Ад "КінаVark’i" да класа "А"

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Кінаэвалюцыя "знізу": калі кінааматара не адрозніш ад профі

/i/content/pi/cult/374/7290/1-2.gifКолькі тыдняў таму давялося пабываць на паказе кароткаметражных стужак у Мінскім палацы дзяцей і моладзі. Карціны былі розныя: створаныя на аматарскім і прафесійным узроўні, анімацыйныя ды з акцёрамі, з вялікімі бюджэтамі і знятыя, відавочна, на адным энтузіязме... Але падабенства іх заключалася ў тым, што іхнія аўтары з'яўляліся ўдзельнікамі Міжнароднага аб'яднання маладых творцаў, асноўная база якіх была ў Інтэрнэце. Аўтары-пачаткоўцы з гэтага аб'яднання дасылаюць свае фільмы, створаныя з дапамогай лічбавых сродкаў, і кантактуюць праз адмысловы інтэрнэт-партал. Гэткім чынам новыя тэхналогіі дапамагаюць прыхільнікам візуальнага мастацтва не толькі рабіць новыя творы, але і ладзіць сумесныя фестывалі, арганізоўваць здымкі, абменьвацца вопытам, нягледзячы на розніцу ў адлегласці, нацыянальныя і моўныя бар'еры.

Эфект ад такога ўзаемадзеяння цяжка пераацаніць, бо з дапамогай новых тэхналогій стварэннем стужак пачынае цікавіцца і займацца ўсё больш маладых людзей па ўсім свеце. Больш за тое: тэхнічны ды творчы ўзровень кароткаметражных, часцей за ўсё - і поўнаметражных, фільмаў не звязаных з кінаіндустрыяй аматараў расце вялікімі тэмпамі. Беларусь тут - не выключэнне, таму карэспандэнт "К" вырашыў даведацца, ці мае нацыянальны кінематограф шанцы атрымаць новы імпульс для свайго развіцця з дапамогай новага пакалення "лічбавых" фанатаў кінаруху і як хутка гэта адбудзецца.

Я б у фільммейкеры

пайшоў!..

- Цяпер у нашай краіне назіраецца сапраўдны бум кінааматарскага руху, - сцвярджае вядомы ў Мінску медыямастак і арганізатар вышэйзгаданага кінапаказу, які дзейнічае пад творчым псеўданімам Алекс ДэБронхе. - Адбываецца гэта, у першую чаргу, дзякуючы неверагоднаму развіццю адпаведнай тэхнікі. Лічбавыя фотаапараты, якія дазваляюць ажыццяўляць здымкі на вельмі высокім тэхнічным узроўні, сёння сталі ўсім даступныя. Як і камп'ютары з адпаведным праграмным забеспячэннем для апрацоўкі ды мантажу выявы і гуку. Але самы вялікі прагрэс, безумоўна, - у спосабах данесці свае стужкі да гледача. Бо цяпер дастаткова выкласці фільм у Інтэрнэт, і, калі пашанцуе, яго могуць паглядзець мільёны людзей у розных кутках свету...

Сведчаннем неверагоднай цікавасці маладых беларусаў да ўласнай візуальнай медыятворчасці з'яўляецца вялікая колькасць адмысловых паказаў, што ладзяцца апошнім часам, і не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах нашай краіны. Вырасла таксама колькасць ахвотных атрымаць прафесійныя веды: апрача адпаведнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, жадаючых звязаць жыццё з экранам чакаюць арганізатары некалькіх прыватных праектаў па кінаадукацыі.

Цікава, што выкладанне ў апошніх вядзецца не па асобных спецыяльнасцях, а па некалькіх галоўных кірунках адначасова: рэжысуры, аператарскім майстэрстве, прыёмах акцёрскай ігры. Нічога дзіўнага тут няма: пачынаючым туравым і пташукам на сваёй першай здымачнай пляцоўцы па зразумелай прычыне даводзіцца адначасова выконваць некалькі функцый. Нездарма апошнім часам да тых, хто самастойна здымае свае стужкі, усё часцей выкарыстоўваецца паняцце "фільммейкер": словам "кінематаграфіст" звычайна называюць супрацоўнікаў традыцыйнай кінаіндустрыі, а называць аматарамі тых, чые знятыя на фотаапарат або нават на тэлефон фільмы глядзяць на розных кантынентах, язык не паварочваецца...

Сапраўды, даступнасць на сённяшні дзень якасных сродкаў здымкі робіць мяжу паміж прафесіяналамі і аматарамі ў кіно вельмі няпэўнай. Аўтар дадзенага матэрыялу ў свой час быў прыемна здзіўлены, калі ўбачыў у конкурснай праграме Міжнароднага фестывалю "Кінашок" у Анапе поўнаметражную стужку, цалкам знятую на фотаапарат, выява ў якой па якасці ніяк не адрознівалася ад выявы фільмаў, знятых на звыклую кінаплёнку. Адметна, што рэжысёрам карціны выступіла маладая маскоўская пісьменніца, а ролі выконвалі непрафесійныя акцёры. Цікавую стужку заўважыла фестывальная прэса і журы, але да шырокага гледача карціна так і не дайшла. У першую чаргу з-за таго, што за яе стваральнікамі "не стаялі" буйныя кінавытворчыя структуры, з якімі на сённяшні дзень супрацоўнічае кінапракат...

- Поспех сярод мясцовай публікі і знаёмых - гэта вельмі добра, але сапраўднае прызнанне можна атрымаць толькі выйшаўшы на міжнародную арэну, - сцвярджае Алекс ДэБронхе. - А для гэтага трэба глядзець, як і пра што здымаюць калегі за мяжой, выкарыстоўваючы цікавыя для гледачоў у іншых краінах сюжэты. Дзіўна, але большая частка фільмаў, якія здымаюць маладыя беларусы, звязаны з нейкімі негатыўнымі эмоцыямі, апісваюць дэпрэсіўны стан... Паспяховае ж кіно, што карыстаецца ўвагай у тым жа Інтэрнэце, абавязкова нясе пазітыўны зарад, мае жыццесцвярджальны фінал. На тое трэба арыентавацца і нам!

Сеціва як сімвал часу

І ўсё-такі лёс незадзейнічаных непасрэдна ў кінаіндустрыі фільммейкераў і іхніх твораў пакуль, у асноўным, звязаны з аднаразовымі фестывальнымі паказамі. Балазе фестываляў, на якіх можна прэзентаваць сваё кіно, цяпер вельмі шмат. Больш за тое: іх колькасць імкліва расце, а сутнасць - змяняецца. З'яўляецца ўсё больш фэстаў, скіраваных менавіта на незалежных ад індустрыі фільммейкераў. Маштабы такіх форумаў могуць быць невялікія: часцей за ўсё, іх аўдыторыю складаюць самі стваральнікі стужак і іхнія знаёмыя. Але з кожным годам колькасць такіх фэстаў, узровень прадстаўленых работ і іх аўдыторыя павялічваюцца. У тым ліку - дзякуючы Інтэрнэту.

Сама схема Сусветнага павуціння аказалася знакавай. Сеткавая сістэма арганізацыі, якая дазваляе не толькі рабіць даступнымі свае відэа- і аўдыятворы ў любой кропцы зямнога шара, але і, галоўнае, знаходзіць аднадумцаў і партнёраў па творчасці ў розных краінах, сярод тых, хто хоча звязаць сваё жыццё з візуальным мастацтвам, - на сённяшні дзень з'ява распаўсюджаная. Сцэнарыст з Масквы, мастак-аніматар з Токіа, рэжысёр з Будапешта, і ўсе яны кантактуюць з дапамогай Інтэрнэта, - такіх творчых каманд у свеце некамерцыйнага кіно цяпер становіцца ўсё больш.

Фестывальныя паказы кароткаметражных карцін пад агульнай "шапкай", якія ладзяцца энтузіястамі ў розных краінах, таксама сталі звычайнай з'явай. Такі "фільммейкерскі" рух - своеасаблівы жывы арганізм, які ўвесь час эвалюцыянуе, садзейнічае творчай актыўнасці, стварае своеасаблівае сацыяльнае асяроддзе, у якім фарміруецца новая культура, скіраваная на развіццё новых спосабаў самавыяўлення і камунікацыі.

- Беларусь тут - не выключэнне, - сцвярджае арганізатар Фестывалю аматарскага кароткаметражнага кіно "КіноVarka", прадзюсар Уладзімір Максімкаў. - Узровень работ, якія мы адбіраем для ўдзелу ў конкурсе нашага фестывалю, увесь час расце. Прынамсі, іх тэхнічны бок - здымкі, мантаж, гук - становіцца ўсё больш дасканалым, чаго, на жаль, пакуль не скажаш пра творчы аспект. Але тое, што пераход на якасна іншы мастацкі ўзровень у нашым нацыянальным кінамастацтве можа адбыцца толькі з дапамогай сённяшніх удзельнікаў аматарскіх фестываляў, - несумненна. Упэўнены, гэта менавіта той выпадак, калі колькасць пераходзіць у якасць. Зараджэнне аматарскага кінаруху, які мы назіраем цяпер у нашай краіне, - з'ява вельмі станоўчая, бо дапамагае самавыяўленню маладых творцаў, што ім не можа прапанаваць сучасная кінаіндустрыя. Калі ўсё будзе добра, творчага выбуху ў нашым кінематографе трэба чакаць праз два-тры гады... Пра тое, што наша кіно павінна імкнуцца да лепшага, сведчаць і змяненні ў заканадаўстве, дзякуючы якім у "вялікае кіно" павінны выйсці прыватныя кінапрадзюсары, каму будуць патрэбны творчыя кадры. А пакуль, сапраўды, трэба старацца развівацца, у тым ліку ў міжнародным напрамку. Да прыкладу, наш фестываль зараз заняты тым, што наладжвае кантакты для абмену стужкамі з адпаведнымі фестывалямі ў Расіі, Францыі, іншых краінах...

Востры недахоп

кава-брэйкаў!

Дарэчы, адной з галоўных праблем маладога айчыннага кінаруху Уладзімір Максімкаў лічыць востры недахоп у агульных пляцоўках, якая аб'ядноўвала б нашых фільммейкераў і тых, хто жадае імі стаць, на сістэмнай аснове.

- Літаральна кожны дзень я атрымліваю паведамленні аб тым, што той або іншы малады чалавек збіраецца стварыць ці ўжо нават здымае сваю стужку, і яму патрэбны кампаньёны па здымках, - працягвае тэму цікавасці маладых беларусаў да кінатворчасці Алекс ДэБронхе. - Адпаведна, расце і запатрабаванасць у прафесійных кантактах. Але на сённяшні дзень яны ў Беларусі носяць амаль выпадковы характар: ахвотныя ствараць візуальнае мастацтва перасякаюцца толькі на фестывальных праглядах, у навучальных установах, дзе не заўсёды знаходзіцца час для гутаркі. Мінулым летам я ўдзельнічаў у міжнародным праекце "Кінагорад" у Санкт-Пецярбургу і заўважыў, што самымі карыснымі для мяне як для маладога прафесіянала сталі не прагляды класікі або лекцыі славутасцей, а так званыя кава-брэйкі - перапынкі на кубачак кавы, пад час якіх можна было пагутарыць з калегамі. Таму разам з сябрамі планую праз колькі месяцаў паспрабаваць стварыць у адной з новых выставачных залаў сучаснага мастацтва ў Мінску нешта кшталту арт-платформы для тых, хто займаецца сучасным візуальным мастацтвам. Паспрабуем не толькі ладзіць паказы, але і праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы - у выглядзе інтэрактыўнай гульні, да прыкладу. А таксама - арганізоўваць вечарыны, галоўнай мэтай якіх будзе якраз кантактаванне маладых фільммейкераў між сабой...

Такім чынам, у Беларусі, як і па ўсім свеце, разгортваецца раней не бачаная "новая хваля" неіндустрыяльнай кінавытворчасці. Стваральнікі яе, як правіла, - людзі маладыя, якія не маюць прафесійнай кінематаграфічнай адукацыі і прыходзяць да свайго бачання кінамастацтва праз розныя сумежныя прафесіі. Сапраўды, кінематаграфістамі або фільммейкерамі, як кажуць героі дадзенага артыкула, не нараджаюцца. Атрымаць патрэбны досвед у кіно заўсёды было лягчэй на практыцы, з дапамогай кантактаў з прафесіяналамі. Цяпер, калі ў візуальным мастацтве знікаюць многія бар'еры паміж прафесійным і непрафесійным, а маштабы нацыянальнай кінаіндустрыі перастаюць мець вырашальнае значэнне, беларускім творцам выпадае ўнікальны шанец заявіць пра сябе ўголас. Спадзяёмся, умовы для гэтага ў іх будуць складвацца адпаведныя.