Магутны тэндар магутных прапаноў

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства. Веткаўшчына: вярнуць раёну замежную славу

Лішне нагадваць, што Веткаўшчына — пацярпелы ад чарнобыльскай бяды рэгіён. Але варта яшчэ раз падкрэсліць: яго сённяшнія сацыяльныя праблемы звязаны збольшага менавіта з колішняй міграцыйнай сітуацыяй... А яшчэ на пачатку 1980-х гаворка ішла пра натуральнае зліццё Гомеля з Веткай — будучай зонай актыўнага адпачынку жыхароў абласнога цэнтра. Катастрофа на ЧАЭС адсунула “курортную” мару веткаўцаў на невядомы тэрмін. Цяперашнюю яву раёна інакш як постчарнобыльскай не назавеш. На парадак зменшылася насельніцтва, з буйных прадпрыемстваў засталася бавоўнапрадзільная фабрыка, куды сыравіну завозяць з Ташкента праз Прыбалтыку, а прыватны бізнес укладае грошы пакуль толькі ў развіццё гандлёвай сферы... Карацей, па словах начальніка аддзела культуры Веткаўскага райвыканкама Уладзіміра Мельнікава, у межах Веткаўшчыны спонсарам і інвестарам клубаў ды бібліятэк узяцца пакуль проста няма адкуль. Ды і за межамі раёна адшукаць іх пакуль не ўдалося. Але гэта не азначае, што дадзенае пытанне ў аддзеле культуры раз і назаўжды знята з парадку дня. Так або інакш, а жыццё на Веткаўшчыне працягваецца, і сумным яго ніяк не назавеш...

Брэндаў — хапае, спонсараў — не

“Жыць, а не змагацца за жыццё!” — гэты дэвіз стратэгічнага ды пазітыўнага развіцця ўласцівы кожнаму беларускаму раёну, пацярпеламу калісьці ад чарнобыльскай бяды. На Веткаўшчыне да яго ажыццяўлення ставяцца з не меншым піетэтам. “Нам ёсць што адраджаць, — кажа Уладзімір Мельнікаў. — Вёска Неглюбка, дзе і па сёння ткуць унікальныя ручнікі, была за савецкім часам добра вядомая і ў Японіі, і ў ЗША, куды нашы традыцыйныя вырабы пастаўляліся за немалую суму цвёрдай валюты. І ў нас ёсць намер аднавіць цэнтр ткацтва ды колішні турыстычны маршрут да гэтага паселішча, унікальнага сваімі спрадвечнымі традыцыямі...”

У кірунку ўпэўненага пашырэння сферы культурнага ўплыву, у тым ліку і міжнароднага, надзвычай эфектыўна дзейнічае сёння Веткаўскі музей народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава (пра гэта гаворка — крыху ніжэй). Пашыраецца колькасць народных і ўзорных самадзейных калектываў, цяпер іх — 13. Больш за тое: іхняя міжнародная гастрольная дзейнасць становіцца ці не нормай. Да прыкладу, фальклорны калектыў “Стаўбунскія вячоркі” літаральна днямі прывёз дыплом І ступені з VII Міжнароднага фальклорнага фэсту ў Санкт-Пецярбургу... Усё так, культурных брэндаў у раёне хапае. Імкненне жыць, а не змагацца за жыццё, назіраецца і ў тым, што ў Ветцы паболела прыгожых жылых дамоў. Дарэчы, па горадзе ў работнікаў культуры дэфіцыту на жытло няма. Карацей, не да радыяфобій цяпер на Веткаўшчыне. Паўсюль, у тым ліку і ў аддзеле культуры, пануе напружаная стваральная праца.

Тым не менш, сацыяльныя праблемы ёсць, і іх ніхто на Веткаўшчыне не прыхоўвае. Маўляў, дынаміка пазітыву ў постчарнобыльскіх умовах — справа агульнадзяржаўная, мясцовага бюджэту тут, як ні намагайся, не хопіць. Раён, як паведамляе намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Сяргей Кончыц, датуецца на 75 працэнтаў. Спонсарства ў культуры — эпізадычнае і не мае сістэмнага характару. У тым ліку і з гэтай прычыны не ўсё як мае быць з матэрыяльнай базай. Дзіцячая бібліятэка месціцца ў будынку камбіната бытавога абслугоўвання. Пры ГДК дзейнічае восем народных калектываў, а месца для іх рэпетыцый хранічна не стае. Галоўны спецыяліст аддзела культуры Алена Бартноўская распавядае, што на мадэрнізацыю ўстановы (з прыбудовай дадатковых памяшканняў) пакуль не хапае грошай.

У свой час (і “К” пра гэта пісала) у мясцовага кіраўніцтва быў намер ініцыяваць правядзенне ў Ветцы Дня беларускага пісьменства. Намер не рэалізаваны і па сёння. А апякунскі савет, па шматлікіх мясцовых меркаваннях, ствараць на інвестыцыйнай пустэчы проста немэтазгодна. Таму раён шчыльна супрацоўнічаў з праектам “Развіццё міжнароднай даследчай і інфармацыйнай сеткі па Чарнобылі (ICRIN)”, з Праграмай развіцця ААН. У выніку музей займеў аўдыягіды, а Цэнтральная бібліятэка — Цэнтр інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, дзе чытачы бясплатна карыстаюцца відэасувяззю, Інтэрнэтам, алічбоўкай інфармацыі... Але названыя праграмы спынілі сваю дзейнасць. Значыць, і падыходы да вышуквання пазабюджэту, па перакананні начальніка аддзела культуры, таксама неабходна змяняць.

Прынада для старавераў свету

Свая тактыка, да прыкладу, — у мясцовага Музея народнай творчасці. З пэўнага часу ён — юрыдычная асоба. Проста кажучы, можа больш-менш вольна распараджацца тымі грашыма, што зарабляе. І распараджаецца, як падаецца, вельмі рацыянальна. Установы Веткаўшчыны, да прыкладу, зарабілі летась больш за 240 мільёнаў пазабюджэтных рублёў, а 76 мільёнаў — сам музей. У тым ліку тры з паловай мільёны рублёў — грошы, атрыманыя ўстановай ад наведвальнікаў, што прыехалі ў Ветку з дапамогай турыстычных фірм. Колькі ж было тых музейных наведванняў у мінулым годзе? Аж 13 тысяч! Дырэктар музея Галіна Нячаева ўпэўнена, што няўхільны рост індывідуальных наведвальнікаў (а сярод іх — аўтааматары, байкеры, веласіпедысты, у тым ліку і замежныя) — красамоўны паказчык росту цікавасці да ўстановы.

А для таго, каб гэтая цікавасць не менела, лічыць Галіна Нячаева, грошы з патэнцыйных спонсараў трэба не “даіць”, а прапаноўваць ім жыццяздольныя інвестыцыйныя праекты. Адзін з іх — пераўтварэнне будынка колішняга ваенкамата ў адзін з музейных карпусоў (усе яны размешчаны на веткаўскай Краснай плошчы, створанай стараверамі па ўзоры аднайменнай плошчы ў Маскве). Другі — заключэнне кантрактаў на рэалізацыю за ўласныя пазабюджэтныя грошы ўласных рэкламных дызайнерскіх праектаў. У выніку іх з’яўляюцца і імгненна рэалізоўваюцца адмысловыя сувеніры з музейным лагатыпам...

/i/content/pi/cult/378/7437/10_2.jpegА цяпер — пра першы праект. Па ініцыятыве начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алега Рыжкова будынак ваенкамата мяркуецца пераўтварыць у... рэстаран стараверскай кухні. Галіна Нячаева з гэтай нагоды распавядае пра тое, як музей наведала дэлегацыя італьянцаў, якая была ўражана скарбамі стараверскага мастацтва, але паабедаць з густам у райцэнтры так і не здолела... Мяркуецца, што ў новым будынку з’явяцца гасцінічныя нумары, а таксама — сувенірная крама. І ўсё будзе вытрымана ў старадаўнім веткаўскім стылі.

Канешне ж, грошай, заробленых музеем, не хопіць на мадэрнізацыю будынка былога ваенкамата. Як распавядае намеснік дырэктара музея па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы Святлана Кавалёва, яшчэ ў 2006 годзе пад праект была падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя. Летась выдаткавалі 60 мільёнаў на замену аварыйнага даху. Потым /i/content/pi/cult/378/7437/10_3.jpegфінансаванне спынілася, нягледзячы на тое, што рамонт павінен быў фінішаваць яшчэ ў мінулым годзе.

Праект, натуральна, — жыццяздольны, цікавы і перспектыўны. Чаму ж на яго не “клюе” інвестар? “А хто цяпер укладае грошы у культуру?” — пытаннем на пытанне адказваюць мясцовыя работнікі культуры. Маўляў, стабільных прыбыткаў ад рэалізаванага праекта не дачакацца ні заўтра, ні паслязаўтра. У Сяргея Кончыца да справы — больш прагматычны і дзелавы падыход: 17 — 18 мая ў Гомелі прайшоў Міжнародны эканамічны форум з выездам у Ветку. Пра вынікі перамоў казаць пакуль зарана. Аднак Алег Рыжкоў перакананы, што для спонсарскай удачы патрэбны магутны тэндар магутных прапаноў, ды і “стараверскай” ідэі для будучага пераўвасаблення былога ваенкамата — усяго толькі месяц...

І апошні пункт гледжання наконт далейшай распрацоўкі “стараверскай” тэмы, які належыць Галіне Нячаевай. У Ветцы, па яе перакананні, сабраны ўнікальны збор стараверскіх мастацкіх артэфактаў, да якіх цяпер праяўляе цікавасць літаральна ўвесь свет. Інакш кажучы, у перспектыве не апякунскі савет варта ў Ветцы ствараць, а дабрачынны фонд старавераў свету. Прынамсі, карысці ад гэтага будзе больш.

Палацавая перспектыва Хальча

Што варта зрабіць, каб інвестыцыйная пустэча стала ўрадлівай дзялянкай для плённага супрацоўніцтва бізнесу і мясцовай культуры? “Скарыстаць новую тактыку супрацы са спонсарамі!” — упэўнены Сяргей Кончыц. “К” пісала нядаўна пра райвыканкамаўскі сайт, дзе змешчаны досыць прывабны, падавалася б, інвестпраект, звязаны з адраджэннем палаца ў вёсцы Хальч. Дык вось, за тры гады сеткавая прапанова не зведала аніякага водгуку. Начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама для “прасоўвання” і гэтага аб’екта выкарыстаў “выязныя” магчымасці эканамічнага форуму. Яго ўдзельнікі наведалі і Хальч. Такі выразны веткаўскі акцэнт гомельскага мерапрыемства — невыпадковы.

Нагадаем, што сядзібна-паркавы комплекс у Хальчы знаходзіцца сёння ва ўласнасці палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі...

/i/content/pi/cult/378/7437/10_1.jpegХальчанскі палац — легенда майго юнацтва. Справа ў тым, што Ветку і Хальч падзяляе Сож. І ледзь не ўсё маё вакацыйнае дзяцінства, якое я бавіў на “веткаўскім” баку рэчкі, на правым высокім “хальчанскім” лунаў белакаменны палац. Кажуць, ён быў узведзены ў XIX стагоддзі на месцы старадаўняга гарадзішча. Цяпер палац — “паточаны” часам і без інвестара неўзабаве проста сканае... А краявіды тут — непаўторныя. І берагавая тэраса, якая пануе над поймай, і таямнічыя садовыя масівы хальчанскага ўрочышча Зыбень...

Нездарма ўвесь гэты адмысловы архітэктурна-ландшафтны комплекс уключаны ў турыстычны маршрут “Залатое кольца Гомельшчыны”. Больш за тое: як пазначана на сайце, “…гэтая частка вобласці ўяўляе з сябе зону рэгіянальнага ўзаемадзеяння Беларусі, Расіі і Украіны”. А гэта — непазбежныя міжнародныя турыстычныя стасункі, карысць ад якіх ледзь не штодня ўжо адчувае, да прыкладу, Веткаўскі музей народнай творчасці... І не забывайцеся на тое, што Ветка праз час — з прычыны вось такой міжнароднай геаграфічнай прывабнасці і бясконцай ландшафтнай маляўнічасці — абавязкова стане масавай зонай адпачынку, і не толькі для Гомельшчыны. А паміж Веткай ды Гомелем — Хальч.

І як казаў начальнік абласнога ўпраўлення культуры, прапанова па /i/content/pi/cult/378/7437/10_6.jpeg“трансфармацыі” мясцовага палаца з’яўляецца той магутнай заяўкай на тэндар, які не можа не прывабіць дальнабачнага інвестара. “Мы прапаноўваем будучаму спонсару, — падкрэслівае Алег Рыжкоў, — свабоду выбару і творчасці. Інакш кажучы, ён можа стварыць тут музейна-турыстычны цэнтр, агракомплекс з самымі рознымі відамі культурных і сэрвісных паслуг, скансен, гасцініцу для карпаратыўнага ды сямейнага адпачынку...” А побач — Сож, значыць — рыбалка, пракат лодак, катамаранаў. Маляўнічы прысожскі бераг — цудоўная магчымасць для наладжвання тэматычных анімацый, фестываляў, выставак, абрадавых ды каляндарных святаў...

Мы іншым разам забываемся на тое, што жывём у Беларусі на залатой турыстычнай жыле, а для “распрацоўкі” яе патрэбна не толькі жылка камерцыйная, але і немалыя грашовыя ўкладанні. Інакш “курачка” так і не знясе “яечка”. А яно цяпер для Веткаўшчыны — адна з умоў дынамічнага пазітыўнага развіцця.

На крэатыўшчыкаў — вакансіі?

І яшчэ адна праблема, уласцівая чарнобыльскаму рэгіёну. Натуральна, — кадравая. На Веткаўшчыне — сем вакансій харэографаў, акампаніятараў. А для таго, каб ствараць магутны тэндар прапаноў, патрэбны, пагадзіцеся, кваліфікаваныя спецыялісты. Такія, да прыкладу, як дырэктар мясцовага музея Галіна Нячаева. Я доўга высвятляў, хто яшчэ з работнікаў культуры крэатывіць без стомы і на агульную сацыяльна-эканамічную карысць. На жаль, сярод шараговых спецыялістаў такіх знайшлося няшмат. Ініцыятывамі ж “фантануе” кіраўніцтва.

Пра слушныя прапановы начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алега Рыжкова вы ўжо ведаеце. А ідэя начальніка аддзела культуры Веткаўскага райвыканкама Уладзіміра Мельнікава наступная. Незадзейнічаным у культурным плане, па ягоным цвёрдым меркаванні, застаюцца веткаўскі ставок з маляўнічым курганам пасярэдзіне ды стары парк са стадыёнам побач. Масавыя мерапрыемствы на стадыёне аддзел культуры ладзіць перыядычна. А вось летняя танцпляцоўка сярод старасвецкіх дубоў у старым парку дзейнасць сваю, на жаль, спыніла з прычыны састарэласці.

“Дык чаму, — кажа Уладзімір Мельнікаў, — не арганізаваць летнія танцы на азёрнай выспе-кургане?” І гэтая прапанова, на мой погляд, цалкам слушная. Моладзі, як пераконвае выконваючая абавязкі дырэктара ГДК Алена Бяспалава, у райцэнтры шмат, а танцы “на пленэры, а-ля 1980-я” зноў уваходзяць у райцэнтраўскую моду. Безумоўна, для гэтага патрэбны грашовыя ўкладанні. Уладзімір Мельнікаў мяркуе, што на “танцавальнай” выспе будзе дзейнічаць кавярня. Патрэбна не толькі танцпляцоўка, але і належныя асвятленне, гучанне.

/i/content/pi/cult/378/7437/10_5.jpegТак, калісьці Ветка славілася сваімі вакальна-інструментальнымі ансамблямі, летнімі танцамі. На сёння, між тым, ёсць у райцэнтры і цудоўны духавы аркестр. І падаецца, гучаць на азернай выспе ён будзе не горш. Словам, чарговы веткаўскі брэнд, пакуль — перспектыўны...

І яшчэ адна кадравая акалічнасць, якая можа паслужыць прыкладам для сельскіх работнікаў культуры з іншых раёнаў ды абласцей. У Радузе я пазнаёміўся з бібліятэкарам Ганнай Каменевай. Аказваецца, яна, не чакаючы загадаў “зверху”, па асабістай ініцыятыве і за ўласныя грошы, скончыла камп’ютарныя курсы і курсы сакратара-рэферэнта. У выніку цудоўна валодае камп’ютарам, не мае праблем з напісаннем сцэнарыяў. Так што свята вёскі ў Радузе пройдзе, сапраўды, з абавязковымі крэатыўнымі сюрпрызамі. Праўда, як аказалася, аграгарадоцкая бібліятэка не мае камп’ютара, — Ганна Каменева карыстаецца сваім, хатнім. Яшчэ адна постчарнобыльская праблема. Уладзімір Мельнікаў паведаміў, што і яна вырашыцца ў бягучым квартале. Выдаткавана 30 мільёнаў для набыцця камп’ютарнай тэхнікі не толькі для Радугі, але і для Стаўбуна, Вялікіх Нямкоў... Словам, жыццё на Веткаўшчыне працягваецца. Жыццё і праблемнае, і цікавае адначасова…

Галерэя партнёраў ад “К”

/i/content/pi/cult/378/7437/10_4.jpegСправа ўсёй вёскі

Заможных спонсараў у веткаўскай культуры пакуль няма. Сацыяльных жа партнёраў — хапае. Не сакрэт, што менавіта з удумлівага сацыяльнага партнёрства і прарастае выніковае ды ўзаемакарыснае спонсарства. І тут без каардынатара не абысціся. У аграгарадку “Радуга” такім каардынатарам выступае старшыня мясцовага сельсавета Ганна ДАНІЛКОВА.

— Ганна Іванаўна, у чым гэтае каардынатарства заключаецца?

— У тым, што любое свята на тэрыторыі сельсавета рыхтуецца талакой. Безумоўна, асноўная нагрузка кладзецца на нашы СДК і сельскую бібліятэку, але падтрымку, у тым ліку і матэрыяльную, аказваюць час ад часу ўсе радужскія арганізацыі. Кожны аўторак збіраемся ў сельсавеце і абмяркоўваем пытанні, звязаныя з узаемадзеяннем усіх сельскіх структур.

— І хто ж яны — сацыяльныя партнёры вашых работнікаў культуры?

— КСУП “Радуга-Агра”, школа, дзіцячы садок... Аграгарадком Радуга стала ў 2006 годзе, усе будынкі, у тым ліку клуб і бібліятэка, якасна адрамантаваны... У школы, да прыкладу, з’явілася цудоўная прыбудова... Паверце, вельмі прыемна ў такіх умовах працаваць. Дый святы ладзіць — таксама. А будуць у прадпрыемстваў большыя прыбыткі — і спонсарская дапамога культуры будзе большай.

— І якое чарговае свята — на парадку дня?

— Свята вёскі. Не буду раскрываць усіх творчых сакрэтаў, але прыемных сюрпрызаў для нашых вяскоўцаў плануецца шмат...

Пад час журналісцкіх камандзіровак неаднойчы чуў меркаванні сяльчан пра тое, што, мабыць, па сённяшнім часе актуальным з’яўляецца стварэнне не апякунскіх, а менавіта каардынацыйных штабоў (на базе сельсаветаў) па якасным пашырэнні магчымасцей сацыяльнага партнёрства. І, напэўна, у гэтым ёсць рацыянальнае зерне. Рэалізацыя цікавага праекта часам не патрабуе вялікіх грашовых укладанняў. А вось без адчування гэткай вясковай еднасці, якую нашы продкі называлі талакой, іншым разам проста не абысціся. Была б душа на месцы, а сродкі для яе паўнацэннага адхлання абавязкова знойдуцца…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"