“Творчая кухня” рамантыка

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

У сапраўднае свята ператварылася вялікая выстаўка жывапісу Уладзіміра Шпартава, што 26 верасня, у дзень 70-гадовага юбілею мастака, адкрылася ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.Масленікава. Яна стала не толькі дэманстрацыяй сталасці жывапісца, але і пэўным вынікам складаных, размаітых і арыгінальных, часам супярэчлівых, вобразна-пластычных пошукаў. Пошукаў, не запазычаных з сусветнай “рэпрадукцыйна-альбомнай” спадчыны, як гэта часта адбываецца на нашых творчых “кухнях”, а асабіста выпакутаваных і перажытых на складаных шляхах Яго Вялікасці Мастацтва.

/i/content/pi/cult/229/3087/7-4.jpgУ свой час я зрабіў уступны артыкул да яго ж альбома, які выйшаў у 2009 годзе, зразумела, знаёміўся з большасцю твораў Уладзіміра Нічыпаравіча. Шмат разоў мы размаўлялі з ім, былым лётчыкам і выхаванцам мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута, "пра жыццё і мастацтва", пра месца творчасці ў ягоным лёсе. Праз сённяшнюю выстаўку чырвонай ніткай праходзіць тэма беларускай зямлі, абпаленай агнём мінулай вайны і адроджанай, як Фенікс з попелу, розумам і рукамі працаўнікоў гарадоў і вёсак. Іх цудоўныя і натхнёныя абліччы займаюць немалаважнае месца ў вобразнай палітры мастака. У.Шпартаў у маім цяперашнім разуменні - рамантык.
Яго рамантыка - гэта светлая і чыстая надзея. І калі глядзіш на лірычныя пейзажы, партрэты, асабліва - жаночыя, лепшыя фігуратыўныя кампазіцыі кшталту "Хлеб партызанскі", "Прысвячаецца бацькам, што не вярнуліся", "Раніца новага дня", "Золак", "Арэлі", "Вясна ў Хацетаве", "35-ы асобны бронеатрад", "Кліч Купалля", "Поўдзень", хочацца па-сапраўднаму разважаць пра сэнс жыцця, кахаць і верыць у добрае прызначэнне чалавека на зямлі, у тое, што прычакаем яшчэ новыя вёсны і зімы, новыя адкрыцці і адчуванні. Неабавязкова кудысьці клікаць. Можна проста спяваць, радавацца, але - абавязкова - жыць "тут і зараз": прырода прыгожая без мэты, яна "не наўмысна" прываблівае мастака сваім водарам, колерам, далікатнасцю форм. Яна жыве і дорыць яму пачуццё прыгожага, усцешвае і натхняе яго, нічога не патрабуючы за гэта, акрамя добрага стаўлення да яе.
Такія палотны У.Шпартава "Бабіна лета", "Дажджлівая раніца", "Пах сена", "Агеньчык роднай хаты", "Бэз цвіце", "Кастрычнік у Бялынічах", "Восень у Падніколлі", "Пераможны май у Магілёве", "Кліч Купалля"... Для У.Шпартава жыццё і творчасць - гэта адно і тое ж: увесь настрой і душэўны стан мастака трывала адпавядаюць ягоным палотнам. Ён - з той пароды жывапісцаў, для якога на першым месцы - менавіта творчы дыялог з гледачом, які пасля такой "размовы" можа стаць у пачуццях трошкі лепшым у сваіх адносінах да навакольнага свету і зямлі, дзе ён жыве. А гэта дарагога каштуе. Перад юбілеем Уладзімір Нічыпаравіч атрымаў ад кіраўніцтва Саюза мастакоў Расіі прывітальную тэлеграму, у якой, у прыватнасці, былі такія словы: "Вы многа зрабілі для збліжэння і ўмацавання культурных сувязей паміж нашымі брацкімі народамі, і мы ад усёй душы жадаем Вам добрага здароўя, шчасця, поспехаў, новых дасягненняў у творчасці". З задавальненнем далучаемся да гэтых віншаванняў.
 На фота: У.Шпартаў. "Партрэт героя абароны Магілёва ў 1941 г. палкоўніка С.Куцепава".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"