Ад змены назвы змест працы не змяняецца?

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Адна з важных задач Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005— 2010 гады, пра якую гаворыцца ў раздзеле 7 “Развіццё культурна-дасугавай дзейнасці ў сельскай мясцовасці, захаванне і развіццё традыцыйнай культуры рэгіёнаў”, — гэта стварэнне новых тыпаў устаноў культуры. Яны ўзнікаюць пасля рэканструкцыі ў аграгарадках і буйных населеных пунктах і аказваюць сельскаму насельніцтву культурна-адукацыйныя, сацыяльна-бытавыя, фізкультурна-аздараўленчыя ды іншыя паслугі. Цягам 2005 — 2010 гадоў Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла прадугледжана сфарміраваць 186 новых комплексных сельскіх устаноў культуры. Паводле даных Міністэрства культуры, на 1 кастрычніка бягучага года іх у рэспубліцы створана ўжо 173. Найбольшая колькасць— у Гомельскай і Магілёўскай абласцях, найменшая — у Гродзенскай. Воранаўскі раён Гродзеншчыны быў абраны для камандзіроўкі невыпадкова. Сёння тут дзейнічаюць шматлікія ўстановы культуры новага тыпу: раённы Дом рамёстваў, Пагародзенскі сельскі цэнтр дасугу і народнай творчасці, Нацкі сельскі цэнтр нацыянальных культур, тры сельскія клубы культурна-сацыяльных паслуг. Але створаныя пазалетась Парадунскі і Таўзгінянскі сельскія клубы культурна-сацыяльных паслуг летась закрылі. Чаму так адбылося і якія перспектывы чакаюць “наваствораныя” ўстановы, даведаўся наш карэспандэнт.

 

/i/content/pi/cult/232/3193/10-1.jpgПерспектыва - у рэарганізацыі

Начальнік аддзела культуры Воранаўскага райвыканкама Сяргей Камянок працуе на сваёй пасадзе толькі месяц. Але нельга сказаць, што ў культурнай сферы ён - навічок: да гэтага Сяргей Аляксандравіч некалькі гадоў працаваў начальнікам аддзела інфармацыі райвыканкама, а пасля - начальнікам аддзела па справах моладзі.

- Сфера культуры непарыўна звязана як з ідэалогіяй, так і з інтарэсамі моладзі, - кажа Сяргей Аляксандравіч. - Таму лічу, што пэўны вопыт "культработніка" ў мяне, без сумнення, ёсць. Але, зразумела, рашэнне адкрыць на Воранаўшчыне новыя тыпы ўстаноў культуры прымаў не Сяргей Камянок, а яго папярэднік. Што і казаць, ствараліся яны з добрай мэтай: дапамагчы мясцоваму насельніцтву напоўніцу рэалізаваць патэнцыйныя і творчыя магчымасці. Да таго ж, як даведаўся ў гутарцы з намеснікам старшыні Воранаўскага выканкама Мечыславам Уляшкам, які не першы год займаецца пытаннямі сацыяльнай сферы, пры іх адкрыцці ўлічваліся асаблівасці раёна.

 - Справа ў тым, - распавёў Мечыслаў Іванавіч, - што стварэнне новых тыпаў устаноў культуры зыходзіць са спецыфікі нашага рэгіёна. Скажам, у кожнай школе раёна ёсць факультатывы па вывучэнні польскай мовы. Да таго ж, вельмі блізка - Літва, а ў вёсцы Пеляса працуе літоўская недзяржаўная школа - адна з дзвюх у Беларусі. Усё гэта сталася аб'ектыўнай прычынай таго, што мы пачалі ствараць такія ўстановы культуры з улікам нацыянальнай адметнасці жыхароў нашага краю. Але чаму ж так сталася, што некаторыя з гэтых устаноў закрыліся, не папрацаваўшы і года?

- Патлумачу і гэта, - адказаў на маё пытанне Мечыслаў Іванавіч. - Таўзгінянскі дом культурна-сацыяльных паслуг паўстаў на месцы былога СДК. Была добрая задума сумясціць працу нашага сацыяльнага цэнтра і Дома культуры. Але сама вёска знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Воранава. Таму, пасля дэтальнага вывучэння сітуацыі, палічылі немэтазгоднай дзейнасць гэтай установы культуры ў далейшым. Што да Парадунскага дома культурна-сацыяльных паслуг, дык ён знаходзіцца за тры кіламетры ад вёскі Доцішкі, цэнтра сельсавета, дзе таксама ёсць шыкоўны СДК, у якім нядаўна зрабілі рамонт. Да таго ж, колькасць жыхароў у Парадуні зменшылася. Таму і было прынята рашэнне аб закрыцці гэтай установы культуры. - Але мы вызначыліся з прыярытэтамі, - дадае Сяргей Камянок.- Новыя тыпы ўстаноў культуры - гэта, лічу, тое, што патрэбна нашаму раёну, і гэтае пытанне будзе на маім кантролі заўсёды. Як жа працуецца кульработнікам у новых тыпах устаноў культуры, што змянілася з узнікненнем новых шыльд, што зроблена, якія ёсць перспектывы? Пра ўсё гэта даведаўся пасля паездкі па раёне.

 /i/content/pi/cult/232/3193/10-2.jpgАрыгамі па-беларуску?

 Першае, што кінулася ў вочы перад Пагародзенскім сельскім цэнтрам дасугу і народнай творчасці, - гэта шыльда на ўстанове культуры, якая сведчыла: тут размешчаны Пагародзенскі сельскі... дом культуры. Шыльду так і не змянілі, нягледзячы на тое, што ўстанова "абнавілася" з першага студзеня 2008 года. Дарэчы, каб не вяртацца зноў да гэтай тэмы, заўважу, што старыя шыльды віселі на ўсіх "новых" установах, у якіх пабываў пад час камандзіроўкі. Чаму так адбылося? Пытанне, прынамсі, не да сённяшняга начальніка аддзела культуры. Хутка культработнікі Пагародзенскага СЦДНТ пераедуць у іншы двухпавярховы будынак, дзе зроблены капітальны рамонт. Акрамя СЦДНТ, што пакуль знаходзіцца на старым месцы, тут ужо размяшчаюцца сельская бібліятэка і філіял ДШМ. Цяпер жа супрацоўнікі туляцца ў двух пакоях адміністрацыйнага будынка мясцовай гаспадаркі. Ёсць тут і глядзельная зала. Але, як кажа дырэктар Пагародзенскага СЦДНТ Крысціна Лінга, месца катастрафічна не стае.

 - Хацелася б хутчэй пераехаць,- кажа Крысціна Антонаўна. - Чакаем, калі ў новыя памяшканні завязуць мэблю. Перапрафіляванне сельскага Дома культуры ў сельскі Цэнтр дасугу і народнай творчасці, як кажа Крысціна Лінга, у свой час сталася для яе неспадзяванкай. І калі з клубнай работай пытанняў у дырэктара СЦДНТ не ўзнікае (балазе яна працуе на сваёй пасадзе ўжо з 1985 года), дык да развіцця народнай творчасці ва ўстанове культуры цяпер толькі "прыглядаюцца".

 - Пасля змянення статуса нашай установы мы сталі больш увагі надаваць працы па адраджэнні народных традыцый, стасункам з народнымі ўмельцамі, - кажа Крысціна Лінга. - Ездзім па наваколлі, наведваем старых людзей, шукаем розныя аўтэнтычныя рэчы, якія плануем размясціць у сваім этнаграфічным музеі. А месца для музея відавочна недастаткова: у новым будынку работнікам СЦДНТ належаць толькі тры пакоі. Найбольшы з іх плануецца аддаць пад музей і працу з гурткамі традыцыйных рамёстваў. Таму амаль усе сабраныя для музея старадаўнія рэчы пакуль што знаходзяцца ў гаспадароў, а ў СЦДНТ размешчана толькі невялічкая частка будучай экспазіцыі. У раёне пражываюць ткачыхі, вышывальшчыцы, разьбяры па дрэве, і, як кажа Крысціна Лінга, супрацоўнікі СЦДНТ ладзяць сустрэчы народных майстроў з дзецьмі, каб паказаць, як працуюць гэтыя людзі.

/i/content/pi/cult/232/3193/10-3.jpgДаволі часта робяцца выезды на раённыя выстаўкі народных рамёстваў. Але пры рэарганізацыі ўстановы штаты так і засталіся без змен: няма тут стаўкі навуковага супрацоўніка, які мог бы займацца гэтым "новым" накірункам дзейнасці ўстановы культуры. Таму гэтую працу вядзе... хормайстар Анжэла Ладыш, якая прайшла адпаведныя двухтыднёвыя курсы, арганізаваныя пры Гродзенскім абласным метадычным цэнтры, дзе вывучала розныя накірункі традыцыйных народных рамёстваў. Арганізавана пры Пагародзенскім СЦДНТ і аматарскае аб'яднанне "Востраў натхнення", дзе школьнікі займаюцца арыгамі і вышыўкай. Натуральна, напрошваецца пытанне: ці можна назваць арыгамі народнай беларускай традыцыяй? І яшчэ адно: ці не звядзецца ўся праца ўстановы па адраджэнні нацыянальных традыцый толькі да невялікага пакоя з этнаграфічнымі экспанатамі і да гуртка арыгамі або вышыўкі? Бо нават кросны размясціць тут няма дзе. Не кажу ўжо пра адраджэнне традыцый разьбы па дрэве, саломкапляцення...

Тую ж саломку, як казалі супрацоўнікі СЦДНТ, няма дзе захоўваць. І праблема з памяшканнямі для работы, пра якую ўжо згадваў, не вырашыцца нават і пры пераездзе ў новы будынак. Вось і атрымліваецца, што, апрача "папяровай" змены статуса, на сённяшні дзень фактычна ніякіх іншых "перабудоў" не адбылося. Па словах дырэктара, Пагародзенскі СДК не вылучаўся раней працай з народнымі майстрамі. Дык што, стварэнне новага тыпу ўстановы было здзейснена па прынцыпе "абы было"? Або- без уліку меркавання мясцовых спецыялістаў? Хіба ж узнікненне новых тыпаў устаноў не абгрунтавана мясцовымі асаблівасцямі? Дарэчы тут прывесці і некалькі цытат з "Палажэння аб сельскім Цэнтры дасугу і народнай творчасці", якое пабачыў у Пагародзенскім СЦДНТ: "...Зберажэнне, адраджэнне і развіццё культурных традыцый у галіне народнай творчасці, побыту, святочна-абрадавай дзейнасці, эстэтычных норм; стварэнне аптымальных умоў, якія дазваляюць у поўнай меры арганізаваць работу па зберажэнні, адраджэнні і развіцці мясцовага фальклору, гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна...". Падаецца, каментарыі не патрэбны. На жаль, старая шыльда на СЦДНТ сведчыць і пра пакуль што старыя метады работы кіраўнікоў гэтага "Дома культуры". Мо таму і не было жадання замяняць шыльду на фасадзе? Хацелася б верыць, што са з'яўленнем новага кіраўніка аддзела культуры райвыканкама і пераходам у новы будынак праца культработнікаў у Пагародне выйдзе на новы якасны ўзровень.

/i/content/pi/cult/232/3193/10-4.jpg Цэнтр культур на мяжы

У Нацкім сельскім цэнтры нацыянальных культур - таксама старая шыльда. Яго будынак, якому ў хуткім часе споўніцца каля 90 гадоў, размешчаны пасярэдзіне вёскі, насупраць велічнага касцёла. Як расказала дырэктар установы Ірына Казлоўская, такое духоўнае суседства дзвюх устаноў накладае пэўны адбітак на працу Цэнтра.

- У суботу вечарам ніхто не ідзе да нас на дыскатэкі, - кажа яна. - А ў каталіцкі пост Цэнтр увогуле пустуе. "Што змянілася з часу надання ўстанове культуры новага статуса?"- задаў я пытанне Ірыне Сямёнаўне і мастацкаму кіраўніку Дануце Крэнь. - Сталі больш увагі надаваць вывучэнню гісторыі нашага краю, арганізавалі два фальклорныя гурткі: "Чароўны куфэрак" - для дарослых і "Спадчына" - для дзяцей, - расказалі мне культработнікі. Але памяшкання для невялічкага этнаграфічнага музея, што плануюць стварыць ва ўстанове культуры, няма, як і ў Пагародзенскім СЦДНТ. Запісы мясцовых песень, якія маюцца ў архіве Цэнтра нацыянальных культур, рабіліся яшчэ тады, калі ўстанова працавала як СДК, дый запісана ўсяго толькі тры касеты з мясцовымі песнямі. А рэгіён гэты - унікальны. Тут, бадай, і патрэбна было б стварыць Цэнтр нацыянальных культур. Жывуць у Начы беларусы, палякі, украінцы, татары. Раней, яшчэ ў 1982 годзе, быў нават створаны і жаночы фальклорны калектыў, які спяваў беларускія і польскія народныя песні. Але цяпер бабулі тыя ці пайшлі з жыцця, ці ўжо вельмі старэнькія, каб працягваць спяваць...

 Ды сфарміраваць новы інтэрнацыянальны калектыў супрацоўнікі Цэнтра пакуль што не здолелі. А можна было б наладзіцьсувязі з суседняй краінай, ездзіць туды па міжкультурным абмене, даваць канцэрты, прапагандуючы беларускую культуру за мяжой. Балазе - недалёка. Дарэчы, як расказала мне дырэктар установы, менавіта такое супрацоўніцтва з літоўцамі і было да распаду Савецкага Саюза.

- Бачу таксама тут перспектыву для далейшай працы, - кажа начальнік аддзела культуры Сяргей Камянок. - На сённяшні дзень падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з двума суседнімі раёнамі Літвы - Алітускім і Шальчынінкайскім, з расійскім горадам Несцеравым, што знаходзіцца ў Калінінградскай вобласці, і польскім горадам Піш. Для нашага вядомага раённага калектыву "Зараніца" ўжо атрымана запрашэнне пабываць у Алітусе. Думаю, мы зможам наладзіць супрацоўніцтва з суседзямі і такім чынам узняць дзейнасць Цэнтра нацыянальных культур на належную вышыню. І ўсё ж. Вось на што хацелася б звярнуць увагу. Установа змяніла свой статус яшчэ 1 снежня 2007 года. Прайшло ўжо амаль два гады - а істотных змен у змесце працы не бачна. У "Палажэнні аб Цэнтры нацыянальных культур," які гартаў у СЦНК, таксама шматразова трапляліся словы "адраджэнне", "зберажэнне", "прапаганда", "папулярызацыя"... Асабліва цікавым падаўся пункт пра "стварэнне інфармацыйнага банка даных культурных традыцый рэгіёна"... Хочацца верыць, што калісьці ўсё гэта будзе здзейснена. І яшчэ адзін факт, што не можа не непакоіць у кантэксце артыкула. Як ужо казаў, у Воранаўскім раёне пражываюць людзі розных нацыянальнасцей. Менавіта таму на тэрыторыі раёна працуюць тры грамадскія аб'яднанні такога тыпу: два літоўскія і адно польскае.

 Дык вось, самае цікавае, што ні старшыня Пяляскага грамадскага аб'яднання літоўцаў "Гімтіне" Іван Мацюлевіч, ні старшыня Радунскага грамадскага аб'яднання літоўцаў "Гінтарас" Валянціна Драбышэўская не ведаюць таго, што ў Начы ёсць цяпер сельскі Цэнтр нацыянальных культур. Старшыня ж Воранаўскага раённага аддзела грамадскага аб'яднання "Саюз палякаў на Беларусі" Ганна Русак працуе толькі два месяцы на сваёй пасадзе і нічога пра кантакты яе арганізацыі з Нацкім цэнтрам нацыянальных культур сказаць не можа. А ці не адсюль трэба пачынаць работу нацкім культработнікам? Калі не наладжаны кантакты з грамадскімі арганізацыямі, дык казаць пра належную працу сапраўды не выпадае. Бо тыя ж грамадскія аб'яднанні літоўцаў і палякаў - гэта непасрэдныя кантакты з замежжам, з зацікаўленымі асобамі, якія маглі б дапамагчы Цэнтру нацыянальных культур зрабіцца менавіта той установай, якая садзейнічае зберажэнню ўсіх рэгіянальных адметнасцей краю. На жаль, і гэты патэнцыял на Воранаўшчыне не выкарыстоўваецца. У тым ліку і патэнцыял турыстычны. Хоць дакладнай статыстыкі ў начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Воранаўскага райвыканкама Алега Герды няма, неаднаразова пад час паездкі па рэгіёне бачыў машыны з літоўскімі нумарамі.

Сацыяльныя паслугі для васьмі чалавек

Ліпкунцаўскі сельскі клуб, (а з 1 снежня 2007 года - сельскі клуб культурна-сацыяльных паслуг) - гэта аднапавярховы будынак, у якім ёсць два пакоі: у вялікім праводзяцца дыскатэкі і вечары адпачынку, другі ж выкарыстоўваецца як артыстычная грымёрка, а таксама ў якасці месца, дзе прымаюцца сацыяльныя запыты сельскага насельніцтва. Як кажа загадчык Ліпкунцаўскага сельскага клуба культурнасацыяльных паслуг Крысціна Шмарава, акрамя клубнай работы яна займаецца і працай па сацыяльнай дапамозе насельніцтву, асабліва- інвалідам, малазабяспечаным сем'ям, адзінокім грамадзянам. Крысціна Іванаўна робіць падворавыя абыходы, дастаўляе лекі, прадукты, па просьбе вяскоўцаў рыхтуе ўсе неабходныя дакументы на атрыманне бясплатнага харчавання ці адраснай грашовай дапамогі. У зону яе абслугоўвання ўваходзяць сем вёсак з агульнай колькасцю насельніцтва ў 400 чалавек. Пры ўстанове культуры працуюць чатыры гурткі: дзіцячы драматычны, мастацкага чытання, сольнага спеву, дзіцячае аматарскае аб'яднанне "Умелыя ручкі". Менавіта дзеці, што займаюцца ў іх, дапамагаюць Крысціне Іванаўне віншаваць вяскоўцаў з днямі народзін і святамі. Але чамусьці ў журнале ўліку зваротаў грамадзян у Ліпкунцаўскі ДКСП з пачатку года зроблена толькі восем запісаў. Няўжо толькі васьмі чалавекам спатрэбілася на працягу дзевяці месяцаў дапамога Крысціны Шмаравай? Як патлумачыла загадчыца, часта просьбы бываюць вусныя і таму не ўсе яны адлюстраваны ў журнале. Падаецца, праца гэтай і падобных устаноў новага тыпу,- а іх у раёне яшчэ дзве, - выглядае найбольш запатрабаванай для жыхароў Воранаўшчыны.

 ***

 Такім чынам, жыццё ўстаноў культуры новага тыпу сапраўды выглядае досыць перспектыўным і мае вялікія шансы на развіццё, асабліва- ва ўмовах сённяшняй дэмаграфічнай сітуацыі на Беларусі, пры адпаведным крэатыўным пошуку новых форм работы, пры зацікаўленай працы па захаванні традыцый беларускай культуры, гісторыі і фальклору. І паўстаюць такія ўстановы ў тым рэгіёне, які найбольш нацыянальна "стракаты" і цікавы для вывучэння традыцый розных народнасцей. Але, як бачна, часта гэтая добрая і патрэбная справа не падмацавана належнай матэрыяльнай базай. Да таго ж, такія ўстановы на сённяшні дзень не маюць грунтоўнага навукова-метадычнага падмацавання і іх праца часцяком - фармальная. Адсутнасць у такіх установах культуры (і, адпаведна, - у штатным раскладзе) кваліфікавана падрыхтаваных спецыялістаў па пэўных накірунках дзейнасці таксама не спрыяе іх развіццю. І, падаецца, узнятыя праблемы - агульнарэспубліканскага маштабу.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"