“Вылячэнне рэалізмам”

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

З 15 кастрычніка па 3 лістапада ў Канцэртна-выставачнай зале Смольнага манастыра Ісакіеўскага сабора Санкт-Пецярбурга працуе мастацкая выстаўка “Вылячэнне рэалізмам” з прысвечанага збору ігумена Віталія (Радамысльскага), складзеная з твораў сучаснай беларускай класікі: работ Георгія Паплаўскага, Наталлі Паплаўскай і Мікалая Бушчыка.

 

/i/content/pi/cult/231/3152/7-2.jpg
Н.Паплаўская. “Яблынька”.
Георгій Паплаўскі - народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі краіны, акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Дж.Неру, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, уладальнік многіх узнагарод, у тым ліку залатых медалёў Ю.Гагарына, М.Грэкава, Ф.Скарыны. Працуе ў розных тэхніках станковай і кніжнай графікі, станковым жывапісе. Наталля Паплаўская - лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, узнагароджана медалём Ф.Скарыны. Працуе ў станковай і кніжнай графіцы (акварэль, літаграфія, афорт, гуаш, пяро). Сярод твораў - серыі лістоў "Героі беларускіх казак", "Блакітны Браслаў", "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", "Браслаўскія матывы", "Беларускія дзіцячыя песенькі", "Палессе 60-х. Уражанні", ілюстрацыі да беларускіх і замежных казак. Мікалай Бушчык - жывапісец, акварэліст, больш за 30 гадоў удзельнічае ў мастацкіх выстаўках у Беларусі і замежных краінах. Сярод твораў - палотны "Маленне", "Эмоцыі прасторы", "Сыходжанне агню", "Прысвячэнне Еўфрасінні Полацкай", "Змрок", "Свет Святла", "Таямнічасць Тройцы", "Туманавы ранак".

Аргані з а т а р экспазіцыі - айцец Віталій, таленавіты і энцыклапедычна адукаваны святар, служыў у Мінскай епархіі, якога ўсе прыхаджане і дзеячы культуры любілі і паважалі. Для яго духоўнае жыццё з'яўляецца найважнейшым стрыжнем у фарміраванні асобы. Духавенства і кіраўнікі горада Санкт-Пецярбурга падтрымалі добрую ініцыятыву айца Віталія, бо яна з'яўляецца сімвалам сяброўскіх сувязей паміж нашымі славянскім народамі ў справе выхавання высокай маральнасці, дабра і духоўнай прыгажосці.   

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"