твора заўважыў не толькі я. Пазней, ужо калі займаўся гэтай тэмай, былі тэлефанаванні ў рэдакцыю ад неабыякавых да гарадской эстэтыкі людзей. Іх цікавіла тое ж, што і мяне: лёс мазаічнага пано. Яго прыкрылі, каб не папсаваць пад час чарговага касметычнага рамонту памяшкання, або мазаіку рыхтуюць да дэмантажу?

Па вяртанні з той камандзіроўкі паспрабаваў па тэлефоне высветліць, чаму мазаіку закрылі ад вачэй. Ад дырэкцыі аўтавакзала нічога ўцямнага не пачуў. Выглядала так, нібыта асобы, непасрэдна адказныя за гэтую транспартную ўстанову, не ведаюць, што на “Усходнім” робіцца. Яны ж параілі мне, калі я такі дапытлівы, звярнуцца ў Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Мінсктранс”, якому аўтавакзал падпарадкаваны.

Сакратарка ў прыёмнай галаўной арганізацыі паведаміла, што будаўніцтвам і рамонтам займаецца спецыяльны аддзел. Тэлефаную яго начальніку. Першае, чым пацікавіўся мой суразмоўца, ад каго быў сігнал у рэдакцыю. Адказваю, што цікаўлюся па ўласнай ініцыятыве. Візаві паведамляе мне: “Усходні” патрабуе рэканструкцыі, якая ахопіць усю структуру гэтага аўтавакзала, а значыць, і яго інтэр’еры. Маецца адпаведны дызайн-праект. “А што будзе з мазаікай?” — пытаюся я. У адказ чую: будынак — не помнік архітэктуры, не гісторыка-культурная каштоўнасць… Што ж, прашу азнаёміць мяне як журналіста рэспубліканскай газеты з праектам рэканструкцыі аўтавакзала. Суразмоўца просіць ператэлефанаваць: яму трэба наконт гэтага параіцца.

/i/content/pi/cult/392/7860/5-1.jpeg

/i/content/pi/cult/392/7860/5-2.jpeg

/i/content/pi/cult/392/7860/5-3.jpeg

Калі я набіраю нумар ізноў, дык чую ў адказ, што кіраўнік аддзела пакажа мне праект тады, калі гэта загадае зрабіць генеральны дырэктар “Мінсктрансу”…

…Галаўны офіс “Мінсктрансу” знаходзіцца ля станцыі метро “Інстытут культуры”. Каб быць упэўненым, што афіцыйны ліст трапіць у патрэбныя рукі, адвожу яго асабіста. Адказ абяцаюць праз два тыдні.

У чаканні рэакцыі і ў спадзяванні нарэшце пабачыць на свае вочы “засакрэчаны” праект рэканструкцыі аўтавакзала “Усходні”, тэлефаную па параду ва ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры і ў Беларускі саюз мастакоў. Усё неяк не верылася, што можна так лёгка перарабіць на свой капыл будынак, які ўнесены ў “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” (1988 г.), а мазаіку, што згадваецца ў анталогіях беларускага мастацтва, увогуле знішчыць…

Але ў Міністэрстве мне паведамілі: згаданы “Збор помнікаў…” сёння ўжо не “ахоўная грамата” — цяпер гэта толькі інфармацыйна-даведачнае выданне. У 1994 годзе пачаў стварацца “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь”, і да 2001-га “Збор помнікаў…” і Дзяржаўны спіс існавалі паралельна. А потым урадавай пастановай было скасавана рашэнне Савета Міністраў Беларускай ССР 1984 года, якое надавала Збору статус афіцыйнага дакумента. Напрыканцы размовы мне параілі звярнуцца ў Саюз мастакоў. Мо там рады дадуць…

У БСМ адказалі, што яны як грамадская арганізацыя абараніць мазаіку ў інтэр’еры аўтавакзала не могуць: не маюць паўнамоцтваў. Каб быў жывы аўтар мазаікі, мела б сэнс пагутарыць з ім. Ён парупіўся б пра лёс свайго самага вядомага твора. Але Віталь Карнееў ужо пайшоў з жыцця...

…Набліжаўся час афіцыйнага адказу з “Мінсктрансу”. Я патэлефанаваў, каб высветліць, на якой стадыі пытанне. У прыёмнай мне далі нумар супрацоўніка, каму было даручана працаваць з нашым лістом. Гэта быў не той чалавек, з якім я меў папярэднюю размову. Паводле яго слоў, у дадзены момант праект работ па вакзале на ўзгадненні, але праз колькі дзён зноў будзе ў “Мінсктрансе”. Вось тады мы стэлефануемся, і я, нарэшце, пабачу праект. Але калі ў дамоўлены час набраў нумар, суразмоўца перанёс сустрэчу на месяц, пры гэтым дадаўшы, што ў пытанні, якое мяне цікавіць, ён не надта дасведчаны. А на маё пытанне, ці прадугледжвае дызайн-праект абнаўлення вакзала захаванне мазаікі, суразмоўца адказаў: “Там усё будзе новае”.

Неўзабаве рэдакцыя атрымала з “Мінсктрансу” афіцыйны адказ за подпісам генеральнага дырэктара: “На Ваш зварот дзяржаўнае прадпрыемства “Мінсктранс” даводзіць, што распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю аўтавакзала “Усходні” ў 2012 годзе не плануецца”.

Па сутнасці, нам адказалі на пытанне, якога мы не задавалі. Нам трэба было ўбачыць праект, а з дадзенага тэксту немагчыма зразумець, ці існуе той праект увогуле. Між тым, пра яго наяўнасць я чуў, як бачыце, прынамсі, ад дзвюх афіцыйных асоб у “Мінсктрансе”. Такім чынам, лічыць тэму закрытай не выпадае. Будзе працяг.

Я свядома не называў імёнаў і прозвішчаў сваіх суразмоўцаў з “Мінсктрансу”, якія так і не далі інфармацыю, што не ўяўляе з сябе дзяржаўнай альбо ведамаснай таямніцы. Бо, па-першае, спадзяюся на паразуменне. А па-другое, я іх па-свойму разумею: ніхто не хоча падпускаць да сваіх спраў людзей выпадковых, здольных праз сваю дапытлівасць паўплываць на лёс ужо зацверджанага праекта, стварыць праблемы там, дзе іх дагэтуль не было.

Тым больш, што “Усходні” насамрэч не мае “ахоўнай граматы”, а значыць, у праекціроўшчыкаў і будаўнікоў развязаны рукі. Ніхто ж не супраць, каб аўтавакзал стаў больш зручным ды ўтульным. А на тое, што пры гэтым знікне твор мастацтва, можна не звяртаць увагі: што ні зробіш дзеля камфорту пасажыраў!

Сітуацыя вакол мазаікі Віталя Карнеева на “Усходнім” для нас у нейкай ступені ўжо звыклая. Пры пераўтварэнні кінатэатра “Партызан” у Доме кіно быў страчаны рэльеф, што ўпрыгожваў фае. Калі кінатэатр “Вільнюс” стаў спартыўнай залай, знік роспіс у тэхніцы энкаўстыкі. Мабыць, тэматыка, на думку праекціроўшчыкаў, не адпавядала новаму прызначэнню будынкаў. Ужо колькі гадоў запар ходзяць чуткі пра далейшы лёс металічнага гарэльефа на будынку Беларускага цэнтра моды, што на пачатку вуліцы Няміга. Былі думкі на яго месцы ўстанавіць біг-борд альбо экран для рэкламных ролікаў. Ды і ў рэканструяваным будынку Опернага тэатра не знайшлося месца цудоўным габеленам Аляксандра Кішчанкі, якія раней аздаблялі фае…

Ад людзей, занятых юрыдычнымі пытаннямі аховы спадчыны, я неаднойчы чуў, што ў законе ўсё прапісаць немагчыма. Самы дасканалы ахоўны ліст не абароніць помнік, калі людзі не выхаваны эстэтычна і не навучаны паважаць гісторыю — як даўнюю, так і блізкую. У 1960 — 1970-я гады ў нашай сталіцы без вялікай павагі ставіліся да архітэктурнай спадчыны даваеннага перыяду, а сёння мы рызыкуем страціць вартыя захавання будынкі паваенных дзесяцігоддзяў….

Але, вяртаючыся да тэмы, з якой усё пачалося, скажу: манументальная спадчына не такая ўжо безабаронная. У нашай краіне пры Міністэрстве культуры ёсць Рада па манументальным мастацтве з вельмі сур’ёзнымі паўнамоцтвамі. Калі прытрымлівацца літары закону, дык без яе дазволу ніводзін манументальны аб’ект не толькі не можа ўзнікнуць, але і не можа быць перароблены, рэканструяваны, а ўжо тым больш знішчаны. А гэта значыць, што каб штосьці зрабіць з мазаікай Віталя Карнеева “Юнацтва” ў інтэр’еры грамадскага будынка, якім з’яўляецца аўтавакзал “Усходні”, праекціроўшчыкі абавязаны паведаміць Радзе аб сваім намеры і атрымаць дазвол на свае дзеянні.

Выказацца па дадзенай сітуацыі просім намесніка старшыні рэспубліканскай Рады па манументальным мастацтве, старшыню аналагічнай Рады па Мінскай вобласці, народнага мастака Беларусі, вядомага скульптара Івана Міско:

— Калі прытрымлівацца закону, дык ніводзін манументальны аб’ект у Беларусі не можа быць зменены ці перароблены без дазволу на тое рэспубліканскай Рады. Але на практыцы мы, на жаль, часта сустракаемся з фактамі самадзейнасці на мяжы з вандалізмам. Гэта асобная тэма, і я спадзяюся, што праз прэсу, у тым ліку і праз газету “Культура”, яна атрымае розгалас у грамадстве. Што ж да мазаікі на аўтавакзале “Усходні”, дык праекціроўшчыкі мусілі звярнуцца ў Раду па манументальным мастацтве, пасля чаго лёс мазаікі вызначыла б адмысловая камісія. Паколькі гэтага зроблена не было, дык можна паставіць пад сумнеў пераробку інтэр’ера аўтавакзала, у выніку чаго мазаіка знікла з вачэй пасажыраў.

Будзем і надалей трымаць нашых чытачоў у курсе справы па “Усходнім”. Хачу спадзявацца, што ў дадзеным выпадку праблема — уяўная, а насамрэч яе няма. Проста, так склаліся абставіны… І ў хуткім часе мы надрукуем на сваіх старонках фрагменты праекта рэканструкцыі “Усходняга”, дзе мазаіка “Юнацтва” па-ранейшаму аздабляе інтэр’ер аўтавакзала.

P.S. На цэнтральным здымку — мазаіка Віталя Карнеева ў зале чакання аўтавакзала “Усходні”. Другі зроблены гэтай вясной: мазаіка схавана пад металічнымі лістамі. Трэцяе фота знята з таго ж месца пару дзён таму: да сцяны прыладзілі гандлёвыя шапікі ды інфармацыйныя табло. Гэта да таго, што “…распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю аўтавакзала “Усходні” ў 2012 не плануецца”

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"