Пацеркам патрэбна нітка.Эканамічная

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Калі культурнае дрэва Бабруйшчыны зашалясціць “зелянінай”?

/i/content/pi/cult/377/7403/1-1.jpgКультура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

У студэнцкія гады мне даводзілася бываць у этнаграфічных экспедыцыях Міхася Раманюка. Па тым часе тэлевізар у вясковай хаце ўспрымаўся як экзотыка (яго звычайна накрывалі карункавай сурвэткай, на якую ставілі вазу са штучнымі кветкамі), а вось распісны куфар з традыцыйнай вопраткай быў рэччу звычайнай. Тое, што мы сёння называем этнаграфіяй, для тагачасных вяскоўцаў з'яўлялася проста ладам жыцця.

Сёння, калі прыязджаю на вёску ў якасці журналіста, я міжволі параўноўваю тое, што памятаю, з тым, што бачу. "Этнаграфія" дзе відазмяняецца, а дзе і знікае пад уплывам урбанізацыі, па сутнасці, касмапалітычнай. Прычым настолькі імкліва, што патрэбны істотныя захады, каб гэты працэс хоць крыху запаволіць, каб нешта засталося ад нацыянальнай аўтэнтыкі, зрэшты, каб было чым прывабіць турыстаў. Экзотыка - эканамічна рэнтабельная, ва ўсім свеце на ёй зарабляюць грошы. Аднак захаваць вясковую адметнасць, напэўна, можна толькі з... дапамогай горада. Горад у дадзеным выпадку - лакаматыў, вясковыя раёны - вагоны. У гэтым мяне пераканала нядаўняя камандзіроўка на Бабруйшчыну.

Кадры, якія вырашаюць...

Начальнік аддзела культуры Бабруйскага райвыканкама Аляксандр Волікаў - чалавек прагматычны, разважлівы, канкрэтны: адчуваецца плён ранейшай працы, дакладней - службы. На сённяшняй пасадзе ён - чатыры гады, а раней служыў у войску. Пайшоў у запас у званні падпалкоўніка. Апошняе месца службы - Бабруйскі дом афіцэраў.

Па прыездзе я трапіў на своеасаблівую нараду ў кабінеце начальніка аддзела культуры. Прысутнічалі адказныя за клубную і бібліятэчную сістэмы, дырэктар раённага музея, кіраўнік адной з ДШМ. Да вядомай тэзы пра кадры, якія "вырашаюць усё", я стаўлюся без усялякай іроніі. Таму кадравае пытанне было першым, на якое хацеў мець адказ. Са слоў прысутных спецыялістаў вынікала, што яно на дадзены момант вырашана, але перспектыва выклікае заклапочанасць.

Цяпер ва ўстановах культуры раёна не занята толькі адна штатная адзінка. Тыя, хто працуе ў вясковых клубах, бібліятэках, дзіцячых школах мастацтваў, за працу трымаюцца. Справа ў тым, што па вясковых мерках іхнія заробкі - някепскія. Але сярэдняя зарплата на вёсцы прыблізна ў два разы меншая, чым у горадзе. Дадзеная акалічнасць у спалучэнні з "няпоўнай занятасцю" вяскоўцаў прымушае нават патрыётаў бацькоўскага поля і матчынай хаты глядзець у бок горада. І, не выключана, гэтая тэндэнцыя захопіць і тых, хто дбае пра культуру на вёсцы.

Эканамічна рэнтабельная экзотыка

На Бабруйшчыне добра развіты клубная і бібліятэчная сістэмы. Ёсць ДШМ, куды, дарэчы, сваіх дзяцей запісваюць і бабруйчане (справа ў тым, што на вёсцы плата за такое навучанне - меншая, чым у горадзе). У раёне - трынаццаць дамоў культуры. Культработнікі Брэстчыны, якія не так даўно наведвалі Бабруйшчыну для абмену вопытам, станам гэтых устаноў былі вельмі ўражаны.

 Аляксандр Анатольевіч мяркуе, што эканоміка можа і павінна мець культурны складнік. Пашырэнне культурных асяродкаў - гэта, апроч іншага, яшчэ і стварэнне рабочых месцаў. Прынамсі, у галіне турызму. Праўда, адзначае ён, у Бабруйскім раёне няма помнікаў архітэктуры, якімі можна прывабіць масавага турыста. Так што выйсцем для краю мусіць стаць экатурызм. Бо яго можна развіваць дзе заўгодна - былі б толькі ў наяўнасці прыгожыя краявіды, вясковая аўтэнтыка і прыстойны сэрвіс. Пачатак гэтай справе ўжо пакладзены: у пасёлку Глуша створаны Цэнтр рамёстваў. Госці могуць тут азнаёміцца з традыцыйнай ганчарнай вытворчасцю, наведаць стылізаваны млын. Вельмі зручна і тое, што побач з Цэнтрам знаходзіцца аграсядзіба. Добры розгалас мае дзейнасць дзіцячай мастацкай студыі "Глечык" пад кіраўніцтвам Аляксандра Арлова. Тут рыхтуюць прадаўжальнікаў народнай традыцыі, якая ва ўмовах глабалізацыі набывае рысы экзотыкі.

 Але ж перш чым на культурным полі вырасце моцнае дрэва і зашалясціць, як лісцем, грашовымі знакамі, садоўніку ў асобе дзяржавы альбо прыватнага спонсара трэба добра парупіцца. Пытаюся, як на Бабруйшчыне справы з сацыяльным партнёрствам. Дзякаваць богу, падтрымка - ёсць. Спонсары культуры - мясцовы філіял Мінскага трактарнага завода пад кіраўніцтвам Аляксандра Атрохава. Не так даўно гэтае прадпрыемства выдаткавала сто мільёнаў рублёў на пашыў сцэнічных касцюмаў для калектываў устаноў сферы. Такім чынам, магчымасць зарабіць атрымала і фабрыка мастацкіх вырабаў. Дапамагаюць культуры сельскагаспадарчыя прадпрыемствы "Калгас імя Дзяржынскага" і "Калгас імя Аляксандра Неўскага", адкрытае акцыянернае таварыства "Саўгас "Кісялевічы". Рупіцца пра культуру і прыватны спонсар Аляксандр Крыкалёў - уладальнік аднаго з лепшых у горадзе рэстаранаў.

Ці сумяшчальны энтузіязм з камерцыяй?

Мясцовая славутасць - вёска Цялуша. "Туды мы возім усіх гасцей", - кажа Аляксандр Волікаў. А паколькі я таксама госць, дык і мне трэба там пабываць. Начальнік аддзела і некалькі супрацоўнікаў узяліся суправаджаць мяне ў гэтай вандроўцы, так бы мовіць, у якасці кансультантаў. Сядаем у мікрааўтобус, які мясцовыя культработнікі паважліва называюць баявым канём. Звычайна на ім ездзяць на палеткі ды фермы артысты мастацкай самадзейнасці. Пра самадзейнасць і заводзім гаворку па дарозе.

У Бабруйскім раёне - трынаццаць народных і ўзорных калектываў. Творчасць сілкуецца энтузіязмам, матэрыяльнае забеспячэнне калектывы маюць з прыбыткаў мясцовых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Калі ж справа датычыцца маштабных праектаў, раён і горад знаходзяць паразуменне: складаюць агульныя планы, каардынуюць намаганні і фінансавыя ўкладанні. Напрыклад, пры арганізацыі Міжнароднага фестывалю "Вянок дружбы". Апошнім разам у ім прымалі ўдзел прадстаўнікі дванаццаці краін. Вельмі ўдала тады выступіў ансамбль "Землякі" Гарбацэвіцкага дома культуры (кіраўнік - Наталля Меншыкава). Штогод выязджаюць на гастролі за мяжу ансамблі "Пярэзы" пад кіраўніцтвам Валянціна Грыгор'ева і "Беларусь" на чале з Анжэлай Салангіной. Прычым не толькі на постсавецкую прастору. Самадзейных артыстаў цёпла сустракалі у Балгарыі, Венгрыі.

Існуюць рэальныя дасягненні, якімі можна ганарыцца, але і праблемы не абмінеш. Нават наш нацыянальны інструмент - цымбалы - даводзіцца купляць у Расіі. Грошай раённага бюджэту, выдаткаваных на музычны інструментарый, можа хапіць хіба што на два фартэпіяна замежнай вытворчасці. Калі ж згадаць усё, што неабходна мастацкай самадзейнасці і школам мастацтваў, дык лік пойдзе на мільярды рублёў.

Тым не менш, на Бабруйшчыне не знік ніводны мастацкі ансамбль з ліку тых, што сцвердзіліся яшчэ за савецкім часам. Калектывы існуюць па дваццаць - трыццаць гадоў. А ансамблю вёскі Варатынь, які на хвалі калектывізацыі ствараўся як "Хор даярак", - ажно семдзесят два гады!

Яшчэ адзін момант. Той жа ўдзел у фестывалях стаў платным. Каб адправіць у Мінск на конкурс толькі аднаго юнага артыста з Бабруйшчыны, трэба заплаціць у аргкамітэт сто пяцьдзясят тысяч рублёў. "Мы рыхтуемся да конкурсаў, але сродкі аплаты ўдзелу не прадугледжаны. Што рабіць? Даём свае грошы..." - кажуць мае суразмоўцы. Але найбольш крыўднае ў гэтай сітуацыі, на іх думку, вось што: калі на конкурсах ды фестывалях самадзейнага мастацтва задзейнічаны грошы, то гэтыя імпрэзы аўтаматычна сарыентаваны на камерцыйны поспех. Я разумею, што мастацтва - рэч суб'ектыўная, тут няма і не можа быць абсалютных крытэрыяў ацэнкі. Але ўжо сама наяўнасць такіх настрояў у раённых культработнікаў - не самая добрая тэндэнцыя. Энтузіязм - не той...

 "Сёння мы бяром у мастацкую самадзейнасць і ў дзіцячыя школы мастацтваў усіх - было б жаданне, - кажа Алена Нарніцкая, дырэктар ДШМ. - Мы не "чэмпіёнаў" рыхтуем. У нас ёсць хлопчык, які грае на балалайцы, а на руцэ ў яго не хапае пальца... Іншы прыходзіць на заняткі на мыліцах, ставіць іх у кут і грае на гітары... Калі нас паставіць перад фактам, што трэба выключна зарабляць на канцэртах ды конкурсах, а таксама строга выконваць фінансавыя планы, дык гэтым хлопчыкам не будзе месца ў музычных школах і самадзейнасці. Планы - ці гэта камерцыялізацыя мастацкай самадзейнасці, ці гэта платныя паслугі насельніцтву - павінны быць абгрунтаванымі. А то атрымліваецца, што насельніцтва ў вёсках становіцца ўсё менш, а грошай мы павінны зарабляць усё больш".

Зрэшты, тэму гэтую на старонках "К" абмяркоўвалі неаднойчы. Апошнім разам - у рамках нядаўняй он-лайн-канферэнцыі.

Пушкінскі след на зямлі Дуніна-Марцінкевіча

Прыпынак па дарозе на Цялушу - вёска Панюшкавічы. Тут нарадзіўся класік нашай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. На камяні - мемарыяльная шыльда: пазначана, што тут калісьці была ягоная сядзіба. Гэтае месца людным не назавеш. Апрача каменя - нічога такога, што магло б прывабіць вандроўніка, прымусіць яго выйсці з машыны. Але якая ні ёсць, а - памяць. І калі з розумам наладзіць турысцкі маршрут па Бабруйшчыне, дык і гэты пункт можа стаць цікавым.

А вось і вёска Цялуша - насамрэч прыгожая, чыстая і ўладкаваная. Усе тры мясцовыя славутасці - побач. Гэта праваслаўны храм адметнай архітэктуры і добрай захаванасці, побач з ім - магіла ўнучкі Пушкіна, Наталлі Аляксандраўны (па мужы - Варанцовай-Вельямінавай), а праз дарогу - вельмі прывабны на выгляд мясцовы Дом культуры. Мяркуючы па архітэктуры, будынак - нядаўні. "Так і ёсць", - пацвярджае Аляксандр Анатольевіч. І з гонарам удакладняе, што Дом культуры ўзведзены "з нуля".

Тое, што род Пушкіных укаранёны ў беларускую зямлю - факт цікавы. Натоўпу тых жа расійскіх турыстаў тым днём у Цялушы не назіралася, але яго лёгка ўявіць - калі як належыць разрэкламаваць гэты куток менавіта для суседняй краіны...

"А вы ў мяне буракі капалі?"

Вернемся яшчэ раз да самадзейнасці, народнай творчасці. Толькі ў крыху іншым ключы.

У тым, што мастацкая самадзейнасць на Бабруйшчыне насамрэч арганізавана на добры лад, я меў магчымасць упэўніцца ў вёсцы Кавалі. Пад час нашага прыезду на сцэне Дома культуры праходзіла рэпетыцыя дзіцячага ансамбля "Весялушкі", які спецыялізуецца на аўтэнтычным фальклоры. Ансамбль існуе пры Хімаўскай школе мастацтваў. Каб не ведаць, што артысты - аматары, іх можна было б прыняць за прафесіяналаў. Ад мясцовых культработнікаў я пачуў, што вялікую дапамогу - і матэрыяльную, і фінансавую - ва ўсіх культурных справах ім аказвае агракомплекс "Калгас імя Аляксандра Неўскага" і канкрэтна яго кіраўнік Васіль Маліноўскі. Не было выпадку, каб нейкая просьба засталася без адказу. Але не ўсе гаспадарнікі такія шчодрыя, кажуць культработнікі. Бывае, звернешся з якой прапановай, а ў адказ чуеш: "А чаму я мушу вам дапамагаць? Вы ў мяне буракі капалі?"

Варатынскаму хору, як я казаў, - больш за семдзесят гадоў. На сёння ў ім - пятнаццаць чалавек рознага ўзросту. Надзея Грыненка спявае ўжо трыццаць сем гадоў, а Кацярына Хаасма прыйшла ў калектыў, калі ёй споўнілася чатыры. Цяпер жа яна вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, з'яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і па-ранейшаму спявае ў хоры...

Хор на рэгіянальным узроўні можа лічыцца захавальнікам нематэрыяльнай культурнай спадчыны, бо глыбока займаецца вывучэннем фальклору. У калектыву ёсць праблемы, характэрныя для самадзейнай сцэны ўвогуле. Ён не мог бы паўнавартасна працаваць без падтрымкі дзяржавы ды спонсараў. У прыватнасці, такая падтрымка зыходзіць ад згаданага ўжо Аляксандра Атрохава, дырэктара прамысловага прадпрыемства "Варатынь".

У Варатынскім доме культуры я бачыў Куток старажытнай культуры. Па словах загадчыка ўстановы Людмілы Шпак, падобныя экспазіцыі на Бабруйшчыне ствараюцца паўсюдна. Такім чынам, нешта з таго, што магло бясследна знікнуць, трапляе ў культурны, а ў перспектыве - у навуковы, асяродак.

"Крапасны" погляд у будучыню

Мемарыял у гонар вызваліцеляў Бабруйшчыны, што ў вёсцы Сычкава, знаходзіцца побач з шашой і добра ад яе бачны: гэта Курган славы, аздоблены архітэктурна-пластычнай кампазіцыяй. Мяркую, што паводле выразнасці гэта адзін з найлепшых помнікаў такога класа ў Беларусі. Побач з ім - раённы гісторыка-краязнаўчы музей: даволі сціплы, але з густоўнай экспазіцыяй. Паблізу - макет ДАКа часоў Вялікай Айчыннай. Нядаўна тут добраўпарадкавалі нямецкія могілкі, аналагічныя тым, што ёсць у Бярозе на Брэстчыне.

На 9 мая і 3 ліпеня Сычкава становіцца цэнтрам святкаванняў. Тут збіраюцца і моладзь, і ветэраны. Прыязджаюць з
Расіі ды Украіны тыя, хто вызваляў гэты край.

Па вяртанні ў Бабруйск мы зрабілі прыпынак у крэпасці. Аляксандр Волікаў як былы вайсковец мае да гэтага аб'екта своеасаблівы сантымент. Ён вельмі красамоўна апавядае пра гісторыю крэпасці, пра яе архітэктуру ды асаблівасці планіроўкі. З болем кажа Аляксандр Анатольевіч пра тое, што крэпасць выстаяла ў столькіх войнах, а потым яе ў мірны час расцягалі на цэглу... Бо не было гаспадара, бо афіцыйна абвясцілі, што крэпасць гістарычнай і культурнай каштоўнасці не мае...

Аляксандр Анатольевіч між іншым згадаў, што на пачатку 1990-х ягоны сябра задумаў цікавы праект. Ён хацеў скарыстаць ужо непатрэбны вайскоўцам аэрадром пад Барысавам, каб вазіць чартарнымі рэйсамі турыстаў з Парыжа на Бярэзіну. Ды нешта не атрымалася. А шкада.

Я слухаў "экскурсавода", і мне падумалася, што гэтая незапланаваная ды непрадугледжаная тэмай камандзіроўкі экскурсія па крапасных мурах стала, бадай, галоўнай падзеяй і маёй вандроўкі па Бабруйшчыне. Бо падвяла мяне да ідэі, якая можа быць плённай і для горада, і для раёна. Карпаратыўнае супрацоўніцтва дзеля рэалізацыі культурных праектаў - рэч для краіны абсалютна неабходная. Але эфектыўнасць гэтай супрацы залежыць шмат ад якіх фактараў. Найперш - ад перспектыўнасці праектаў. Грошы, укладзеныя ў рамонт Дома культуры, у музей, у матэрыяльную базу школы мастацтваў або ў сцэнічныя касцюмы аматарскага калектыву, прыносяць "прыбытак" у выглядзе добрага настрою, высокай працаздольнасці і сацыяльнай стабільнасці ў дадзенай вёсцы, мястэчку, горадзе. Аднак, калі "прыгрэтая" спонсарам установа альбо творчы калектыў будуць яшчэ задзейнічаны, скажам, у турыстычным бізнесе, дык карысць будзе не толькі для асобнай кропкі на карце Беларусі, але і для краіны ўвогуле...

З супрацоўнікамі аддзела культуры я за дзень праехаўся, лічы, па ўсім раёне. Уражанні, што атрымаў, можна параўнаць з пацеркамі, якім не хапае ніткі: кожнае паасобку - прыгожае, але няма сістэмы, што іх трымала б. Мне цяжка ўявіць, што хтосьці будзе выбірацца ў няблізкі свет толькі для таго, каб паглядзець на магілу ўнучкі Пушкіна, камень на месцы, дзе была сядзіба Дуніна-Марцінкевіча, альбо паслухаць аўтэнтычныя спевы ў вясковым Доме культуры... Патрэбна ідэя, канцэпцыя, якая аб'яднае паасобныя чыннікі ў адзінай эмацыйнай прасторы. Неабходны брэнд, пад які ўсё гэта можна падвярстаць. Трэба лакаматыў, што пацягне чараду вагонаў. І такім "лакаматывам" для не надта вядомых славутасцей раёна можа стаць бабруйскі гарадскі брэнд - крэпасць.

Больш за тое: крэпасць у сваім шэрагу з'яўляецца аб'ектам унікальным, не менш значным для свайго часу, чым вядомая сёння лінія Сталіна. Гэта аб'ект з вялікім турыстычным патэнцыялам. А паколькі ваенная тэма мінулых стагоддзяў мае лагічны працяг у гісторыі, прыдасца ў маршруце турыста і Курган славы ў вёсцы Сычкава з музеем побач ды іншыя знакі савецкага часу.

Няхай бы турыст, які прыехаў на Бабруйшчыну, пакланіўся магіле Пушкінай-Варанцовай-Вельямінавай. Потым пастаяў ля каменя ў памяць беларускага пісьменніка Дуніна-Марцікевіча, чыя творчасць дазваляе праводзіць пэўныя паралелі з сентыменталізмам Пушкіна і крытычным рэалізмам Гогаля... Няхай пабачыў бы Курган славы ў Сычкаве. Паслухаў шлягеры 1930-х гадоў у выкананні "Хору даярак". А завяршыў бы сваю вандроўку на мурах Бабруйскай крэпасці - помніка, які ўражвае.

Пасля такога правільна выбудаванага тура ён прыедзе сюды зноў ды яшчэ прывязе сябра. І грошы...

 Пацеркам патрэбна нітка, вагонам - лакаматыў... Асобным турысцкім аб'ектам - прывабная канцэпцыя. Дык шукайце яе! Скажам - праз конкурс ідэй.

Галерэя спонсараў ад "К"/i/content/pi/cult/377/7403/1-2.jpg
“Гэта культура дапамагае нам..."
Запланаваная сустрэча з кіраўніком агракомплексу "Калгас імя Аляксандра Неўскага" Васілём Маліноўскім не адбылася з прычыны яго занятасці. Сустрэўся з ягоным намеснікам па ідэалогіі Іванам Шульгой. На пытанне, як агракомплекс дапамагае культуры, ён адказаў:

- Гэта не мы дапамагаем культуры, а культура дапамагае вытворчасці. На зямлі лепш працуе той, хто адчувае з ёю сувязь, той, для каго гэтая зямля - родная. А чалавек адчувае сувязь з роднымі мясцінамі праз мастацтва, праз песні, якія спявалі яшчэ нашы бабулі, праз народныя танцы. Мастацтва з выразным мясцовым каларытам дапамагае зразумець, што да нас на гэтай зямлі жылі нашы бацькі, а пасля нас будуць жыць нашы дзеці...

 Па любой просьбе, з якой да нас звяртаецца загадчык Дома культуры ў Кавалях, у нас знойдзецца паразуменне. Тым больш, што запыты - заўжды абгрунтаваныя. Дапаможам па драбязе - кшталту бягучага рамонту, а калі трэба - дык і па вялікім рахунку. Напрыклад, калі патрэбна набыць апаратуру, інструменты. Інакш нельга! Самадзейныя артысты забяспечваюць усе нашы святы - і прафесійныя, і дзяржаўныя, увесь каляндарны цыкл. А як людзі адпачылі, з такім настроем і працаваць будуць. Так што наша супрацоўніцтва з культработнікамі - на агульную карысць!..

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"