Хто ён, вядомы і невядомы Эль?

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Эль Лісіцкі — у разрэзе нашай сучаснасці

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 25 — 26, 28.)

…Сумесным удзелам розных відаў творчасці на фоне старога правінцыйнага Віцебска ствараўся своеасаблівы “горад заўтрашняга дня” — вядома ж, не як рэальны архітэктурны праект з такой задумай, а як грандыёзная шматпластовая метафара, як ідэйна-эмацыйная праграма. У 1977 годзе вядомы казахстанскі мастак-графік Валянцін Антошчанка-Аленеў, асабісты ахоўнік “камісара” Шагала і адначасова вучань яго жывапіснай майстэрні, шмат распавядаў мне пра гэтыя святы. Праўда, Лісіцкага ён не ведаў, бо яшчэ да яго прыезду быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Але сам Антошчанка-Аленеў прымаў непасрэдны ўдзел у святочным афармленні Віцебска да першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі і, так бы мовіць, ведаў гэтую справу “знутры”...

/i/content/pi/cult/387/7713/15-1.jpeg

У сваім дакладзе “Новае рускае мастацтва”, які быў прачытаны ў Берліне, Амстэрдаме і Гановеры ў 1922 годзе, Лісіцкі ўспамінаў: “…У Віцебску мы з Малевічам распісалі для фабрычнага афармлення 1500 квадратных метраў палатна, упрыгожылі тры будынкі, запраектавалі сцэны для святочных пасяджэнняў у гарадскім тэатры. Лепшыя праекты потым экспанаваліся ў Маскве на Кангрэсе Камінтэрна…” Адзін з такіх праектаў — афармленне Лісіцкім будынка Віцебскага камітэта па барацьбе з беспрацоўем. У яго аснову пакладзены прынцыпы сіметрычнага размяшчэння элементаў: над цэнтральным уваходам у трохпавярховы будынак, які быў фланкіраваны двухпавярховымі прыбудовамі, мастак размясціў вялікі чырвоны круг, а крыху ніжэй — чорны ромб. Другі паверх у праёмах паміж вокнамі быў распісаны сектарамі і сегментамі. Бакавыя прыбудовы дэкарыраваліся аналагічным чынам, толькі на першым паверсе распісваліся яшчэ трохкутнікамі ды накладзенымі на іх кругамі. Кампазіцыйнае рашэнне, такім чынам, строга падпарадкоўвалася лагічнай сіметрыі і архітэктуры будынка з рытмічнымі акцэнтамі лаканічных колеравых плям на светлым фоне сцен.

Незвычайнае ўражанне ад колеравай палітры старажытнага беларускага горада, ад элементарнага, на першы погляд, дэкору Сяргей Эйзенштэйн, які ў той час праязджаў Віцебск, параўнаў з “супрэматычным канфеці”, што было раскідана па вуліцах ды плошчах “ашалелага” горада. І тут роля Лісіцкага як архітэктара, дызайнера і суперграфіка — вельмі вялікая. Калі Малевіч у сваёй творчасці і педагогіцы адказваў за “Неба” — “касмічнае вымярэнне супрэматычнай утопіі”, то Лісіцкі — за “Зямлю”, увасобленую ў формах архітэктурных мадэлей і праектаў. Гэта датычылася і манументальнага афармлення фасадаў дамоў, і роспісаў інтэр’ераў, і малюнкаў для тканін, і стварэння лістовак ды вокладак для кніг і часопісаў. Менавіта ў Віцебску Эль Лісіцкі і стаў найбуйнейшым майстрам, адным са стваральнікаў новага — авангарднага — плаката, які ўвабраў у сябе дасягненні народнага лубка, ілюстрацыі, часопіснай карыкатуры, дынамізм ды лаканічнасць формы, вобразную і колеравую сімволіку. У гэтым сэнсе імя Лісіцкага стаіць побач з імёнамі Д.Моора, В.Дэні, М.Чарамных і У.Маякоўскага. Сярод такіх твораў арыгінальнасцю вызначаецца знакаміты агітплакат мастака пад назвай “Клінам чырвоных бі белых!”, што ў тыя гады атрымаў вялікі пазітыўны рэзананс. Тут геаметрычныя элементы на белым фоне за кошт тэксту набылі канкрэтны палітычны сэнс. Абстрактная кампазіцыйная дынаміка — чырвоны клін, які ўрэзаўся ў белы круг, — стала своеасаблівым заклікам да баявых дзеянняў чырвонаармейцаў супраць белагвардзейцаў. Усё проста і зразумела. Увесь плакат вырашаны ў трох колерах — чырвоным, чорным ды белым — і пабудаваны на сінтэзе элементарных фігур: прамавугольнікаў, кругоў і трохвугольнікаў. Аналагічная дынаміка бачная і ў схеме праекта перасоўнай дыяганальнай канструкцыі-трыбуны Леніна, створанай у вучылішчы Лісіцкім разам з вучнямі ў 1920 годзе. Вельмі цікавая задума, праўда, нерэалізаваная. У аснаванні — шкляны куб з убудаваным механізмам ліфта. Пад’ёмнік дастаўляе прамоўцаў на прамежную пляцоўку, каб заняць балконы, што рухаюцца, для палымяных выступленняў: зверху — для прамоўцы Леніна, у сярэдзіне — для гасцей. Завяршае аб’ект экран, на якім праецыруюцца розныя адпаведныя лозунгі ды палкія бальшавіцкія тэксты. Над гэтым праектам Лісіцкі працягваў працаваць і потым — у горадзе Лакарна, дзе праходзіў лячэнне лёгкіх. Гэты праект у 1924 годзе экспанаваўся на Міжнароднай тэатральнай выстаўцы ў Вене і стаўся там сапраўднай сенсацыяй. У свой час “Ленінская трыбуна”, як і “Вежа” (Помнік III інтэрнацыяналу) Уладзіміра Татліна, лічылася класікай савецкага мастацтва. У Віцебску Эль Лісіцкі шмат працаваў і ў галіне праектавання супрэматычных заслон для святочных залаў ды шыльдаў-афішаў, заснаваных на спалучэнні яркіх колеравых сімвалаў і выразных рытмаў геаметрычных форм. Захаваўся яго эскіз шыльды для Віцебскай народнай кансерваторыі: дынамічны надпіс перарываеццца ў цэнтры нечаканай эмблемай, складзенай з завітка нотнага ключа, барабана і молата як алегорыі адзінства мастацтва і працы…

У пачатку 1920-х з’явіўся канструктывізм — своеасаблівы прафесійны мастацкі метад, скіраваны на формаўтварэнне рэальных функцыянальных прадметаў. Таму паняцце “канструктывізм” ужывалася, напрыклад, яго заснавальнікам У.Татліным у шырокім сэнсе: як вызначэнне ўсёй той сферы мастацкай дзейнасці, якую ў наш час акрэсліваюць міжнародным тэрмінам “дызайн”. Аб’ектыўна да ідэй канструктывізму былі тады, у рознай ступені, блізкія і некаторыя прадстаўнікі іншых творчых напрамкаў, сярод якіх — і супрэматыст Лісіцкі. У сваёй дызайнерскай практыцы, ужо за мяжой, ён удзельнічаў у працы шэрагу авангардных мастацкіх аб’яднанняў і фактычна стаяў на адных пазіцыях з канструктывізмам. Ён пісаў пра гэта ўжо напярэдадні ад’езду з Віцебска ў 1922 годзе: “Асноўнай рысай сучаснасці мы сцвярджаем трыумф канструктыўнага метаду”. І выступаў “за мастацтва канструктыўнае, якое не ўпрыгожвае жыццё, але яго арганізуе”. Інакш кажучы, Лісіцкі стварыў гісторыю мастацтва, што даследуе прыроду пластычных катэгорый і не хаваецца за сацыялагічным, псеўдагістарычным або палітычным фасадам.

/i/content/pi/cult/387/7713/15-2.jpeg

Пасля бурлівага, хаця і кароткага віцебскага “рэнесанса” для Лісіцкага пачалося новае жыццё. Летам 1921-га ён быў выкліканы ў Маскву ва “ВХУТЕМАС” — весці курс архітэктуры і манументальнага жывапісу. Але лёсавызначальным пунктам у яго творчасці сталася камандзіроўка ў Германію і Галандыю з мэтай усталявання парушаных вайною кантактаў з дзеячамі культуры і мастацтва краін Заходняй Еўропы. Тут ён знаёміцца з берлінскімі дадаістамі, дзеячамі Баўхауза, галандскай групай “Дэ Стыль”, у часопісе якой былі апублікаваны “Чорны квадрат” Малевіча і адзін з проўнаў Лісіцкага. Гэта былі яркія прадстаўнікі заходнееўрапейскага мастацтва: Піт Мандрыян, Якабус Іаханэс Пітэр Аўд, Міс ван дэр Рот, Герыт Томас Рытвельд, Вальтэр Гропіус, Тэа ван Дусбург, Ласла Мохай-Надзь — імёны, што сёння ўвайшлі ў рэестр “залатога фонду” сусветнага жывапісу і архітэктуры ХХ ст.

У гэты час праекты Лісіцкага атрымліваюць вялікае міжнароднае прызнанне. Ён ужо лічыцца прадстаўніком мастацкага племя пострэвалюцыйнай Расіі на Захадзе: мае магчымасць перакладаць працы Малевіча на нямецкую мову, садзейнічаць арганізацыі савецкіх выставак за мяжой, публікавацца ў прэсе Еўропы і, галоўнае, праектуе тое, што лічыць асабліва патрэбным для грамадства ўсяго свету. Сярод яркіх работ, якія аказалі ўплыў на многіх сучасных архітэктараў, — праект “Гарызантальных хмарачосаў”. Упершыню ён з’явіўся на вокладках прафесійных выданняў у 1925-м і быў прыняты ў Еўропе як узор новай расійскай (маскоўскай) архітэктуры. Вялікія кансольныя платформы лёгка ўзняты на высокія апоры са шкла, бетону і металу. Гэты аб’ект задуманы як элемент серыі будынкаў на галоўных горадабудаўнічых вузлах Масквы, і ўсе хмарачосы былі арыентаваны на Крэмль з улікам гістарычнай забудовы, якую аўтар аніяк не парушаў. А яшчэ асаблівую вядомасць атрымаў фотамантаж хмарачосаў для плошчы ля Нікіцкіх варот. Стылізаванае аксанаметрычнае адлюстраванне будынка Лісіцкі выкарыстаў і для свайго персанальнага знака. Ды і ў афармленні экспазіцый ён скарыстоўвае зусім новыя для таго часу сродкі ўплыву на гледача: складанае асвятленне, прымяненне інструментарыя кінематографа, фотакалажы, розныя механізмы, што рухаюцца (гэтую справу ён любіў асабліва), ды шмат іншых эксперыментаў, якія і сёння няпроста рэалізаваць. Але ў мастацка-архітэктурнай спадчыны Лісіцкага — цяжкі лёс. Многія будынкі так і засталіся праектамі, бо не адпавядалі даступнай тэхналогіі або не задавальнялі патрабаванні функцыянальных ці ідэалагічных установак. Амаль усе рэалізацыі — гэта часовыя выставачныя прасторы, якія былі збудаваны за мяжой, цяпер страчаныя і вядомыя толькі па фатаграфіях.

Трэба падкрэсліць, што многае ў мастацтве Лісіцкага можна растлумачыць асаблівасцю яго натуры. Урэшце, гэта адносіцца да любога таленавітага творцы. Лісіцкі аказаўся строгім і паслядоўным рацыяналістам, які дакладна прадумваў шляхі дасягнення мэты, але ў выніку давяраўся сваёй моцнай інтуіцыі, што ніколі яго не падводзіла. Ён і сам казаў: “Трэба любіць сваю справу для таго, каб чысты розум, вельмі ясны, страціць у апошні момант, — толькі тады штосьці можа быць створана”. І яшчэ: “У плыні форм ёсць законы сувязі, і класічныя ўзоры не вусцішныя для сучасных майстроў. У Пушкіна і Пусена можна вучыцца не рэстаўрацыі памерлых форм, а непарушным законам Яснасці, Эканоміі, Заканамернасці”. Словы, якія маглі б стаць дэвізам для многіх нашых мастакоў сённяшняга дня, ці не так? Ва ўсім, што рабіў Лісіцкі, прысутнічае эканамічная, заканамерная прастата, ясная празрыстасць, элегантнасць, агульнадаступнасць і зусім адсутнічае той эпатаж, тыя манернасць ды піжонства, якімі і цяпер засмечана наша мастацтва…

У 1930-я гады, калі пачыналася эпоха сацыялістычнага (дзяржаўнага) рэалізму і строгая цэнзура ўваткнула сваё джала ў “левае” мастацтва, Лісіцкі страчвае сваю ранейшую філасофскую экспрэсію, характэрную для віцебскага перыяду, хаця і ўтрымлівае аўтарытэтныя пазіцыі ў афіцыйным мастацкім жыцці. Ён быў вядучым афарміцелем шэрагу савецкіх часопісаў ды альбомаў, стваральнікам павільёнаў СССР на міжнародных выстаўках у Германіі. Падобная рэалізацыя таленту майстра, на мой погляд, сімптаматычная. “Выставачная” архітэктура па саміх законах жанру прадугледжвае нейкую ідэалізацыю, увасабленне не столькі праяў рэчаіснасці, колькі падсвядома-ідэальных уяўленняў пра сябе. Сімвалічная аналогія — паміж дзейнасцю Лісіцкага-афарміцеля і яго працай мастака ў часопісах “СССР на стройке”, “15 лет РККА” ці “СССР строит социализм”, “Фотапісец і друкар”. Эль Лісіцкі стварыў шэраг выдатных па паліграфічным рашэнні нумароў часопісаў, але ўсе яны былі задуманы, у асноўным, для замежнага чытача і паступова станавіліся ўсё больш падобнымі да выставачнай вітрыны, што не мела нічога агульнага з жыццём краіны.

Самым наглядным і драматычным чынам разлад паміж утопіяй і рэальнасцю адбыўся ў афармленні Лісіцкім Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. У 1935-м ён быў прызначаны галоўным мастаком УСГВ. Але ў хуткім часе адмовіўся ад агульнага кіраўніцтва, пакінуўшы за сабой толькі праектаванне галоўнага павільёна. Некалькі гадоў жыцця цяжка хворы мастак (у яго было выдалена лёгкае) аддаў каласальнай працы. Ён стварыў сотні аркушаў з планамі залаў і стэндаў, варыяцыямі плафонаў ды жырандоляў, эскізамі дэкаратыўнай скульптуры і манументальных роспісаў. Але гіганцкая па аб’ёме праца аказалася няўдалай. У бясстрасна сіметрычных агульных планах, скрупулёзна і добрасумленна намаляваных дэталях афармлення амаль немагчыма пазнаць былога Лісіцкага — аўтара смелых, арыгінальных архітэктурных ідэй, вострых пластычных рашэнняў. Мастак зрабіў працу прафесійна-дакладную, халодна-карэктную. І толькі ўвасобіць у архітэктуры тэмы росквіту калгасаў ды шчаслівага жыцця сялянства ён быў не ў стане. Але хачу сказаць вось што. Эль Лісіцкі заклаў падмурак, аснову тых прасторавых рашэнняў, якія выкарыстоўваюцца сёння ў камп’ютарных праграмах. Тып яго шрыфтоў можна пабачыць у сучасных айчынных і замежных плакатах. Ён з’явіўся прадвеснікам поп-арту 1960-х, найноўшых прыёмаў фотамантажу, канструктывізму ў архітэктуры, сучасных рашэнняў у афармленні інтэр’ераў, мэблі і г. д. У дадзеным сэнсе “адкрыццё” Лісіцкага і ў нас, і ў Расіі — яшчэ на стадыі асэнсавання, дакладней — гэта справа будучыні…

Зацягнуты працэс сухотаў стаў прычынай смерці мастака. 22 лістапада 1941 года, ужо моцна хворы, ён адзначыў свой 51-ы дзень нараджэння завяршэннем працы над плакатам “Дайце больш танкаў…” А 30 снежня, калі масквічы толькі-толькі ачунялі пасля таго, як Масква мужна выстаяла перад ворагам ды рыхтавалася з верай і надзеяй у Перамогу сустрэць новы, 1942 год, сэрца Эль Лісіцкага спынілася…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"