Белы Лебедзь Генрыха Вейсенгофа

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

“Пленэр” яго жыцця: Русаковічы...

/i/content/pi/cult/343/6368/15-1.jpg

Генрых Уладзіслававіч Вейсенгоф... Выдатны беларускі мастак, імя якога, на жаль, сёння мала хто ведае ў Беларусі. Праўда, у Польшчы яго лічаць чыста польскім мастаком, бо ён там пачынаў вучыцца, часам туды прыязджаў, і ў Варшаве пайшоў з жыцця ва ўзросце 63 гадоў. Ды і пісаў па-польску. Хтосьці ў Расіі называе яго нават "польскім і літоўскім" жывапісцам, можа, таму, што большасць ягоных твораў знаходзіцца ў музеях Варшавы, Кракава і Вільнюса. Але нельга забываць, што значную частку жыцця Вейсенгоф пражыў у маёнтку Русаковічы Цытвянскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні, толькі зрэдку выязджаючы кудынебудзь у Еўропу, скажам, у Парыж ці Берлін. Маёнтак гэты быў радзімай яго маці, народжанай Быкоўскай. А самае цікавае тое, што амаль усе жывапісныя і графічныя работы ён стварыў менавіта тут, на Міншчыне, у наваколлі Русаковічаў і возера Сяргееўскае. Так што памыляецца яго польскі біёграф В.Кроненберг, які напрыканцы 20-х гадоў імкнуўся прадставіць справу так, быццам бы Вейсенгоф бываў у Беларусі... толькі наездамі. Не, наездамі ён бываў менавіта за мяжой. Мастак "прапісаўся" ў Русаковічах з сям'ёй яшчэ будучы студэнтам Акадэміі мастацтваў напрыканцы 70-х гадоў XIX ст. і знаходзіўся там да сваёй эміграцыі ў Польшчу пасля Кастрычніцкага перавароту 1917-га. А праз пяць гадоў там пайшоў з жыцця...

Дапоўню, што, акрамя ўласна беларускага месца пражывання, мастак удзельнічаў практычна ва ўсіх буйных выстаўках, якія праходзілі ў Беларусі на пачатку ХХ ст., у тым ліку і ў самай прадстаўнічай - 1911 года, дзе прымалі ўдзел беларусы і літоўцы Л.Альпяровіч, Я.Кругер, Ф.Рушчыц, С.Сестжэнцэвіч, М.Чурлёніс, А.Жмуйдзінавічус, украінец І.Яроменка. Вейсенгоф прадставіў тут сваю "знакавую" карціну "Прадчуванне" і колькі бліскучых эцюдаў.

Трэба падкрэсліць, што аб працягласці сувязей мастака з нашай зямлёй сведчыць з'яўленне і першых, і больш позніх яго "галоўных" работ, у саміх назвах якіх зазначаецца: яны створаны менавіта ў Беларусі ("Беларускія паляўнічыя", "Могілкі ў Русаковічах", "Стары двор Русаковічы", "Дарога на Рудзенск", "Летні дзень у Русаковічах", "Куток у Польным", "Від Палесся"). Дарэчы, цудоўная карціна "Паляўнічыя з сабакамі" была паказана на Выстаўцы выяўленчага мастацтва БССР у Маскве ў 1940-м, калі аўтара ўжо 18 гадоў не было ў жывых.

/i/content/pi/cult/343/6368/15-2.jpgЦікава, што Вейсенгоф удзельнічаў і ў афармленні сельскагаспадарчай і рамесна-прамысловай выстаўкі 1901 г. у Гарадскім садзе Мінска (каля Свіслачы), для якой, па просьбе яе арганізатара Карла Чапскага, роднага брата гарадскога галавы Караля Яна Аляксандра Гутэн-Чапскага, зрабіў цудоўны эскіз дыплома за лепшыя дасягненні ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці. У "сюжэце" дыплома мастак адлюстраваў багацці і выдатнасці, адметнасці і славутасці беларускай зямлі. Тут і рабочы з молатам ля кавадла на фоне сельскага пейзажу, і паляўнічы з сабакам, і касец са жняёй, якія напаўляжаць у цэнтры кампазіцыі на версе аркі, абапершыся на свае прылады. Іхнія фігуры - гэта своеасаблівае завяршэнне аркі, што абрамляе пейзаж з конямі, курамі і каровамі. Не забыў мастак увесці ў сюжэт і возера з рыбацкімі лодкамі, і густыя лясныя нетры з медзведзянятамі. Падкрэслю, ён быў выдатным паляўнічым, і гэтае захапленне скарыстаў у сваім мастацтве на ўсе сто. Тое зразумела: лепшых мясцін для палявання, чым лясы, азёры і велізарныя паплавы, якія цягнуліся на многія вёрсты ад Варонічаў да Русаковічаў, нельга было знайсці. І ў сезон палявання сюды з'язджаліся паляўнічыя з самых аддаленых куткоў Беларусі. Затрымліваліся яны, як правіла, у Вейсенгофа і яго дачкі Жазэфіны, у іхнім маёнтку Русаковічы, дзе было каля 80 двароў і 500 жыхароў, а таксама ў суседніх фальварках Дудыцкай воласці - Бахаравічы (таксама належыў Вейсенгофам), Ступня, Слабодка і Сосанка. Так што сумаваць мастаку і паляўнічаму Генрыху Вейсенгофу і яго сябрам не даводзілася, і жыццё ішло па-шляхецку весела, пакуль не грымнула рэвалюцыя.

Акрамя таго, Генрых Вейсенгоф яшчэ быў і палымяным калекцыянерам-збіральнікам, які цягам многіх гадоў сабраў у маёнтку Русаковічы ўнікальныя каштоўныя скарбы беларускай культурнай спадчыны. У ягонай калекцыі, паводле ўспамінаў яго сучаснікаў, знаходзіліся партрэты пэндзля В.Ваньковіча і Я.Рустэма, "Аўтапартрэт" Я.Дамеля 1826 г., мноства пейзажаў і гравюр старых еўрапейскіх майстроў, прадметы беларускага народнага мастацтва, колькі слуцкіх паясоў, узоры ўрэцкага шкла, старадаўнія іконы і драўляныя скульптуры. На жаль, лёс гэтага багацця невядомы. Можа, калекцыя згінула ў Русаковічах у пажары рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, можа, мастак, уцякаючы ад бальшавікоў, усё ж паспеў вывезці калекцыю за мяжу (хаця па сённяшні дзень яе слядоў не выяўлена), хто ведае... Расказваюць, што адна карціна Вейсенгофа як нікому не патрэбная рэч доўга валялася ў кладоўцы мясцовай школы, але потым была разам з хламам і смеццем спалена пад час правядзення ленінскага суботніка. Відаць, засталіся "віртуальныя" негатыўныя водгукі 30-х гадоў, калі беларускі крытык А.Касцялянскі напісаў, што рэалізм жывапісу Вейсенгофа не ўяўляе ніякай каштоўнасці. І падабраў мастаку адпаведны сацыяльна-класавы эквівалент: "У сваіх работах Вейсенгоф адлюстроўваў ідэалогію галоўным чынам чыноўнікаў і шляхты, якая разбурылася". А між тым, гэта быў мастак, сапраўдны рэаліст у вышэйшым сэнсе слова, які ўсё жыццё маляваў і рысаваў дзівосныя ды яркія палотны, прысвечаныя Беларусі. А вось пра ўласна польскія тэмы і сюжэты ў жывапісе Вейсенгофа, па праўдзе кажучы, я штосьці не ведаю.

Маёнтак Пакрэўны Рокішкскага павета Ковенскай губерні (калісьці гэта быў заходні вугал ВКЛ) - радзіма мастака. Ён належыў яшчэ яго дзеду Івану (Яну) Вейсенгофу, прадстаўніку старажытнага шляхецкага роду герба "Лебедзь". Род, што запісаны ў VI частцы радаслоўнай кнігі Віцебскай губерні, вёў пачатак ад Івана Вейсенгофа і яго сына Міхаіла, якія атрымалі ў другой палове XVII ст. за верную службу на карысць дзяржавы немаленькія маёнткі ад каралёў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

У бацькі нашага героя, пісьменніка Уладзіслава Вейсенгофа, было тры сыны: старэйшы - Генрых, сярэдні- Іосіф, белетрыст, аўтар цікавых паляўнічых апавяданняў, і малодшы - Эдвард, які адзіны з усёй сям'і пахаваны ў Русаковічах. Лёс іхняга бацькі склаўся даволі драматычна. Чалавек вельмі прагрэсіўных поглядаў, ён без усякіх сумневаў прыняў актыўны ўдзел ва ўзброеным паўстанні 1863 года. І што адбылося? Пасля задушэння паўстання Уладзіслаў Іванавіч Вейсенгоф быў арыштаваны і адданы пад суд. Аднак прысуд быў адносна мяккі: ссылка ў Сібір. А мог пры іншым "раскладзе" выклапатаваць і шыбеніцу... У хуткім часе яго жонка з цяжкасцю атрымала дазвол царскіх улад, і, узяўшы з сабой дзяцей - пяцігадовага Генрыха і чатырохгадовага Іосіфа, - паехала, як тая мужная дзекабрыстка, услед за мужам у халодны сібірскі край, у гарадок Кунгур (гэта за 80 вёрст на паўднёвы ўсход ад Пярмі). Як піша В.Кроненберг, "...падарожжа да Кунгура параходам па Волзе і Каме, а затым - сярод дзікіх лясоў і скал, зрабіла на будучага мастака незабыўнае ўражанне". Канешне, суровая "манументальная" прырода сібірскай зямлі з яе велічнымі і імклівымі рэкамі, каласальнымі пячорамі, лёдзістымі гротамі са сталактытамі, празрыстымі азёрамі, лугавымі зараснікамі парэчкі і ажыны не магла не ўразіць, тым больш - людзей з прыродным эстэтычным чуццём, да якіх, безумоўна, належыў і наш герой.

Першыя ўрокі рысавання хлопчык атрымаў у паплечніка Кастуся Каліноўскага - ссыльнага жывапісца Люцыяна Крашэўскага, выхаванца Свіслацкай гімназіі, двараніна Гродзенскай губерні, які "пісаў сцэны з жыцця зняволеных і прывіў Г.Вейсенгофу любоў да жывапісу". Ён быў братам вядомага гісторыка, пісьменніка, этнографа, грамадскага дзеяча і таксама мастака Іосіфа (Юзэфа) Крашэўскага.

Увесну 1868 г. Люцыян Крашэўскі па амністыі быў вызвалены, і яму давялося выправіцца не на радзіму, куды ўезд быў забаронены, а ў Варшаву, дзе ён стаў - адным з першых у Польшчы - выдатным майстрам прафесійнай фатаграфіі. Дык вось, менавіта гэты чалавек знайшоў у юнака Генрыха тыя парасткі мастакоўскага таленту, якія потым ператварыліся ў буйное зялёнае дрэва. Праз шэсць гадоў, у 1874-м, быў амнісціраваны і бацька Вейсенгофа, які таксама разам з сям'ёй апынуўся ў сталіцы Каралеўства Польскага - тагачаснай калоніі Расійскай імперыі. Урокі Люцыяна Крашэўскага не прайшлі дарма: Генрых без праблем паступіў у мастацкую школу прафесара Войцэха Герсана, пейзажыста, гістарычнага жывапісца, літографа і цудоўнага настаўніка. Сярод яго вучняў - прадстаўнікі дэмакратычнага рэалізму: Казімір Альхімовіч, Юзэф Хелмоньскі, Вацлаў Хадкоўскі, Ганна Былінская, Мілаш Катарбінскі, Людамір Бенедыктовіч, Юзеф Панкевіч - імёны, дастойныя згадкі...

І так здарылася, што менавіта ў Варшаве Генрых сустрэў выдатнага жывапісца, акадэміка Імператарскай Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтва Семірадскага, таксама Генрыха, дарэчы, паляка па паходжанні. Прагледзеўшы некаторыя творы маладога Вейсенгофа, Семірадскі сказаў: "Усё добра, але вам трэба працягваць вучыцца ў Пецярбургу. Я вам дапамагу..." Акадэмік сваё слова стрымаў, і ў 1879-м Генрых Вейсенгоф апынуўся ў горадзе на Няве. Акадэмія сустрэла яго ветліва, і на цэлых пяць гадоў узяла яго ў салодкі "палон", дзе ён пачуваў сябе вельмі прыемна. Спачатку Генрых наведваў майстэрню пейзажыста Мікалая Клодта, потым майстэрню вучня К.Брулова, акадэміка і прафесара-баталіста Багдана Вілевальдэ. Яшчэ будучы студэнтам Генрых атрымаў і першую ў сваім жыцці ўзнагароду- сярэбраны медаль за эскіз карціны "Перавозка параненых". Але фігуратыўным "карціншчыкам" ён не стаў...

Адразу пасля заканчэння Акадэміі мастак з'ехаў да маці ў маёнтак Русакевічы, які і стаў для яго на доўгія гады і "храмам", і "майстэрняй". Тут ён зрабіўся сапраўдным беларускім паэтам-пейзажыстам. Паэтычнасць ягонага жывапісу выяўляецца і ў колеравых спалучэннях, у лёгкіх і пяшчотных дакрананнях пэндзля да палатна. Прастора пейзажаў разгортваецца ў глыбінях праз шэраг прыродных дэталей і прадметаў: разгалістыя дрэвы, стагі ў снежных шапках; старыя надмагільныя крыжы, пад якімі пахаваны нашы продкі; азёры з жоўтымі гарлачыкамі, някідкія, сціплыя, несамавітыя сялянскія хаткі; аднапавярховыя фальваркава-шляхецкія дамы, з высокімі дахамі і пабеленымі калонамі на ганку, з блакітнымі аканіцамі, якія былі тысячамі раскіданы па Беларусі-матулі. А яшчэ - беларускае балота, купіна з жорсткімі грывамі сіўцу, сітнягу і шпажніку. У карцінах Вейсенгофа ўсё стварае асабістыя сілавыя палі: радзіма ў яго адлюстраванні- трапятлівая, поўная ўнутранай дынамікі, хаця на першы погляд - ціхая, спакойная, маўклівая. Карціны Вейсенгофа - адзіны жывапісны арганізм, цэласны, створаны ў свабодным рытме прасветленага жывапісу. Матывы - простыя і непатрабавальныя, у асноўным, прамяністыя сельскія натурныя "сюжэты", гэта значыць, наваколле Русаковічаў, дзе шмат лірыкі, інтымнасці, узвышанай мудрасці. І Вейсенгоф паўстае перад намі як адзін з першаадкрывальнікаў той цудоўнай велічнасці, якую можа выявіць у Беларусі толькі ўлюбёны пэндзаль.

Карціна "Снег" у 1888-м была адзначана яшчэ адной прэміяй на акадэмічнай выстаўцы у Пецярбургу, а праз 12 гадоў на Парыжскай мастацкай выстаўцы мастак атрымаў за гэтую ж работу сярэбраны медаль. Я не бачыў гэтага палатна ў арыгінале, але вось што піша пра яго той жа Кроненберг: "...Калі "Снег" быў прадстаўлены на выстаўцы Таварыства заахвочвання выяўленчых мастацтваў у Варшаве, імя Вейсенгофа адразу стала вядомае, і не таму, што ён атрымаў сярэбраны медаль у Парыжы, а таму, што асляпіў усіх бляскам свайго снегу - невыказна белага, халоднага, пухнатага. Падаючыя прамяні сонца надаюць яму дзівоснае трапятанне..."

Вялікім поспехам карысталіся і іншыя пейзажы мастака. Так, за палатно "Могілкі ў Русаковічах" у 1891-м Вейсенгоф атрымаў у Берліне ганаровую прэмію, а праз тры гады ў Львове - вялікі залаты медаль за пейзаж "Куток у Польным". А колькі ў яго творчасці паляўнічых сцэн: ад буйной работы "Беларускія паляўнічыя" 1889 г. да апошніх у жыцці эцюдаў і карцін з адлюстраваннямі ласёў, мядзведзяў, ганчакоў і іншай жывёлы, звязанай з паляўнічымі справамі!

А вось карціна "Прадчуванне", на мой погляд, як бы выходзіць за рамкі яго традыцыйных тэм і сюжэтаў. Гэта не проста пейзаж, як яго прадстаўлялі такія вядомыя мастацтвазнаўцы, як наш Л.Дробаў ці масквічка М.Арлова ў сваёй кнізе "Искусство Советской Белоруссии". Гэта не проста "ўскраіна беларускай вёскі". Гэта не проста "напаўразбураная хата, у акне якой гарыць скупы агеньчык" і "размытая дарога стала непраходнай". "Але гарызонт ужо ачысціўся ад хмар, і патокі святла хлынулі ў вольным паветры на абмытую дажджом зямлю. Яшчэ адно імгненне- і яны зальюць сваім усяладным, магутным святлом убогую вёсачку, і жыццё ў ёй стане іншым". Іншымі словамі, паважаныя крытыкі звязваюць гэтую карціну з асабістымі перажываннямі Вейсенгофа, якія былі выкліканы паражэннем рэвалюцыі 1905 года. Але самае цікавае тое, што ў гэтым палатне яны, мастацтвазнаўцы, не заўважылі галоўнага вобраза - вобраза Жанчыны з касой - Смерці, якая ў цэнтры кампазіцыі ідзе з глыбіні па дарозе проста на гледача! Праўда, аўтар выпісаў яе як бы эскізна, даволі няясна, цьмяна, і пры беглым аглядзе гэты "персанаж" адразу і не заўважыш. Такім чынам, "Прадчуванне" - зусім не пра светлыя надзеі мастака на "іншае жыццё"...

Тым не менш, Генрых Вейсенгоф усё жыццё быў вялікім аптымістам і чалавекалюбцам. Не ведаю, як ён пачуваў сябе пасля эміграцыі ў Польшчы, але хочацца думаць, што тую Беларусь, якую так любіў і якую так цудоўна маляваў, ніколі не забываў...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"