Ключ да мастацтва, або Багатае сэрца Адама Шэмеша

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Той, хто лёгка валодаў пяром і пэндзлем

/i/content/pi/cult/335/6174/15-1.jpg

Ці бывалі вы ў Мінску на вуліцы Адама Шэмеша ў мікрараёне "Вялікая Сляпянка"? Такое пытанне я задаў некаторым сваім сябрам-мастакам і журналістам. Ніхто пра яе не ведаў. Сёй-той штосьці чуў, але хто такі гэты Шэмеш... Карацей, усе паціскалі плячыма. Я, канешне ж, не бяру пад увагу тых рэдкіх даследчыкаў, якія цікавіліся і цікавяцца айчыннай выяўленчай культурай XIX cт. Што і казаць, вельмі прыемна, калі ў нас з'яўляюцца вуліцы, названыя імёнамі выдатных майстроў пэндзля - нашых землякоў Ф.Рушчыца, В.Ваньковіча, І.Хруцкага, П.Сергіевіча, - але грамадскасць, збольшага, аб гэтых асобах ведае няшмат: пра іх няма шырокай інфармацыі ў СМІ, іхнія творы вельмі рэдка выстаўляюцца, малавата і альбомаў ды кніг пра згаданых мастакоў ды іх сучаснікаў. Скажам, пра Шагала, Орду, таго ж Хруцкага, Драздовіча, Бялыніцкага-Бірулю за апошняе десяцігоддзе сёе-тое зроблена. А што да астатніх напаўзабытых творцаў, якія нарадзіліся ды ўзгадаваны на тэрыторыі Беларусі і якія ўнеслі выдатны ўклад у нацыянальную, а таксама ў сусветную культуру? Ужо не кажу пра тое, што па біяграфіях некаторых з такіх творцаў можна смела ставіць кінастужкі, у тым ліку прыгодніцкія і нават - трылеры. Як гэта рабілі замежныя аўтары фільмаў розных часоў, скажам, пра Рэмбранта, Мадзільяні, Эль Грэка, Караваджа, Ван Гога, Полака, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, Фрыду Кало, Хогарта, Камілу Кладэль...

Такім чынам, Адам Шэмеш. Унікальная асоба: паспяховы жывапісецпартрэтыст, графік, ілюстратар, сцэнограф, мемуарыст, мастацкі крытык. Можа, уласна ў галіне выяўленчага мастацтва ён зрабіў не вельмі шмат, у параўнанні з яго сучаснікамі- Я.Сухадольскім, В.Ваньковічам, С.Заранкам, І.Хруцкім, але для мяне асабліва важнае тое, што для Шэмеша цягам жыцця прыярытэтам было развіццё нацыянальнай школы мастацтва на глебе звароту да сваіх уласных каранёў. У гэтым - "ключ" да разумення яго папулярнасці сярод найбольш перадавой часткі беларускага грамадства ХІХ ст. Ён сябраваў з такімі выдатнымі асобамі, як У.Сыракомля, Ю.Крашэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, С.Манюшка, М.Залескі, М.Грабоўскі. А ягоныя ўспаміны пра блізкага сябра Яна Дамеля і пра Віленскую школу жывапісу, надрукаваныя на пачатку 40-х гадоў XIX ст. у віленскім альманаху "Athenaeum" (т. I і т. VI), і сёння лічацца каштоўнымі літаратурнымі дакументамі пра сацыяльна-мастацкае жыццё Беларусі таго часу...

Адам Казіміравіч Шэмеш нарадзіўся ў заможнай шляхецкай сям'і маршалка Ігуменскага павета Мінскай губерні Казіміра Шэмеша, які валодаў маёнткам Барацічы каля Ігумена (сёння - Чэрвень). У сваіх успамінах Ева Фялінская, рэвалюцыянерка, цешча мастака, піша, што Адам з'явіўся на свет "у вялікім, нязграбным старым доме з высокім дахам, са сценамі, счарнелымі ад часу, які, аднак, дзякуючы гасціннасці гаспадароў быў заўсёды прыемны і вясёлы". Пра дзяцінства Шэмеша мне нічога не вядома. Мяркую, яно было шчаслівым і бестурботным. Мабыць, цяга да мастацтваў і гуманітарных навук праявілася ў хлопчыка рана, бо ўжо хутка ён апынуўся ў Віленскім універсітэце, дзе ў сярэдзіне 1820-х, зусім маладым, атрымаў, па некаторых звестках, ступень магістра філасофіі. Але даўняе захапленне жывапісам прывяло яго на факультэт прыгожых мастацтваў да прафесара Яна Рустэма, дзе нейкі час, незадоўга да закрыцця ўніверсітэта, ён вучыўся разам з Юзафам Крашэўскім- будучым пісьменнікам, выдаўцом, мастаком, гісторыкам, этнографам, які двойчы ў сваёй біяграфіі зведаў турэмныя "вабноты", у тым ліку - за ўдзел у віленскіх рэвалюцыйных гуртках пачатку 1830-х гадоў, а потым, у 1880-я, знаходзячыся ў Берліне, - за шпіянаж на карысць Францыі супраць Прусіі. Гэты блізкі сябра Шэмеша яшчэ ўнікальны ў тым плане, што яго літаратурная спадчына налічвае... каля 600 тамоў!

 Віленскі перыяд жыцця Шэмеша, у адрозненне ад Крашэўскага, складаўся бясхмарна, як кажуць, "без праблем". Хачу прывесці маленькі фрагмент з нарыса "Крышталевіч", напісанага мінскім кнігагандляром і біёграфам С.Манюшкі Аляксандрам Валіцкім. Нарыс быў прысвечаны "віленскаму юродзіваму", "бясшкоднаму блазну", паэту-жабраку і былому студэнту ўніверсітэта Яцэку Крышталевічу, таксама тагачаснаму таварышу Адама Шэмеша: "У той час Адам быў яшчэ багаты, і сэрца, як і кішэню, трымаў для сяброў раскрытым". Вельмі цікавае прызнанне для разумення натуры Шэмеша-студэнта. Сяброўскія вечарыны, вясёлыя папойкі, шумныя начныя пагулянкі па Вільні, татальнае вершаплётцтва былі тыповымі для бамондавай моладзі таго часу. Дакладна такім быў і бурны студэнцкі лёс таго ж нястомнага Яна Дамеля і дзясяткаў іншых маладых людзей, ўто на пачатку XIX ст. шумелі і гаманілі ў калідорах універсітэта.

Але добрае і памятнае юнацтва калісьці заканчваецца. Надыходзіць маладосць, якая для юнакоў кшталту Шэмеша і ягоных універсітэцкіх сучаснікаў - Валенція Ваньковіча, Міхаіла Кулешы, Яна Траяноўскага, Цітуса Бычкоўскага, Казіміра Бахматовіча, Кануція Русецкага, Юліяна Карчэўскага, амаль невядомага сёння Генрыха Жукоўскага - у тую неспакойную, бурлівую пару была з многімі "невядомымі". Для Шэмэша сталасць пачалася ў Мінску, куды ён прыехаў пасля ўніверсітэта ў 1831-м, і дзе амаль бязвыезна пражыў цэлых адзінаццаць гадоў, час ад часу наведваючы бацькоўскую сядзібу ў Барацічах. Аднак гэта, нават па тых "верставых" мерках, не вельмі далёка ад Мінска.

 На што ён жыў? Мяркую, на бацькоўскія грошы ды на нязначны заробак на нейкай чыноўніцкай пасадзе. Праўда, былі і перыядычныя замовы на выкананне "хатніх" партрэтаў мінскіх багацеяў і копій ікон для цэркваў. Паслухмяны вучань Рустэма, ён мог рабіць гэта без усякага напружання. Менавіта ў той мінскі час Шэмэш пазнаёміўся з Янам Дамелем і, нягледзячы на тое, што Дамель быў на 28 гадоў старэйшы за яго, моцна пасябраваў з ім. Больш за тое: менавіта Шэмеш упершыню па заслугах ацаніў Дамеля як мастака і чалавека, выдатнага дзеяча культуры на тэрыторыі Беларусі ў сваім нарысе, прысвечаным сябру.

Да новай старонкі жыцця Шэмеша, далёка не такой спакойнай, як было да таго, заставалася ўсяго нічога. Надышоў 1842 год. Ужо не было ў жывых Яна Дамеля і настаўніка Яна Рустэма. Ужо скасавалі дзеянне Статута ВКЛ. Дзесяць гадоў таму быў закрыты Віленскі ўніверсітэт: за ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1830-х...

Новыя падзеі не абмінулі і нашага героя. Па рашэнні царскага суда ён быў высланы ў Херсон (а не ў Харкаў, як піша большасць даследчыкаў). За ім туды выправілася і любімая жонка Паўліна. З якой прычыны ўсё гэта здарылася - дакладна невядома. Біёграфы Шэмеша кажуць: "...За прагрэсіўныя выказванні падвергся рэпрэсіям з боку царскага ўрада"; "...высланы як недабранадзейны грамадзянін..."; "...за ўдзел у нелегальнай дзейнасці...", і г. д. Але канкрэтнага - нічога. Хутчэй за ўсё, гэта было звязана з цеснымі і сардэчнымі ўзаемаадносінамі мастака з гордай і непакорнай сям'ёй Фялінскіх. Цікавы матэрыял пра яе можна прачытаць у нарысе Адама Мальдзіса, які быў надрукаваны ў 2010 г.

Для херсонскага (а не саратаўскага, як можна прачытаць!) касцёла Святых Пія і Мікалая (пазней - Святога Антонія) Шэмеш стварыў ікону Маці Боскай, а яе твар напісаў са сваёй каханай Паўліны. Сёння - гэта касцёл Прасвятога Сэрца Ісуса Хрыста (па вуліцы Суворава, 40). Пасля прабывання ў Херсоне цягам некаторага часу Шэмэшу, якому спрыяў сам губернатар Пестэль, дазволілі пераехаць у Саратаў, дзе пасля сібірскай ссылкі знаходзілася на пасяленні тая самая яго цешча, славутая Ева Фялінская, маці Паўліны.

Гэта была жанчына ўнікальнага лёсу, якая заслугоўвае таго, каб сказаць пра яе некалькі слоў. Род Евы Фялінскай бярэ пачатак у Сярэднявеччы. Прадзед Евы, віцебскі мешчанін Марэк Лытко, за баявыя заслугі ў Інфляндскай вайне перад дзяржавай ВКЛ атрымаў званне двараніна з адпаведным гербам. Ягоны сын Томаш, у сваю чаргу, займеў некалькі маёнткаў на Палессі. А ўнук Марэка - Герард, луцкі шляхціч, у 1811-м ажаніўся з 18-гадовай дзяўчынай Евай. Яе продкі Вендорфы мелі карані ў старажытнай Германіі, але яшчэ ў XVI ст. перабраліся спачатку на паўднёвы ўсход Польшчы, у горад Сандомеж (Сандамір), а потым цалкам абсталяваліся і асіміляваліся на этнічных беларускіх землях. Ева нарадзіла трох дзяцей: спачатку - дачку Паўліну, потым сыноў Алаіза і Зыгмунта.

Больш за тое: Зыгмунт Фялінскі стаў самым вядомым з гэтай сям'і. У юнацтве марыў стаць матэматыкам, вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, наведваў лекцыі ў Сарбоне і Коледжы дэ Франс, дзе раней выкладаў Адам Міцкевіч. Пошукі свайго месца ў жыцці прымусілі яго вярнуцца на радзіму, дзе ён, трошкі правучыўшыся ў духоўнай семінарыі, выехаў у Санкт-Пецярбург і паступіў у Рымска-каталіцкую акадэмію. Бліскуча яе скончыў, і ў 1862 г. - выпадак неймаверны! - Папа Рымскі адразу ж прызначыў яго архіепіскапам Варшаўскім. Але праз год па ўказе Аляксандра II яго адхілілі ад гэтай пасады за маральную падтрымку паўстання 1863-га і саслалі ў Яраслаўль, дзе ён прабыў аж два дзесяцігоддзі. Толькі ў 1883-м яго адпусцілі на волю, і ён з'ехаў у Галіцыю. Астатак жыцця правёў у вёсцы Дзвінячка, дзе праславіўся як сапраўдны абаронца сацыяльных правоў простага люду. Яго пяру належыць цікавая аповесць "Паўліна- дачка Евы Фялінскай"- пра драматычны лёс старэйшай сястры Паўліны, жонкі Адама Шэмеша. 73-гадовы Зыгмунт Шчэнсны Фялінскі памёр у 1895-м, перажыўшы сваю маці на 36 гадоў. У 2010-м быў кананізаваны як святы Папам Рымскім Бенедыктам XVI.

А што да Евы Фялінскай... Яна была пакарана за ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1831 года: актыўна працавала ў віленскім аб'яднанні стваральніка ўплывовага тайнага таварыства "Садружнасць польскага народа" Сымона Канарскага. Больш за тое: Ева асабіста стварыла пры гэтым аб'яднанні філіял "Жаночая суполка" - першую жаночую падпольную арганізацыю на ўсёй беларуска-літоўска-ўкраінскай прасторы. У сярэдзіне 1830-х яе арыштавалі і, разлучыўшы з дзецьмі, адправілі спачатку ў Кіеўскую турму, а потым - у далёкую цюменскую ссылку: у вёску Бярозаў, дзе калісьці разам з сям'ёй мучыліся "птушаня гнязда Пятрова", найсвятлейшы князь Аляксандр Меншыкаў, потым князь Далгарукі, граф Астэрман, дзекабрысты, першыя бальшавікі... Ейнага паплечніка Сымона Канарскага ў лютым 1838 г. расстралялі ў Вільні, іншым жа сябрам па барацьбе з царызмам пашанцавала больш: іх судзілі, жыцця не пазбавілі, а аддалі ў салдаты.

У ссылцы Ева Фялінская шмат займалася літаратурнай дзейнасцю, пісала нарысы пра побыт мясцовых жыхароў - хантаў, мансійцаў, ненцаў. Некаторыя даследчыкі жыцця Шэмеша сцвярджаюць, што ейны рассказ пра няўдалы ўцёк з катаргі беларускага паўстанца Мігурскага, нібыта, пазней, у 1906 г., лёг у аснову апавядання Л.Талстога "За што?". Гэта не зусім так. Па словах самога Талстога, у аснову гэтага твора быў пакладзены сюжэт рамана С.Максімава "Сібір і катарга", выдадзенага на пачатку 1890-х гадоў, а Максімаў, у сваю чаргу, быў натхнёны апавяданнем Уладзіміра Даля "Ссыльны", напісаным яшчэ ў 1849 г. Ва ўсіх гэтых сюжэтах- трагічны лёс ссыльнага польскага паўстанца Вікенція Мігурскага і яго мужнай жонкі Альбіны. Але гэта іншая гісторыя, якая выходзіць за межы нашага апавядання пра Адама Шэмеша.

 Потым Еве Фялінскай усё ж дазволілі выехаць у Саратаў. Вось сюды з Херсона і прыбыў ссыльны Адам Шэмеш разам з цяжарнай жонкай Паўлінай, хаця ейная маці, шкадуючы здароўе дачкі, спачатку была катэгарычна супраць падобнай паездкі. Чым тут займаўся Шэмеш? У асноўным, літаратурнай і мастацкай творчасцю. У сваіх нарысах аналізаваў сучаснае культурнае жыццё радзімы. Па словах Вінцэнта Смакоўскага, Шэмеш "лёгка валодаў пяром, прыносячы мастацтву большую карысць як крытык". Многія публіцыстычныя матэрыялы ён пасылаў з Саратава ў віленскія часопісы і газеты. Але не толькі "лёгка валодаў пяром": шмат працаваў як жывапісец-партрэтыст, пісаў гістарычныя кампазіцыі.

Але тут здарылася вялікае гора: у 1843 г., нарадзіўшы Адаму першынца, Паўліна Фялінская-Шэмеш памерла. Што да яе маці, дык яна пасля пахавання дачкі, узяўшы з сабой маленькага ўнука, вярнулася ў Вільню, дзе друкавала свае "Дзённікі", "Успаміны" і аповесці (напрыканцы 1850-х гадоў выйшла 5 тамоў). А пайшла з жыцця ў 1859-м, на Украіне, у родавым маёнтку Ваюцін, што пад Луцкам...

Такім чынам, у 1846 г. Адам Шэмеш - зноў у Мінску...

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"