Апошні салдат з легіёна Малевіча

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Мікалай Суэцін: супрэматычны крок да новага дызайну

/i/content/pi/cult/392/7839/15-1.jpegГісторыя сучаснага мастацтва і ў наш час усё яшчэ знаходзіцца ў працэсе станаўлення. Гісторыя ж мастацтва класічнага авангарда, які адбыўся ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі, тым больш мае патрэбу ў асэнсаванні. Гэты час складана паддаецца ацэнцы ў сілу яго недастатковай дыстанцыраванасці ў часе. Ён міжволі носіць палемічны характар, бо шматлікія сілы, што яго абумовілі, да сённяшняга дня застаюцца на авансцэне, уплываючы на наша эмацыйнае ўспрыманне, а часам яго скажаючы. Вызначыць ролю авангарднага мастацтва нават сёння — задача няпростая.

Уся гэтая мая прэамбула датычыцца і так званай Віцебскай мастацкай школы ў асобах Казіміра Малевіча і яго аднадумцаў па УНОВИСу. Пра дадзенае аб’яднанне газета “Культура” пісала шмат разоў пад рубрыкай “Вяртанне імёнаў”, калі падрабязна знаёміла чытачоў з жыццём і творчасцю Л.Юдзіна, І.Чашніка, Эля Лісіцкага, В.Ермалаевай, У.Стржэмінскага, Н.Хадасевіч-Лежэ. Таму зараз я не буду зноў вяртацца да яго канцэпцыі, а таксама да гісторыі яго з’яўлення ў Віцебску.

Аднак сярод “унавісаўцаў” быў яшчэ адзін чалавек, таленавіты мастак, “апошні з магікан”, які амаль да 50-х гадоў мінулага стагоддзя — гэта значыць, да сваёй смерці — заставаўся верным памяці свайго вялікага віцебскага настаўніка — Малевіча. Хаця ў практычнай мастацкай дзейнасці, зразумела, ужо ў 1930 — 40-я гады не меў магчымасці ўвасабляць ідэі супрэматызму ў жыццё: час быў зусім іншы. Тая, віцебска-петраградская, рамантычная “рэвалюцыя” ў мастацтве, разгромленая новым “дзяржаўным рэалізмам”, даўно сышла на нішто і засталася толькі ў памяці тых, хто цудам ацалеў у мясарубцы 30-х гадоў і пасля вайны ды меў магчымасць нешта расказаць і паказаць (калі што выпадкова захавалася) сваім нашчадкам.

Так, сёння гаворка пойдзе пра Мікалая Міхайлавіча Суэціна — аднаго з самых блізкіх сяброў Малевіча, Ермалаевай, Чашніка ды Лісіцкага. Для Суэціна Віцебск стаў на некалькі гадоў і ўтульным домам, і прафесійнай школай майстэрства, і стартавай пляцоўкай, адкуль ён пайшоў у іншае творчае “вымярэнне” пад назвай “Петраград-Ленінград”, дзе яшчэ цэлых 30 гадоў пасля Віцебска імкнуўся, па меры сіл і магчымасцей, штосьці, хаця б крышачку, захаваць ад ідэалаў блаславенных гадоў “віцебскага Рэнесанса”.

У 1926-м знакаміты авангардыст Піт Мандрыян пісаў: “Сёння мы адчуваем патрэбу не столькі ў чыстай прыгажосці, колькі ў яе ўнікальнай здольнасці выразна выяўляць тую ўсеабдымную духоўнасць, якая жыве ў кожнай рэчы. Яна тоесная таму, што хавалася ў мінулым пад імем Бажаства і што патрэбна нам, жаласным, убогім смяротным, для таго, каб жыць і захоўваць раўнавагу”. “Захоўваць раўнавагу”, пачынаючы з канца 20-х гадоў, было ўжо немагчыма ў СССР ні для Малевіча, ні для яго паплечнікаў, былых віцябчан. Лёс усіх пайшоў па зусім розных шляхах: хтосьці паспрабаваў перайсці на рэйкі “сацрэалізму”, нехта трапіў пад прэс “чырвонага кола”, іншыя наогул адмовіліся ад былых ілюзій “новага мастацтва” і апынуліся ва “ўнутранай эміграцыі”. І толькі некалькі чалавек, у ліку якіх — і наш герой, з годнасцю пахаваўшы ў 1935-м Казіміра Севярынавіча Малевіча, спрабавалі яшчэ трымаць сябе ў нейкай маўклівай прасторы бурнай, незабыўнай паслярэвалюцыйнай маладосці…

/i/content/pi/cult/392/7839/15-2.jpeg

Аднойчы ў Ленінградзе, разам з маім універсітэцкім педагогам Валянцінам Якаўлевічам Бродскім, я трапіў на кватэру мастачкі Яўгеніі Маркаўны Магарыл. Гэта адбылося, калі не памыляюся, напрыканцы чэрвеня 1962-га: жанчына толькі што адзначыла 60-годдзе і была ў добрым настроі. Паказваючы свае пейзажы і нацюрморты, яна распавядала нам пра сваю “акварэльную” творчасць, якой яна ўхітралася, напоперак страшэннаму голаду і холаду, трошкі займацца нават у блакадным Ленінградзе. А пасля Перамогі наогул стала вядомай акварэлісткай. Але справа не ў гэтым, а ў тым, што пад час размовы Яўгенія Маркаўна прагаварылася, што ў самым пачатку 1920-х, яна, 18-гадовая дзяўчына, была вучаніцай Віцебскага мастацка-практычнага інстытута ды членам нейкай групы Сцвярджальнікаў новага мастацтва (УНОВИСа) і добра ведала свайго настаўніка Малевіча, як мы ведаем цяпер, сябравала з сакурснікамі Суэціным, Чашнікам, Хідэкелем. Распавяла, што асабіста прысутнічала некалькі гадоў таму на пахаванні Мікалая Суэціна, “вельмі таленавітага і добрага чалавека”, які ў апошнія гады свайго жыцця ў Ленінградзе пачуваў сябе маральна вельмі дрэнна, асабліва пасля таго, як са скандалам у 1952-м у ходзе “Ленінградскай справы” быў закрыты Музей абароны Ленінграда, экспазіцыя якога цалкам спраектавана Суэціным і ягонымі сябрамі. Чакаў, што яго арыштуюць, як і ўсіх кіраўнікоў музея, але — пранесла. Аднак здароўе, і так падарванае блакадай, у час якой яму даводзілася есці… фарбы, не вытрымала. Пасля ягонай смерці нейкія людзі сярод белага дня разграмілі майстэрню па вуліцы Піянерскай, вынеслі шмат розных работ творцы і рэчаў... Добра, што хаця б захаваўся багаты архіў і некаторыя работы Суэціна ў яго дачкі Ніны Мікалаеўны, вядомага архітэктара. Наколькі я ведаю, усё гэтае багацце яна завяшчала Рускаму музею.

На жаль, у тыя, 1960-я, гады я амаль нічога не чуў ні пра “віцебскі Рэнесанс”, ні пра УНОВИС, хаця пра “супрэматызм” Малевіча, пра “Чорны квадрат”, мы, студэнты-мастацтвазнаўцы, ужо тады мелі ўяўленне. І на той, адзінай, сустрэчы з Яўгеніяй Маркаўнай Магарыл, у яе аднапакаёвай кватэры, “віцебскае” пытанне, канешне ж, я ёй не задаваў. Што зробіш? Тады яна мне і Валянціну Якаўлевічу падарыла па маленькай акварэльцы, а мы ёй — два пакуначкі цукерак ды пячэння. Так ці інакш, але ў маім жыцці, дзякаваць богу, адбыліся дзве сустрэчы з жывымі ўдзельнікамі паслярэвалюцыйнай Віцебскай мастацкай эпапеі: Яўгеніяй Маркаўнай Магарыл і Валянцінам Іосіфавічам Антошчанка-Аленевым (пра яго я згадваў у сваіх “культураўскіх” нарысах пра Марка Шагала і Веру Ермалаеву). Не лічачы, канешне ж, “смаленскай супрэматысткі” Надзеі Хадасевіч, будучай Хадасевіч-Лежэ, якую таксама добра ведаў…

/i/content/pi/cult/392/7839/15-3.jpeg

Канешне, Суэцін і УНОВИС — гэта два словы, адно ад другога неаддзельныя. Выдатны французскі мастацкі крытык, адзін з найлепшых еўрапейскіх знаўцаў сусветнага авангарда Андрэй Накаў так вызначыў ролю гэтага аб’яднання: “…Адзінае аб’яднанне мастакоў у паслярэвалюцыйнай Расіі, якое выяўляе непаўторную своеасаблівасць і рашуча наватарскі характар, — гэта група УНОВИСа, што склалася ў Народнай мастацкай школе Віцебска ў пачатку 1920 года… Арыгінальныя сістэмы выкладання ў Віцебску, як і аўтарытэт УНОВИСа ў Заходняй Еўропе, дзе яго палымяным прадстаўніком выступае Лісіцкі, ставяць гэтае аб’яднанне на асобнае месца не толькі ў гісторыі рускага беспрадметнага мастацтва, але і ў гісторыі ўсяго абстрактнага мастацтва ХХ стагоддзя…”

І роля Мікалая Суэціна ў гэтай з’яве — вельмі значная, хаця не такая вядомая, як, скажам, роля геніяльнага рэфарматара новага мастацтва Казіміра Малевіча. Суэцін — лірык. Так, так, менавіта лірык, бо ўсе ягоныя намаганні сканцэнтраваны на абыгрыванні чыста экзістэнцыйных якасцей кожнага супрэматычнага элемента. Канешне ж, лірыка і беспрадметны супрэматызм гучаць, можа, трохі дзіўна, але — гэта таксама адна з таямніц мастацтва. “Канструктывіст” і “рацыяналіст” Малевіч і “лірык” Суэцін — ідэальныя звёны аднаго ланцуга, імя якога — “супрэматычнае поле”, дзе побач з жытам растуць і валошкі. Такая вось паэзія. І справа тут зусім не ў манеры адлюстравання аб’ектаў (хаця яна таксама адыгрывае сваю ролю як падстава), а ў самой прыродзе самавыяўлення Суэціна, што народжана няўлоўным вокамгненнем, водбліскам, нейкімі вібрацыямі: гэта сусвет, заключаны ў мікракосм, сваімі ваганнямі, хваля за хваляй, якая аднаўляецца ва ўсім багацці і разнастайнасці, — менавіта ў гэтым тояцца магчымасці спазнання чалавека.

Забягаючы наперад, скажу, што Суэцін у групе УНОВИСа быў бліжэйшым з супрацоўнікаў да Малевіча, таксама, як і пазней — у ленінградскім Інстытуце мастацкай культуры (ИНХУК), дзе паспяхова рэалізоўваў архітэктоны свайго настаўніка. Акрамя таго, ён дапамагаў Малевічу ў стварэнні супрэматычных гіпсавых мадэлей і прадметаў побыту, развіваў яго праекты на Ленінградскім фарфоравым заводзе, дзе працаваў і ў 1930-я, і ў 1940-я гады. Але нягледзячы на моцны ўплыў ідэй Малевіча, Суэцін самастойна вынаходзіць унікальны “дэкаратыўны супрэматычны ордэр” і выкарыстоўвае яго ў афармленні Сусветнай Парыжскай выстаўкі 1937 года. А да таго, у 1935-м, пасля смерці мэтра супрэматызму, менавіта Суэціну было наканавана лёсам стаць пераемнікам малевічаўскай дактрыны. На яго ж долю выпала і мастацкае афармленне апошніх провадаў Малевіча, калі труну і ўбранне пахавальнай залы Суэцін рашыў у чыста супрэматычным стылі. Змучанае, пашкоджанае страшнай хваробай цела Малевіча было пакладзена ў супрэматычную труну-архітэктон чорна-бела-зялёнага колеру. У галавах замест іконы паклалі чорны квадрат. Так і павезлі прах Казіміра Севярынавіча з Ленінграда ў Маскву, каб там, у падмаскоўнай Нямчынаўцы, яго пахаваць… Суэцін жа зрабіў і пасмяротныя злепкі твару ды рук Малевіча. Потым гэтыя злепкі ён падарыў Рускаму музею, але яны былі так глыбока схаваны далей ад людскіх вачэй, што праз дзесяцігоддзі лічыліся работамі “невядомага аўтара”.

Дык хто ж ён такі, гэты Суэцін? Адкуль ён з’явіўся на беларускай зямлі? Дарэчы, калі я іншым разам вымаўляю прозвішча “Суэцін”, мяне нават вядомыя інтэлектуалы папраўляюць: “Вы хочаце сказаць: “Суцін”?” А ўся гэтая блытаніна — ад, мякка кажучы, недахопу ведаў, хаця і пра Хаіма Суціна мала хто мог штосьці сказаць гадоў пятнаццаць — дваццаць таму…

Мікалай Суэцін — рускі. Дваранін. Яго малая радзіма — пасёлак Мятлеўская Калужскай губерні, дзе будучы мастак нарадзіўся роўна за 20 гадоў да Кастрычніцкай рэвалюцыі: 25 кастрычніка (7 лістапада) 1897-га. Бацька — начальнік мясцовай чыгуначнай станцыі. Маці — хатняя гаспадыня. Спачатку была гімназія ў Калузе, якую Коля скончыў вельмі паспяхова. А што потым? Бацькі марылі бачыць сына ваенным. Тут праблем не было ніякіх: хлопчык сам жадаў звязаць сваё жыццё з арміяй. У 1911 ці ў 1912 годзе ён паступіў у толькі што створаны Другі Кадэцкі корпус імператара Пятра Вялікага горада Пецярбурга (ваенная гімназія). Вучыўся добра. Дарэчы, менавіта тут Мікалай упершыню захапіўся рысаваннем. Як далей склаўся б лёс кадэта Суэціна — невядома, каб не пачалася вайна. Яго як выпускніка ваеннай установы, тут жа мабілізавалі, і праз год, у 1915-м, ён апынуўся на Каўказе. Увогуле, “ваенная” старонка жыцця Суэціна вядомая зусім мала. Я, напрыклад, так і не знайшоў дакументальных фактаў таго, пры якіх абставінах Суэцін праз два гады апынуўся ў Віцебску. І, наогул кажучы, што ён рабіў на Каўказе цэлыя два гады?

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"