Няўжо "грашовае пытане" застанецца вечным?

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

“Раскрутка” турыстычнай Талачыншчыны толькі пачынаецца

/i/content/pi/cult/380/7476/1-1.jpg

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Што рабіць аддзелу культуры райвыканкама, які не мае значных фінансавых сродкаў, каб адрамантаваць усе клубы і бібліятэкі? Адказ напрошваецца сам сабой: развіваць дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва. Іншых умоў, каб культурнае жыццё ў раёне выйшла на новы, больш якасны, узровень, напэўна, проста няма.

Усё гэта выдатна разумеюць у Талачынскім раёне, дзе сітуацыя з матэрыяльна-тэхнічнай базай устаноў культуры - адна з самых праблемных на Віцебшчыне. Патрэбны капітальны рамонт як гарадскога Дома культуры, так і Дзіцячай школы мастацтваў. Супрацоўнікі ж раённага Дома рамёстваў і метадычнага цэнтра вымушаны "кватараваць" у звычайнай драўлянай хацінцы, умовы для працы ў якой, натуральна, далёкія ад ідэалу.

Выйсце, падаецца, - адно: развіваць дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва. І самы галоўны, а можа, нават і адзіны шлях у гэтым кірунку - станаўленне турызму. Прынамсі, менавіта ў гэтым пераканана намеснік старшыні Талачынскага райвыканкама Іна Галубкова. Па яе словах, без развіцця турыстычнага складніка культработнікі раёна наўрад ці змогуць зацікавіць сваёй дзейнасцю патэнцыйнага спонсара ці мецэната.

Пакуль што, як зазначылі ў кіраўніцтве Талачынскага райвыканкама, жыхары Беларусі і замежнікі ехаць у раён не спяшаюцца, хоць паглядзець на гэтай гасціннай зямлі сапраўды ёсць што. І ў першую чаргу патэнцыйнага турыста, натуральна, зацікавіць слынная гісторыя тысячагадовага Друцка. Але да "раскруткі" і неабходнага піяру сваёй гістарычнай спадчыны на Талачыншчыне пакуль толькі падступаюцца.

"Запаведныя"

вытокі праблемы

Для таго, каб прывабіць інвестара ці мецэната, спачатку, натуральна, варта стварыць цікавы праект. І такі бізнес-план у мясцовых культработнікаў, па словах кіраўніка сферы раённай культуры Валерыя Зайцава, ёсць. Гаворка - пра ідэю стварэння на гэтай зямлі гісторыка-археалагічнага запаведніка "Друцк."

Паводле гэтага маштабнага праекта, у названы запаведнік плануецца ўключыць усе помнікі археалогіі, гісторыі ды архітэктуры як Друцка, так і Талачына. А пасля надыдзе час і для іншых спраў: рэканструкцыі шляху "з варагаў у грэкі", добраўпарадкавання Друцкага замчышча з узвядзеннем абарончых сцен, уязной брамы і назіральнай вежы, арганізацыі штогадовых фестываляў на базе рыцарскіх і гістарычных клубаў ды многага іншага. Мэта - развіць краязнаўчы і культурны турызм на Талачыншчыне, а таксама музеефікаваць запаведную тэрыторыю.

Планы, пагадзіцеся, - маштабныя, і ў тым, што пад гэты праект будуць прыцягнуты не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя сродкі, сумнявацца не даводзіцца. Але пакуль што ідэя талачынскіх крэатыўшчыкаў "прабуксоўвае". Прычым не першы год.

- Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўжо распрацаваў для нас усе рэкамендацыі па стварэнні гэтага гісторыка-археалагічнага запаведніка, падрыхтаваў матэрыялы па арганізацыі ахоўнай зоны, - зазначае начальнік аддзела культуры. - Але існуюць некаторыя праблемы, без вырашэння якіх наш бізнес-план так і застанецца на паперы. Справа ў тым, што зямля, дзе знаходзіцца старажытнае гарадзішча, цяпер належыць сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву "Друцк-Агра". Таму неабходна ўзгадніць усе заканадаўчыя нюансы па перадачы гэтых земляў пад юрысдыкцыю аддзела культуры...

Узгадненне тое, па словах Валерыя Зайцава, цягнецца не першы год. Справа ў тым, што на дзядзінцы стаіць будынак XIX стагоддзя, які належыць "Друцк-Агра" і выкарыстоўваецца як сталярны цэх калгаса. Без перадачы гэтага збудавання на баланс аддзела культуры немагчыма перадаць і зямлю. Валерый Зайцаў сцвярджае, што ўсе неабходныя паперы будуць аформлены самым бліжэйшым часам. А пасля...

- Перш-наперш зробім у гэтым будынку музей, - распавядае Валерый Фёдаравіч. - У тым, што ён будзе запатрабаваны шматлікімі турыстамі, я не сумняваюся. А потым будзем працаваць над увасабленнем ідэі Гісторыка-археалагічнага запаведніка "Друцк". Зразумела, хочацца, каб наш праект ажыццявіўся як мага хутчэй, але ўсё трэба рабіць згодна з заканадаўствам...

Каровы каля ўязной

брамы

/i/content/pi/cult/380/7476/1-2.jpgНарод нездарма кажа, што лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Таму не мог, натуральна, пад час паездкі па раёне не завітаць у Друцк. Проста на шляху ў гэтае слыннае паселішча раёна нас чакала яшчэ не адна турыстычна-прывабная "фішка" Талачыншчыны: каменны прыдарожны слуп XVIII стагоддзя, вадзяны млын на рацэ Крывая, а таксама старадаўні парк роду мясцовых дваран Хамянтоўскіх. Так што гасцявы патэнцыял рэгіёна - сапраўды вялікі і можа прынесці значныя дывідэнды ўсім, хто возьмецца шчыраваць на гэтай багатай "дзялянцы"...

Друцк - аграгарадок кіламетраў за дзесяць ад Талачына. Звычайнае паселішча, якіх тысячы па ўсёй Беларусі. Але хадзіць па ягоных ваколіцах усё адно незвычайна, бо адусюль літаральна дыхае слынная гісторыя Друцкага Княства.

Адразу ж на ўскрайку аграгарадка і знаходзіцца старажытнае гарадзішча. Дарэчы, як заўважыла дырэктар раённага краязнаўчага музея Ірына Пікулік, гэта адно з нямногіх месцаў у краіне, дзе добра захаваўся рэльеф горада ранняга Сярэднявечча: дзядзінец, вакольны горад, абнесеныя высокімі землянымі валамі і ровам, што запаўняўся вадой з ракі Друць. Побач з вялізнымі валунамі тут можна адшукаць кавалачкі старадаўняй керамікі. Па словах Ірыны Пікулік, мясцовыя жыхары пастаянна знаходзяць цікавыя гістарычныя артэфакты пад час працы на сваіх гародах. А з выдатнай калекцыяй старажытнасцей можна азнаёміцца ў тым жа краязнаўчым музеі.

На жаль, цяпер на дзядзінцы ўсё зарасло травой, у якой вельмі добра пачуваюць сябе... каровы. Адна з іх якраз і ласавалася сакавітым абедам каля драўлянай уязной брамы дзядзінца. Сама ж брама, ды іншыя драўляныя пабудовы, якія былі ўзведзены тут пад час святкавання 1000-годдзя Друцка ў 2001-м, цяпер ніякім чынам, на жаль, не выкарыстоўваюцца.

- Былі планы запрасіць сюды рыцарскія клубы з Мінска, - дзеліцца сваімі думкамі Валерый Зайцаў, - але вечнае грашовае пытанне не дае нам гэтага зрабіць. А шкада...

Грашовае пытанне, абяцае застацца сапраўды "вечным". Але чаму б не зладзіць у Друцку для пачатку раённае мерапрыемства - фестываль сярэднявечнай культуры з удзелам рыцарскіх ці гістарычных клубаў? А пасля можна было б выйсці на міжрэгіянальны ўзровень з наступным замахам на рэспубліканскі... На жаль, па словах таго ж Валерыя Зайцава, мая журналісцкая прапанова не мае пад сабой грунту: ніводнага клуба гістарычнай тэматыкі на Талачыншчыне пакуль што не створана. І гэта, як зазначыў Валерый Фёдаравіч, адназначны пралік мясцовых крэатыўшчыкаў ад культуры.

На жаль, пралік гэты - не адзіны. Як змог пераканацца пад час камандзіроўкі, гістарычная тэматыка супрацоўнікамі сферы культуры раёна выкарыстоўваецца даволі слаба. Акрамя экспазіцыі краязнаўчага музея, дзе можна ўбачыць разнастайныя прадметы сівой даўніны, аддзел культуры больш нічога не прапаноўвае заезджаму турысту, ахвочаму да гісторыі. Ну, хіба што некалькі турыстычных маршрутаў па горадзе і раёне. А дзе ж тэатралізацыі на ўваходзе ў той жа раённы музей, фатаграфаванне з рыцарам у латах ці "главой" роду Хамянтоўскіх? Дзе рыцарскія турніры пад час правядзення Дня горада і турнір лучнікаў на Друцкім дзядзінцы або наладжаны продаж сувеніраў - як у музеі, так і ў Доме рамёстваў? Пералік ідэй, якія, не раўнуючы, ляжаць на паверхні і не патрабуюць значных высілкаў для ўвасаблення, можна доўжыць. Бо, перакананы, шмат што можна зрабіць, не наракаючы пры гэтым на вечную адсутнасць фінансавання... Натуральна, рабіць - нашмат цяжэй, чым пра гэта гаварыць.

Экалагічнае

супрацоўніцтва

/i/content/pi/cult/380/7476/1-3.jpgА што ж усё-ткі з дзяржаўна-прыватным супрацоўніцтвам у сферы раённай культуры? Па словах начальніка аддзела культуры Талачынскага райвыканкама, яно хоць і развіваецца, але не тымі тэмпамі, якімі хацелася б. У раёне не так ужо і шмат прадпрыемстваў, ды і тыя, што могуць і хочуць узаемадзейнічаць з аддзелам культуры райвыканкама, выдаткоўваюць на дапамогу сферы няшмат. Але нават і падобная малая дапамога - важкі ўнёсак у паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры ды бясцэнны вопыт узаемадзеяння са спонсарамі.

Напрыклад, многія канцэрты сельскіх дамоў культуры ладзяцца пры фінансавай падтрымцы кіраўнікоў мясцовых СВК. Што ж да горада, дык у тым жа Доме культуры спонсары таксама бываюць вельмі часта і дапамагаюць не толькі грашыма, а і ў закупках неабходнага абсталявання ці касцюмаў для творчых калектываў, напрыклад, для ветэранскага хору ГДК. Вельмі дапамагае сферы раённай культуры і Талачынскі кансервавы завод, дырэктар якога Анатоль Анюхоўскі быў сёлета зусім не выпадкова абраны "Чалавекам года" Віцебшчыны.

Уся гэтая спонсарска-мецэнацкая дзейнасць, па словах Валерыя Зайцава, адразу знаходзіць адлюстраванне на старонках мясцовага друку, што спрыяе далейшаму развіццю дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў раёне.

А ў аграгарадку "Коханава" паспяхова наладзілі супрацоўніцтва з раённай інспекцыяй па ахове навакольнага асяроддзя. Напачатку ў мясцовай бібліятэцы сіламі супрацоўнікаў быў створаны экалагічны клуб. Загадчык бібліятэкі Марыя Цупрыяновіч, па яе словах, звярнулася пасля гэтага да кіраўніцтва раённай інспекцыі з просьбай аб падтрымцы аматарскага аб'яднання. І мясцовыя эколагі ідэю Марыі Яўгенаўны падтрымалі. На сродкі спонсараў былі закуплены стэлажы і кнігі, аўдыя- і відэадыскі ды многае іншае. Дадзенае супрацоўніцтва, па словах загадчыцы бібліятэкі, развіваецца паспяхова ўжо цягам некалькіх гадоў і карыснае як для ўстановы культуры, так і для тых школьнікаў, якія наведваюць аматарскае аб'яднанне.

Усё гэта, натуральна, не можа не радаваць, але падобныя прыклады ў раёне - адзінкавыя. Па словах Валерыя Зайцава, які, дарэчы, працуе на сваёй пасадзе менш за год, яшчэ адна прычына не надта радаснай карціны дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва ў рэгіёне ў тым, што вялікія намаганні аддзел культуры прыкладае для выканання плана платных паслуг, а не для наладжвання бізнес-кантактаў. Вынікі работы аддзела па выкананні платных паслуг сапраўды ўражваюць: калі за 2011-ы было зароблена 72% ад плана, дык за першы квартал бягучага года - ужо 142%! Вынік - унушальны, і таму, як адзначыў Валерый Зайцаў, цяпер самы час задумацца і над павелічэннем спонсарскай падтрымкі ўстаноў культуры.

Тры гады:

што змянілася?

Напрыканцы хачу адзначыць вось яшчэ што. У Талачынскім раёне "К" пабывала прыкладна тры гады таму. Гутарка ў тым артыкуле вялася ў асноўным пра кадравы патэнцыял раёна, які на той час быў не надта здавальняльны.

На жаль, за гэтыя гады не шмат што змянілася. У сферы культуры Талачынскага раёна працуе шмат тых, хто не мае спецыяльнай адукацыі, ды і моладзь тут, на жаль, не затрымліваецца. І менавіта з кадравага пытання пачала нашу размову намеснік старшыні Талачынскага райвыканкама Іна Галубкова. На яе думку, аддзелу культуры варта надаваць больш увагі вырашэнню гэтай праблемы, бо без высакакласных спецыялістаў стварыць цікавы праект, распрацаваць тое або іншае захапляльнае мерапрыемства, якім можна будзе прыцягнуць спонсара, папросту немагчыма.

Цалкам згодны з агучанай пазіцыяй раённага кіраўніцтва. Кадры сапраўды вырашаюць усё. Без творчых людзей у сферы культуры не будзе як цікавых праектаў, так і паспяховага развіцця турызму, а таксама не распачнецца напоўніцу рэалізацыя дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. І вечнае грашовае пытанне сапраўды назаўсёды застанецца вечным.

 

Галерэя спонсараў ад "К"

Справа - не "труба"!

Гарадскі пасёлак "Коханава" вядомы на ўсю краіну тым, што тут працуе завод "Белтрубпласт". Прыватнае прадпрыемства, на якім задзейнічана больш за трыста чалавек не толькі з Коханава, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі, пастаўляе сваю разнастайную прадукцыю ва ўсе куткі нашай краіны. Гутарка з генеральным дырэктарам "Белтрубпласта" Аляксандрам ЧУРКІНЫМ замест запланаваных дваццаці хвілін расцягнулася больш чым на гадзіну, прычым натуральна скіравалася з тэмы дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва ў рэчышча развіцця турызму не толькі на Талачыншчыне, але і ў Беларусі наогул. А напрыканцы сустрэчы кіраўнік прадпрыемства зладзіў і невялікую экскурсію па вытворчых цэхах сваёй арганізацыі.

- Аляксандр Васільевіч, перад нашай гутаркай я пазнаёміўся з вашым намеснікам - Сяргеем Мацюшэўскім. Дык вось, першае што ўбачыў на яго рабочым стале, - стос білетаў на пастаноўку Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, якую плануецца зладзіць днямі ў гарпасялковым Доме культуры Коханава. Білеты выкуплены і будуць распаўсюджаны сярод супрацоўнікаў прадпрыемства. Ведаю, што гэта не адзіны прыклад падтрымкі "Белтрубпластам" мясцовых культработнікаў...

/i/content/pi/cult/380/7476/1-5.jpeg- Шчыра кажучы, на маю думку, падтрымка сферы культуры ад нас не такая ўжо і вялікая. Але з культуры пачынаецца ўсё. І тая ж культура працы, якая пануе на нашым прадпрыемстве, ды і не толькі на нашым. Нават у рэстаране афіцыянт (калі ён - прафесіянал) павінен выказваць культуру паводзін. А вось гэта, на жаль, рэдка даводзіцца бачыць...

- Дапамога сацыяльнай сферы - адзін з прыярытэтных накірункаў для вашага прадпрыемства? Бо ведаю яшчэ шмат прыкладаў падтрымкі "Белтрубпластам" мясцовых ініцыятыў. Часам некаторыя бізнесмены скардзяцца на беларускае заканадаўства, якое не дазваляе атрымаць фінансавых дывідэндаў ад супрацоўніцтва з той жа сферай культуры. Напрыклад, у ЗША сума сродкаў, выдаткаваная прыватнікам на закупку абсталявання ў музей ці на правядзенне канцэрта, вызваляецца ад падатку на прыбытак...

- На мой погляд, беларускае заканадаўства вельмі добра распрацавана і спрыяе як у нашай працы, так і ў аказанні спонсарскай падтрымкі. Так што ў гэтым плане я не бачу асаблівых перашкод. Іншая справа, што варта даць магчымасць папрацаваць у сферы культуры прыватнаму капіталу, напрыклад, пры аказанні пэўных паслуг. Прывяду прыклад. Нядаўна, 9 мая, да мяне прыехалі сябры з Расіі. Паехалі ў Мінск, наведалі некаторыя культурныя аб'екты сталіцы. Але захацелася здзівіць чым-небудзь своеасаблівым. Выйсце знайшоў адразу: прапанаваў паехаць у вядомы беларускі скансен, што ў Строчыцы пад Мінскам. Сябрам усё спадабалася, акрамя той інфраструктуры, якая ёсць, ці, дакладней кажучы, якая адсутнічае ў музеі пад адкрытым небам. Нават адзіны рэстаран беларускай нацыянальнай кухні, якой я хацеў здзівіць сяброў, быў у гэты дзень зачынены... Перакананы, што ў такіх месцах якасныя рэстараны і кафэ, пункты продажу сувеніраў павінны быць літаральна на кожным кроку!

- Але паступова гэтая праблема вырашаецца і ў Беларусі: названаму пытанню надаецца шмат увагі...

- Згодзен, нейкія зрухі ў дадзеным пытанні ёсць. Але ўсё адно, у плане развіцця турыстычнай інфраструктуры ў Беларусі, напрыклад, у тым жа Міры і Нясвіжы, куды ў першую чаргу едуць замежнікі, яшчэ шмат што трэба зрабіць. Бо ў тым жа Нясвіжы практычна няма дзе паесці на сённяшні дзень. Падобных палацаў у Еўропе - безліч, таму трэба скіроўваць увагу на такі аспект, як продаж сувеніраў, аказанне турыстычных паслуг... Вось нядаўна прачытаў: замежнікі менш трацяць унутры краіны, чым беларусы за межамі краіны. Дык гэта таму, што за мяжой турыстычная інфраструктура развіта на некалькі парадкаў лепш, чым у Беларусі. Таму варта клапаціцца менавіта пра добраўпарадкаванне месцаў адпачынку, пра наладжаны і якасны сэрвіс, пра кафэшкі, якія павінны быць літаральна на кожным кроку. А без стварэння спрыяльных умоў для прыватніка прыдарожны сэрвіс і турыстычная інфраструктура, на маю думку, так і застануцца ў Беларусі на нізкім узроўні...

У працяг тэмы публікацыі “К”

Карэктывы для бібліятэк

У мінулым нумары “К” звярнула ўвагу на будучыню і перспектывы развіцця сельскіх бібліятэчных устаноў. Узнятыя ў артыкуле бібліятэкара Вольгі Палунчанка праблемы — сапраўды актуальныя і надзённыя. І ўвага да вырашэння шматлікіх бібліятэчных пытанняў — сёння самая пільная на розных узроўнях уладных структур.

Пацвярджэннем гэтаму — словы губернатара Віцебскай вобласці Аляксандра Косінца, выказаныя ім пад час пасяджэння аблвыканкама 30 мая. “Выхаванне любові да кнігі і да чытання трэба пачынаць са стану бібліятэк, у першую чаргу — на сяле і ў навучальных установах”, — падкрэсліў пад час названага мерапрыемства старшыня аблвыканкама.

Кіраўнік вобласці даў нездавальняючую ацэнку матэрыяльна-тэхнічнаму стану сельскіх бібліятэк і запатрабаваў ад упраўлення культуры аблвыканкама ў самыя сціслыя тэрміны вывучыць праблемы матэрыяльнай базы сельскіх бібліятэк і ўмовы працы бібліятэкараў рэгіёна. Губернатар таксама запатрабаваў ад мясцовых органаў улады разгледзець пытанні фінансавання рамонтных работ і ўнесці неабходныя карэктывы ў бюджэт бягучага года, а таксама вывучыць магчымасць аб’яднання ў вёсках школьных і публічных бібліятэк, калі рамонт апошніх немэтазгодны.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Талачынскі раён - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"