Юбілей Песняра. Гатоўнасць №1?

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Рэпартаж праз стагоддзе з месца сустрэчы класікаў

Няшмат часу засталося да юбілейных урачыстасцей з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння славутага Песняра, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, якія адбудуцца, у тым ліку, і ў родных мясцінах творцы, на Стаўбцоўшчыне. Менавіта ў гэтым раёне знаходзяцца ўсе аб’екты філіяла Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”. Чым жа жыве гэты куток напярэдадні вялікага свята і як да яго рыхтуецца? Каб адказаць на гэтыя пытанні, карэспандэнт “К” выбраўся ў камандзіроўку, скарыстаўшыся прапановай пабываць на святкаванні адметнай даты — 100-годдзя з дня першай сустрэчы Янкі Купалы і Якуба Коласа на хутары Смольня. Падзея, па вялікім рахунку, стала рэпетыцыяй восеньскіх урачыстасцей.

Скарбы класіка

Ці не найгалоўнай адметнасцю філіяла Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з’яўляюцца яго навуковыя супрацоўнікі, сярод якіх і родныя Якуба Коласа, якія ведаюць пра паэта не з падручнікаў. Тое і пацвердзілі Соф’я Пятроўна, загадчык філіяла, і Георгій Міхайлавіч Міцкевічы, якія распавялі пра сям’ю і, вядома ж, пра самога Коласа. Прывяду толькі адзін пачуты факт: аказваецца, старэйшы брат Песняра неаднойчы здзекаваўся з першага “дарэктара” Кастуся Міцкевіча, якому будучы пісьменнік абавязаны сваёй пачатковай адукацыяй.

/i/content/pi/cult/391/7805/14-1.jpeg

Не менш цікавыя за аповеды і музейныя прадметы. Вось, скажам, самаробны свідравальны апарат, зроблены стагоддзе таму рукамі вядомага з “Новай зямлі” дзядзькі Антося.

Ініцыятыва для турыста

За антуражам свята можна заўважыць і рабочых, якія прыводзяць да ладу Смольню. Па словах дырэктара Музея Якуба Коласа Зінаіды Камароўскай, у літаратурным музеі праводзіцца бягучы рамонт, і, у прыватнасці, ужо заменены вокны. Завяршаецца і вонкавая тынкоўка. Дарэчы, блізіцца да фіналу рамонт у галоўным будынку музея ў Мінску, пра што сведчыць хаця б новая агароджа, а таксама добраўпарадкаваная тэрыторыя. Плануецца цягам месяца завяршыць бягучы рамонт дваровых пабудоў, дзе, сярод іншага, захоўваецца аўтамабіль Якуба Коласа “Победа”, які, праўда, належыць не музею, а ўнуку класіка, таму і не экспануецца пастаянна.

/i/content/pi/cult/391/7805/14-2.jpeg

Але вернемся ў Смольню. Пры ўваходзе на музейную тэрыторыю можна заўважыць невялікую драўляную будыніну. Як аказалася, менавіта там можна набыць сувенірную прадукцыю музея. Толькі вось апрача пары кніг, буклета і магніціка ў ёй нічога не прадавалася. І гэта пры тым, што ў мінскім музеі прадстаўлены такі багаты выбар. А падрыхтавана ж пяць відаў значкоў з выявамі мемарыяльных сядзіб Якуба Коласа, колькі варыянтаў магнітаў, нататнікі, буклеты, падстаўкі пад гарачае і нават парасоны з фірменнай атрыбутыкай. Але чаму іх няма ў філіяле? Па словах Зінаіды Камароўскай, сувеніры рэгулярна паступаюць сюды на рэалізацыю. Аднак супрацоўнікі на месцах, на жаль, не заўжды праяўляюць актыўнасць у іх своечасовай замове.

Акрамя таго, як паведаміла намеснік дырэктара музея Ганна Зайцава, хутка паступіць у продаж мультымедыйнае выданне “Новай зямлі”. На дыску, які зараз рыхтуецца, будуць змешчаны фотаздымкі, рукапісы пісьменніка, музычныя творы на словы Коласа, рэпрадукцыі карцін і, у прыватнасці, цыкл работ народнага мастака краіны Васіля Шаранговіча.

Але не толькі з сувенірамі мае клопат музей. У час гутаркі з мясцовымі жыхарамі ды музейшчыкамі выявілася і яшчэ адна праблема. Справа ў тым, што колькі гадоў таму на сядзібных падворках “Мікалаеўшчыны” віравала фестывальнае жыццё, частымі і папулярнымі былі святы паэзіі. Сёння, на жаль, гэтая традыцыя не развіваецца. Няўжо змяніліся густы турыстаў?

Як аказалася, зусім не. Пытанне ў іншым. Вядома, музейныя супрацоўнікі не ў стане ахапіць усё і тым больш арганізаваць удзел у свяце мясцовых калектываў. І ў гэтай справе без дапамогі аддзела культуры ніяк не абысціся. А з ім, па словах Зінаіды Камароўскай, не заўсёды знаходзіцца паразуменне.

Тым больш, ярка запомніліся праекты колішняга яго начальніка Анатоля Грэкава. Менавіта дзякуючы яго ініцыятыве на тэрыторыі мемарыяльных сядзіб праходзілі святы паэзіі, выстаўкі і праекты. Адзін фестываль “Сымонкавы нашчадкі”, які збіраў юных скрыпачоў, чаго варты!

Вочнае і завочнае

Але не толькі фестывалі прывабліваюць турыстаў на аб’екты “Мікалаеўшчыны”, а і новыя выставачныя праекты. Так, адзін з апошніх праектаў прысвечаны гадавіне першай сустрэчы класікаў літаратуры, якая адбылася ў 1912 годзе і мае сваю гісторыю. Справа ў тым, што Якуб Колас не мог паехаць у госці да Янкі Купалы, бо быў пад наглядам паліцыі за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Таму Купала вырашыў наведаць калегу.

/i/content/pi/cult/391/7805/14-3.jpeg

Гэтая сімвалічная сустрэча адбылася сто гадоў таму ў Смольні, што непадалёк ад Мікалаеўшчыны, у сядзібе родных Коласа. Да гэтай даты там адкрылася выстаўка з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Шляхам Янкі Купалы да Якуба Коласа”, якая будзе працаваць усяго два месяцы.

На выстаўцы прадстаўлены першыя зборнікі паэтаў — “Жалейка” і “Песні жальбы”, нумары “Нашай нівы”, вершы-прысвячэнні Якуба Коласа свайму сябру, мастацкія работы Івана Раманоўскага, Сямёна Геруса, Міколы Купавы, а таксама асабістыя рэчы, рукапісы ўспамінаў і артыкулаў Якуба Коласа пра сябра.

Купала ў лісце ад 26 ліпеня 1912 года адзначае пра сустрэчу лаканічна: “У суботу еду ў Стоўбцы да Коласа”. Але насамрэч яго шлях да Канстанціна Міцкевіча быў доўгі. Як можна даведацца з матэрыялаў выстаўкі, лета 1912 года Янка Купала правёў у дарозе. З Пецярбурга па заканчэнні заняткаў на курсах А. Чарняева Купала едзе да маці ў Акопы на Лагойшчыне, наведвае Вільню, дзе прысутнічае на святкаванні Купалля, вяртаецца ў Акопы, адкуль неўзабаве выпраўляецца ў шлях да Коласа. Шлях можна прасачыць на прадстаўленых на выстаўцы тагачасных картах, дзе адзначаны Вільня, Лагойск, Мікалаеўшчына, Акінчыцы, Альбуць.

Па словах аднаго са стваральнікаў выстаўкі, навуковага супрацоўніка Музея Якуба Коласа Таццяны Макаранка, у межах праекта адлюстравана не толькі першая сустрэча двух класікаў. Сяброўскія і працоўныя адносіны Якуба Коласа і Янкі Купалы на ніве навуковай, літаратурнай і грамадскай дзейнасці былі асабліва цесныя пасля 1921 года, калі абодва паэты жылі і працавалі ў Мінску. Сведчаннямі гэтых адносінаў з’яўляюцца фотаздымкі розных гадоў, празаічныя і вершаваныя радкі, якія яны прысвячалі адзін аднаму…

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Стаўбцоўскі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"