“Мудрагеліста тасуецца калода…”

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Двое з роду Кастравіцкіх: Карусь Каганец і Гіём Апалінэр

/i/content/pi/cult/348/6572/15-2.jpg

"Мудрагеліста тасуецца калода..." - глыбакадумна заўважыў адзін з герояў М.Булгакава, маючы на ўвазе хітраспляценні лёсу ў гісторыі чалавечага роду. Хіба не дзіўна, калі, напрыклад, з аднаго і таго ж роду выйшлі два класікі: адзін - беларускай, другі - французскай культуры? Што можа быць агульнага між гэтымі двума непадобнымі людзьмі, якія нарадзіліся ў розных краінах і размаўлялі на розных мовах? І лёс у іх, жыццёвы і творчы, склаўся зусім по-рознаму, хаця і пайшлі з жыцця яны ў адзін год. Ды і адзін аднаго ніколі не ведалі. Але ў сямейных гісторыях бываюць такія дзіўныя метамарфозы, што часам усё здаецца кімсьці прыдуманым цудоўным міфам, легендай ці проста фантастычнай выдумкай... Гаворка - пра беларускага паэта, мастака і грамадскага дзеяча Казіміра Кастравіцкага (Каруся Каганца) і вядомага французскага паэта, выдатнага рэфарматара французскага верша, прызнанай галоўнай фігурай еўрапейскага авангарда, вынаходніка тэрміна "сюррэалізм" і ідэолага кубізму Вільгельма-Альберта-Уладзіміра-Аляксандра-Апалінарыя Кастравіцкага, вядомага на ўвесь свет пад псеўданімам Гіём Апалінэр.

Але ў гісторыі сусветнай культуры так здарылася, што абсалютна ўсе, хто мае дачыненне да біяграфіі Апалінэра, лічаць яго напалову палякам, напалову італьянцам. А ў дакументальным фільме 2009 г., які трансліраваўся на расійскім канале "Культура", наогул сказана: "...Гіём Апалінэр, ён жа Вільгельм Кастравіцкі,- паляк, італьянец і рускі па паходжанні". І практычна ніхто не імкнецца даследаваць, так бы мовіць, радаводнае дрэва беларусаў Кастравіцкіх, якія пачынаючы з XV ст. жылі ў ВКЛ, дакладней, на Гродзеншчыне ды Міншчыне. І каб знайсці нейкую ісціну пра карані ды роднасць двух гэтых людзей - Каганца і Апалінэра, - трэба трошкі зазірнуць у глыбіню стагоддзяў.

Такім чынам - мястэчка Навасёлкі, непадалёк ад Койданава (цяпер- Дзяржынск Мінскай вобласці). Упершыню гэтая назва згадваецца аж напрыканцы XV ст., калі ўладальнікамі мястэчка сталі прадстаўнікі шляхецкага роду Кастравіцкіх. Род быў даволі вядомы, меў свой геральдычны герб "Байбуза": у сярэдзіне шчыта, на чырвоным полі, была размешчана сярэбраная страла - наканечнікам уніз, - якая была абвіта залатой змяёй, а ніжэй - тры сярэбраныя грыбкі. Дзесьці прачытаў, што заснавальнік роду Кастравіцкіх - баярын Осцік з шляхецкай фаміліі герба "Трубы" ("Тромбы") у ВКЛ, а яго старэйшы сын Радзівіл стаў заснавальнікам знакамітага роду. Гэты самы Осцік падрымліваў вялікага князя Вітаўта ў яго памкненні дамагчыся незалежнасці ад Каралеўства Польскага. А адзін з яго спадчыннікаў - шляхціч Іван, мсціслаўскі падскарбій, - у 1534 г. атрымаў у валоданне дзялянку Кастравіцы. Ад Івана, нібыта, і пайшоў род Кастравіцкіх. Так гэта ці не, не ведаю, бо, вывучаючы родавае дрэва сям'і Осціка, я так нідзе і не знайшоў імені яго нашчадка Івана. Праўда, быў нейкі Ян, сын Рыгора Юр'евіча Осціка, пакаранага смерцю за замах на жыццё Стэфана Баторыя. Але ён, віленскі суддзя, памёр у 1609м, і род Осцікавічаў на гэтым скончыўся./i/content/pi/cult/348/6572/15-1.jpg

Хутчэй за ўсё, гаворка павінна ісці пра праваслаўнага шляхціча і скарбніка Мсціслаўскага Княства - Івана Кастравіцкага, які сапраўды жыў у XV ст. Ягоны ўнук перайшоў у каталіцтва і пераехаў на Гродзеншчыну, а нашчадкі яго - на Міншчыну. Дакладна вядома, што класіцыстычны родавы палац Кастравіцкіх у першай чвэрці XIX ст. знаходзіўся ў Вялікіх Навасёлках пад Койданавам. Яшчэ вядома, што ўказам Расійскага сената па геральдыцы ад 30 чэрвеня 1834 г. за нумарам 16277 дваранскі сход запісаў Кастравіцкіх у шостую частку дваранскай радаслоўнай кнігі Мінскай губерні з захаваннем таго самага герба "Байбуза". Яно і не дзіва: многія з Кастравіцкіх у розныя перыяды гісторыі паказалі сябе з самых лепшых бакоў: і як воіны ў барацьбе, напрыклад, з туркамі, калі пад сцягамі Яна Сабескага вызвалялі Еўропу, і як гаспадарнікі-эканамісты, і як гуманітарыі. Скажам, з Міхаілам Кастравіцкім, дзедам Каруся Каганца, блізка сябраваў Адам Міцкевіч і нават прысвяціў ягонай жонцы верш.

Але самае галоўнае ў лёсе сям'і Кастравіцкіх здарылася ў 2-й палове XIX cтагоддзя. Калі пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863-га, тры родныя браты Кастравіцкія - Казімір, Карл і Міхаіл-Апалінарый, тагачасны штабс-капітан рускай арміі,- не раздумваючы, узяліся за зброю. Пасля паражэння паўстання Казіміра і Карла арыштавалі, судзілі як злачынцаў і саслалі ў Сібір. Але самаму старэйшаму- Міхаілу-Апалінарыю з пяцігадовай дачкой Ангелікай (Анжалікай) і жонкай-італьянкай Джуліяй Фларыяні ўдалося эмігрыраваць у Італію. Праз шаснаццаць гадоў, 25 жніўня 1880-га, там, пад небам Рыма, 22-гадовая Ангеліка нарадзіла хлопчыка і... кінула яго на парозе чужога дома. Дзіця хацела ўсынавіць нейкая сям'я, але праз два месяцы аб'явілася сапраўдная маці і запатрабавала вярнуць ейнага сына. Яна і назвала яго Вільгельмам. Хто ж ягоны бацька? Дакладна невядома. Хутчэй за ўсё, гэта нейкі італьянскі афіцэр па імені Франчэска Флуджы д'Аспермонт, хаця палюбоўнікаў у яе была заўсёды процьма. У Рыме Ангеліка "праславілася" яшчэ і тым, што выдатна гуляла ў рулетку, амаль ніколі не прайгравала, а ў ігральных дамах Еўропы яе лічылі авантурысткай і махляркай. Шчодрая жанчына нарадзіла яшчэ аднаго хлопчыка - малодшага - Альберта (будучы банкаўскі служачы), якога таксама спачатку кінула на вуліцы, а потым сумленне яе замучыла, і яна паспела забраць дзіця з паліцэйскага ўчастка.

Але галоўнае зусім не гэта. Галоўнае тое, што Вільгельм праз два дзясяткі гадоў стане тым самым знакамітым Гіёмам Апалінэрам. Дзяцінства ён правёў у Манака, дзе за "рулетачныя" грошы маці навучаўся ў ліцэі Сан-Шарль, а потым - у каледжы ў Кане, але адтуль яго выгналі за захоўванне і чытанне, кажучы сучаснай мовай, амаральнай літаратуры. І ў 1898 г., пакінуўшы дом маці, Апалінэр пераехаў у Парыж, дзе пачалася яго літаратурная кар'ера і так званы перыяд belle epoque- "цудоўная эпоха": Манмартр, кафэ "Клазеры дэ Ліла" на Манпарнасе, сяброўства з П.Пікаса, М.Жакобам, М.Шагалам, каханне з Мары Лорансэн, стварэнне вершаў (на мой погляд, "Мост Мірабо" - шэдэўр), тэарэтычных мастацтвазнаўчых артыкулаў, у якіх ён "узаконіў" кубізм і сюррэалізм. Дзякуючы свайму гарэзліваму інтэлекту, велізарнаму паэтычнаму пачуццю, геніяльнай словатворчасці, Апалінэр аказваў моцны ўплыў на ўсіх, хто імкнуўся да новага мастацтва. Мне здаецца, што без яго і Пікаса, і Шагал, і Леапольд Сюрваж, і Хуан Грыс, і Брак дасягнулі б сваёй славы значна пазней, бо сваімі ацэнкамі Гіём прымусіў творцаў паверыць у іх геніяльнасць. Калі пачалася Першая сусветная вайна, ён пайшоў на фронт добраахвотнікам і ў складзе 38-га артпалка змагаўся з немцамі. 17 сакавіка 1916 года ў лесе каля Беры-о-Бак быў цяжка паранены ў галаву аскепкам снарада і двойчы ўдала перанёс вельмі складаную аперацыю на чэрапе. А пасля гэтага, не губляючы велічнай постаці, хадзіў у скураной шапачцы, якая ўтрымлівалася на рамяні. Але напрыканцы кастрычніка 1918-га нечакана захварэў смяротнай хваробай - іспанкай (грыпам), і ў ноч на 9 лістапада паэта не стала. Яму было ўсяго 38 гадоў. Праз месяц, амаль адначасова, памерлі яго маці Ангеліка Кастравіцкая і малодшы брат Гіёма - Альбер Кастравіцкі. Месца вечнага спачыну паэта - могілкі Пер-Лашэз...

А зараз вернемся да стрыечнага дзядзькі Апалінэра - Казіміра Кастравіцкага, будучага Каруся Каганца, галоўнага героя нашага сённяшняга апавядання. Таксама цікавая гісторыя, пра якую трэба, прынамсі, здымаць поўнаметражнае добрае кіно! Яшчэ да пачатку паўстання 1863 г. саракагадовы Карл (Караль) Самуілавіч Кастравіцкі сустрэў 19-гадовую дзяўчыну Алену Тадэвушаўну Свентаржэцкую, з вельмі багатай беларускай сям'і з-пад Слупкаў, і закахаўся ў яе па вушы. А тут - узброенае паўстанне і ссылка. Здавалася, усё пайшло прахам: стварэнне сям'і, надзеі, блакітныя мары... Ды, відаць, жаночая любоў да Карла была настолькі моцнай, што Алена ўсё кінула і шляхам дзекабрыстак выправілася за любым у Сібір. Праз чатыры гады ў горадзе Табольску, неафіцыйнай сталіцы ссыльных беларускіх, польскіх і літоўскіх паўстанцаў, у Алены і Карла нарадзіўся сын Казік- Казімір Карлавіч Кастравіцкі. Гэта, значыць, дзіця з'явілася на свет 10 лютага (па новым стылі) 1868-га. Да гэтага жанчына паспела нарадзіць Стася, Амброзія і Досю, а ўжо пасля Казіка- Маню.

Яшчэ праз чатыры гады Кастравіцкія па царскай амністыі атрымалі дазвол вярнуцца на радзіму ў Мінскую губерню - у вёску Засулле, што пад Стоўбцамі. Але бацька тут доўга не затрымаўся: ён вымушаны быў з'ехаць у Польшчу. Потым, пасля блуканняў, вярнуўся ў Мінск, дзе раптоўна памёр на руках у чужых людзей. Пасля таго Алена Кастравіцкая заручылася з мясцовым мужчынам, нейкім Кардзецкім, і пераехала ў вёску Юцкі (Прымагілле). У гэты перыяд мадам Ангеліка Кастравіцкая таксама знайшла сабе палюбоўніка - Жуля Вейла - і пераехала з ім у гарадок Везінэ пад Парыжам: адтуль лягчэй было наглядаць за шалапутным і баламутным сынам Вільгельмам, які так ніколі і не навучыўся эканоміць грошы...

Пані Алена Кастравіцкая-Кардэцкая, таксама шчодрая, як і мадам Ангеліка Кастравіцкая, толькі больш сціплая і прыстойная, ад свайго прымака, практычна мужа, нарадзіла яшчэ дзяцей - Яся і Міхася. А што ж Казімір? Яму давялося цягам амаль пяці гадоў працаваць пастухом. "Выганяць даводзілася, бадай, ледзь не ўначы - раніцай, а прыганяць - увечары. Адпачываць жа ўдзень, калі жывёла стаяла захаваная ад аваднёў у хлявушку, нельга было, бо не было чаго есці, і малы Казімір бег да каго-небудзь з суседзяў ды вёў пасвіць выпражанага з плуга каня, каб зарабіць сабе кубак малака", - пісаў у 1928-м беларускі краязнаўца Мікалай Каспяровіч, праз 10 гадоў рэпрэсіраваны і расстраляны як "вораг народа". Па-іншаму тлумачыць "пастухоўскую адысею" Казіміра Кастравіцкага знакаміты Вацлаў Ластоўскі (таксама расстраляны ў 1938-м), кажучы, што ў гэты час новая сям'я якраз жыла досыць нябедна. У яе была свая дваровая служба і нават уласная пякарня, і хлапчук шмат часу праводзіў сярод простых людзей. "Успамінаючы сваё дзяцінства, Карусь Каганец апавядаў, што ён да дзесяці гадоў заўважыў ужо антаганізм паміж пакоямі і пякарняй. У 15-гадовым узросце яго раздражняла тое <...> дзяленне на "мы" і "яны". "Мы" - памешчыкі, шляхта, "яны" - сяляне... Яго дружба з сялянскай моладзю і "простая" (г. зн., не панская) мова бывалі частымі прычынамі сямейных драм. Але канчатковы разрыў з сям'ёй надышоў пасля таго, калі Карусь Каганец пад уплывам народавольскіх ідэй уцёк з дому і наняўся ў суседнім павеце пасвіць статак у вёсцы..."

Першапачатковую адукацыю Казімір атрымаў дома (значыць, такія магчымасці былі ў маці і айчыма), а потым- у Мінскай гарадской гімназіі, дзе ў яго ўпершыню адкрыўся талент рысавальшчыка і лепшчыка. Мабыць, менавіта тады і прачнулася ў ім жаданне стаць мастаком. Невядома, хто яго падштурхнуў да гэтай прафесіі, але хутка ён апынуўся ў Маскве на Мясніцкай вуліцы- у сценах знакамітага Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Гэта значыць, 90-я гады XIX ст., калі там настаўнічалі такія вядомыя педагогі і мастакі, як Валянцін Сяроў, Апалінарый Васняцоў, Леанід Пастэрнак, Аляксей Сцяпанаў, Абрам Архіпаў, Яўграф Сарокін, Іларыён Пранішнікаў. А сябрамі Казіміра маглі быць Мікалай Сапуноў, Леанард Туржанскі, Павел Кузняцоў. Скажу, што гэтае вучылішча ў 1896 г. было пераўтворана ў вышэйшую навучальную ўстанову, дзе выпускнікі мелі той жа статус, што і выпускнікі Імператарскай Акадэміі мастацтва. Але скончыць яе Кастравіцкаму не давялося (існуе версія: зза "недахопу грошай"). Вядомы факт: у час вучобы Казімір вылепіў псіхалагічны скульптурны партрэт цара Івана Жахлівага. І ніхто тады не сумняваўся, што з гэтага таленавітага студэнта атрымаецца сапраўдны Мастак з вялікай літары. І наогул, Кастравіцкі атрымліваў "па культуры першыя нумары" - такая паметка стаіць на хадайніцтве студэнта аб вызваленні яго ад аплаты за навучанне. У пасведчанні, якое было выдадзена яму ў 1890 годзе, гаворыцца, што па скульптуры ён займаўся вельмі паспяхова (ЦДЛА ў Маскве, вопіс 2, справа К404). А можа, прычынай яго сыходу з вучылішча было нешта іншае, напрыклад, захопленасць вершаскладаннем, бо ўжо на пачатку 90-х з'явіліся яго першыя вершы на беларускай мове "Нёман", "Згадка пра Галубка", "Наш сымболь", "Наш покліч", "Ой, у полі вецер вее...", і літаратурнае пяро перамагло пэндзаль і аловак? А тут яшчэ на гэты час прыйшлося і каханне, якому ён, кажуць, прысвяціў цэлы цыкл вершаў пад назвай "Спяванні мілосныя "Каханне Каганца". Дзе яны цяпер, гэтыя творы?..

Але існуе версія, што пасля таго, як Каганец кінуў вучылішча, ён махнуў у Пецярбург і апынуўся ў Цэнтральным вучылішчы мастацтва і рамёстваў, якое заснаваў банкір і прамысловец барон Аляксандр Штыгліц. Але, маўляў, не вытрымаў сырога клімату і вярнуўся на радзіму. Можа, і так, аднак ніякіх дакументаў наконт гэтага факта я пакуль не знайшоў. Так ці інакш, у красавіку 1899-га ўсё скончылася вяселлем 30-гадовага Казіміра Карлавіча Кастравіцкага з Ганнай Канстанцінаўнай Пракаповіч і пераездам маладой сям'і на Койданаўшчыну ў фальварак Лісіныя Норы ў Прымагіллі. А прыкладна ў гэты ж час яго далёкі стрыечны пляменнік Вільгельм Кастравіцкі ўпершыню закахаўся ў 17-гадовую мадэмуазэль Лінду Маліна да Сільва. Але - нічога добрага, у адрозненне ад дзядзькі Казіміра, з гэтай любоўнай гісторыі не выйшла. Урэшце, з жанчынамі Гіёму і потым не вельмі шанцавала, не лічачы сямігадовай сувязі з Мары Лорансэн, якая ў выніку збегла ад яго да іншага. Затое ў Казіміра - аж чатыры дзіцяці. Але гэта будзе потым...

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"