“Белая вежа”: варыяцыі прачытання

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

Дон Кіхот шукае вятрак, або “Наглядны дапаможнік” без намёкаў Частка ІІ (Заканчэнне. Пачатак у № 38.) Мінск — Брэст — Мінск

 /i/content/pi/cult/228/3067/9-1.jpg
 “Лаліта Долі” “Тэатра Нікалі”
(Польшча).
 /i/content/pi/cult/228/3067/9-2.jpg
 “Гогаль. Вечары. Частка І”
Цэнтра імя У.Мейерхольда (Расія).

Мовай цела

Традыцыйна шырыцца ў рамках "Белай вежы" і прадстаўніцтва пластычных спектакляў. І варта адзначыць, што калі раней гэта былі збольшага замежныя калектывы, то сёлета сваё мастацтва прадэманстравалі і нашы творцы: у афішы фестывалю брэстаўчане пабачылі такія калектывы, як Група сучаснай харэаграфіі "ТАД" з Гродна, Узорная студыя сучаснага танца "Паралелі" з Віцебска. Яны, "выгадаваныя" на Міжнародных фестывалях сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, прадэманстравалі нам тыя канцэптуальныя накірункі, якімі рухаецца сёння гэты від мастацтва. Але ж былі ў праграме фестывалю і спектаклі, што нельга назваць "сучаснай харэаграфіяй" у чыстым выглядзе.

Яны паказалі нам надзвычай модны сёння накірунак творчасці, у якім з'ядноўваецца драматычнае і пластычнае мастацтва ў адзінае тэатральнае дзейства, пакліканае справакаваць гледача на пэўныя філасофскія роздумы і, адначасова, зачараваць яго геаметрыяй і рытмам пластыкі. Такімі аказаліся "Служанкі" Драматычнай групы з Арменіі, дзе ўсіх скарыла фінальная сцэна смерці гераінь, вырашаная ў вобразна-метафарычным ключы; "Прадам дом, у якім ужо не магу жыць" польскага тэатра "КТО", пабудаваны на даведзенай да механістычнай рытмізацыі ўсяго жыццёвага цыкла чалавека - ад яго нараджэння і да смерці. Але самым яркім прадстаўніком пластычных спектакляў стала "Лаліта Долі" кракаўскага "Тэатра Нікалі", дзе перад намі паўстала сцэнічная версія знакамітага рамана Уладзіміра Набокава.

Акцёры прапанавалі сваё, арыгінальнае, бачанне герояў: Лаліта выглядае маленькай дзяўчынкай-"мауглі", якая, з аднаго боку, імкнецца да ўласнай дрэсуры, жадаючы рабіць усё як найлепш, але, разам з тым, разглядае ўсё як своеасаблівую гульню, дзе ёй часам вельмі хочацца ўзяць ва ўласныя рукі бізун "дрэсіроўшчыка". Гумберт жа ў гэтай гульні выступае саманадзейным і пажадлівым цынікам, чые амбіцыі толькі распальваюць успышкі супраціўлення яго "хатняй жывёліны".

 Тэатр на вуліцы

 А вось вулічныя прадстаўленні для брэстаўчан сталі ўжо адным з неад'емных кірункаў "Белай вежы" - традыцыйна на плошчы Леніна яны збіраюць шмат цікаўных гараджан і гасцей. Здавалася б, што новага могуць з года ў год прапаноўваць гледачам вулічныя калектывы з іхнім, на першы погляд, "стандартным" наборам прыёмаў: хадулі, агні, феерверкі?.. Аднак сёлетняя "Белая вежа" надзвычай яскрава паказала, што вулічны тэатр у ХХІ стагоддзі не проста стаў самастойным жанрам, але і развіваецца па некалькіх вектарах, кожны з якіх ужо здабыў пэўны "багаж" традыцый і прыёмаў. Адзін з такіх накірункаў - аніматарскі - прадэманстравала "Шоу веліканаў" Еўпатарыйскага тэатра на хадулях, які прывёз у Брэст вулічнае прадстаўленне, складзенае з жанравых нумароў на хадулях і інтэрактыўных гульняў з гледачамі. Зусім іншы - філасофскі аўтарскі тэатр, дзе відовішча ўяўляе з сябе рэжысёрскія разважанні ў выглядзе шырокіх "мазкоў"-метафар, - прадставіў Львоўскі тэатр "Уваскрэсенне" ў спектаклі "Сустрэць Праспэра".

Дарэчы, гэты тэатр некалькі гадоў таму атрымаў Гран-пры "Белай вежы" за вулічны "Вішнёвы сад", чым стварыў прэцэдэнт: вулічныя пастаноўкі пачалі заваёўваць у рамках фестывалю сваё пачэснае месца ўпоравень з іншымі. "На вуліцу" сёлета выйшаў і гаспадар фестывалю: Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прадставіў "Мару пра Дон Кіхота" паводле знакамітага рамана Мігеля Сервантэса. Аляксандр Козак, які выступіў у якасці рэжысёра спектакля, чуйна ўспрымае тэатральныя тэндэнцыі- відаць, таму яго і "пацягнула" на плошчу, каб даць магчымасць маладым акцёрам тэатра паспрабаваць іншую, "інтэрактыўную", форму кантакту з гледачамі.

Варта адзначыць, што эксперымент гэты аказаўся не толькі цікавым, але і ўдалым з пункта гледжання таго, што акцёры, трапіўшы ў іншую, нязвыклую для сябе, адкрытую тэатральную прастору, дзе няма традыцыйнай сцэны-скрыні, што забяспечвала б ім "тылы", не разгубіліся і змаглі не толькі асвоіць хадулі, але і, больш важна, - знайсці кантакт з глядацкай аўдыторыяй. І іх навыкі псіхалагічнай драматычнай ігры, спалучаныя са спецыфікай вулічных прадстаўленняў, дзе важную ролю адыгрывае выяўленчы, візуальны шэраг, стварылі яркі вобразны сплаў, апафеозам чаго стала з'яўленне ветракоў як нязбытнай мары аб высакароднасці і "адпусканне" самага маленькага з іх у нябесную далячынь...

Гогаль forever! Чытайце, там усё напісана

/i/content/pi/cult/228/3067/9-4.jpg
 “Рэвізор” Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.
 /i/content/pi/cult/228/3067/9-5.jpg
 “Служанкі” Драматычнай трупы (Арменія).

Як ужо адзначалася, сёлетнюю "Белую вежу" арганізатары прысвяцілі 200годдзю з дня нараджэння Мікалая Гогаля. І, натуральна, у праграме фестывалю цэлы шэраг работ звяртаўся да творчасці гэтага знакамітага аўтара. Спадчына Гогаля, нават калі гэта не драматургічныя творы, - надзвычай тэатральная, і як плён - цэлая галерэя яркіх акцёрскіх вобразаў, што паўсталі перад намі ў спектаклях. Сярод найбольш цікавых работ, тонкіх, прасякнутых жывой гогалеўскай іроніяй і, адначасова, шчымлівай любоўю да такіх недасканалых і далёкіх ад абсалюту "маленькіх людзей", вылучаюцца два спектаклі.

Першы - "Запіскі звар'яцелага, або Саната для віяланчэлі і фартэпіяна" Бакінскага камернага тэатра, у якім вядомы ўсім трагічны лёс Папрышчына акцёр Ш.Гусейнаў падае нам як пераўтварэнне звычайнага, нічым не заўважнага, дробненькага і шэранькага чыноўніка... у асобу, што ўсведамляе значнасць "чалавечага фактару", "прачытваючы" гісторыю яго вар'яцтва ў трыумф чалавечага духу, няхай нават у такой хваравітай форме. Другі акцёрскі спектакль, што прыцягнуў да сябе ўвагу,- "Сварка", якая сталася незалежным акцёрскім праектам Усевалада Чубенкі, дзе ён разам з акцёрам Алегам Емельянавым наўмысна адмовіўся ад рэжысуры ў сучасным яе разуменні і прадставілі гледачам варыянт "чыстага" прачытання гогалеўскага тэксту: так, нібыта два сярэдняй рукі чыноўнікі проста разбіраюць судовыя справы і, унікаючы ў паперы, паступова самі загульваюцца ў сваіх падсудных. Сёлетняя "Белая вежа" дала свой адказ на спрадвечную дыскусію аб узаемаадносінах класікі і сучаснасці і пра тое, дзе ж знаходзяцца тыя межы рэжысёрскіх эксперыментаў, якія дазволяць класічнаму твору не пазбавіцца канчаткова ўласнага аблічча. Як ні дзіўна, неаднойчы пад час фестывальных спектакляў узнікала думка пра тое, што калі да творчай спадчыны Мікалая Гогаля падыходзіць паважліва і не намагацца ні асучасніваць аўтара, ні спрабаваць зрабіць яго "больш даступным" для сучаснага гледача, а проста ўважліва чытаць тое, што напісана, акажацца, што... Гогаль - сучасны аўтар! Жартыжартамі, але акурат гэтую думку неслі, кожны - па-свойму, два самыя яркія спектаклі сёлетняга фестывалю: "Гогаль. Вечары. Частка І" Цэнтра імя У.Мейерхольда і "Рэвізор" Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. Маскоўскага спектакля ў фестывальнай афішы наша крытыка чакала з падвойным інтарэсам: хацелася паглядзець, якім чынам рэжысёр Уладзімір Панкоў, што летась паставіў на Купалаўскай сцэне чэхаўскае "Вяселле", увасабляе пастулаты дэклараванай ім саунддрамы дома, на сваёй тэрыторыі. І спектакль не расчараваў: "Вечары" аказаліся тым "наглядным дапаможнікам", дзе гарманічна спляліся рэжысёрская тэорыя і тэатральная практыка. На сцэне перад гледачамі паўстала прыгожае, гарманічнае дзейства, працяглае і крыху медытатыўнае, як сама ўкраінская песня, што ліецца над зямлёй, то крыху сціхаючы, то зноў набіраючы моц.

І ў гэтай складанай сцэнічнай канструкцыі абсалютна па-гогалеўску змяшаліся ява і сон, рэальнасць і народная фантазія, сталі адным дзяўчыны і русалкі, а "тиха украинская ночь" раптам абсалютна нечакана ператварылася ў "бунт, бессмысленный и беспощадный", што згас гэтак жа імгненна, як і ўзнік. І вось ужо зноў перад намі будзённасць, звыклае застолле. Ды толькі мы, людзі ў зале, глядзім ужо на гэтых персанажаў, бы на пярэваратняў, якія, самі таго не ведаючы, паказалі нам іншыя свае абліччы, далёка не заўсёды чалавечыя. Калі Панкоў максімальна чуйна паставіўся да пошуку саунддрамнага эквіваленту музычна-меладычных вібрацый гогалеўскіх гісторый, дык Лідзія Манакова, рэжысёр "Рэвізора", галоўным "прыёмам" абрала максімальна ўніклівае прачытанне самога аўтарскага тэксту. І, як зазначалі пад час абмеркаванняў крытыкі, адным з галоўных здабыткаў спектакля стала тое, што, ні на крок не адышоўшы ад гогалеўскага тэксту і яго стылістыкі, яна здолела знайсці для яго абсалютна цяперашняе сцэнічнае гучанне.

Спектакль вырашаны ў традыцыйнай манеры, без знешняга знарочыстага асучаснівання і ўвядзення "намёкаў" на ХХІ стагоддзе, але ж гэтая традыцыйнасць існавання акцёраў таксама была вылучана як рыса, што падкрэслівала высокую сцэнічную культуру спектакля. Нездарма ў сувязі зім узгадваўся гэткі ж "традыцыйны" паводле свайго сцэнічнага рашэння спектакль "Гора ад розуму" Белгарадскага драматычнага тэатра, які некалькі гадоў таму атрымаў Гран-пры "Белай вежы". Але, канешне ж, і гомельскі "Рэвізор" не стаў выключэннем адносна таго, што даў магчымасць ярка праявіць сябе акцёрам, дзе на першым месцы, безумоўна, аказаўся Хлестакоў у выкананні Сяргея Юрэвіча. Бліскучае акцёрскае існаванне, у нечым эксцэнтрычнае, але кожную хвіліну сцэнічнага часу - вострае, чуйнае, яно прывяло да таго, што мы ўбачылі вечнага гульца, для якога пастулат "Усё наша жыццё - гульня" не фармальны. І Хлестакоў Юрэвіча скарае, чаруе і ўлюбляе ў сябе ўсіх, у тым ліку і гледачоў у зале, менавіта гэтай сваёй шчырасцю гульнёвай імправізацыі, той дзіцячай непасрэднасцю, з якой ён глядзіць на свет вакол сябе і ў якой няма нават намёку на зламыснасць. Але ж, нягледзячы на моцны акцёрскі тэмперамент, Юрэвіч не ператварае сцэнічную дзею ў "монаспектакль", і поруч з ім паўстае шэраг яркіх заўсёднікаў гарадка, сярод якіх галоўны- Гараднічы ў выкананні Аляксея Бычкова, што таксама не-не - ды і падкупляе наіўнай шчырасцю сваіх маніпуляцый і ў фінале вырастае ў насамрэч трагічную фігуру абаяльнага чалавека, які не здолеў разгледзець перад сабой "пустэчу".

* * *

"Белая вежа-2009" завяршылася- чакаем цябе, "Белая вежа-2010"! За гэтымі традыцыйнымі развітальнымі словамі для беларускіх тэатралаў, акрамя іншага, хаваецца і свая праўда. Мы сапраўды штогод чакаем фестываль, але не толькі таму, што "так прынята": сёння "Белая вежа" сталася месцам, дзе мы можам "зверыць" наш тэатральны пульс з тым, што адбываецца ў свеце. А без гэтага, як казаў Гогаль, "сумна жыць на свеце!".

Мінск - Брэст - Мінск