АВАНТУРНЫ ГЕНІЙ ГЕНІНА

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

Дык пашанцавала ці не мастаку з Высокага?

/i/content/pi/cult/379/7453/2-2.jpeg...Канец верасня 1941 года. Немцы наступаюць на Маскву. Непасрэдна на подступах да горада разам з войскамі стаяць народныя апалчэнцы і баявыя дружыны. Да галоўнага контрудару савецкіх войскаў заставалася яшчэ амаль два месяцы...

...Ён хацеў ісці ў апалчэнне, але яго, 57-гадовага мужыка, не ўзялі з-за даўняга пашкоджання калена правай нагі. А фашысцкая авіяцыя ўжо бамбіла фугаскамі Маскву, і яму дазволілі толькі дзяжурыць на дахах ды гарышчах. Адна з бомб патрапіла ў суседні дом, і выбуховая хваля накрыла яго, забіўшы пры гэтым дваіх ягоных таварышаў, якія сядзелі побач... А сам ён, паранены, скаціўся кулём уніз, з пятага паверха. Але застаўся жывы. Сябры хацелі забраць яго ў Загорск, потым эвакуіраваць у Пензу. Ён адмовіўся, сказаў: "Я да вас прыеду, як толькі вы ўладкуецеся". Не прыехаў. Напрыканцы верасня, а можа, у пачатку кастрычніка, скончыў жыццё самагубствам, прыняўшы вялікую дозу морфія... Пакінуў запіску: "Я не ў сілах дапамагчы маёй Радзіме ў такую неабходную для яе хвіліну, і таму пакідаю жыццё". І далей: "Мне, інваліду, служыць няма чым..."

Канкрэтная прычына смерці? Яго сябра Аляксандр Магілеўскі, здольны акварэліст і ілюстратар, пясняр старой Масквы, успамінае праз пятнаццаць гадоў пасля трагедыі: "Мне здаецца, што, у асноўным, пабуджальнымі матывамі для такога рашэння былі адзінота без сям'і, нервовае знясіленне ад жыцця на Захадзе з эксперыментамі марфінізму (ён да іх звяртаўся), шок, атрыманы ад разарванай бомбы, легкадумнае стаўленне да сыходу з жыцця... Як бы там ні было, усе сябры ўспамінаюць пра яго з самымі высокімі пачуццямі як пра вельмі таленавітага мастака, цудоўнага чалавека і выдатнага патрыёта. Вось кароткая гісторыя пра мінулае, што праляцела, як камета, - пра дарагога нам Роберта Львовіча Геніна..."

Роберт Генін... Зусім забытае імя і ў Расіі, і на ягонай радзіме - у Беларусі. Да таго ж, нават запісу аб смерці мастака вы не знойдзеце ні ў адным з архіваў Масквы. Не захаваліся і творы, зробленыя Геніным пасля вяртання на радзіму ў 1937-м. Быў чалавек і мастак - і няма чалавека і мастака. Нібыта растварыўся ў паветры. Няшчасны лёс... Але што цікава: і ў Германіі, і ў Францыі ягонае імя вядомае і сёння! Немцы лічаць яго ледзь не сваім мастаком, бо ён праілюстраваў напрыканцы 10-х - у пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя многіх нямецкіх пісьменнікаў-экспрэсіяністаў, доўгі час быў мастаком мюнхенскага штотыднёвіка "Jugend" і выдаў у Берліне сваю аўтабіяграфічную кнігу "Эскізы і ўражанні". Ды і французы ўспамінаюць яго як прадстаўніка "Парыжскай школы", удзельніка "Восеньскіх Салонаў", сябра Андрэ Сальмона і Марка Шагала. Што і казаць, лепшыя творы свае ён стварыў на Захадзе, але заўсёды марыў прыехаць на радзіму, бо адчуваў сябе моцна прывязаным да той зямлі, што яго нарадзіла. Дастаткова прывесці фрагмент аднога артыкула французскага часопіса "Semaine a Paris" ад снежня 1931 г.:
"...Бліскучы, радасны колер літаральна асляпляе і пануе ва ўсім сваім бляску на палотнах Геніна; менавіта пры дапамозе гэтага колеру руская душа, захапленне юнацтвам Геніна ажываюць, перараджаючыся ў мару - менавіта праз гэты колер, праз яго захопленыя акорды, а таксама праз сюжэт. Залацістыя колеры, цёплая кінавар, вытанчаныя ружовыя, мяккія чырвоныя адценні струменяцца ў яго букетах, чаргуюцца ў ягоных больш меланхалічных кампазіцыях. Творчасць Геніна - гэта вельмі руская творчасць..." І яшчэ. Мастацтвазнаўца і літаратар Поль Фіранс, таксама ў 1931 годзе, пісаў так: "...Менавіта ў Парыжы Генін стаў сапраўдным рускім. І чым больш ён ім становіцца, тым мацней набліжаецца да крыніц... Пазіцыя Геніна - гэта вера ў сябе, у жыццё, у сваю зорку. Ён аддаецца на волю натхнення, якое падчас, мабыць, павінна здзіўляць нават яго самога, і ён стараецца ніколі не хлусіць. У яго няма ні следу неспакою, высілкаў, пошукаў. Ягонае мастацтва - гэта прызнанне, пазбаўленае фальшу, захопленая і ўсёпераможная малітва, іскрыстае зачараванне..."./i/content/pi/cult/379/7453/2-1.jpeg

Не пра кожнага мастака можна так напісаць, ці не праўда? Але, як вядома, у айчыне сваёй няма прарока. І ў гэтым сэнсе Геніну ў нас зусім не пашанцавала. Практычна цягам 70 гадоў у нашай прэсе пра яго ніхто не пісаў. Ягонае імя адсутнічае нават у мастацкіх энцыклапедыях. А "Успаміны" таго ж Магілеўскага, наколькі я ведаю, да сённяшняга дня не апублікаваны: яны захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. І толькі ў чэрвені 2011-га на Шагалаўскіх чытаннях у Віцебску, нарэшце, прагучаў цікавы даклад пецярбуржца Аляксея Радзівонава, прысвечаны жыццю і творчасці Роберта Геніна. Менавіта ён, мастацтвазнаўца і калекцыянер Радзівонаў, наноў, а дакладней - упершыню, адкрыў для нас гэтае імя. Але, калі быць больш дакладным, дык артыкул пра Геніна яшчэ да гэтага, у 2008 годзе, напісаў для расійскага часопіса "Антикварное обозрение" Дзмітрый Севярухін. Але яго мала хто чытаў, і ён прайшоў як бы незаўважаным.

І вось - добрая навіна. Увосень мы пабачым у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі выстаўку "Парыжская школа", на якой побач з творамі Шагала, Суціна, Крэменя, Цадкіна, Зарфіна, Кікоіна, Зака, Балглея, Хадасевіч-Лежэ будуць экспанавацца больш за дваццаць твораў Геніна 1910 - 20-х гадоў: жывапіс, пастэль, літаграфія, акварэль...

Яго радзіма - мястэчка Высокае Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (цяпер - Сенненскі раён Віцебскай вобласці). У геаграфічным плане гэта прыкладна - паміж Смаленскам і Клімавічамі. Таму ў некаторых замежных крыніцах гаворыцца, што Генін - родам... са Смаленска. (Такая ж блытаніна і з месцам нараджэння Осіпа Цадкіна: Смаленск ці Віцебск?) Так, 11 жніўня 1884 года ў сям'і небагатага крамніка Роберт з'явіўся на свет Божы. Але хутка дом згарэў, і сям'я перабралася ў суседнюю вёску Красовічы. З успамінаў мастака "Wie ich zum ersten mal Malen sah" (Берлін, 1925 г.): "Мне чатыры гады. Вечар у Высокім. Я залез на крэсла ля стала, на якім ляжыць аркуш паперы і гарыць свечка. Падлога ўслана саломай. Абавязкова мне трэба падпаліць паперу - маці не дазваляе рабіць гэтага. Але вось яна адыходзіць, каб пакласці спаць трохгадовую сястру. Я паспешліва падношу паперу да свечкі - і адкідваю яе, спалохаўшыся, на падлогу. Наўкол усё палае. Цёмная ноч - маці моцна трымае мяне на руках. Языкі полымя ірвуцца з вокнаў, ліжуць драўляныя будоўлі, саламяны дах. Я агаломшаны веліччу такога спектакля - мне нават здаецца, што і маці смяецца разам са мной. Напаўапранутыя (сястру выцягнулі ў апошні момант з акна), мы цягнемся позняй ноччу ўздоўж возера - міма зялёнай царквы ў Красовічах да хаты майго дзядулі...".

Што было далей? Прайшло яшчэ дзесяць гадоў. І тады дзед, пабачыўшы ў хлапчука цягу да рысавання, вырашыў, што той павінен стаць ці то фатографам, ці то мастаком. Лепш - мастаком. І - зімой 1898-га аддаў яго ў Віленскую рысавальную школу да акадэміка Івана Пятровіча Трутнева. А праз два гады Генін перайшоў у майстэрню Кір'яка Кастандзі Адэскага мастацкага вучылішча, дзе пасябраваў з будучым "сацрэалістам" Ісакам Бродскім і будучым "рускім парыжанінам", а потым савецкім прафесарам Адэскага мастацкага інстытута - Тэафілам Фраерманам. Але больш за ўсё зблізіўся з равеснікам Сяргеем Фацінскім, бурная біяграфія якога будзе вельмі падобная да лёсу Геніна, пачынаючы ад жыцця ў Берліне, Мюнхене і Парыжы, сумеснай вучобы ў Акадэміі Антона Ашбэ і заканчваючы прыездам абодвух у 30-я гады ў Маскву. Праўда, Фацінскі, расчараваны ў сталінскім сацыялізме, удала вярнуўся ў Францыю. Але ў 1941-м быў арыштаваны немцамі ў акупаваным Парыжы і апынуўся ў канцлагеры "Шталаг-122" у г. Камп'ене. Яму пашанцавала: праз тры гады быў вызвалены амерыканцамі, пасяліўся на бульвары Порт-Раяль, шмат выстаўляўся. У 1971-м памёр там жа, у Парыжы, перажыўшы свайго сябра маладосці Роберта Геніна акурат на 30 гадоў... Ніякага "Мацінскага", быццам бы адэскага сябра Геніна, як піша Аляксей Радзівонаў, у прыродзе не існавала: гэта памылка.

Такім чынам, чатырохгадовае пражыванне і вучоба ў Адэсе. Менавіта тут ярка праявіўся характар вечна галоднага, недагледжанага даўгавалосага юнака ў ірванай вопратцы, які ўспрымаў "гэтае горкае існаванне як ахвяру ў імя мастацтва". Але ён, па яго словах, ужо "быў прызнаны талентам, якога паважаюць калегі і якому можна зайздросціць. Усе жадалі пазнаёміцца са мной, я гэтым ганарыўся. Цяпер я ўжо не саромеўся сваёй бядноты: да таго часу я ўжо быў пасвячоны ў сацыялізм. Больш за тое: я зусім закінуў школу і хадзіў па горадзе басанож, у расхрыстанай кашулі, з доўгімі валасамі і ў капелюшы шырынёй ва ўласны рост. Я быў асвячоны небам, і пра гэта патрэбна было ведаць усяму гораду... Але - марыў пра зусім іншую будучыню, у якой ніколі не сумняваўся. Гэта будзе цудоўнае жыццё, вялікае мастацтва, вялізныя выстаўкі, маё імя ва ўсіх газетах, яно перадаецца з вуснаў у вусны, заграніца, прыгожыя жанчыны..."

Але тады Адэса не была месцам, дзе можна было б у поўнай ступені рэалізаваць тыя мары. Вось Захад - гэта тое, што патрэбна: толькі там, думаў Генін, можна знайсці сябе. І пакуль яшчэ малады - усяго 18 гадоў - трэба дзейнічаць. І пры невялічкай фінансавай дапамозе аднаго земляка з той самай беларускай вёскі Красовічы, Роберт ірвануў праз Польшчу ў нямецкі Мюнхен. Разам з ім паехаў і ягоны сябра, аднакласнік па Адэскай школе, Тэафіл Фраерман. У Мюнхене, казалі, - увесь цвет новага еўрапейскага мастацтва. І 22 снежня 1902-га Генін і Тэафіл апынуліся на пероне халоднага мюнхенскага вакзала з торбамі, у якіх ляжалі фарбы, пэндзлі, алоўкі і сціплая ежа на першы выпадак. Ад былога педагога Кір'яка Кастандзі яны ведалі, куды пайсці: у прыватную мастацкую школу акадэміка Антона Ашбэ, славенца па нацыянальнасці, які прымаў усіх ахвотных стаць геніямі. Забягаючы наперад, скажу, што Фраерман хутка апынецца ў Парыжы, спачатку - у Акадэміі прыгожых мастацтваў, потым будзе працаваць у майстэрні самога Агюста Радэна, пасябруе з Анры Мацісам і Анатолем Франсам, а гады Першай сусветнай вайны правядзе ў Лондане. Потым вернецца ў савецкую Украіну і стане прафесарам Адэскага мастацкага інстытута. Дажыве да 1957 года ў поўным дабрабыце і матэрыяльным дастатку. Хаця такой мастацкай славы, якую меў ягоны вучань Яўген Кібрык, не дасягне. Не ведаю, ці сустракаліся Генін і Фраерман потым, пасля Мюнхена, мабыць, так. Але з Амшэем Нюрэнбергам, выпускніком Адэскага мастацкага вучылішча, сустракаўся ў інтэрнаце "Вулей" дзесьці ў 1912 годзе, калі апошні нейкі час працаваў у суседняй з Маркам Шагалам майстэрні. Ён таксама, як і Фраерман, вярнуўся ў СССР, выпускаў разам з У.Маякоўскім і М.Чарамных "Окна РОСТА", настаўнічаў ва ВХУТЕИНе. Напрыканцы 20-х чытаў у Парыжы лекцыі пра дасягненні маладога савецкага мастацтва; у час Вялікай Айчыннай вайны жыў у эвакуацыі ў Ташкенце. Памёр у 1979 годзе ў Маскве. Мала каму вядомы факт: яшчэ ў 1910-м ён намаляваў карціну пад назвай "Пунсовыя ветразі" (у духу "Мира искусства"), а праз трынаццаць гадоў Аляксандр Грын скарыстаў гэтую назву для сваёй легендарнай аповесці. Але гэта так, дарэчы...

(Працяг будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"