“Мастацтва падобнае на Ціхі акіян…”

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

“Ван Гог у скульптуры” са Смаргоні

/i/content/pi/cult/319/5679/pic_26.jpg21 красавіка споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння Ісака Якаўлевіча Іткінда - цудоўнага скульптара, нашага выдатнага земляка, які казаў так: "Мастацтва падобнае на Ціхі акіян з яго незлічонымі астравамі. Мой востраў- скульптура. Я сяджу на гэтым востраве і зусім не пачуваюся Рабінзонам Круза..." А Сяргей Канёнкаў удакладняе: "Большасць твораў Іткінда мае характар выразных алегорый. Ён працаваў у дрэве, выяўляючы яго найбагацейшыя магчымасці. Ён выкарыстоўваў яго пяшчотнасць, манументальнасць, фактуру. Ягоныя творы аб'ядноўваюць глыбокія думкі, жывыя чалавечыя эмоцыі і віртуознае майстэрства". Ды і сам мастак лічыў, што менавіта "ў дрэве - сонечнае святло, паветра. Музычная душа жыве ў ім..."

Мне прыемна зараз пісаць пра Ісака Іткінда, бо я, незадоўга да яго смерці, сустракаўся ў Алма-Аце з гэтым у найвышэйшай ступені арыгінальным чалавекам і таленавітым, своеасаблівым, ні да кога не падобным творцам. Гэта здарылася 44 гады таму ў ягонай майстэрні ў сталіцы Казахстана, дзе я быў у камандзіроўцы ад Міністэрства культуры БССР. А прывяла мяне ў гэтую майстэрню мастацтвазнаўца Любоў Плахотная. Яна шмат гадоў збірала матэрыялы пра жыццё і творчасць Іткінда і меркавала напісаць пра яго кнігу, але з прычыны захворвання вачэй усё адсоўвала гэтую справу... Наколькі памятаю, кніга так дасюль і не з'явілася. І ці жывая сёння Любоў Георгіеўна?

Дзіўна, але факт: пра Ісака Іткінда напісана мала, хаця ён пражыў доўга. Калісьці, працуючы ў маскоўскіх і ленінградскіх бібліятэках, я знайшоў пра яго ўсяго некалькі артыкулаў 20 - 30-х гадоў і некралог ад 15 лютага 1969-га ў газеце "Огни Ала-Тау". Ды яшчэ маскоўскі крытык Рыгор Анісімаў напісаў пра яго бліскучы нарыс "Празмерна азораны". Вось, бадай, і ўсё. Магчыма, штосьці і не заўважыў. Але справа не ў гэтым.

Мяне зацікавіў лёс мастака перадусім таму, што ён наш зямляк - са Смаргоні, дзе пражыў першыя сорак (!) гадоў свайго жыцця. І, па-другое, ягонае імя дасюль у нас, у Беларусі, зусім не вядомае. А між тым, яго высока цанілі Горкі і Луначарскі, Маякоўскі і Ясенін, Пікаса і Шагал, Мікенас і Канёнкаў, Рушчыц і акадэмік Паўлаў, Сікейрас і Галубкіна. Вось якія імёны! У музеях былога СССР і ў трыццаці прыватных калекцыях знаходзяцца яго творы. А яшчэ - у Канадзе, ЗША, Францыі, Індыі. У Беларусі, на жаль, ніводнага...

Геаграфія жыцця Іткінда даволі сціплая. Чатыры дзесяцігоддзі - у роднай Смаргоні, дзе Ісак служыў рабінам. Натуральна, вёў жыццё аскета: спаў на голых дошках, чытаў Талмуд, харчаваўся тым, што прыносілі прыхаджане... І ўсё здзіўляўся Усявышняму: чаму той дазваляе, каб на зямлі было столькі зла, гора і несправядлівасці? Адказу ён не знайшоў... І аднойчы, кінуўшы рабінскую службу, пайшоў у Смаргонскую друкарню пераплётчыкам. А што ж мастацтва? Ды ён і не ведаў, што гэта такое. А вось здолеў жа вынайсці прэс для ціснення!

Праз нейкі час Ісаку трапіўся на вочы альбом пра /i/content/pi/cult/319/5679/pic_27.jpgтворчасць Марка Антакольскага - скульптара-рэаліста, земляка, родам з Вільні. І тут яго асяніла! Вялікі Антакольскі, аўтар работы "Іван Жахлівы", які нарадзіўся ўсяго на чвэрць стагоддзя раней за яго, здолеў такое стварыць! Напэўна, менавіта тады Іткінд-пераплётчык адкрыў для сябе мастацтва скульптуры, магчымасць глядзець на свет зусім іншымі вачыма. А ці не паспрабаваць самому? І - зрабіў свой першы крок на шляху да невядомага мастацтва лепкі. Даводзілася ўсё выпрабоўваць самому, пачынаючы з нуля: мяць гліну, узводзіць каркас, прыдумваць кампазіцыі, шукаць людзей для пазіравання... Гэта значыць, ісці насуперак сваёй веры, якая забараняла рабіць выявы таго, каго ўжо стварыў Бог.

"Вы чулі? Іткінд звар'яцеў! - крычалі ў Смаргоні. - Ён лепіць з гліны ў сябе дома нейкіх балванаў! Вы толькі ўявіце сабе! Ён - рабін, ён мог знайсці багатую нявесту і жыць сабе заможна. А што ён робіць? Цягае мяхі з глінай... Ці бачылі вы калі-небудзь такое? Вар'ят, далібог, вар'ят..." Іткінд маўчаў. Ляпіў, не ведаючы правілаў і догмаў, як трэба правільна ляпіць. Тварыў так, як падказвала інтуіцыя. І аднойчы ягоныя творы ўбачыў віленскі пісьменнік Перац Гіршбейн. Убачыў і напісаў у віленскую газету артыкул, у якім заклікаў шаноўную публіку звярнуць увагу на таленавітага самародка "пана Іткінда", у каго "ёсць свая глыбокая глеба".

Газета трапіла ў Смаргонь. Рабочыя друкарні адразу сабралі грошы ды выправілі таварыша ў Вільню, у школу рысавальшчыкаў. І вось менавіта тут звярнуў на яго ўвагу Фердынанд Рушчыц. І не проста звярнуў, а - зладзіў ягоную персанальную выстаўку! На вернісаж запрасіў з Масквы сваіх сяброў-мастакоў і мецэнатаў. Творы Іткінда "Ойча наш", "Ля святога каўчэга", "Пакутнік інквізіцыі", "Горкая ўсмешка" зрабілі на ўсіх уражанне праз незвычайную і дзіўную філасофскую глыбіню і, адначасова, адсутнасць элементарных прафесійных навыкаў.

З дапамогай Рушчыца Іткінду выдалі пэўную суму грошай і выправілі ў Маскву - на вучобу да самога Сяргея Валнухіна, аўтара знакамітага помніка друкару Івану Фёдараву. А на іспытах трэба было ляпіць аголеную мадэль. Іткінд ніколі не бачыў натуршчыцу - спалохаўся і проста збег з майстэрні мэтра. А потым узяў сябе ў рукі і запрасіў гэтую натуршчыцу паехаць з ім за горад. Купіў віна, папрасіў яе распрануцца і пастаяць перад ім. Яна стаяла на зялёнай траве - аголеная, прыгожая, у промнях сонца... "Вы ведаеце, гэта было не так ужо і кепска, - узгадваў Іткінд. - Я прызвычайваўся. Раніцай я быў у майстэрні. Пачаў ляпіць, а Валнухін пазіраў у мой бок. Гэта мяне падштурхоўвала. І вось надышоў дзень, калі скульптура была скончана. Я чакаў з'яўлення прафесара. Валнухін увайшоў у майстэрню, кінуў позірк на маю работу. Абышоў яе з усіх бакоў. "Ваш твор, Іткінд, мне падабаецца. Лічыце, што іспыт вамі здадзены. Можаце наведваць мой клас". Я быў ашаломлены. Уся мая істота радавалася. Я зноў знайшоў сябе..."

Так усё і пачалося. Галоўнае, што хвалявала "трагічнага аптыміста" Іткінда ў скульптуры - боль, пакуты, раз'юшанасць, радасць, сум чалавека. І ён, абапіраючыся на ўспаміны свайго жыцця, на пачуцці і эмоцыі, не чакаючы славы і ўхвалення, ляпіў гэтыя адвечныя людскія катэгорыі. А што было да таго? У 1914 г. сям'я Іткінда пакінула спаленую кайзераўцамі Смаргонь і з'ехала ў Мінск. А хутка, пасля смерці ад халеры таты і дачкі, Ісак знаёміцца з баранесай Эммай Разенек. У 1916 г. Іткінд адвозіць жонку і сыноў ў Падольск, потым - у Маскву, на Старую Башылаўку. А сам... жыве ў Эммы Разенек у Дзягцярным завулку. Праз два гады разводзіцца з жонкай і афармляе шлюб з Эммай. У іх нараджаецца сын.

Да 1920 года мастак жыў у Маскве, дзе яму матэрыяльна і маральна дапамагалі М.Горкі і А.Луначарскі. Урэшце, воўкам ён ніколі не жыў. Так, разам з У.Маякоўскім, Д.Бурлюком і В.Каменскім удзельнічаў у скандальналегендарнай вечарыне-дыспуце футурыстаў у Політэхнічным музеі; наведваў у Настассінскім завулку кафэ паэтаў "Стойла Пегаса"; з Сяргеем Канёнкавым і Сяргеем Ясеніным неаднойчы распіваў спірт у маскоўскай майстэрні Сяргея Цімафеевіча; разам з Шагалам працаваў на пачатку 1920-х у падмаскоўным пасёлку Малахаўцы ў калоніі для беспрытульных дзяцей. Дарэчы, менавіта Шагал назваў Іткінда Ван Гогам у скульптуры.

У 1923 г. з-за сухотаў Іткінд едзе на лячэнне ў Сімферопаль. Настаўнічае там у мастацкім тэхнікуме, сябруе з літаратарам К.Трэнёвым і жывапісцам М.Самокішам, лепіць кампазіцыі "Галава мёртвага чырвонаармейца", "Куды? (Бежанцы)", "Пагром". І- галадае. Яго як таленавітага мастака запрашаюць у ЗША на пастаяннае месца жыхарства (сярод такіх спагадлівых амерыканцаў аказаўся і брат Прэзідэнта ЗША Тэадора Рузвельта), але творца і слухаць пра гэтае не жадае. Радзіма ёсць Радзіма... І тады з'яўляецца артыкул Луначарскага "Чаму галадае скульптар Іткінд?". У выніку Наркампрос аказвае матэрыяльную падтрымку, і, па рэкамендацыі С.Кірава, Рускі музей і Музей Рэвалюцыі ў Ленінградзе купляюць некалькі работ мастака. У гэтым жа, 1930-м, годзе Іткінд трэці раз ажаніўся. Гэтым разам - з карэктарам газеты Марыяй Хэйфец. Атрымлівае добрую майстэрню. Ладзіць персанальную выстаўку у Доме работнікаў мастацтваў, лепіць для Музея рэлігіі і атэізму чатыры галавы інквізітараў і іудзеяў, шмат працуе над вобразам Пушкіна, друкуе дзве навелы пра дарэвалюцыйнае жыццё яўрэяў з каментарыямі Аляксея Талстога ў часопісе "Звезда" (1934 г., № 5). Словам, жыць стала лепш і весялей; усе нягоды і цяжкасці, здавалася, засталіся ў мінулым...

Але надышоў 1937 год, і ўсе надзеі на дзень заўтрашні аказаліся марнымі. Іткінда арыштоўваюць як "ворага народа". Ёсць версія, што яго абвінавацілі... у "японскім шпіянажы". Але апошняя жонка мастака Соф'я Іосіфаўна (яна памерла ў 1975 г.) расказала мне іншую версію пра прычыну арышта Ісака Якаўлевіча. Справа ў тым, што Іткінд вылепіў скульптуру "Расія разрывае ланцугі", якую купіў "левы" французскі палітычны дзеяч Леон Блюм. Але ў Францыі гэты твор прадставілі пад назвай "Расія ў ланцугах", і скульптару на допытах у НКУС інкрымінавалі, што "правакацыйную" назву твору ён даў сам. Вось так, французская прэса, на думку маёй суразмоўцы, не жадаючы таго, справакавала чэкістаў на расправу з мастаком. Так гэта ці не - не ведаю, але ў час допытаў яму зламалі рабрыны, пакалечылі барабанныя перапонкі... І асудзілі на дзесяць гадоў...

Праз дзевяць месяцаў прабывання ў камеры Іткінда саслалі ў маленькі пасёлак Зерэнда Какчэтаўскай вобласці Казахстана, потым перавялі ў Акмолінск. Пасля таго, як у 1944-м Марыя, з якой Іткінд пражыў 20 гадоў, памерла ад брушнога тыфу, ён перабраўся ў Алма-Ату. Ісак Якаўлевіч мне казаў, што ў гэтым яму дапамог тагачасны наркам земляробства Казахскай ССР Ажымбек Бектасаў, які называў Іткінда казахскім Мікеланджэла.

У Алма-Аце скульптар працягваў ляпіць. З-пад ягонага разца з'явіліся бюсты Зоі Касмадзям'янскай, Амангельды Іманава, Абая Кунанбаева, кампазіцыя "Кулак фашызму". А яшчэ - "Паганіні", "Шэкспір", "Спалох", "Страх", "Мудрэц", "Сікейрас". Але і тут спачатку таксама было несалодка: жыў то ў каморцы тэатра, то ў пуні за горадам, то ў сутарэнні партшколы... Аднак тут жа пасябраваў з будучым аўтарам знакамітай "антыкамуністычнай" дылогіі "Захавальнік старажытнасцей" і "Факультэт непатрэбных рэчаў", пісьменнікам Юрыем Дамброўскім, які "адбарабаніў" 18 гадоў у сталінскіх лагерах і ссылках. У 1945-м Іткінд бярэ шлюб з 40-гадовай Соф'яй Іосіфаўнай, якая і стала яго апошнім у жыцці каханнем і музай. Але яшчэ доўга скульптару, нягледзячы на вядомасць, даводзілася перабівацца з хлеба на кумыс: сам штосьці для сябе прасіць не ўмеў і ў кабінетах гарадскога начальства не быў заўважаны. А каб зарабіць на цукар і чай, яму даводзілася пісаць навелы і нават кінасцэнарый пра рэвалюцыю 1905 года. Першым яму дапамог паэт Мікалай Ціханаў, які даслаў адпаведны ліст у Саюз мастакоў Казахстана. І тут жа скульптара аднавілі ў творчым саюзе. Потым, 25 студзеня 1957 г., - ліст Сяргея Канёнкава ў казахскую Акадэмію навук аб стварэнні ўмоў для жыцця і працы "таленавітаму, аддадзенаму сваёй справе чалавеку". Іткінду даюць аднапакаёвую кватэру, а мастацкая галерэя імя Т.Шаўчэнкі купляе ў яго скульптуру "Філосаф". Мастак пачынае прымаць актыўны ўдзел практычна ва ўсіх выстаўках (у 1964 г. некалькі ягоных твораў бачылі і мінчане ў нашым музеі на выстаўцы мастакоў Казахстана). У 1966-м Кацярына Белашова, тагачасны кіраўнік Саюза мастакоў СССР, звяртаецца да ўлад Казахстана з просьбай аказаць дапамогу скульптару. І Іткінд хутка атрымлівае званне заслужанага дзеяча мастацтваў рэспублікі. Яго перасяляюць з сям'ёй у прасторную кватэру з майстэрняй і здымаюць пра яго фільм "З вечнасцю спрачаюцца", а Дзяржаўная мастацкая галерэя імя Т.Шаўчэнкі ладзіць персанальную выстаўку творцы. На вернісажы 95-гадовы мастак з уласцівым яму гумарам сказаў: "Я вельмі баюся памерці. Калі памру - дык страчу розум..." А праз два гады з хвосцікам, 15 лютага 1969-га, Ісак Якаўлевіч пайшоў з жыцця...

Апошняя работа з дрэва - "Задуменны" - была выканана ў 1965 годзе. Я бачыў яе ў майстэрні. Спытаўся тады ў Іткінда, пра што думае гэты стары, які так уважліва, пільна ўглядаецца ў прастору жыцця? Мастак хітравата ўсміхнуўся, развёў рукамі, памаўчаў. Потым пажартаваў: "Ведаеце, малады чалавек, я ўвесь час думаю, куды траплю: у рай або ў апраметную. Паколькі я талмудыст і адмовіўся ад Бога, дык павінен трапіць у апраметную, а там чэрці адразу ж пачнуць падсмажваць мяне на маленькім агні... Вось у АлмаАце шмат карагачоў, а ў раі, думаю, іх яшчэ болей. Там шмат аголенай натуры. Добра было б трапіць туды і рабіць там райскія скульптуры з райскага дрэва... Можа, пра гэта разважае мой герой?"

Дарэчы, тэма "Іткінд на тым свеце" знайшла сваё ўвасабленне ў дзвюх работах: "Іткінд у раі" і "Іткінд у апраметнай".

...У маёй памяці так і застаўся ззяючы твар старога з высокім пукатым ілбом, абкружаным па баках прамымі сівымі валасамі, усходні разрэз вачэй з гарэзлівымі агеньчыкамі і барада-лапата - аблічча мудраца-прарока са скарбам цудадзейных, нечаканых ісцін, якія ён усё жыццё "пераплаўляў" у дрэвы, гіпс, воск...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"