З Вільні ў Сан-Паўлу — на "Караблі эмігрантаў"

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Штрыхі з жыцця мастака Лазара Сягала

/i/content/pi/cult/374/7307/2-1.jpeg"...Запэўніваю цябе, сябар мой, гэта сапраўдная пачвара, форменны бандыт..." З гэтымі словамі з'яўляецца ў маёй кватэры на авенідзе Сан-Жаан мастак Лазар Сягал. (Гэта здарылася ў Сан-Паўлу ў 1945 годзе. - Б.К.). Ён папярэджвае, што прыйшоў зусім не да мяне, а да сваёй карціны, якую падарыў мне ў 1944-м, а аддаў - толькі праз год, ды і тое з неймавернымі намаганнямі, не тое што "скрепя сердце", а і набіўшы на яго стальныя абручы. Ён распавядае мне пра страшную пагрозу, якая навісла над ім у абліччы нейкага амерыканскага мільярдэра. Сягал, яўрэй з Расіі, упершыню прыехаў у Бразілію ў 1912-м, у год майго нараджэння. У 1923-м вярнуўся і тут ужо ўладкаваўся назаўжды. Другая сусветная вайна натхніла яго на стварэнне трох грандыёзных, прыгожых і страшных палотнаў: "Пагром", "Карабель эмігрантаў", "Вайна" (прычым першая карціна, дарма што менш за іншыя па памеры, мне асабіста здаецца самай выразнай і ўдалай). Тут са Злучаных Штатаў прыехаў мільярдэр яўрэйскага паходжання, кароль ужо не памятаю чаго, - мяхі з доларамі кацілі за ім, напэўна, на калёсах, - і, аслупянеўшы пры выглядзе "Пагрому", вырашыў, што б там ні было, купіць карціну. Спытаў, колькі каштуе, пачуў у адказ: "Не прадаецца", - і тады яго, што называецца, заела. Прадаецца ці не прадаецца, але карціну ён павязе, сказаў, і сам прапанаваў цану - неймаверную. Сягал адмаўляецца. Амерыканец штодня, як на службу, з'яўляецца да яго ў майстэрню, усаджваецца ў крэсла перад падрамнікам, на якім стаіць "Пагром", і прапануе ўсё больш і больш. Аплата - не сыходзячы з месца, наяўнымі: грошы ў яго з сабой у партфелі, долары. І ён па-садысцку шамаціць пачкамі зялёных паперак. Сягал сядзіць, як у акопе пад жорсткім артагнём, але трымаецца, трымаецца з апошніх сіл, адпрэчваючы казачныя сумы, бо вырашыў пакінуць "Пагром" у сябе. "Сябар мой Жоржы, - кажа Сягал мне, і голас яго дрыжыць, - гэта не чалавек, а сатана ў вобразе чалавечым, змей-спакуснік! Ён кожны дзень падвышае цану... Я такіх грошай у жыцці сваім не тое што ў руках не трымаў, а наогул не бачыў... Баюся, не вытрымаю і здамся..." Аднак не здаўся. Сягал любіў грошы, але яшчэ больш - свае карціны. Ён выстаяў пад доларавай лавінай, адолеў спакусу. Каштоўнае палатно засталося нацыянальным здабыткам Бразіліі..."
Я прывёў фрагмент з кнігі мемуараў "Кабатажнае плаванне" сусветна вядомага бразільскага пісьменніка Жоржы Амаду, якую калісьці прачытаў у часопісе "Иностранная литература" (№№ 7 - 8 за 1998 г.). І тады ж зацікавіла невядомае для мяне імя "мастака з Расіі" Лазара Сягала. Хто ён? Адкуль? Што і каго маляваў? І, наогул, як трапіў у Бразілію? Але тады нічога талковага пра гэтага чалавека я не даведаўся, акрамя таго, што ён нарадзіўся ў Вільні. Праўда, спецыяльнымі даследаваннямі наконт ягонага лёсу тады я не займаўся. І толькі ў апошні час вырашыў пакапацца ў біяграфіі гэтага ўраджэнца тагачаснага Паўночна-Заходняга краю этнічнай Беларусі - і выдатнага мастака, які, аказваецца, уваходзіць у тройку самых вялікіх творцаў-мадэрністаў сучаснага выяўленчага мастацтва Бразіліі, нароўні з Кандзіду Парцінары і Эміліянам дзі Кавалканта. Але ён, па сутнасці, быў першым прадстаўніком новага еўрапейскага мастацтва ў краіне, у тым ліку і стваральнікам Таварыства сучаснага мастацтва ў Сан-Паўлу - першага ў Бразіліі аб'яднання мастакоў-авангардыстаў. Калі зазірнуць у Сусветнае павуцінне, там можна знайсці імя Сягала. Але яно зусім не рассыпана па вялікай колькасці артыкулаў і спасылак, як імя нейкай поп-зоркі. Інфармацыя пра біяграфію Сягала стандартна паўтараецца з тэксту ў тэкст: мастак, выхадзец з Вільні, сын перапісчыка Торы, маўляў, там вучыўся, тады выехаў за мяжу, і г. д. А вось пра "нутро" яго духоўнага свету, пра сутнасць ягонага жывапісу - амаль нічога. Савецкае мастацтвазнаўства наогул маўчала пра яго: маўляў, дзе Вільня, а дзе Сан-Паўлу... Сан-Паўлу - найбуйнейшы горад на паўднёвым усходзе Бразіліі, куды герой або гераіня "мыльных" серыялаў звычайна з'язджаюць з Рыа, калі рэжысёрам патрэбна змяніць абрыдлую "канву" сюжэта. А ўжо пра мастацтва Сан-Паўлу, ды яшчэ пра нейкага жывапісца з Вільні, да таго ж, эмігранта, - ці трэба ведаць савецкаму чалавеку? Ды што савецкаму? Яго імя нават не трапіла ў сучасную 18-томную "Беларускую энцыклапедыю". Ёсць, праўда, там адзін Сягал, "...беларускі мастак 2-й пал. XVIII ст. Родам з г. Слуцк Мінскай вобл. У 1760-м размаляваў інтэр'ер сінагогі ў Магілёве...". Затое далей ідзе імя італьянскага мастака XIX ст. Джавані Сеганціні, які "арыентаваўся на натуралізм і эфекты люмінізму". Ведаеце такога? Праўда, у энцыклапедычным артыкуле "Бразілія" ўсё ж ёсць згадка пра Лазара Сягала: "Жахі вайны і фашызму выкрываў Л.Сягал". І - усё. Кропка.

Помніцца, як сучаснік Сягала "вялікі камбінатар" Астап Бэндар хацеў рэалізаваць сваю мару: трапіць на берагі Амазонкі і хадзіць там мільянерам у белых штанах. Але - не пашанцавала, давялося пайсці ў домакіраўнікі. А вось лёс мастака Сягала, якога называюць то бразільскім Сезанам, то бразільскім Шагалам, у кантэксце "паўднёваамерыканскай мары" склаўся на дзіва ўдала: творца па-сапраўднаму стаў мільянерам і гордасцю Бразіліі як вялікі мастак-наватар. А белых штаноў, мабыць, было ў яго аж занадта. І сёння ў Сан-Паўлу працуе музейны комплекс, што носіць яго імя, спраектаваны выхадцам з Адэсы, архітэктарам-мадэрністам, "першым кубістам" Бразіліі Рыгорам Варшаўчыкам. Гэтыя двое, Сягал і Варшаўчык, аказаліся шчасліва звязанымі лёсам там, за акіянам, у Лацінскай Амерыцы. Больш за тое: іхнія жонкі, прыгожыя бразільянкі, былі роднымі сёстрамі. Паміж сабой сябры, якія жылі па вуліцы Альфонса, заўсёды размаўлялі па-руску і хадзілі адзін да аднаго ў госці, гулялі па берагах рэк Тыетэ і Піньейрус, выязджалі за 70 кіламетраў на ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна, каб спакойна, на свежым паветры або пад трапічнымі эўкаліптамі, пагутарыць пра жыццё-быццё, пра жывапіс, пра архітэктуру мадэрна, якую сваім талентам узаконіў у Сан-Паўлу Варшаўчык, паўспамінаць свае кроўныя гнёзды - Вільню і Адэсу, сваіх першых настаўнікаў. У Сягала ў Сан-Паўлу былі і іншыя сябры-мастакі, перш за ўсё - бразільцы Кандзіду Парцінары і Освальд дэ Андрадэ, а таксама "мадэрновыя" таленавітыя жанчыны-мастачкі Аніта Малфаці і Тарсіла ду Амарал. А яшчэ - іканапісец, выхаванец маскоўскага Строганаўскага мастацкага вучылішча, белаэмігрант Мітрафан Касенка, які цягам некалькіх гадоў пасля Грамадзянскай вайны выкладаў жывапіс у Рускім кадэцкім корпусе ў Сербіі, дзе распісваў іконы ў праваслаўных храмах, а потым працаваў і ў Марока (ён пайшоў з жыцця
ў 1956-м у Сан-Паўлу, г. зн., на год раней за Сягала).

/i/content/pi/cult/374/7307/2-2.jpegСкажу так: Сягал - не проста "выхадзец з Расіі", ён усё ж такі віленчук, а гэта ўжо нямала. Для таго, каб назвы "Віцебск" альбо "Смілавічы" сталі вядомымі ўсяму культурнаму свету, дастаткова Шагала і Суціна. Старажытная беларуская Вільня, Віленшчына і суседняя Гродзеншчына, таксама багатая славутасцямі, - тут можна толькі спрачацца, хто ў большай ступені сёння вядомы на іх радзіме і ўвогуле ў свеце: Жак Ліпшыц ці Марк Антакольскі, Фердынанд Рушчыц ці Станіслаў Жукоўскі, Аляксандра Экстэр, Леў Бакст ці Павел Крэмень. Вялікая колькасць талентаў, народжаных на этнічнай тэрыторыі Беларусі, - зусім не падстава, каб грэбаваць "зноў адкрытымі" для людзей імёнамі, да якіх належыць і Лазар Сягал. Хто яго сёння ў нас ведае? Ды, па сутнасці, ніхто! Шагал - так, а вось Сягал... "Как будто не все пересчитаны звёзды.
/ Как будто и мир не открыт до конца..." - пісаў Мікалай Гумілёў. І на самой справе - не пералічаны...

У Сягала ёсць карціна пад назвай "Карабель эмігрантаў" - мабыць, адзін з асноўных яго твораў: на вялізнай палубе акіянскага лайнера, сярод карабельных комінаў і парусных снасцей, аўтар у карычнева-шэра-вохрыстых тонах размясціў неверагодную колькасць замучаных, паўгалодных, змораных ляжачых людзей, якія, пазакрываўшы вочы, у пошуках шчасця выправіліся на край свету. Словам - карціна-аўтабіяграфія і адначасова журботная алегарычная "біяграфія" яго суайчыннікаў-эмігрантаў. У гэтым плане можна ўзагадаць тых нашых землякоў-мастакоў, хто "пераплыў" акіян і апынуўся на далёкім амерыканскім мацерыку: Аскара Мешчанінава з Віцебска, Савелія Сорына з Полацка, Канстанціна Геду і Ніну Бураву з Вільні, Жака Ліпшыца з Друскенікаў, Абрама Маневіча з Мсціслава, Саула Бейзермана з Віцебска, Сэма Маркітанта з Магілёва, Морыса Кантара з Мінска, Бенжаміна Копмана з Віцебска, Рамана Вярхоўскага з Міншчыны...

Што тут сказаць? Вось зараз я ўспомніў паэта Юрыя Левітанскага: "Каждый выбирает для себя
/Женщину, религию, дорогу./ Дьяволу служить или пророку - / Каждый выбирает для себя...". Лазар Сягал абраў свой уласны шлях, як і жанчыну, і рэлігію, - шлях, які канчаткова прывёў яго з роднай Вільні - праз Пецярбург, Берлін, Дрэздэн - на іншы край зямлі: у бразільскі горад Сан-Паўлу, дзе ён, суцешаны славай, акурат 45 гадоў таму і знайшоў месца вечнага спачыну. Як памяць пра радзіму пакінуў пяць цудоўных афортаў для альбома "Успаміны пра Вільню" (прадмову напісаў Поль Фернанд Шміт), якія стварыў у Дрэздэне на пачатку 20-х, незадоўга да ад'езду на паўднёваамерыканскі кантынент. Але галоўныя, па-сапраўднаму экспрэсіўна-філасофскія карціны, часам вельмі драматычныя, манументальныя, часам стрыманыя, простыя і непасрэдныя, часам напоўненыя вострым сацыяльным сэнсам, мяркуючы нават па рэпрадукцыях, вельмі ўражваюць...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"