Тры жыцці з Cіняй птушкай Жака з-пад Гродна

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

"Патрэбен сюжэт — адправімся па сюжэт. І няхай будзе спрэчка!.."

/i/content/pi/cult/362/6929/2-1.jpeg...Найбольш характэрныя работы Ліпшыца, створаныя да канца 20-х гадоў у яркай кубісцкай манеры, - гэта кампазіцыі "Жанчына, якая схілілася", "Жанчына, якая прыхілілася да калоны", "Леда", "Матрос з гітарай", першыя эскізы да будучых знакамітых твораў "Праметэй" і "Давід і Галіяф", "Барацьба Іакава з анёлам", а таксама каляровыя рэльефы і барэльефы "Нацюрморт 
з гітарай", "Музычныя інструменты". Але гэта будзе трошкі пазней.

(Працяг. Пачатак у № 3.)

А пакуль, праз тры гады пасля прыезду ў Францыю, Ліпшыц знаёміцца з жывапісцам і скульптарам Амедэа Мадзільяні, які ўжо трывала, з 1906-га, пакінуўшы родную Італію, уладкаваўся ў Парыжы. Гэта здарылася перад тым, як Модзі выставіў у Салоне незалежных свой цыкл скульптурных галоў. Ліпшыц гэтую сустрэчу апісаў так: "Дзіўная справа, але ўспаміны пра Мадзільяні заўсёды асацыіруюцца ў мяне з паэзіяй. Можа, таму, што мяне з ім пазнаёміў Макс Жакоб? Або таму, што, калі Макс мне яго прадставіў, - а гэта здарылася ў парыжскім Люксембургскім садзе, - Мадзільяні раптам пачаў на памяць у поўны голас дэкламаваць "Боскую камедыю" Дантэ? Памятаю, хаця я нічога не разумеў па-італьянску, мяне зачаравалі меладычны голас і вытанчанасць прыгожага маладога чалавека, які нават у сваім падношаным касцюме выглядаў, як арыстакрат. Але пазней, пасля працяглага знаёмства і сяброўства, Мадзільяні не пераставаў мяне здзіўляць - часцей за ўсё ў самыя непадыходзячыя моманты - сваёй чароўнасцю і ведамі паэзіі..."

Ліпшыц быў на сем гадоў маладзейшы за Модзі і вельмі ад яго адрозніваўся, аднак яны моцна пасябравалі. Бадай, з усіх "усходніх эмігрантаў" Ліпшыц, пасля Хаіма Суціна, быў самым блізкім сябрам Амедэа. Скажам, Модзі як нікому давяраў Жаку самыя інтымныя таямніцы свайго асабістага няпростага жыцця. Быў час, калі Модзі (яшчэ да сустрэчы з Жаннай Эбютэрн) жыў з пісьменніцай, англічанкай Беатрыс Хасцінгс, жанчынай разумнай, але сваявольнай, незалежнай, тэмпераментнай, і яны часта, галоўным чынам з-за празмернасці на глебе алкаголю, сварыліся і нават біліся. Іхнія сваркі запомніліся многім парыжанам. Ліпшыц узгадвае, як аднойчы Амедэа прыйшоў да яго вельмі ўзбуджаны. Расказаў, бы самаму блізкаму чалавеку, што, вось так здарылася, п'яным пабіўся з Беатрыс, і тая зрабіла з ім "абсалютна агідную рэч": "Ведаеш, Жак, што яна мне ўчыніла? Я вярнуўся дадому, мы пачалі сварыцца, я схапіў яе за рукі і выкручваў іх да той пары, пакуль гэтая Немезіда не апусцілася перада мной на падлогу. І ўяўляеш, што яна зрабіла? Не паверыш... Вельмі балюча ўкусіла мяне за... ну, сам ведаеш, за што!" Дарэчы, у 1916 годзе Ліпшыц вылепіў з натуры цудоўны партрэт гэтай нястрымнай Беатрыс Хасцінгс.

Зімой 1917-га Модзі прыступіў да працы над двайным партрэтам Ліпшыца і яго грамадзянскай жонкі, паэтэсы Бэці Кітросэр, дарэчы, родам з Бесарабіі (афіцыйны шлюб яны аформяць толькі ў 1925 г. пасля прыняцця Ліпшыцам французскага грамадзянства). Справа ў тым, што Жак, "чалавек залатога сэрца", ведаў: Мадзільяні гэтым часам знаходзіўся ў цяжкай сітуацыі, і папрасіў зрабіць партрэт, каб потым даслаць яго сваім бацькам на радзіму. Такім чынам, свет пабачыў палатно, якое цяпер упрыгожвае Акадэмію мастацтваў у Чыкага. Ліпшыц запытаў Модзі, колькі той хоча атрымаць за работу. Амедэа адказаў: "Дружа, ты ведаеш маю цану: 10 франкаў за сеанс і трохі выпіўкі". Модзі выканаў серыю малюнкаў у звычайным - неймаверным - тэмпе з дзіўнай лёгкасцю. Ліпшыц піша: "...У яго быў каласальны талент, і ён быў здольны маляваць так нават нецвярозым. Аднак яго самога было вельмі цяжка рысаваць мастакам, таму што ён не трымаў позы: круціўся, курыў, часам упадаў у нейкія канвульсіі...". Ліпшыц і сам шмат разоў спрабаваў яго намаляваць, але яму ніколі гэта не ўдавалася. Ён успомніў дзень, калі, седзячы за столікам у кафэ, яны вырашылі нарысаваць адзін аднаго. Модзі шмат перад гэтым выпіў і быў так узбуджаны, што Ліпшыц ледзь мог усачыць за яго рухам. Але, нягледзячы на гэта, Модзі ўпраўляўся з алоўкам вельмі віртуозна. Пачаў, як заўсёды, з вачэй, ухапіўшы падабенства, і зрабіў накід дакладны і выразны.

Дык вось, пра той самы двайны партрэт. Ліпшыц прынёс Модзі сваю з жонкай вясельную фатаграфію 1916 г., каб дапамагчы яму ў выбары позы пры працы над партрэтам. Першы сеанс пачаўся наступным днём. Модзі прапанаваў ім прыйсці а першай гадзіне дня з каробкай фарбаў ды са старым палатном. Ліпшыц яшчэ прывалок брэндзі, таму Модзі, малюючы, піў проста з бутэлькі. Ён працаваў чатыры гадзіны без перапынку. Яны гутарылі, смяяліся, жартавалі, успаміналі свае юнацкія прыгоды, і роўна а пятай Модзі паведаміў, што партрэт скончаны. Ліпшыц, які чакаў яшчэ некалькі сеансаў, каб даць жывапісцу больш зарабіць, быў здзіўлены. Ён сказаў Модзі вельмі пераканаўча: "Ведаеш, Модзі, мы, скульптары, любім рэчы трошкі больш трывалыя, грунтоўныя, моцна выбудаваныя. Табе не здаецца, што над гэтым трэба яшчэ трошкі папрацаваць?"

Мадзільяні холадна паціснуў плячыма і сказаў, што не супраць далейшай працы, калі Жак жадае, каб ён сапсаваў карціну. Модзі працаваў яшчэ два тыдні, пакуль яго мадэлі канчаткова не змучыліся ад пазіравання. Мастак ніколі так доўга не працаваў над іншымі палотнамі - гэта было адзінае выключэнне ў ягонай творчай практыцы. І што ж атрымалася? Тут - дзівосны, іранічны і бясконца чуллівы сплаў сямейнага, наўмысна правінцыйнага партрэта і найтанчэйшага сарамлівага лірызму. Гэта дасягаецца эфектам мяккай прамалінейнасці кампазіцыі, як на сямейнай фатаграфіі тых часоў, знятай быццам бы ў мястэчку, дзе фатограф - рэдкі і паважаны госць. Але гэтая наіўнасць зроблена з такой жывапіснай пяшчотнасцю, з такімі цудоўнымі сінкопамі тонкіх, спружыністых і дакладных ліній, што ўзнікае шчымлівае пачуццё значнасці падзеі і ўрачыстасці высакароднага жывапісу...

Зіма 1917 года была цяжкай для Мадзільяні, і /i/content/pi/cult/362/6929/2-2.gifЛіпшыц разумеў, што з ім адбываецца. Ён пісаў: "Адсутнасць прызнання, нягоды вайны і... уласны ўнутраны агонь падштурхоўвалі яго да ўсіх найгоршых... злоўжыванняў і п'янства". Жак лаяў сябра і "...спадзяваўся, што зможа стрымаць яго ад далейшага падзення". Модзі, як заўсёды, крыўдзіўся, не слухаў добрых парад і аднойчы раптам накінуўся на яго: "Што ты займаешся балбатнёй, так сама, як і мае сваякі!"  "Аднак ты ўкарочваеш сваё жыццё!" - адказаў Ліпшыц. "Што з таго? Хачу мець жыццё кароткае, але напоўненае да краю!"

Уласна кажучы, звычкі Модзі заўсёды турбавалі Ліпшыца. Сам ён быў здаровым чалавекам, меў нармальны апетыт і еў з задавальненнем самыя звычайныя стравы, але не мог глядзець, як яго сябра пасыпаў усю ежу соллю і перцам, каб выклікаць апетыт, парушаны алкаголем ды наркотыкамі. А Модзі ўжо мучылі сухоты... Іншым разам пасярод абеду яго пачынаў душыць кашаль. Ліпшыц са страхам чакаў, што сябра задыхнецца ў нейкі момант, але прыступ праходзіў, і мастак цягнуўся да бутэлькі. Жак абураўся: няўжо Модзі не можа адолець цягу да алкаголю? І - не знаходзіў апраўдання...

У дзень смерці Мадзільяні, у празэктарскай бальніцы, пасмяротную маску здымаў з яго Маіс Кіслінг. Яму дапамагаў Конрад Марыканд. Але абодва не мелі вопыту, і маску сапсавалі. Гіпсавая форма дрэнна высахла і распалася на дзясяткі дробных фрагментаў. Пайшлі па дапамогу да Ліпшыца. Той паспяхова склеіў разбітыя часткі і такім чынам скончыў рэканструкцыю формы, з якой потым адлілі дванаццаць копій...

...Так, напрыканцы 20-х гадоў у творчасці Ліпшыца адбываюцца кардынальныя змены, звязаныя з уварваннем у яго вобразна-пластычную прастору лірычнага пачуцця. На змену жорсткім лініям, стэрэаметрычным аб'ёмам, маналітным цэнтрычным кампазіцыям прыходзяць прасторавая свабода, рух, вытанчанасць сілуэтаў, дзе цякучую, арганічна-жывую, падатлівую масу праз своеасаблівыя "адтуліны", "праломы" раптам "прарывае" паветра. Менавіта гэтыя праёмы і дзіркі і з'яўляюцца пластычнымі асаблівасцямі такіх твораў, як "Выкраданне Еўропы", "Маці і дзіця", "П'еро", "Нявеста", "Вяртанне блуднага сына", "Арлекін з мандалінай", "Галава жанчыны". Якраз у гэты час вядомы рускі крытык Абрам Эфрос назваў творы Ліпшыца самым высокім, дамінуючым пунктам рускага ўкаранення ў заходняе мастацтва. Сапраўды, ён да пачатку 1930-х гадоў ужо стаў найбольш прыкметным і значным скульптарам еўрапейскага маштабу, які не толькі творча ўспрыняў прынцыпы кубізму і паслядоўна ўвасобіў іх у сваім мастацтве, але і тады, калі, адышоўшы ад кубізму, захаваў у сваіх станковых і манументальных рэчах смеласць у экспрэсіўнай дэфармацыі натуры, зрушэнні і ўзаемапрасякненні плоскасцей. Аднак рабіў і зусім рэалістычныя партрэты, калі гэта датычылася канкрэтных людзей: Жан Както, Гертруда Стайн, Како Шанэль, Раймон Радзіге. Ён шмат супрацоўнічае з маршанамі і калекцыянерамі: спачатку - з галерыстам Леонам Розенбергам, потым - з амерыканцам Альбертам Барнесам, які купляе шмат твораў Ліпшыца і робіць заказ на пяць барэльефаў для свайго дома ў ЗША. Таксама мастак шмат выстаўляецца.

У 1924 годзе Ліпшыц пасяляецца ў Булонскім лесе (16-я акруга Парыжа) - у доме-майстэрні, пабудаваным па праекце яго сябра Шарля Эдуара Жанерэ-Гры ле Карбюзье. У гэтым жа доме жыў і працаваў калега Ліпшыца - ураджэнец Віцебска Аскар Мешчанінаў. Дарэчы, 20 гадоў таму, у сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння Ліпшыца, у тым самым Булонскім лесе быў пастаўлены яму помнік. У 1928-м Жак удзельнічае ў рускім аддзеле выстаўкі "Сучаснае французскае мастацтва" ў Маскве, якая тады зрабіла сапраўдны фурор у савецкім інтэлектуальным грамадстве. А праз сем гадоў Ліпшыц, "...шчыра спачуваючы савецкай уладзе", сам прыязджае ў Маскву і, як пішуць многія крыніцы, "...уражаны размахам будаўніцтва сацыялізму", па дзяржаўным заказе (ён стаў пераможцам у конкурсе) хутка стварыў дзве работы: партрэт Фелікса Дзяржынскага і версію сваёй ранейшай кампазіцыі "Радасць жыцця".

Але гэтая гісторыя з прабываннем Ліпшыца ў СССР не такая простая, як пра яе пісалі савецкія мастацтвазнаўцы і журналісты. А справа ішла так. Першага мужа жонкі Ліпшыца - Бэці (Берты) Кітросэр - звалі Міхаіл Шымкевіч. Да рэвалюцыі ён займаўся рэвалюцыйнай работай у арміі, адбываў турэмнае зняволенне і ссылку. Збег за мяжу. У 1917 годзе вярнуўся ў Расію, уступіў добраахвотнікам у Чырвоную армію, працаваў у чэка і Камінтэрне. Пісаў п'есы, некаторыя з іх - "Ужоўка" і "Завіруха" (пра сацыялістычнае будаўніцтва ў краіне) былі пастаўлены ў 20-я гады ў маскоўскіх тэатрах. Дык вось, у Берты і Міхаіла быў сын Андрэй Шымкевіч. Яшчэ калі ён быў зусім маленькі, маці, расстаўшыся з мужам, звезла яго ў Парыж, дзе пазнаёмілася з Ліпшыцам і звязала з ім свой лёс. Калі хлопцу споўнілася 16 гадоў, родны бацька запрасіў яго ў Маскву. Той у 1929-м прыехаў у адным вагоне разам з наркамам Анатолем Луначарскім. Паглядзеў што і як, пахадзіў у школу, але хутка засумаваў і вырашыў вярнуцца ў Парыж да маці і айчыма. Але 12 студзеня 1931 года Андрэя арыштавалі, дапыталі і люта збілі, намагаючыся даведацца пра рэгулярныя наведванні ягоным бацькам французскага пасольства. Па выхадзе з камеры юнак паспрабаваў самастойна бегчы праз мяжу. Першы раз яго злавілі пад Батумі - і ў турму: абвінавацілі ў шпіянажы. З турмы ён спрабаваў збегчы яшчэ некалькі разоў, але атрымліваў новыя тэрміны. Адна са спроб была зроблена з Салаўкоў: адтуль ён бег з трыма арыштантамі - спачатку на Белае мора, потым неверагоднымі зігзагамі дабраўся аж да мяжы з Турцыяй. І тут з'явіліся пагранічнікі з сабакамі: траіх беглякоў застрэлілі, а цудам ацалелага Андрэя адправілі зноў на Салаўкі, у лагер для асабліва небяспечных злачынцаў. А маці яшчэ да вайны паведамілі пра смерць сына...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"