Не меншую цікавасць маюць і дакументы, звязаныя непасрэдна з лёсам нашай краіны, у тым ліку, Акт Крэўскай уніі, Маніфест 1861 года, Устаўныя граматы пачатку мінулага стагоддзя ды шэраг іншых. Пра іх, як і пра разнастайныя факты з айчыннай гісторыі, можна даведацца ў асноўным з падручнікаў ды манаграфій. Але ў такім выпадку заўсёды будуць існаваць сумненні наконт сапраўднасці выкладзенага матэрыялу тым ці іншым навукоўцам. Цяпер прасачыць за гісторыяй краіны можна і з узноўленых у электронным выглядзе першакрыніц, паколькі Прэзідэнцкай бібліятэкай і Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO створаны унікальны інфармацыйны рэсурс у выглядзе кампакт-дыска "Помнікі гісторыі права Беларусі". Усяго ў выданне ўключана 100 найбольш адметных прававых актаў, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі пачынаючы з ХІІ па ХХ стагоддзе, ад Дагавора Смаленскага, Віцебскага і Полацкага княстваў з Рыгай, Готландскай зямлёй і нямецкімі гарадамі 1229 года да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым большасць тэкстаў прыводзяцца на мове арыгінала, у тым ліку старабеларускай, за выключэннем польскамоўных дакументаў. Як адзначылі ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, большая частка накладу электроннага выдання трапіць у агульнаадукацыйныя школы і бібліятэкі. Між тым у далейшым плануецца ўдасканальваць і павялічваць напаўненне тэматычных раздзелаў выдання.
На здымку: вокладка зборніка.