З Вільні ў Сан-Паўлу — на "Караблі эмігрантаў"

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Штрыхі з жыцця мастака Лазара Сягала

/i/content/pi/cult/375/7338/2-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 16)

...У апошняе дзесяцігоддзе жыцця Лазар Сягал маляваў, галоўным чынам, спакойныя сузіральныя карціны на тэмы народнага бразільскага быцця. Дарэчы, у яго жывапіснай манеры большасці твораў, нягледзячы на яркую паўднёвую прыроду Бразіліі, захавалася, так бы мовіць, нейкая "славянская", прыглушаная, палітра з перавагай рудых, шэрых і дымчата-зялёных тонаў. А дэфармаваныя чалавечыя фігуры з маленькімі тулавамі ды занадта вялікімі галовамі з'явіліся ў яго работах у час Другой сусветнай вайны і адразу пасля яе (найбольш характэрныя экспрэсіяністычныя палотны - "Вайна", "Пагром", "Зыход", "Якія засталіся жывымі" і "Канцлагер"). Тут я хачу ўзгадаць фразу ідэолага экспрэсіянізму, пісьменніка Германа Бара, што дакладна характарызуе сэнс падобных антываенных твораў: "...Ніколі не было такога часу, узварушанага такім жахам, такім смяротным страхам. Ніколі свет не быў такім змярцвела-нямым. Ніколі радасць не была такой далёкай і свабода - такой распятай. Галеча лямантуе, чалавек кліча сваю душу, час становіцца крыкам бяды. Мастацтва далучае свой крык у цемру, яно просіць аб дапамозе, яно гукае дух: гэта - экспрэсіянізм..."

Невыпадкова яшчэ ў 1937 годзе дзесяць карцін Сягала, створаных раней у Еўропе, якія "гукалі дух", трапілі ў мясарубку сумна вядомай мюнхенскай выстаўкі "Дэгенератыўнае мастацтва", арганізаванай Гебельсам, і зніклі назаўсёды, як і творы колішніх сяброў Сягала: А.Яўленскага, В.Кандзінскага, Г.Гроса, Л.Файнінгера, Э.Л. Кірхнера, Э.Нольдэ, К.Шміта-Ротлуфа, П.Клее. Тады 650 работ было адабрана з 32 германскіх музеяў і паказана ў 12 гарадах. Выстаўку паглядзелі тры мільёны немцаў з мэтай "ачышчэння нямецкага духу", каб яны зведалі "праведнае абурэнне" пад даглядам нацысцкіх экскурсаводаў. У гэтым плане творы Сягала, як і яго суайчынніка М.Шагала, былі па "папулярнасці" на адным з першых месцаў.

 Што ж да больш позніх твораў пра жахі і пакуты людзей у злавесных фашысцкіх гета часоў Другой сусветнай вайны (а мастак маляваў гэтыя работы ў Бразіліі), то яны па настроі вельмі падобныя да антываенных экспрэсіяністычных палотнаў яго нямецкага сябра Ота Дзікса 20-х гадоў. Адчуванне наіўнай непасрэднасці, адмова ад усякай знарочыстай артыстычнай маэстрыі чалавека, які ўдалечыні ад радзімы страціў душэўную раўнавагу, узмацняюць уражанні ад жахаў, што Сягал адлюстроўваў, атрымаўшы факты з розных еўрапейскіх і сусветных крыніц. Нават яго карціна "Вайна", дзе паказана апакаліптычнае пекла, створана, хутчэй за ўсё, пад непасрэдным уражаннем ад жудасных вобразаў вялікай серыі моцных афортаў Дзікса пад такой жа назвай, якія былі зроблены нямецкім мастаком яшчэ ў 1923 годзе.

...Так, азы рысавання Лазар Сягал атрымаў у віленскай "Акадэміі Івана Трутнева", дзе яго непасрэдным настаўнікам быў скульптар Леў Антакольскі - пляменнік знакамітага Марка Антакольскага. Пасля школы Лазар махнуў адразу ў Берлін - у Акадэмію мастацтваў, дзе правучыўся да 1909 года. Але штосьці не склалася, і ён вярнуўся, каб прадоўжыць навучанне ўжо ў іншай акадэміі - пецярбургскай. Яго прынялі з ветлівага дазволу новага прэзідэнта Акадэміі - вялікай княгіні Марыі Паўлаўны, удавы толькі што памерлага мужа, вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча, які ўзначальваў гэтую ўстанову цягам амаль 35 гадоў. Тагачасны рэктар Уладзімір Беклямішаў параіў маладому Лазару павучыцца майстэрству ў класах прафесараў Васіля Матэ і Франца Рубо. Але і тут штосьці не задаволіла юнака, і пасля двух гадоў прабывання ў Пецярбургу ён зноў вярнуўся ў Германію, гэтым разам паступіўшы ў Дрэздэнскую вышэйшую школу прыкладных мастацтваў. І займеў новых сяброў, з якімі вельмі хутка знайшоў агульную мову: гэта аднагодак Сягала - экспрэсіяніст Ота Дыкс і будучы заснавальнік берлінскай групы "Дада", графік-сатырык Джордж (Георг) Грос.

Спачатку Сягал звязаўся з суполкай "Мост" ("Die Brucke"), куды ўваходзілі такія маладыя таленты, як студэнты архітэктурнага факультэта Вышэйшай мастацка-тэхнічнай школы Дрэздэна Э.Л. Кірхнер, Э.Хэкель, К.Шміт-Ротлуф, Ф.Блейл, а таксама Э.Нольдэ, Ван Донген, О.Мюлер. Мэта групы - зрынуць усякае "спакойнае, усыплёнае, прызнанае мастацтва", каб дабіцца творчай свабоды "для рук і для жыцця" - была па душы Сягалу. Але пасля распаду "Моста" ён звязаўся з новай мастацкай групай Макса Лібермана "Свабодны сецэсіён", а пазней - з аб'яднаннем "Дрэздэнскі сецэсіён" (ням. "sezession", ад лац. "sezessio" - "адыход", адыход ад акадэмізму ў мадэрн (югендстыль).

Ішоў 1919 год. Да гэтага ў біяграфіі Сягала была кароткая паездка са сваёй выстаўкай у бразільскія гарады Сан-Паўлу і Кампінас (тады Бразілія і запала яму ў душу); апошняе наведанне малой радзімы - Вільні -
у 1917-м; карціны "Вечныя вандроўнікі", "Дзве галавы", "Жанчыны і дзеці", "Фігуры", "Сярод сяброў", "Чытач", пачатак працы над ілюстрацыямі да аповесці "Пакорлівая" Ф.Дастаеўскага, да кніг "Майсе Біхл" Д.Р. Бергельсона і "Бубу з Манпарнаса" Шарля-Луі Філіпа, афортамі "Успаміны пра Вільню". Таксама эксперыментаваў у скульптуры (самая вядомая - "Танец"). Словам, Сягал разам з Ота Дзіксам, Конрадам Феліксмюлерам, Ліянелем Файнінгерам пры падтрымцы Васіля Кандзінскага стварыў у жывапісе асаблівую мову экспрэсіі, дзе, як кажуць спецыялісты-мастацтвазнаўцы, нямецкі экспрэсіянізм быў спалучаны з імпрэсіянізмам. Аднак, што да Сягала, у выніку ўсё было больш складана. Яго жывапіс 1920 - 40-х гадоў я магу назваць іррацыянальным. У сваіх галоўных карцінах мастак адлюстраваў чалавечае жыццё як нейкі жахлівы сон, рэчы - як загадкавыя сімвалы, змешваў жывое і мёртвае, плоска-звычайнае, штодзённае са складана-алегарычным... Не, ён не вынаходнік абсурду, элементы якога сустракаліся на палотнах Мунка, Пікабіа, Дзікса, Дэ Кірыка і Шагала, у літаратуры - у Фолкнера, Кафкі, Джойса. Інакш кажучы, творчасць Сягала не ёсць гатовыя адказы, яна - пытанне; не тлумачэнне, а патрабаванне тлумачэння. Ён - выразнік самай важнай праблемы - экзістэнцыяльнай праблемы чалавека: роспач, трагізм, абсурднасць яго лёсу. Вось чаму на яго палотнах такія журботныя дзеці і няшчасныя ўдовы, якія пустымі вачыма сур'ёзна глядзяць на свет. Вось чаму мастака прываблівалі такія канфліктныя тэмы, як нецярпімасць, пакуты, насілле, гвалт, антысемітызм. Гэта не адлюстраванне навакольнага, знешняга свету, што, на думку Сягала, ёсць безжыццёвая абалонка ісціны, а "сапраўдная Сапраўднасць", якую нельга пабачыць, але можна адчуць. І ў гэтым плане вышэйзгаданае палатно "Карабель эмігрантаў" (графічная серыя "Эмігранты" канца 1920-х) і маштабныя карціны, прысвечаныя трагічным падзеям 1940-х гадоў, - гэта яго ўнутраны "космас", у якім ён жыў і якім дыхаў далёка ад Бацькаўшчыны... /i/content/pi/cult/375/7338/2-2.jpg

Дарэчы, на працягу жыцця ў Бразіліі ён ніколі не закрываўся ў вузкіх межах сваёй новай радзімы, наадварот. Пасля 1923-га - года ад'езду ў Сан-Паўлу і прыняцця бразільскага грамадзянства - мастак двойчы прыязджаў у Парыж, дзе пасля 1928-га "гасцяваў" чатыры гады на Манпарнасе, зладзіў сваю персанальную выстаўку ў галерэі "Віньён". А потым, незадоўга да Другой сусветнай вайны, яшчэ раз наведаў Парыж. Апошнім разам ён там быў за год да смерці, якая напаткала 2 жніўня 1956-га ад хваробы сэрца. Праз тры гады ў Нацыянальным музеі сучаснага мастацтва Парыжа з вялікім поспехам прайшла і пасмяротная выстаўка Лазара Сягала пад назвай "Век элегантнасці"...

"Ну а яго асабістае жыццё?" - абавязкова спытае хтосьці з уніклівых. Яно надзіва сціплае і небагатае. У гэтым плане Сягал - яўная процілегласць такім мастакам, як Шагал, Мадзільяні, Пікаса, Рывера ды іншыя карыфеі пэндзля, якія ўмела спалучалі творчасць з каханнем да жанчын. Маляванне карцін у іх перамешвалася з любоўнымі прыгодамі, а мастацтва цалкам ужывалася з сардэчнымі драмамі, больш за тое: у такіх драмах яны чэрпалі сілу для творчага натхнення. Сягалу тут месца няма. Як мастак ён быў гарачы і неабыякавы; як чалавек - ураўнаважаны і спакойны. Праўда, быў двойчы жанаты. Першую жонку звалі Маргарэт Квак, якая ў сярэдзіне 20-х гадоў нарадзіла сына Морыса. Другой стала бразільянка Жані Клабін, вядомая перакладчыца на партугальскую мову п'ес Мальера і Расіна. Яна нарадзіла Сягалу двух сыноў. Але, абраўшы свой шлях, мастак не раскідваўся пачуццямі, хаваў эмацыйныя выбухі выключна для жывапісу. Старэйшы яго сын, Морыс Сягал, у 1954 годзе ажаніўся з кіназоркай асляпляльнай прыгажосці Беатрыс дэ Таледа, мабыць, самай папулярнай у кіна- і тэатральным свеце Бразіліі 1960 - 80-х гадоў. Ды і сёння яна, 85-гадовая сіньёра, яшчэ працуе ў тэатры і на тэлебачанні. Менавіта тры сыны і ўнукі мастака ў 1967-м арганізавалі ў Сан-Паўлу Мемарыяльны музей імя Лазара Сягала і мастацкую школу пры ім - сапраўдны некамерцыйны Цэнтр культуры, які і сёння паспяхова працуе ў адным з самых вялізных гарадоў свету. Калі мастак упершыню прыехаў у Сан-Паўлу, тут пражывала каля 600 тысяч жыхароў, а цяпер - больш чым 11 мільёнаў. І нават у такім людскім тлуме Сягалаўскі музей не губляе сваёй значнасці і аўтарытэту.

Канешне ж, Сягала цяжка "ўпісаць" у прастору ўласна беларускай выяўленчай культуры, ды гэтага і не трэба. Але ведаць, што быў такі цудоўны мастак, родам з Вільні, якая тады ўваходзіла ў склад нашых этнічных земляў, а значыць, наш суайчыннік-зямляк, мы павінны. Ён прынёс у Лацінскую Амерыку крышачку і нашага духу...

Чытайце таксама пачатак артыкула пра Лазара Сягала.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"