Эпапея аднаго з роду Ельскіх...

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Скульптар з Эйсмантаў у “доме Франка”

/i/content/pi/cult/339/6282/15-2.jpg

Казімір Ельскі... Гэтае імя ў нас амаль забытае. Праўда, у 1985 годзе ў "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі" ў некалькіх сціплых радках Леаніда Дробава, першаадкрывальніка шэрагу забытых імёнаў беларускіх творцаў, усё ж з'явілася імя гэтага таленавітага скульптара-класіцыста і тэарэтыка мастацтва. Штосьці пісаў пра яго і пра старажытны род Ельскіх і Адам Мальдзіс. Але ніводнага фундаментальнага артыкула пра жыццё і творчасць Казіміра Ельскага я так і не сустрэў. Можа, таму, што работ мастака, на вялікі жаль, у музеях Беларусі няма? Уся яго ацалелая спадчына захоўваецца ў Літве і Польшчы. У Вільнюсе, напрыклад, сёння некалькі яго скульптур упрыгожваюць інтэр'еры Кафедральнага сабора і ўніверсітэта.

Канешне, жыццё Ельскага - мастака і педагога - ніяк не ўкладваецца ў рамкі авантурнага альбо дэтэктыўнага рамана: у рэвалюцыйных падзеях ён не удзельнічаў, да філарэтаў-філаматаў адносін не меў, высылкай, як некаторыя ягоныя ўніверсітэцкія равеснікі і сучаснікі, пакараны не быў. Ды і за мяжу Віленшчыны, акрамя як у Пецярбург, не выязджаў.

Між тым Ельскі зрабіў вельмі шмат для станаўлення беларускай прафесійнай скульптуры і падрыхтоўкі творчых кадраў на мастацкам факультэце Віленскага ўніверсітэта, дзе ён прайшоў шлях ад кандыдата, магістра мастацтва і ад'юнкта да прафесара. Але сваё важкае слова ён, безумоўна, сказаў менавіта ў станковай, манументальнай і дэкаратыўнай скульптуры, а таксама - у камернай і дробнай пластыцы. А яго трактат "Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу" (на польскай мове), дзе ён падрабязна разглядае праблему сучаснага яму сінтэзу выяўленчых мастацтваў і дойлідства, і сёння, праз 190 гадоў, чытаецца з інтарэсам.

У будучым годзе споўніцца 230 гадоў з дня яго нараджэння. Пра дзяцінства Казіміра Ельскага мала што вядома. Аднак пра бацьку - Караля Ельскага, даволі вядомага ў тыя часы скульптара, сёе-тое сустракаецца. Зрэшты, першыя ўрокі рысавання і лепкі Казік атрымаў менавіта ў бацькі. Караль Ельскі напрыканцы XVIII ст. ужо быў вельмі вядомым мастаком, аўтарам шэрагу скульптурных твораў у Заслаўі, у Кухцічах на Уздзеншчыне, Цэпры каля Клецка, упрыгожыў Віленскі кафедральны сабор і касцёл бернардынцаў у Троках. Дарэчы, старэйшы яго сын, брат Казіміра, таксама штосьці ляпіў і нават зрабіў фігуры прарокаў Іерэміі і Ісаі для алтара віленскага касцёла Святых Пятра і Паўла.

А шляхецкі род Ельскіх, які пусціў свае карані на прасторах Міншчыны і Гродзеншчыны, на Беларусі вядомы ажно з XVI ст. Ёсць версія, што якраз у Эйсмантах пад Гродна і нарадзіўся Казімір Ельскі. Але найярчэйшыя старонкі жыцця вялікага роду Ельскіх звязаныя з Дудзічамі і Замосцем. Таму вёска Дудзічы і, побач з ёй, Замосце вартыя таго, каб назаўсёды ўвайсці ў прастору беларускай культуры. Менавіта адсюль, трошкі пазней за мастака Казіміра Ельскага, выйшаў цэлы "клан" Ельскіх - выдатных дзеячаў у самых розных сферах гуманітарнага жыцця. Перш за ўсё, гэта пісьменнік, этнограф, гісторык, перакладчык, краязнаўца і публіцыст, "першы беларускі энцыклапедыст" Аляксандр Ельскі, аўтар унікальных даследаванняў "Адам Міцкевіч на Беларусі" (ён жа пераклаў з польскай мовы на беларускую "Пана Тадэвуша"), "Аб беларускім говары", "Пра Беларусь", "Гістарычныя весткі пра радзівілаўскую ткацкую фабрыку паясоў у Слуцку", "100 прыказак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага (крывіцкага) народу". Акрамя таго, ён справядліва лічыцца прадаўжальнікам традыцый В. ДунінаМарцінкевіча. У апавяданнях і вершах "Сынок", "Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п'яніцы", "Выбіраймася ў прочкі!..", "Яніцы" ён як сапраўдны асветнік заклікаў да захавання ментальнасці беларускага сялянства, яго звычаяў і нораваў... Старэйшы ж брат Аляксандра, скрыпач, кампазітар і музычны крытык Міхал Ельскі ў сваіх творах шырока выкарыстоўваў народны мелас.

Сёння род Ельскіх раскіданы па многіх краінах свету - Расіі, Украіне, Германіі, Францыі, Літве... Не так даўно некаторыя прадстаўнікі фаміліі збіраліся ў Данецку, гасцюючы ў прафесара Віктара Ельскага, праўнука Канстанціна Ельскага, ураджэнца маёнтка Ляды Ігуменскага павета, каб адзначыць слаўную дату - 500-годдзе дынастыі. Як я ведаю, на гэтыя ўрачыстасці быў запрошаны і Адам Мальдзіс.

Дык вось, вяртаюся да свайго героя. Мне цяжка пераканаўча сказаць, якімі роднаснымі ніткамі Аляксандр Ельскі звязаны з Казімірам Ельскім і яго бацькам Каралем (прашу не блытаць з іншым Каралем Ельскім, уладальнікам маёнткаў Дудзічы і Замосце, татам скрыпача-віртуоза Міхала і славутага Аляксандра). Але, канешне ж, усе гэтыя Ельскія звязаны адным сваяцкім ланцужком.

Калі Казіміру споўнілася 18 гадоў, бацька аддаў яго ў Галоўную віленскую школу, якая ў 1803 г. была пераўтворана ў Імператарскі Віленскі ўніверсітэт. Тады тут вучылася каля 300 студэнтаў, а за 25 наступных гадоў іх колькасць вырасла да 1320 чалавек - больш, чым займалася ў той час у знакамітым Оксфардзе! Юнаку пашанцавала і тут: яго навучалі цудоўныя настаўнікі. Урокі жывапісу вялі Францішак Смуглевіч і Ян Рустэм, архітэктуры- Міхаіл Шульц, скульптуры - Анрэ Лебрун, прыдворны мастак караля Станіслава Аўгуста. У гэты час Лебрун якраз кіраваў кафедрай скульптуры. Атрымаўшы ступень магістра мастацтва, Казімір ў 1810 г. (ці, паводле іншых звестак, у 1809-м) паехаў у Санкт-Пецярбург, дзе каля года ўдасканальваў сваё майстэрства ў галіне лепкі, а потым зноў вярнуўся ў Вільню, у сваю alma mater, і пасля смерці Лебруна стаў загадчыкам кафедры скульптуры.

За гады сваёй педагагічнай дзейнасці Казімір Ельскі выхаваў дзясяткі вучняў. Многія з іх потым сталі выдатнымі мастакамі: Рафал Слізень, Генрых Дмахоўскі, Ян Астроўскі, Клеменс Барычэўскі, Фелікс Сівіцкі... І хаця вучэбная праграма ў сваёй аснове заставалася па-ранейшаму класічнай (студэнты вучыліся мадэляваць фігуры па грэчаскіх узорах), Ельскі дапоўніў яе новым параграфам: як мага больш працаваць з жывой натурай, што дае маладому чалавеку магчымасць адчуваць сябе свабодным і разняволеным у творчых пошуках. Акрамя практычных заняткаў, загадчык кафедры асаблівую ўвагу надаваў і тэорыі скульптуры.

Можна дапусціць, што жыццё Казіміра Ельскага, канешне ж, не абмяжоўвалася сценамі ўніверсітэта, бо культурны рух у Вільні ішоў тады з вялікім размахам. Пісьменнік Іван Лажачнікаў так пісаў пра яе: "Гэты горад не вялізны, але больш прыгожы, больш шматлюдны і больш жывы, чым многія губернскія гарады Расіі". Галоўную ролю ў культурнай прасторы Вільні іграў тэатр, дзе не толькі фарміраваліся перадавыя эстэтычныя погляды, але і нараджаліся ідэалы асветніцтва. Калі Ельскі вучыўся на трэцім курсе ўніверсітэта, з Мінска прыехаў антрэпрэнёр М.Кажынскі і стаў уладальнікам мясцовага тэатра. У будынку былога радзівілаўскага палаца штотыдзень давалі тры спектаклі, якія праходзілі ў суправаджэнні цудоўнага аркестра. Дарэчы, публічныя музычныя канцэрты (часта з удзелам замежных музыкантаў) праводзіліся і ў віленскіх касцёлах, асабліва ў касцёле Святога Яна, дзе любіў бываць Казімір.

 З іншага боку, у першыя дзесяцігоддзі XIX ст. Вільня была і своеасаблівым "ЛасВегасам" паўночна-заходніх рэгіёнаў Расійскай імперыі, дзе - у асноўным, восенню і зімой - праводзіла свой вольны ад сезонных прац час вясковая шляхта. Як узгадваюць сучаснікі, багатыя шляхціцы растрачвалі свае дукаты ў рэстаранах або за картачным сталом пад час гульні ў "фараон", дамы - на брыльянты і строі, якія ў Вільні былі не горш за французскія. Я нічога не ведаю пра асабістае жыццё Казіміра Ельскага (аўтабіяграфій ён не пісаў, успамінаў сучаснікаў аб ім я таксама не бачыў), але па ўскосных даных і па яго сімпатыях да тых людзей, каго ён ляпіў, можна "напісаць" "віртуальны" партрэт скульптара.

Жыў ён у старадаўнім двухпавярховым доме №1 ("Дом Франка") на вуліцы Дыджоі (Вялікая вуліца) у старой частцы Вільні (у савецкія часы - вуліца Горкага) разам з такімі выдатнымі асобамі, як прафесар-медык Ёзаф Франк (дом якраз называўся па ягоным імені), біёлаг і хімік Анджэй Снядзецкі, архітэктар Міхал Шульц... Між іншым, тут у снежні 1812 г. пры адступленні напалеонаўскай арміі спыняўся Мары-Анры Бейль - будучы Стэндаль. Дарэчы, прабыванне Напалеона ў Вільні ніяк не адбілася на лёсе Ельскага, які за год да таго паспяхова ўзначаліў універсітэцкую кафедру скульптуры на пасадзе ад'юнкта (ад'юнкт - памочнікасістэнт, намеснік прафесара, а прафесарам ён стаў толькі ў 1829 г.). Хутчэй за ўсё, Ельскі, як і большасць віленчукоў, летам 1812-га сустрэў французаў як "вызваліцеляў" ад прыгнёту самаўладдзя, якія, як меркавалася, вернуць незалежнасць ВКЛ і Рэчы Паспалітай. І потым, калі французская эпапея драматычна скончылася, Ельскі ў сваёй творчасці неаднойчы вяртаўся да гэтай тэмы і да асоб тых землякоў, што ўдзельнічалі і ў паўстанні Касцюшкі, і ў паходах Напалеона. Сярод такіх твораў- надмагільны помнік Юзафу Касакоўскаму, баявому сябру Тадэвуша Касцюшкі, брыгаднаму генералу літоўскіх войск у арміі Напалеона, які пасля Барадзіна тры дні (з 28 верасня 1812 г.) быў генерал-губернатарам Масквы, а потым перапраўляўся праз Бярэзіну, а далей быў сведкам адрачэння Напалеона ад імператарскай кароны ў Фантэнбло. І ўсё ж вярнуўся на радзіму, дзе ў парку свайго маёнтка ў Лупонах паставіў помнік... каню, на якім удзельнічаў у напалеонаўскіх кампаніях.../i/content/pi/cult/339/6282/15-1.jpg

 А вось яшчэ адзін скульптурна-архітэктурны надмагільны помнік разца Ельскага: генерал Томаш Ваўжэцкі. Ён нарадзіўся ў Відзах (Віцебская губерня) і там жа памёр у 1816 г. Таксама удзельнік паўстання Касцюшкі. Пасля бою пад Мацэёвіцамі, дзе Касцюшка быў паранены і ўзяты ў палон, стаў замест яго галоўнакамандуючым паўстанцамі-касінерамі. Аднак таксама аказаўся паланёным. У 1796 г. прысягнуў імператару Паўлу, і за гэта быў разам з 12 000 палякаў і беларусаў вызвалены. Праз 19 гадоў, за год да смерці, стаў міністрам юстыцыі Каралеўства Польскага. Пахаваны ў Відзах (цяпер -Браслаўскі раён). На яго надмагільнай пліце надпіс: "Томаш Ваўжэцкі - сябра і калега Т. Касцюшкі, удзельнік і кіраўнік паўстання 1794 г." Дарэчы, у 1994 г. у Беларусі выйшла ў свет прыгожая паштовая марка, прысвечаная гэтаму чалавеку, каго ў свой час добра ведаў малады Казімір Ельскі.

 І сярод партрэтных твораў Ельскага таксама вобразы далёка не шараговых асоб: князь, маршал Францыі Юзаф Панятоўскі, куратар Віленскай вучэбнай акругі, князь Адам Ежы Чартарыйскі, біскуп віленскі, першы рэктар універсітэта Геранім Страйноўскі, выдатны мастак і педагог Францішак Смуглевіч, заснавальнік літоўска-беларускай ветэрынарыі, анатам і заолаг Людвіг Генрых Баянус, выдатны медык і прафесар, улюбёнец студэнтаў Адам Бялькевіч, канешне, знакаміты Іяхім Ігнацый Літавор Храптовіч, буйной бібліятэкай якога малады Казімір Ельскі карыстаўся разам з сябрам Лелявелем ды іншым рэктарам універсітэта, прафесарам Я.Снядзецкім.

А вось колькі ён зрабіў скульптурных кампазіцый для інтэр'ераў розных вялікіх і малых касцёлаў - дакладна невядома. Найбольш значныя - 13 гіпсавых фігур каралёў дынастыі Ягелонаў і святых ордэна езуітаў у нішах бакавых парталаў порцікаў віленскага рімска-каталіцкага кафедральнага сабора Святых Станіслава і Уладзіслава (каля падножжа Замкавай гары); чатыры фігуры прарокаў у прэсбітэрыі (паміж нэфам і алтаром) ва ўсходняй частцы "жамчужыны барока" - касцёла Святых Пятра і Паўла ў Вільні (тут жа- карціна Ф.Смуглевіча "Развітанне Святых Пятра і Паўла"). Акрамя Вільні, Ельскі працаваў і ў іншых тагачасных беларускіх гарадах і мястэчках, напрыклад, стварыў фігуры святых у касцёле місіянераў у Краславе Віцебскай губерні (цяпер - Латвія), рэстаўраваў Ратушу ў Коўна, зрабіў ляпныя ўпрыгожанні Пажайсляйскага манастыра.

У апошнія тры дзесяцігоддзі свайго жыцця Казімір Ельскі працаваў мала. Відаць, на яго моцна ўздзейнічала спачатку ліквідацыя кафедры скульптуры ў 1826 г., потым, праз 6 гадоў, закрыццё самога ўніверсітэта, якому ён аддаў лепшыя свае гады... А паміж імі Ельскаму знайшлі пасаду захавальніка невялічкага кабінета скульптуры пры ўніверсітэце, але што гэта за праца? І даводзілася гэтыя 6 гадоў паралельна працаваць над дэкорам універсітэцкіх карпусоў... Памёр Казімір Ельскі ў 1867 годзе ў Вільні, але ніякіх газетных і часопісных некралогаў і ўспамінаў сучаснікаў пра гэтую жалобную падзею я не знайшоў...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"