Коласаўцы” па “тэатральнай групе крыві”

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

Сцэнічная калекцыя: ад музея да “Квартэта”

/i/content/pi/cult/351/6650/11-3.jpg

На наступным тыдні, 22 лістапада, адзін з флагманаў тэатральнага мастацтва нашай краіны - Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа - адзначае 85-годдзе з дня заснавання. Можна было б шмат распавядаць пра ўнікальную гісторыю гэтага калектыву, які ў розныя дзесяцігоддзі дарыў нацыянальнай культуры яркія, знакавыя спектаклі і выхаваў не адно пакаленне бліскучых акцёраў... Ды пра гэта ўжо шмат напісана ў разнастайных даведніках, энцыклапедыях ды тэатразнаўчых даследаваннях. Важней прызнаць: на розных этапах свайго існавання, часам вельмі няпростых і пакручастых, Коласаўскі тэатр ніколі не здаваў уласных творчых пазіцый. Сведчаннем таму - адзін з апошніх спектакляў гэтага калектыву "Квартэт". Ён стаў адным з галоўных намінантаў сёлетняй Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Ды, думаецца, і ў 2012-м, калі наша краіна будзе святкаваць 130-годдзе з дня нараджэння знанага беларускага пісьменніка Якуба Коласа, тэатр яшчэ не раз дасць нам падставы для размоў пра новыя этапы ў сцэнічным асэнсаванні творчай спадчыны класіка.

Гэтым жа разам, па ўласнай тэатральнай "сціпласці", коласаўцы не ладзяць пампезных урачыстасцей. Па традыцыі, яны засяроджваюць увагу не толькі на віншаваннях, якіх, упэўнена, будзе ў гэты вечар дастаткова. Памятаць уласную гісторыю, тое і тых, хто ў розныя гады працаваў у тэатры і дзякуючы каму гэты цудоўны Гмах Мастацтва прырастаў новымі і новымі "паверхамі", - вось той унутраны вектар, якому не здраджвае тэатр і цяпер. Паўтаруся: як і заўжды. Менавіта таму знакавы для яго дзень распачнецца з адкрыцця помніка на магіле народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі нашай краіны Фёдара Шмакава, а таксама наведвання месцаў апошняга спачыну артыстаў-коласаўцаў. Днём у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адкрыецца экспазіцыя "Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Мы помнім усё". Ну, а ў традыцыйныя 19.00 коласаўцы запрашаюць усіх сваіх сяброў і прыхільнікаў на ўрачысты вечар "І кожны мой крок - то памяць. Позірк - сустрэча з былым".

"Лічу ўласным абавязкам"/i/content/pi/cult/351/6650/11-1.jpg

 У перадсвяточнай віхуры мы патэлефанавалі адной з прым Коласаўскага тэатра Святлане Акружной, якая, разам з супрацоўніцай Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Святланай Казловай, займаецца арганізацыяй выстаўкі, прысвечанай гісторыі тэатра. Натуральна, асноўным нашым "аб'ектам цікавасці" сталася тое, што ж будзе прадстаўлена ў новай экспазіцыі.

Святлана АКРУЖНАЯ, народная артыстка Беларусі, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа:

- Роўна дзесяць гадоў таму,- кажа Святлана Арцёмаўна, - мы пачалі /i/content/pi/cult/351/6650/11-2.jpgзаймацца мэтанакіраваным пошукам дакументаў і прадметаў, якія распавялі б пра гісторыю Коласаўскага тэатра, і за гэты час ужо шмат што сабрана. Гэта гістарычныя матэрыялы і дакументы, прысвечаныя дзейнасці трупы і яе пастаноўкам, найбагацейшая калекцыя фотаздымкаў акцёраў і сцэн са спектакляў, касцюмы, сярод якіх - тэатральная сукенка Зінаіды Канапелька або плашч Кастуся Каліноўскага з аднайменнага спектакля, дзе галоўную ролю сыграў Уладзімір Куляшоў. Усё тое можна будзе пабачыць у музейнай экспазіцыі. Тэатр цягам дзесяці гадоў падрыхтаваў электронную базу на кожнага нашага артыста. У ёй маецца спіс роляў таго або іншага акцёра, сыграных на Коласаўскай сцэне, фотаздымкі са спектакляў, датычныя яго асобы дакументы.

Нам важна, каб гісторыя тэатра не была толькі нашай унутрытэатральнай справай (хоць асабіста я ўсю работу лічу ўласным абавязкам, у першую чаргу- перад тэатрам, маімі старэйшымі калегамі, каго сёння ўжо няма з намі, і будучымі пакаленнямі, якія прыйдуць пасля нас). Найперш таму, што гісторыя Коласаўскага тэатра - гэта заўважны "раздзел" у нашай агульнай нацыянальнай гісторыі, і чым большая колькасць людзей будзе ведаць пра яго не "прыблізна", чым больш моладзі, завітаўшы ў музей, "матэрыялізуюць" для сябе спектаклі і акцёраў, якія ў розныя часы будавалі гэтую гісторыю, тым верагодней, што яны стануць больш беражліва і шчыра ставіцца і да тых праяў творчасці, якія сёння толькі-толькі прарастаюць, але ў недалёкай будучыні здолеюць стаць годнай зменай нашым "легендам"...

Сваімі віншаваннямі і цёплымі словамі на адрас Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа падзяліліся і творцы, чый прафесійны шлях у розныя гады быў звязаны з віцебскай сцэнай. Натуральна, што гэта - толькі невялічкая колькасць тых, каго можна прылічыць да коласаўцаў па "тэатральнай групе крыві".

"Мая Бацькаўшчына" Галіна ДЗЯГІЛЕВА, актрыса, мастацкі кіраўнік Тэатра аднаго акцёра "Зніч":

- Я хацела б сказаць вельмі шмат цёплых слоў на адрас тэатра імя Якуба Коласа, які ў свой час стаў для мяне як маці, як мая ўласная Бацькаўшчына. Мне пашчасціла прыйсці ў гэты калектыў, калі там працавала такое бліскучае сузор'е артыстаў, як Анатоль Трус - мой хросны бацька ў тэатры, які многаму навучыў мяне, - Іосіф Матусевіч, Анатоль Шэлег, Зінаіда Канапелька, Галіна Маркіна, Георгій Дубаў, Тамара Шашкіна (яна, дарэчы, днямі адзначыла сваё 80-годдзе, з чым яе ад душы віншую)... Шмат магла б сказаць пра кожнага з коласаўцаў, бо яны ўсе для мяне- родныя людзі, сям'я, якую я адчуваю і да гэтага часу кожны раз, як прыязджаю ў Віцебск. Няхай не ўсе з коласаўцаў зазналі пры жыцці вартую іх майстэрства прафесійную і творчую славу, аднак я ганаруся тым, як шмат спазнала ў гэтых сценах і акцёрскіх, і чалавечых талентаў. Прычым у роўнай ступені гэта датычыцца і тых, хто выходзіў штовечар на сцэну, і тэхнічных служб тэатра, работнікаў "нябачнага фронту", якія так жа самааддана працавалі на спектаклі і на тое, каб на сцэне здараўся тэатральны цуд. Не магу не згадаць сярод рэжысёраў Сямёна Казіміроўскага, які для мяне вылучаўся талентам не толькі высокай пастановачнай культуры і майстэрствам стварэння спектакляў, але і ўменнем побач з сабой даваць магчымасць працаваць іншым яркім рэжысёрам. Хачу пажадаць тэатру працвітання, а артыстам - каб яны жылі доўга і працягвалі заставацца не толькі для мяне, але і для маладых акцёраў, каму пашчасціць трапіць на Коласаўскую сцэну, тым узорам творчай самааддачы і магутным прафесійным падмуркам, без якога немагчыма пабудаваць сапраўдны Храм мастацтва.

Добры знак Аляксей ДУДАРАЎ, драматург, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў:

- Не пабаюся высокіх слоў, але адны з найцяплейшых пачуццяў і эмоцый у маім творчым жыцці звязаны менавіта з тэатрам імя Якуба Коласа. Магчыма, таму, што гэта - мая радзіма, а яшчэ больш верагодна, таму, што акцёры ў трупе, як, зрэшты, і сам Якуб Колас, заўсёды былі, так бы мовіць, бліжэй да зямлі. Не, ні ў якім разе не прыземленыя, але, колькі яны ні луналі б у творчых зааблоччах, - ні на хвіліну не забываліся пра тое, што чалавек жыве толькі на зямлі, а зямля - гэта галоўнае і самае дарагое, што ў яго ёсць.

Вельмі добра памятаю надзвычай шчымлівы момант, калі ў 1984 годзе прыехаў у Коласаўскі тэатр на спектакль "Вечар". А яшчэ былі "Парог" ды іншыя... Гэта быў мой першы ў жыцці спектакль па ўласнай п'есе, убачаны на сцэне. І вось я заходжу ў залу, а яна бітком набіта падлеткамі, так што вэрхал стаіць неймаверны! Ну, думаю, навошта ж было зваць на такі "немаладзёжны" спектакль школьнікаў? Трэба ж было, відаць, больш сур'ёзна падысці да працы з публікай і запрасіць аўдыторыю, больш адпаведную яго тэматыцы. З такімі думкамі я пачуў трэці званок, адкрылася заслона, і... літаральна праз пяць хвілін ад вэрхалу не засталося і следу: падлеткі сцішыліся і глядзелі спектакль так, што можна было пачуць дыханне залы. Ну, а бліскучы ансамбль коласаўцаў Яўгена Шыпілы, Тадэвуша Кокштыса і Таццяны Мархель скарыў не толькі мяне, але і ўсіх, хто быў у тэатры, так што фінальны шквал апладысментаў стаўся ўражальным аргументам: любыя ўзросты і пакаленні здольныя аб'яднацца і зразумець адно аднаго, калі яны размаўляюць на адной мове- мове сваёй зямлі і сваіх продкаў.

Згадваю, як на адным з ранейшых юбілеяў тэатра, яшчэ ў прэзідыуме быў Мікалай Мікалаевіч Яроменка, я падняўся на сцэну, сказаў тэатру і акцёрам віншавальныя словы і, выходзячы ў залу, зачапіўся за шматлікія правады ад тэлекамер, што здымалі вечар, ды расцягнуўся проста на вачах ва ўсіх. А потым падняўся і кажу: "Гэта, напэўна, - добры знак. Вось, не адпускае мяне Коласаўская сцэна - відаць давядзецца тут застацца назаўсёды..."

Залатыя навукі Юрый КУЛІК, дырэктар Рэспубліканскага тэатра юнага гледача:

 - Маладыя гады - самыя лепшыя, і я шчаслівы, што ў мяне яны прыпалі на працу ў Коласаўскім тэатры. 1976 год - гэта быў мой першы тэатр, першыя тэатральныя ўніверсітэты і мае ўласныя першыя крокі ў прафесіі. Думаю, не адзін я пра гэта кажу, але акцёры старэйшага пакалення, якія на той час складалі славу тэатра, былі для нас, пачаткоўцаў, бліскучым прыкладам і ўзорам таго, як патрэбна жыць і працаваць у прафесіі. І яны, зусім не павучаючы, сапраўды вучылі нас. Ніводзін з інстытутаў не даў мне як акцёру-пачаткоўцу столькі, колькі даў у тэатры Георгій Дубаў: паважлівае і ўважлівае стаўленне да партнёраў, да працы- вось тыя залатыя навукі, якія ўжо да канца дзён не "вытравяцца" з мяне. І потым, гэта быў перыяд, калі ў Коласаўскім тэатры працаваў рэжысёрам Валерый Маслюк. З'явіўся яго "Клеменс" па п'есе Казіса Саі, іншыя яркія пастаноўкі. Цяпер мне здаецца, што гэта быў час, калі ў тэатры ўсе былі шчаслівыя! У першую чаргу- магчымасцю жыць насычаным творчым жыццём. Цяпер многія акцёры, з якімі мы тады пачыналі, працуюць у розных тэатрах краіны, але ж агульны дух і сяброўства да гэтага часу нас яднаюць.

Па сутнасці, тэатр Якуба Коласа стаўся ў маёй творчай біяграфіі тым унікальным месцам, дзе ўпершыню абазначыліся мае творчыя інтарэсы: тут я напісаў сваю першую казку, бо быў тэрмінова неабходны арыгінальны матэрыял для дзіцячага спектакля, на гэтай жа сцэне адбыўся і мой рэжысёрскі дэбют - спектакль "Раманс на два галасы"... Гэта ўжо потым былі Купалаўскі тэатр, стажыроўкі ў Маскве і шмат іншага... Але ж Коласаўскі, які стаўся пачаткам майго творчага шляху, ніколі не страціць для мяне сваёй важнасці і важкасці.

Магутны пласт беларускасці Таццяна МАРХЕЛЬ, народная артыстка Беларусі, актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі:

 - Кажучы высокімі словамі, актрысай я стала менавіта там - у Коласаўскім тэатры. І думаецца, шмат у чым дзякуючы таму, што ён у сваёй творчасці ўзнімаў магутны пласт беларускасці, нацыянальнай культуры. У тэатры ішоў цудоўны спектакль "Сымон-музыка" паводле Якуба Коласа, адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола. Я ў ім не толькі іграла, але і ўпершыню заспявала на сцэне народныя песні, дзякуючы якім шмат пазней мяне многія "пазнавалі". Потым - мы паставілі амаль усяго Караткевіча: "Званы Віцебска", "Кастусь Каліноўскі"... Менавіта ў тэатры імя Якуба Коласа я адчула, што працаваць актрысай... не цяжка. Дастаткова толькі быць шчырым і самаадданым у сваіх ролях. І таму хачу любым коласаўцам і тэатру пажадаць, каб ён па-ранейшаму - не толькі для мяне, але і для ўсіх астатніх - заставаўся апірышчам беларускасці, і каб плён гэты расцвітаў у душах усіх акцёраў, незалежна ад узросту!..

На здымках: будынак тэатра; сцэна са спектакля "Зямля" паводле творчасці Якуба Коласа.