“Тут мая душа. Тут і шукайце мяне…”

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Марк Шагал: “Парыж, ты — мой другі Віцебск!”

/i/content/pi/cult/332/6047/pic_27.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 27 - 28.)

...Калі Шагал пакінуў Пэна, то ўладкаваўся працаваць рэтушорам у прыватнае фотаатэлье некага Мешчанінава. Але працягваў шмат рысаваць, галоўным чынам - на натуры. Атрымлівалася, як яму здавалася, добра. І вясной 1907 года "ружовы і кучаравы" Шагал, маючы ў кішэні бацькоўскія 27 рублёў, разам з сябрам Віктарам Меклерам махнуў у Пецярбург, каб заваяваць гэтую хвалёную на ўсе лады сталіцу. Хаця і разумеў, што яму давядзецца пераадолець шмат праблем адносна атрымання пасведчання на права жыхарства ў Пецярбургу. Дапамаглі добрыя людзі, ды і ганарыстасці, пыхлівасці, славалюбства маладому Шагалу было не пазычаць. Цану сабе ён ведаў, бо верыў у сваю шчаслівую зорку.

Аднак першая "атака" на бастыёны выяўленчай творчасці не ўдалася. У Школу мастацтваў і рамёстваў барона Штыгліца яго не прынялі: праваліўся на першым жа экзамене. Нічога страшнага: ёсць яшчэ Рысавальная школа пры Таварыстве падтрымкі мастацтваў, дзе выкладаў сам славуты Мікалай Рэрых. Сюды Шагала ўзялі адразу на трэці курс і далі стыпендыю: 10 рублёў у месяц. А першым настаўнікам стаў сапраўдны зямляк з Віцебска - Рыгор Баброўскі, у натурным класе якога Шагал намаляваў даволі цікавае палатно "Чырвоная натуршчыца, якая сядзіць".

Здавалася, усё ішло цудоўна, жывапісную тэхніку Марка сам Рэрых ставіў за прыклад і "сыпаў добразычлівыя кампліменты". Акрамя таго, у час навучання Шагала падтрымліваў і яшчэ адзін чалавек, родам з Гродна, - вельмі вядомы скульптар Ілья Гінцбург, майстэрня якога знаходзілася ў будынку Акадэміі мастацтваў, а мецэнат барон Давід Гінцбург, буйны спецыяліст у галіне ўсходазнаўства, нават цягам некалькіх месяцаў даваў Шагалу грашовую дапамогу.

Але задавальнення ад вучобы Марк не атрымліваў і ўсё пакутліва думаў, што ж рабіць далей. Так прайшло паўтара года. Пасля раптоўнага сыходу са школы Шагал нейкі час наведваў прыватную студыю Савелія Зайдэнберга, выхаванца Акадэміі мастацтваў, пакуль не перайшоў у Школу мастацтваў Алены Званцавай, "дзе адчуваліся еўрапейскія павевы". Менавіта тут, на Таўрычнай вуліцы, 33, у славутым "Доме з вежамі", яго настаўнікамі сталі зямляк Леў Бакст, а таксама Мсціслаў Дабужынскі.

Бакст, пабачыўшы работы Марка, сказаў: "Сапсаваны, але не канчаткова" - і стаў яго перавучваць. І ўсё ішло пакуль добра: Марк упершыню ўдзельнічаў у студэнцкай выстаўцы ў памяшканні рэдакцыі папулярнага часопіса "Аполлон" і нават дапамагаў Баксту ў яго працы над дэкарацыямі да балета "Нарцыс" у пастаноўцы трупы Сяргея Дзягілева. Дарэчы, разам з Шагалам вучыліся таксама будучыя "зоркі" расійскага "новага мастацтва" Міхаіл Мацюшын і Мікалай Тырса.

Увосень 1909 г., пад час канікулярнага прыезду дадому, Шагал пазнаёміўся з 12-гадовай дзяўчынкай Бэлай Разенфельд, дачкой буйнога мясцовага гандляра ювелірнымі ўпрыгожаннямі. Гэтае знаёмства з будучай жонкай адыграла вельмі важную ролю ў далейшым жыцці мастака/i/content/pi/cult/332/6047/pic_28.jpg - у маральным, побытавым і, што асабліва важна, у творчым плане. Бо без гэтай жанчыны мы не мелі б сёння менавіта такога Шагала...

Так здарылася, што юрыст, грамадскі дзеяч, член Дзяржаўнай думы Расіі Максім Вінавер (родам з Варшавы), якому Шагал як пачынаючы жывапісец з вялікім творчым патэнцыялам прышоўся даспадобы, аплаціў першую паездку 23-гадовага юнака ў Парыж увосень 1910 года. "Вінавер зрабіў мяне мастаком, - пісаў Шагал. - Без яго, хутчэй за ўсё, быў бы фатографам у Віцебску, але пра Парыж не меў бы ўяўлення". Як пісала Анна Ахматава, "...Шагал прывёз у Парыж свой чароўны Віцебск..."

У Францыі Шагал пражыў цэлыя чатыры гады. Я не буду падрабязна апісваць той перыяд: гэта асобная гісторыя. Скажу толькі, што напачатку мастак пасяліўся ў маленечкай кватэрцы на Авеню Мэн, пачуваў сябе самотна, і, паводле ягоных слоў, толькі адлегласць, што аддзяляла Парыж ад Віцебска, утрымала яго ад хуткага вяртання дадому. Потым ён перабраўся ў інтэрнат багемных мастакоў "La Ruche" ("Вулей"), дзе сустрэўся з землякамі Х.Суціным, М.Кікоіным, П.Крэменем, старым сябрам юнацтва яшчэ па Віцебску О.Цадкіным, а таксама з А.Архіпенкам, А.Мадзільяні, Ф.Лежэ, П.Пікаса, Ж.Бракам, Х.Рыверай, Л.Фужыта- іхнія імёны сёння не ведае толькі лянівы.

Тады і пабываў у майстэрні Шагала журналіст Анатоль Луначарскі, які назваў мастака маленькім Гофманам калявіцебскіх трушчоб, паэтам, што імкнецца "выявіць сваю нешараговую душу графічна маляўніча". Сапраўды, у Парыжы Шагал працягваў упарта пісаць Віцебск, стварыў шэраг работ, якія сталі потым знакамітымі. Героі ягоных карцін гэтага перыяду- скрыпач, фурман, гандляр жывёлай, даярка, катрыншчык, паштальён на фоне беларускага вясковага краявіду. "Парыж, ты - мой другі Віцебск!" - паўтараў ён у тыя часы.

Ён вельмі пакутаваў матэрыяльна. Паколькі грошай на палотны не было, пісаў на абрусах, прасцінах і нават на сваёй начной кашулі. Ну, пра гэтыя дэталі пішуць усе, каму толькі хочацца. Менш - пра іншае. Хаця ад Вінавера Шагал атрымліваў немаленькую для юнака стыпендыю памерам 100 франкаў у месяц, а арэнда майстэрні ў "Вулеі" абыходзілася ўсяго... у 50 франкаў у год (сытны абед без віна ў кафэ каштаваў у сярэднім два франкі), тым не менш, скупаваты Шагал эканоміў на ўсім, лічачы за лепшае танны селядзец з агурком, чым нейкія круасаны або рагу з бараніны ў пракуранай і прапахлай анісаўкай "Ратондзе" ці ў рэстаранах "Баці" і "Ле-Вігурэй". Ды і сапраўдных сяброў у Шагала амаль не было, акрамя мо некалькіх французскіх паэтаў (Б.Сандрар, Г.Апалінер, А.Сальмон). "Мне было ўсяго дваццаць гадоў,- казаў Шагал, - а я ўжо навучыўся сцерагчыся людзей". З "багемнымі", часам скандальнымі, мастакаміэксцэнтрыкамі, аматарамі выпіць- А.Мадзільяні, М.Кіслінгам, Ю.Паскіным, М.Утрыло - наогул трымаўся на значнай адлегласці. Не склалася сяброўства і з суседам па майстэрні Хаімам Суціным. Шалёны Суцін пасля чарговай папойкі мог ноччу проста ўзяць і кінуць камень у акно "чыстаплюя" Шагала, які раздражняў яго сваім сур'ёзным стаўленнем да творчасці і "праведным" ладам жыцця.

Такім чынам, гэта чарговая легенда пра блізкае сяброўства Шагала з ягонымі калегамі з Манпарнаса і Манмартра. На самой справе, Шагал дзень і ноч працаваў як чорны вол, і выбіраўся толькі на выстаўкі і ў Луўр. А для шумных кампаній, для весялосці і ўсялякай забавы ў яго не было часу.

У першых "парыжскіх" работах, натуральна, не абышлося без уплыву нованароджаных кубізму, фавізму, арфізму і некаторых іншых найноўшых мастацкіх плыняў ("Галгофа", "Прысвячэнне маёй нявесце", "Hommage a Apollinaire", "Салдат, які п'е", "Я і вёска", "Руская вёска, пабачаная з Месяца", "Скрыпач"). Ды і пазней, у 1920 г., Шагал настальгічна вяртаўся да кубізму (напрыклад, карціна пра віцебскага музыканта-скрыпача з зялёным тварам).

/i/content/pi/cult/332/6047/pic_29.jpgІ тут няма нічога дзіўнага. У мастацтве гэта быў час "буры і націску", гістарычны час вялікага пералому ва ўсёй духоўнай культуры еўрапейскага кантынента. І Шагал намагаўся ісці ў нагу з гэтым часам. У 1912-м у Парыжы ён экспанаваўся ў Салоне незалежных і ў Восеньскім салоне, а таксама накіраваў свае палотны ў Маскву на выстаўкі "Свет мастацтва" і "Асліны хвост". "Я пранік у самое "сэрца" французскага жывапісу... Ніякая акадэмія не дала б мне ўсяго таго, што я пачарпнуў, блукаючы па Парыжы, аглядаючы выстаўкі і музеі, разглядваючы вітрыны..." Гэта - з кнігі "Маё жыццё". У чэрвені - ліпені 1914 г. у берлінскай галерэі Герхарда Вальдена "Der Sturm" бліскуча прайшла персанальная выстаўка жывапісу і гуашы мастака.

Аднак праз месяц, напярэдадні вайны, Шагал вяртаецца на радзіму. 7 жніўня 1915га адбылося вяселле мастака і Бэлы Розенфельд, якая тады навучалася ў акцёрскай студыі самога Канстанціна Станіслаўскага. Праўда, пазней, у 1922 г., з-за траўмы нагі тэатр ёй давялося пакінуць і амаль на 30 гадоў (да самай смерці ў 1944-м) цалкам прысвяціць сваё жыццё любімаму мужу. Большасць карцін даваеннага перыяду творчасці Шагала, безумоўна, навеяны менавіта Музай - Бэлай, якая па праве стала ў шэраг такіх гераінь, як Беатрычэ для Дантэ, Лаура для Пятраркі, Фарнарына для Рафаэля, Саскія для Рэмбранта, Алёна Фоўрмент для Рубенса, Алёна Дзьяканава для Далі, Жанна Эбютэрн для Мадзільяні... ...

Адразу ж пасля вяселля 28-гадовы Марк і Бэла едуць у Петраград, аднак неўзабаве вяртаюцца ў Віцебск і пасяляюцца ў невялікім драўляным дамку насупраць хаты Шагалаў, у якім здымалі два пакоі. У адным з іх Марк абсталяваў майстэрню. З акна яе добра было відаць тую самую Пакроўскую царкву, што Шагал так часта маляваў. Пад час Вялікай Айчыннай вайны гэты дом быў зруйнаваны.

У 1914 - 1915 гадах, знаходзячыся на вялікім творчым уздыме, ён стварыў у Віцебску цыкл з 60 работ-"дакументаў", выкананых алеем, тушшу на палатне, акварэлю, гуашшу і тэмперай, якія перадавалі цалкам рэалістычныя карціны Віцебска, "дачнага" Ліёзна, вёсачкі Заальша (за сем верст ад Ліёзна), а таксама партрэты землякоў, чатыры аўтапартрэты і некалькі фігуратыўных, пейзажных ды інтэр'ерных палотнаў ("У правінцыі", "Дзень нараджэння", "Над Віцебскам", "Гандляр газетамі", "Від з акна. Віцебск", "Гадзіннікі", "Віцебскі рабін", "Чырвоны яўрэй", "Аптэка ў Ліёзне", "Смаленская газета", "Акно на дачы", "Маскоўскі банк у Віцебску").

Трошкі пазней з'явіўся вядомы цыкл паэтычных палотнаў з адлюстраваннем "палюбоўнікаў" - "блакітных", "ружовых", "шэрых", "на зялёным фоне", - а таксама "знакавыя" карціны "Вянчанне", "Прагулка", "Двайны партрэт з бакалам віна", "Над горадам", "Яўрэйскія могілкі". Можа, шагалазнаўцы са мной не пагодзяцца, але, на мой погляд, свае лепшыя творы станковага жывапісу Шагал стварыў усё ж у Віцебску - з 1914 па 1918 год. А што да яго ранняга поспеху ў Францыі і Германіі, дык ён, поспех, акрамя ўсяго іншага, і ад таго, што Шагал першым так таленавіта ўвёў у мастацкія колы Еўропы жывапісную экзотыку яўрэйскіх мястэчак далёкай, невядомай, таемнай зямлі і тым самым заваяваў мастацкі еўрапейскі рынак...

І што дзіўна: Шагал - пясняр беларускага правінцыйнага мястэчка, шырокай вуліцы, супольнага патрыярхальнага жыцця, а не "аўтаномнага" дома, не пакоя з чатырма сценамі. Вось чаму ён, я ў гэтым упэўнены, не мог стацца сапраўдным лідарам так званай Парыжскай школы, як сцвярджае большасць мастацтвазнаўцаў. Раней і я так думаў, што менавіта Шагал, ну яшчэ Мадзільяні, быў галоўным "натхняльнікам" эмігранцкага племені мастакоў, так бы мовіць, "парушальнікам спакою".

 Але ўсё склалася трошкі інакш...

 (Працяг будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"