Чатыры жыцці Веры Ермалаевай

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Занадта доўгі час ішла рэабілітацыя...

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 30—32. )

/i/content/pi/cult/391/7807/15-1.jpegУ маі 1922 года адбыўся першы і адзіны выпуск у Дзяржаўным мастацка-практычным інстытуце. Дыпломы атрымалі 11 чалавек, яшчэ 17 студэнтаў былі пераведзены ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Петраграда і Масквы. Вера Міхайлаўна выпусціла ў самастойнае плаванне “мастакоў-канструктывістаў” І.Гаўрыса, М.Гусева. М.Векслера, Г.Наскова, М.Суэціна, Л.Хідэкеля, Л.Юдзіна, С.Юдовіна. І.Чашніка, Н.Коган... Адразу падкрэслю: некаторыя з выпускнікоў яшчэ студэнтамі з’яўляліся адначасова кіраўнікамі Віцебскіх вольных майстэрняў, потым і інстытута. А Іван Гаўрыс, напрыклад, з восені 1921-га быў нават намеснікам Ермалаевай і ўзначальваў інстытут у час яе камандзіровак. Да восені ў штаце ўстановы засталіся толькі 5 педагогаў і сакратар. Выконваючым абавязкі рэктара стаў Іван Гаўрыс, якому Ермалаева перадала справы перад ад’ездам у Петраград.

30 студзеня 1922 года Ермалаева выступіла з дакладам пра “безнадзейнае становішча майстэрняў з-за адсутнасці сродкаў, дроваў і матэрыялаў”. Яна нават вырашыла прадаць люстраную шафу, каб набыць дровы і “стварыць магчымасць работы ў майстэрнях”. Пазней І.Гаўрыс піша пра гэты час: “Выкладчыкі галадалі, у жонкі Малевіча на глебе недаядання развіліся сухоты. Былі прададзены ўласныя рэчы. Падтрымкі і інструктавання як ад Галоўпрафадукацыі, так і Губпрафадукацыі і прафорганаў не было. Інстытут быў пакінуты на волю лёсу”.

Малевіч, Ермалаева і члены УНОВИСа змагаліся да апошняга, каб абараніць свае погляды на мастацтва. 22 мая 1922 года ў газеце “Отклики” з’явіўся артыкул нейкага С.Міндліна пад назвай “Ключ да разумення УНОВИСа (Прысвячаецца футурыстам, кубістам, супрэматыстам і іншым чэпухістам)”. Гэта быў пачатак цкавання ўсяго “левага” мастацтва Віцебска. Тым не менш, Малевіч чытаў лекцыі, надрукаваў кнігу “Бог не скінуты”, напісаў трактат “Супрэматызм. Свет як беспрадметнасць”, бясконца разам з Ермалаевай абіваў парогі начальства і яшчэ, наіўны, марыў захаваць унікальны віцебскі Музей сучаснага мастацтва (Музей жывапіснай культуры), які пасля трох гадоў існавання (са жніўня 1919-га) ужо дыхаў на ладан.

Так здарылася, што музейныя творы такіх мастакоў, як В.Кандзінскі, С.Герасімаў, Д.Бурлюк, Н.Альтман, Н.Ганчарова, П.Канчалоўскі, К.Каровін, М.Ларыёнаў, Л.Папова, А.Асьмёркін, М.Ле-Данцю, А.Лентулаў, К.Малевіч, І.Машкоў, Ю.Пэн, А.Родчанка, В.Розанава (15 карцін!), У.Стржэмінскі, Р.Фальк, В.Сцяпанава, К.Сомаў, А.Экстэр, Д.Штэрэнберг, А.Шаўчэнка, М.Шагал (якія імёны!!!), і яшчэ дзясятка жывапісцаў аказаліся непатрэбнымі новаму грамадству. Да сённяшняга часу месцазнаходжанне большасці работ невядомае.

Напрыклад, зніклі карціны Шагала “Прытон”, “Заезны дом” і “Партрэт Ю.М. Пэна”. Пашанцавала толькі Малевічу: з чатырох работ — тры трапілі ў Рускі музей (“Алагізм”, “Партрэт І.Клюна”, “Супрэматызм”), а адна — “Супрэматызм №55” — аказалася ў калекцыі Сафі Ларэн, а потым была перапрададзена (ці падаравана) японскаму калекцыянеру. Праўда, вядомы французскі мастацтвазнаўца Андрэй Накаў кажа, што гэтую карціну Ніна Коган быццам бы перавезла з Віцебска ў Маскву, а адтуль, праз дзесяцігоддзі, твор трапіў за мяжу. Мо і так.

У сярэдзіне мая 1922-га прайшла 3-я выстаўка УНОВИСа — апошні ўздых новага мастацтва ў Віцебску. Хутка К.Малевіч, В.Ермалаева, А.Ром, Н.Коган, І.Чашнік, М.Суэцін, Г.Наскоў, Л.Юдзін, Л.Хідэкель, Я.Магарыл пакінулі горад. Назаўсёды. Як незадоўга да гэтага — і Марк Шагал. Аказваецца, у адну раку можна ўвайсці двойчы… Віцебская з’ява скончылася гэтак жа раптоўна, як і пачалася. Шагал пачаў — Малевіч скончыў. Нейкія чатыры гады — і выяўленчая культура ХХ стагоддзя стала багацейшай…

/i/content/pi/cult/391/7807/15-2.jpeg

Што было далей? Далей быў Петраград — Ленінград. Апошняя “станцыя жыцця” Веры Ермалаевай. Першым яе творчым домам стаў Дзяржаўны інстытут мастацкай культуры (ГИНХУК), які ўзначаліў Казімір Малевіч. Гэта быў перадавы цэнтр тэарэтычных даследаванняў у галіне мастацтва. Праблематыка, якой тут займаліся, закранала фундаментальныя пытанні — аналіз першаэлементаў пластычнай формы. Аддзеламі інстытута кіравалі найбуйнейшыя майстры авангарда і мастацтвазнаўцы — М.Пунін, М.Мацюшын, П.Мансураў, У.Татлін, А.Родчанка, П.Філонаў…

Вера Ермалаева вяла даследаванні ў “Лабараторыі колеру”. Гэта было ёй вельмі блізка і грэла душу. У лісце да Міхаіла Ларыёнава ў Парыж 17 ліпеня 1926 года яна пісала: “Мы капаемся ў самім жывапісе і колеры, у колеравых палях, у будове формы. Ва ўсім тым спецыфічным, што розніць мастака ад фатаграфіі і кіно, рэкламы, газеты, кнігі і іншых носьбітаў хадзячых ідэй”.

ГИНХУК быў яшчэ і навучальнай установай, у якой “перавучваліся” ў Малевіча і Ермалаевай маладыя жывапісцы з Акадэміі мастацтваў. Праз гэтую школу прайшлі буйныя ленінградскія майстры, у тым ліку і былыя віцябчане — І.Чашнік, М.Суэцін, Л.Юдзін, Я.Магарыл. Часам прыходзіў сюды на лекцыі і малады беларус Андрэй Бембель, студэнт Акадэміі. Але поспехі ГИНХУКа, яго ўплыў на творчую моладзь рабілі жорсткімі мастакоў аб’яднання АХРР (Ассоциации художников революционной России), якія прагнулі непадзельнага панавання ў мастацтве і штодня набіралі палітычную сілу. Ахраўцы шукалі падтрымкі ў партыйным і дзяржапараце, абапіраючыся на аўтарытэт такіх “спецыялістаў”, як К.Варашылаў, М.Фрунзэ, М.Бухарын у сваёй барацьбе з мастацкім авангардам. Ісак Бродскі, напрыклад, “вырас” да прэзідэнта Усерасійскай Акадэміі мастацтваў не без удзелу Кліма Варашылава…

Амаль усе 1920-я партыя і дзяржава ўстрымліваліся ад прамых умяшальніцтваў у мастацкія працэсы, даючы творчым групоўкам магчымасць спаборніцтва. Аднак ужо тады гэтае спаборніцтва пачынала насіць адценне ідэалагічнай барацьбы. Мастакі АХРР не спрабавалі даказаць, што яны самыя лепшыя, самыя таленавітыя. Іх аргументы былі куды больш важкія — яны самыя “пралетарскія”, самыя “адданыя”, самыя “рэвалюцыйныя” мастакі. І таму ім трэба аддаць перавагу перад усімі іншымі.

Чым бліжэй станавіліся 1930-я, тым больш жорсткімі рабіліся нападкі на авангард. У сувязі з гэтым хачу прывесці фрагмент з ліста Ермалаевай усё таму ж Міхаілу Ларыёнаву, датаванага 1926 годам (на мове арыгінала): “В эту весну нам пришлось выдержать жестокую атаку все тех же ахрровцев. Может быть, вы не знаете, что это за пугала? Это современное передвижничество, их задача выразить через “здоровый реализм” революционную сущность пролетариата. Между тем они вычеркивают себя из революционного хода искусства того же самого творческого пролетариата, парализуя какие-либо новые творческие методы. Так вот они-то и хотели сорвать нашу работу, обвинив нас в мистичности и идеалистичности и проведя газетную травлю под заголовком “Монастырь на госснабжении”. Но я надеюсь, что энергия, заложенная в нашей группе, не только останется победительницей в этих временных перипетиях каждодневной войны, но может стать опорой развеянных группировок беспредметников”.

Аднак прагноз мастачкі не спраўдзіўся. “Перыпетыі” былі не часовымі. Яны расцягнуліся на доўгія дзесяцігоддзі. Інстытут быў разгромлены, многія мастакі — арыштаваны. Настаў час расправы і над Малевічам. У 1927 годзе выстаўка яго работ прайшла ў Берліне, куды мастак суправаджаў яе, а вярнуўшыся ў Ленінград, ён быў арыштаваны як “германскі шпіён”. Праўда, праз тры месяцы Казімір Севярынавіч выйшаў з турмы, але зусім хворым: рак, атрыманы ў выніку нервовага стрэсу, хутка, у маі 1935 года, звёў яго ў магілу. Памёр непрыручаным, нераздаўленым. І ў пошуках сваёй адзінай формулы “ад нуля” да бясконцасці і “эканоміі” дайшоў да неверагоднай мяжы — стварыў партрэт смерці: сканструяваў уласную супрэматычную труну, сваё апошняе прыстанішча, прызначанае, як і ягоныя планіты, не для жыцця, падобнае на скінуты гмах. Калі труну везлі на грузавіку па Неўскім праспекце, у публіцы гаварылі: відаць, іншаземец. Пасля крэмацыі урну з прахам згодна з тастаментам перавезлі ў падмаскоўную Нямчынаўку і 21 мая пахавалі пад вялізным дубам — у месцы, выбраным самім мастаком. На магіле паставілі бетонны супрэматычны куб з чорным квадратам на адной з граней... Вера Міхайлаўна не здолела праводзіць у апошні шлях свайго таварыша і аднадумцу. У гэты час пад канвоем салдат НКУС, пад нудотны стук перапоўненых “ворагамі народа” вагонаў, яна кіравалася на ўсход… Але гэта будзе крыху пазней.

А пакуль лёс падарыў Ермалаевай яшчэ некалькі гадоў творчага натхнення. У Ленінградзе яна зноў успомніла маладосць — звярнулася да ілюстрацыі і ў гэтай сферы дасягнула бліскучых вынікаў. Працуючы ў выдавецтве “Детгиз”, у гэтай “гавані ленінградскіх “левых”, яна была ў ліку тых, хто даў дзіцячай кнізе новае аблічча і вобраз. Актыўна супрацоўнічала з дзіцячымі часопісамі “Воробей”, “Новый Робинзон”, “Чиж”, “Ёж”. У сваіх ілюстрацыях яна ішла больш не ад малюнка як такога, не ад знака-адлюстравання, не ад лакальных колераў, а ад жывапісу з яго экспрэсіяй мазкоў, стыхійнасцю і складанай колеравай гамай.

Цікавыя ілюстрацыі да кнігі М.Асеева “Топ-топ-топ”. На вокладцы, дзе паказаны выразны рэгуліроўшчык, вакол якога едуць маленькія машынкі, Ермалаева вытанчана скарыстала некаторыя прынцыпы дзіцячага малюнка. Пры дапамозе памеру яна вылучыла галоўнага персанажа і размясціла ўнутры адной прасторы некалькі выяў, якія арыентаваны на розныя бакі ліста. Так, рэгуліроўшчык арыентаваны на ніжні край вокладкі, а маленькія машынкі, што імчацца па баках, — на левае і правае поле. Яны нібыта з’язджаюць, скочваюцца з малюнка кудысьці ўніз, за мяжу вокладкі. Такі ж прынцып мастачка выкарыстоўвае ў вокладцы кнігі А.Увядзенскага “Шмат звяроў”, дзе жывёлы, якія гуляюць, таксама арыентаваны на розныя бакі ліста і нібы ператвараюцца ў цудоўныя дэкаратыўныя вобразы-знакі — кожны са сваім “характарам”.

Сярод іншых кніжных твораў — ілюстрацыі да баек І.Крылова, кніг “Дзесяць фокусаў Чудадзеева” М.Ільіна, “Іван Іваныч Самавараў” Д.Хармса, “Купацца. Катацца” Я.Шварца… Таксама распрацавала Вера Ермалаева новы тып кнігі — кнігу-цацку з карцінкамі для разрэзвання. Незадоўга да арышту пачала ілюстраваць класіку — “Дон Кіхота” М.Сервантэса, “Аб прыродзе рэчаў” Лукрэцыя Кара і нават “Што рабіць?” М.Чарнышэўскага, а таксама ўжо знаёмую нам фатальную, "нешчаслівую" паэму Гётэ “Рэйнеке — Ліс”.

Пагодзімся, без створанага Верай Міхайлаўнай у 1920—30-я гады карціна мастацтва кнігі таго часу будзе няпоўнай. Над многімі кнігамі мастачка працавала ў садружнасці з паэтамі-абэрыутамі (членамі аб’яднання рэальнага мастацтва) — М.Забалоцкім, А.Алейнікавым, А.Увядзенскім. Але вось што цікава: не вершы, а менавіта жывапісныя работы Ермалаевай былі штуршком да стварэння новай кніжкі — выпадак беспрэцэдэнтны ў мастацтве кніжнай графікі. Так, летам 1928 года мастачка разам з сяброўкай Р.Веліканавай вандравала па берагах Белага мора. Прывезеныя ёй гуашы і акварэлі настолькі ўразілі ўяўленне А.Увядзенскага, што ён напісаў да іх цудоўныя вершы. Так узнікла адна з лепшых кніжак дзіцячага выдавецтва таго часу — “Рыбакі”. Таксама Яўген Шварц склаў тэкст спецыяльна да малюнкаў Ермалаевай — і атрымалася кніга “Цягнік” (невялічкія тэксты перабіваліся запамінальнымі карцінкамі). Іншы раз Ермалаева пісала ўласныя тэксты да сваіх ілюстрацый — кніжка “Сабачкі”, напрыклад.

…Толькі 20 верасня 1989 года Вера Міхайлаўна была рэабілітавана пасмяротна. Занадта доўгі час ішло ўстанаўленне справядлівасці… Вось такая драматычная гісторыя жыцця і творчасці гэтай незвычайнай жанчыны, якая да канца сваіх дзён не адмовілася ад мастакоўскіх ды чалавечых прынцыпаў і, мабыць, памерла з верай, што яе імя не будзе забыта.

Так, рускі авангард даў бліскучую плеяду жанчын. Па-рознаму склаліся іх асабістыя лёсы. Наталля Ганчарова — сусветна вядомая, прызнаная. Але толькі спецыялісты і нястомныя аматары авангарда ведаюць Вольгу Розанаву, Елізавету Круглікаву, Любоў Папову, Аляксандру Экстэр (“К” пра яе распавядала ў рубрыцы “Вяртанне імёнаў”), Надзею Удальцову, Варвару Сцяпанаву, Ксенію Багуслаўскую, Ніну Коган, Эму Гуровіч, Надзею Любавіну... І да сённяшняга дня амаль невядомая гледачам і чытачам мая гераіня Вера Ермалаева — зорка першай велічыні на небасхіле еўрапейскага мастацтва.

Думаю, што ўжо даўно настаў час звязаць абарваныя ніці, успомніць, кім была гэта жанчына, сапраўдная “амазонка духу”, для Беларусі і не толькі, для свайго часу і для гісторыі культуры.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"