Галоўныя словы ад У.С.

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Ад Кальмара да Нясвіжа: фестываль з аўтарскім прачытаннем

/i/content/pi/cult/375/7324/2-2.jpegСёння ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўрачыста завяршаецца ІІ Міжнародны музычны фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае". Ён пачынаўся з Прывітальнага адраса, дасланага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Фестываль доўжыўся крыху больш за тыдзень, а ўражанняў хопіць - да наступнага.

Гэты фестываль аднаўляе і працягвае адразу некалькі добрых традыцый, што складаліся ў беларускай і сусветнай культуры цягам дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў. Яго "імянная" скіраванасць дазваляе задумацца над роляй асобы ў гісторыі - і асабліва ў мастацтве. Слова "запрашае", вынесенае ў назву, таксама мае глыбокі сэнс, бо яно абумоўлівае не толькі "асабістую адказнасць" майстра за ўсіх удзельнікаў свята і якасць саміх канцэртаў. Тое "запрашэнне" можна "перакласці" і як дзейсную падтрымку творчай моладзі.

А гэта і праца Дабрачыннага фонду Співакова, і шматлікія асабістыя захады Уладзіміра Тэадоравіча па набыцці добрых інструментаў для нашых маладых музыкантаў, па прасоўванні юных віртуозаў на лепшыя сцэны свету - разам з вядучымі аркестравымі калектывамі, якімі кіруе маэстра. Нарэшце, імкненне фестывалю ахапіць як мага большую геаграфічную прастору і розныя слаі насельніцтва - ад спецыялістаў да шырокага кола аматараў, не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах, прычым не толькі ў абласных цэнтрах, - сведчыць пра добра развітае ў арганізатараў разуменне культуры як вялізнага філасофскага кангламерата, які датычыцца ўсіх сфер чалавечага жыцця і ад эстэтыкі вядзе да этыкі.

Усё гэта мы і ўбачылі пад час фестывалю. Былі на ім і свае "маленькія адкрыцці". Сольнік сусветна знакамітага піяніста Барыса Беразоўскага ў зале Радзівілаўскага палаца дазволіў не толькі атрымаць асалоду ад музыкі і адчуць Нясвіж - гэткі "маленькі Парыж" - Культурнай сталіцай Беларусі. Ён даў магчымасць узгадаць традыцыі парыжскіх салонных канцэртаў, дзе гралі Феранц Ліст, Фрыдэрык Шапэн і... наш Напалеон Орда.

- Барыс Беразоўскі - папраўдзе фантастычны піяніст! - дзеліцца ўражаннямі мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прафесар Юрый Гільдзюк. - Раней мы чулі яго і ў нашай філарманічнай зале. І з задавальненнем слухалі б яго ў Мінску яшчэ ды яшчэ! Але канцэрт у Нясвіжы - асаблівы. Знакаміты піяніст адабраў далёка не самыя папулярныя творы і з кожнага зрабіў не проста шэдэўр, а яшчэ і крыху "новы" твор, дадаўшы да яго аўтарскае прачытанне. А як рэагавала публіка! Некаторы час таму студэнты майго класа давалі там канцэрт - у той жа зале, на тым жа самым раялі, - і пераканаліся не толькі ў якасці нядаўна набытага інструмента, але і ў падрыхтаванасці тамтэйшай публікі. Яна ў Нясвіжы - таксама асаблівая. Там ужо быццам сама атмасфера дыхае гісторыяй, нагадваючы пра тое, што і кожнай сённяшняй падзеяй мы ўпісваем старонку ў сучасную гісторыю нацыянальнай культуры...

Гэтак жа паспяхова прайшлі выступленні Барыса Беразоўскага ў Гомелі ды Магілёве. З Уладзімірам Співаковым за дырыжорскім пультам ён граў, дарэчы, упершыню. Гэтак жа, як і ўпершыню з маэстра спяваў наш Анатоль Сіўко. Пазнаёміўшыся з маладым вакалістам па дасланых відэазапісах, Співакоў запрасіў яго на свой фестываль. Першая сумесная рэпетыцыя адбылася літаральна за дзве гадзіны да канцэрта адкрыцця ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Але прафесіяналы разумеюць адно аднаго нават не з паўслова, а па тым, як яны дыхаюць музыкай. У выступленні Анатоля Сіўко панавала тая самая Музычнасць - з вялікай літары, бездакорнае валоданне стылем. Моцнасцю голасу, нечаканымі трактоўкамі ўразілі расійская спявачка Ганна Аглатава, італьянец Іван Магры - вучань Лучана Павароцці, саліст оперных тэатраў Рыма, Балоньі і Генуі.

Паказ фільма Чарлі Чапліна "Агні вялікага горада" ў суправаджэнні Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі пад кіраўніцтвам Співакова вымусіў, да ўсяго, задумацца пра асаблівае, ні з чым не параўнальнае, зачараванне жывой музыкі і ўласна сімфанічных гучанняў ва ўсёй іх магутнасці ды кранальнасці./i/content/pi/cult/375/7324/2-1.jpeg

Сольнік аўстралійца Томі Эмануэля таксама не толькі далучыў нашу публіку да вяршынь гітарнага майстэрства, але і актуалізаваў думку пра неабходнасць "залатых" ды "плацінавых" дыскаў для лепшых беларускіх гітарыстаў. І - пра ўзвядзенне на п'едэстал інструмента, які толькі параўнальна нядаўна атрымаў у нас статус "акадэмічнага", хаця і "народнага", ды стаў вывучацца ў той жа Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі нароўні са скрыпкай. І пра майстар-класы для нашых музыкантаў! І пра "раскрутку" найбольш таленавітых - чым, дарэчы, Томі таксама займаецца. Пачатак ягонага канцэрта быў аддадзены сястры і брату Гамільтонам, напрыканцы ж вечара славуты музыкант сыграў і праспяваў разам з імі некалькі нумароў.

Выступленне Эмануэля нагадвала маналогі на розныя тэмы, з'яднаныя самой асобай майстра. А яшчэ - вольны паток думак, выказаных на музычнай мове, у аўтарскай манеры, якая сумяшчае ўсё, што толькі можа быць і чаго нават быць не можа. Гэтак жа вольна мастак абыходзіўся са стылямі: пачаўшы з аднаго, рабіў своеасаблівую "прабежку" па іншых, і ўсё гэта - у межах адной кампазіцыі. А валоданне інструментам! Тут было і выкарыстанне дэкі як дадатковага "ўдарнага" (і нават не аднаго, а некалькіх), і "няправільная" ігра за падстаўкай, на грыфе і "па грыфе", са скрыжаваннем рук, што давала цікавыя гукавыя эфекты. У пэўныя моманты гітара набліжалася па гуку да сакральных званоў, таямнічага вібрафона, імпрэсіяністычных "струменяў" фартэпіяна, трымцення крыштальных званочкаў... Няма чаго здзіўляцца, што ўжо адно выхад на сцэну гэтага музыканта публіка вітала стоячы. А ў час канцэрта і пасля яго моладзь выстройвалася чаргой - разам са сваімі гітарамі, просячы майстра менавіта на іх пакінуць аўтограф...

А вось дырыжор Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі і камернага аркестра "Віртуозы Масквы", заслужаны артыст Расіі Уладзімір Сімкін пакінуў свой музычны "аўтограф" - на самім... студэнцкім аркестры. Ён зладзіў двухдзённыя майстар-класы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: больш за шэсць гадзін працаваў з будучымі дырыжорамі, а таксама правёў генеральную рэпетыцыю з аркестрам "Маладая Беларусь".

Але скрозь усе фестывальныя падзеі і па-над усімі імі панавала, вядома, зорка самога Уладзіміра Співакова. Ён выступаў на гэтым фестывалі ва ўсіх ролях. Стаяў за пультам абодвух сваіх калектываў - "Віртуозаў Масквы" і Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі. "Акампаніраваў" шматлікім салістам, сярод якіх была і наша флейтыстка Юлія Шчасновіч. Саліраваў сам - у Другім скрыпічным канцэрце В.А.Моцарта з аўстрыйскім аркестрам "Камерата Зальцбург", якім дырыжыраваў Аркадзь Берын. А на біс, ужо без дырыжора, сам-насам з аркестрам, прапанаваў "Малітву" Т.Альбіноні - як даніну памяці ўсім ахвярам Чарнобыля. У голасе ягонай скрыпкі былі плач і надзея. І тая шчырасць, што перадаецца нават не гукамі - толькі абертонамі...

"Саліраваў" маэстра і на прэс-канферэнцыі, не шкадуючы добрых слоў на адрас беларускай творчай моладзі:

- Я шчаслівы прыехаць сюды зноў і спадзяюся, што гэтае задавальненне - узаемнае. У вас вельмі добрая кансерваторыя, якая рыхтуе цудоўных спецыялістаў. Наспеў час ім дапамагаць: і творчымі праектамі, і грашыма, і інструментамі. На Захадзе ў кожнай навучальнай установе ёсць свая калекцыя музычных інструментаў, зробленых лепшымі майстрамі свету. Я вельмі рады, што такая калекцыя пачала складацца/i/content/pi/cult/375/7324/2-3.jpeg і ў вас...

Дадамо, што да пачатку фарміравання гэтай калекцыі, якое, зразумела, павінна доўжыцца, спрычыніўся і сам Співакоў. Менавіта ён у свой час, пачуўшы на Міжнародным конкурсе імя П.Чайкоўскага ігру нашага Арцёма Шышкова, накіраваў у Беларусь ліст з просьбай вырашыць на дзяржаўным узроўні пытанне з набыццём якаснага інструмента для музыканта. І сапраўды, праз некаторы час Міністэрства культуры Беларусі набыло для Акадэміі музыкі скрыпку Гварнеры. Дый сам Уладзімір Тэадоравіч рабіў падарункі нашым музыкантам: на ягонай віяланчэлі грае Іван Карызна, а на флейце - згаданая ўжо Юлія Шчасновіч.

- Гэта цудоўная флейтыстка! - адзначае Уладзімір Співакоў. - У свой час мяне папрасілі яе паслухаць. І калі я пачуў, як яна грала на флейце Скрыпічны канцэрт Чайкоўскага, дык быў ажно збянтэжаны: ці можна дамагчыся такіх поспехаў і, галоўнае, такога гучання на простай вучнёўскай флейце?! Тады і вырашыў знайсці для яе добры інструмент. Яго выбрала мая дачка Таццяна, якая цяпер вучыцца на Вышэйшых курсах драматычнага мастацтва ў Парыжы. Увогуле ж, стыпендыятамі нашага фонду з'яўляюцца каля дзесяці прадстаўнікоў Беларусі...

Фестывалі Уладзіміра Співакова праходзяць у некалькіх гарадах свету. Асаблівасць таго, які ўжо амаль чвэрць стагоддзя ладзіцца ў французскім горадзе Кальмары, - скіраванасць на пэўную творчую асобу. Тыя форумы прысвячаліся памяці Фёдара Шаляпіна, Дзмітрыя Шастаковіча, Мсціслава Растраповіча, шматлікіх заходніх музыкантаў. Адметнасць нашага фестывалю - у імкненні ахапіць як мага больш разнастайную палітру музычнага мастацтва, склаўшы галоўныя словы гэтай "мазаікі": "любоў да музыкі".

На здымках: Уладзімір Співакоў (справа) і Анатоль Сіўко; Іван Магры (у цэнтры) - вучань

Лучана Павароцці; піяніст

Барыс Беразоўскі граў у зале Радзівілаўскага палаца.

Фота Вячаслава МІНІНА

і з архіва Нясвіжскага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"