16.00. А пачалося ўсё з рэдакцыйнай лятучкі. На ёй мы абмяркоўвалі "начынне" нумара, прысвечанага Дню работнікаў культуры. Як заўжды, было "спякотна", напружана і цесна ад ідэй. І вось на чарговай хвалі ўсеагульнага мазгавога штурму прагучала думка: "А што калі скласці песню ў гонар работнікаў культуры, прыцягнуўшы для гэтага лепшыя творчыя сілы краіны?" Журналісты ўвокаміг сціхлі, каб праз хвілю выбухнуць: "Клас!" Далей усё было досыць "проста".
16.30. Пад канец планёркі вырашылі: музыку запросім стварыць лепшага нашага меладыста, народнага артыста СССР і Беларусі, кампазітара Ігара Лучанка, а тэкст прапануем увасобіць паэту, галоўнаму рэдактару выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктару Шніпу. Менавіта аўтара слоў мы і натхнілі першага. Не паверыце, але ягонай першай фразай было тое ж самае: "Клас!" Пасля ж абачліва дадаў: "Паспрабую..." Напрыканцы ж размовы Шніп, нібыта міжволі, напеў: "Мы - работнікі культуры..."
17.00. Як толькі паэтава муза пачала "дзейнічаць", загадчык аддзела фотаілюстрацый "К" Юрый Іваноў атрымаў заданне... сустрэцца са старым сябрам. Жарты жартамі, але Юрый Сяргеевіч не адзін дзесятак гадоў шчыра сябруе з Ігарам Лучанком. Таму менавіта фотакару мы даручылі пазнаёміць славутага кампазітара з задумай "культураўцаў", а таксама зняць моманты стварэння новай песні. Што ж адказаўЮрый Сяргеевіч? Памаўчаўшы хвіліну, ён прамовіў: "Клас!" Як кажуць, хочаце - верце, хочаце - запытайцеся ў яго самі!
17.45. Творчы працэс у паэта - рэч загадкавая. Вось і Віктар Шніп аказаўся ў той вечар на адкрыцці выстаўкі... лялек. І, мусіць, адмысловая атмасфера, што панавала ў экспазіцыйнай зале, паўплывала на творчы працэс. А пад мерны грукат вагонаў метро на шляху дадому нараджаліся рыфма за рыфмай...
18.37. Акурат у гэты час, хвіліна ў хвіліну, адбылася наступная размова паміж Юрыем Івановым і Ігарам Лучанком: - Ігар, ёсць выдатная ідэя: прысвяціць песню ўсім работнікам культуры Беларусі! Усе мае калегі з рэдакцыі "Культуры" выказаліся адназначна: музыка павінна быць тваёй! - Юра, а хто ж напіша словы? Да свята - лічаныя дні. Ды і музыка, зразумей, - справа няпростая... - Словы будуць у цябе заўтра раніцай! Чакай! - упэўнена прамовіў Юрый Сяргеевіч.
22.12. Менавіта ў гэты час Віктар Шніп стэлефанаваўся з супрацоўнікамі "К", каб паведаміць: першая страфа - ёсць! І зачытаў яе. - І сапраўды ёсць! Калі працяг? - запыталіся мы. Мусіць, паклаўшы перад сабой чысты аркуш, Віктар адказаў: - Працяг будзе! І сапраўды, працягу мы чакалі роўна 11 гадзін.
08.55. - А вось і працяг! - сказаў Віктар Шніп рэдактару аддзела Яўгену Рагіну, заспеўшы яго, як кажуць, яшчэ ва ўтульных хатніх пантофлях літаральна на выхадзе з кватэры. - Віця, занатуй на паперу - а я на працы запішу па тэлефоне.
10.00. Першая справа на пачатку працоўнага дня - званок паэту. І вось "культура"ўцы, амаль заглядаючы пад руку нашаму журналісту, спрабавалі адгадаць першыя радкі песні-прысвячэння. Зрэшты, пакуль толькі тэксту да яе. Набор, раздрукоўка - і вось тэкст перад намі. - Клас!.. - з палёгкай выдыхнулі мы. І тэкст трапіў у рукі Юрыю Іванову.
11.00. - Пакажыце мне, дзе той паэт, які напісаў словы да гэтай песні! Нам абавязкова патрэбна папрацаваць разам! - акінуўшы вокам тэкст, сказаў Ігар Лучанок. І Юрый Сяргеевіч выправіўся за Віктарам Шніпом.
12.00. - 15.00. Што было ў гэты час? Мусіць, лепш за ўсё пра гэта апавядуць фотаздымкі і лісты з занатоўкамі і дапрацоўкамі. Песня атрымала яшчэ адну страфу. І загучала! Лучанок сеў за раяль. І ў пакоі Саюза кампазітараў загучалі першыя акорды... Так нараджаюцца легенды, так нараджаецца музыка,так нараджаецца песня, так рэалізуюцца праекты "К"...
16.00. А ў другой палове дня рэдактар аддзела музыкі Надзея Бунцэвіч ужо спявала нам са "свежага" нотнага аркуша новую песню - лёгкую, празрыстую і ўрачыстаўзнёслую. - Клас! Ці не так? - абменьваліся мы рэплікамі паміж сабой. А пасля паслухалі і запісанае на дыктафон аўтарскае выкананне. Разам з паэтам і кампазітарам рэдакцыя "К" дорыць гэты яркі букет са слоў і нот усім тым, хто жывіць сваёй адметнай творчасцю беларускую культуру.
Культурай квітнее Айчына
Музыка Ігара ЛУЧАНКА
Словы Віктара ШНІПА
Пад сцягам любімай Айчыны,
Свабоднай, заўжды маладой
І нам назаўсёды адзінай,
Як сонца над роднай зямлёй,
Ідзём мы да светлае мэты,
Каб наша Айчына была
Не толькі у песнях апета,
А ў кожнага ў сэрцы жыла.
Прыпеў:
Мы - твая душа, Айчына-маці,
Мы - работнікі культуры,
Людзям мы прыносім шчасце.
Хай квітнее Беларусь!
Культура - багацце святое,
Якое нам тут берагчы,
Дзе роднае слова жывое,
Нібыта ад Храма ключы.
Культурай квітнее Айчына,
Культура яднае людзей
І лепш за Айчыну краіны
Не знойдзеш на свеце нідзе.
Прыпеў.
Нясём мы пад сцягам Айчыны
У кожнае сэрца святло,
Бо кожны з нас ведаць павінны,
Што будзе, што ёсць, што было.
Высокія збудуцца мэты,
І стане, як песня, жыццё,
Якое вякамі апета,
Як сэрца, Айчына, тваё.
Прыпеў.
Са святам!
"КУЛЬТУРА"ўцы
Фота Юрыя ІВАНОВА