Фрылансеры ў прамысловым маштабе

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

Праектаванне інтэр’ераў, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапісу і скульптуры для арганізацыі прасторы, мэбля, сцэнічнае святло, арганізацыя ландшафту, мадэляванне адзення — магчымасці прымянення працы дызайнераў можна пералічваць доўга. Перад інтэрв’ю са старшынёй Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрыем СУРСКІМ карэспандэнт “К” колькі часу пагартаў альбом “Дызайн знутры і звонку. Хто ёсць хто”. Выданне пераканала яшчэ раз: у нас стае прафесіяналаў у гэтай галіне. Сведчаннем таму — якасць і арыгінальнасць твораў. Але акцэнты ў гутарцы рабіліся найперш на запатрабаванасць прафесіі, запыты заказчыкаў ды спажыўцоў і гатоўнасць дызайнераў адказаць на іх адпаведным прадуктам. — Дзмітрый Алегавіч, у памяшканнях БСД на вуліцы Брылеўскай адбываецца рамонт. Гэта звычайная “касметыка” ці чакаецца новае якаснае напаўненне гэтых сцен?

/i/content/pi/cult/228/3065/6-1.jpgЗамкавы варыянт

  - Дзмітрый Алегавіч, у памяшканнях БСД на вуліцы Брылеўскай адбываецца рамонт. Гэта звычайная "касметыка" ці чакаецца новае якаснае напаўненне гэтых сцен?

- Рамантуем, каб выкарыстоўваць памяшканне з карысцю: створым галерэю для членаў Саюза, дзе можна будзе рэгулярна праводзіць экспазіцыі іх твораў. Пагадзіцеся, не так ужо і часта дызайнеры выстаўляюцца ў сталіцы. Плануем, што галерэя распачне працу ўжо напрыканцы гэтага года. Галерэй патрэбна як мага болей, і мы выканалі свой абавязак у павелічэнні іх колькасці.

 - Якія накірункі сучаснага беларускага дызайну, зыходзячы з аналізу дзейнасці членаў БСД, развіваюцца ў нас найбольш імкліва?

- Назіраецца станоўчая сітуацыя ў дызайне інтэр'ераў: беларускія дызайнеры працавалі над унутранай прасторай залаў Нацыянальнага мастацкага і Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музеяў, Мірскага замка, стварылі праект нацыянальнай экспазіцыі на сусветнай выстаўцы "Экспа-2010" у Шанхаі. Іх праца бачная і ў розных грамадскіх будынках. Лічу, што стала б вельмі добрай практыкай закупка музеямі ў дызайнераў, поруч з творамі мастацтва, і іх работ: прамысловых узораў, мадэлей адзення, аксесуараў для інтэр'ераў. Заўважныя поспехі і ў дызайне прыватных інтэр'ераў. Але падобнае мастацтва амаль што ананімнае. Існуе правіла: "Калі вы робіце кватэру, лічыце, што вы пахавалі свой твор". Многія заказчыкі не дазваляюць фатаграфаваць свой дом для прэзентацыі, ды і паказваць такую работу можна толькі ў фармаце альбома. Да таго ж, у інтэр'еры дызайн не выліваецца ў серыйнасць, што ўласціва прамысловасці. Некалі Томас Мальданада сказаў: грамадству мала таго, што твор мастацтва стаў таварам,- яму хочацца, каб ітавар стаў творам мастацтва. І гэта магчыма, калі дызайнерскія распрацоўкі становяцца масавымі.

 - Вельмі папулярныя і запатрабаваныя сёння такія накірункі, як графічны і вэб-дызайн. Ці развіваюцца яны ў нас на належным узроўні?

- Так, попыт на вэб-дызайн - вялікі, хаця гэтым займаюцца ўсе, каму захочацца. Сярод вялікай колькасці самавукаў імёны нашых майстроў даволі вядомыя: гэта Сяргей Восіпаў, Вольга Сакалова, Андрэй Азараў... На жаль, летась пайшоў з жыцця Валерый Лабко, які з'яўляецца бацькам беларускага вэб-дызайну. Кніжны дызайн сёння развіваецца нядрэнна. Асаблівае ж дасягненне беларускіх дызайнераў - плакат. Да прыкладу, згадаю вострыя, надзённыя работы Уладзіміра Цэслера, Сяргея Саркісава, Юрыя Тарэева ды іншых. Некаторыя з твораў увайшлі ў анталогію сусветнага плаката, асабліва- дзякуючы ўдзелу нашых плакатыстаў у міжнародных конкурсах. Там праходзіць вельмі жорсткі адбор, і ўжо сам факт удзелу мае вялікае значэнне, а нашы дызайнеры яшчэ і атрымліваюць узнагароды. Тым не менш, іх работы не заўсёды разумее заказчык. Але мы імкнёмся яго "перавыхаваць".

 На вастрыні попыту

- Дарэчы, наколькі ўсё ж такі падрыхтаваныя сёння заказчыкі твораў дызайну да сучасных работ? Асабліва гэтае пытанне надзённае для лёгкай прамысловасці...

- Агульны ўзровень успрыняцця дызайну кіраўніцтвам, дырэктарскім корпусам, несумненна, павышаецца, і гэта будзе адбывацца далей. Людзі жадаюць канцэптуальна новых тавараў, і гэта зменіць сітуацыю, раней ці пазней. Хутка нам давядзецца канкурыраваць з Захадам, а для гэтага патрэбна праца сучасных дызайнераў.

- Тым не менш, сёння многія з нас часцяком аддаюць перавагу імпартным таварам. Для падтрымкі айчыннага вытворцы Мінгарвыканкам прапанаваў павялічыць долю беларускай прадукцыі ў рознічнай сетцы да 70% па групе нехарчовых тавараў. Натуральна, узнікае пытанне: ці зможа сталы дызайнерскі ўдзел у працэсе мадэлявання таго ж адзення змяніць сітуацыю на рынку?

- Адразу скажу, што сам часам купляю тавары беларускіх прадпрыемстваў: спартыўнае адзенне, трыкатаж, мужчынскую вопратку. Неблагія ў нас паліто, жаночая бялізна. Але, у асноўным, буйныя прадпрыемствы не вельмі разваротлівыя, ім трэба больш арыентавацца на запыты сучасных людзей. Як зацікавіць спажыўца? Прадумваць новыя лініі, а таленавітых дызайнераў для гэтага дастаткова. Вядома, любая галіна патрабуе сур'ёзных інвестыцый, каб абнавіцца. І варта закцэнтаваць увагу на ўкладанні сродкаў у рэкламу, каб "на слыху" былі брэнды. Тут мусіць быць комплексны падыход, бо спецыфіка творчасці дызайнера такая, што для яе павінен быць заказ з боку вытворцаў ці сацыяльны - ад дзяржавы. Без гэтага пачынаць справу вельмі складана. Ці ёсць падобныя прыклады? Мне, да слова, вядома, што ў свабоднай эканамічнай зоне "Брэст" ёсць прадпрыемствы па вытворчасці моднага адзення, якое добра прадаецца. Дызайнеры няблага зарабляюць, прадугледжаны патыражныя выдаткі ад прададзенай прадукцыі. Вось вам і эканамічныя рычагі нашай працы "ў дзеянні".

 - А якая сітуацыя сёння ў індустрыяльным дызайне?

- Не такая, як хацелася б. Мы страцілі сувязь з тымі дызайнерскімі групамі, якія існуюць на вялікіх прадпрыемствах. Яны маюць па адным або некалькі дызайнераў замест ранейшых калектываў. Вытворцы сёння не зацікаўлены запрашаць дызайнераў. Ім падаецца, што канструктар усё можа зрабіць сам, недзе "падгледзеўшы" замежны ўзор. Нельга гаварыць пра якасць прадукцыі, калі мы не маем на ўвазе дызайн, бо ён звязаны і з эрганомікай, і з эстэтыкай, і з функцыямі тавару. Самая галоўная наша страта - Нацыянальны цэнтр дызайну, які ўзнік на аснове Нацыянальнага інстытута дызайну - былога Інстытута тэхнічнай эстэтыкі, што існаваў яшчэ ў часы СССР. Вялікі будынак, сур'ёзная вытворчасць, дзе выконваліся шматлікія заказы, распрацоўвалі ўзоры халадзільнікаў для прадпрыемстваў усяго Савецкага Саюза, трактары, тавары народнага спажывання. Сёння ўстановы няма, і працаваць, дзяліцца вопытам, урэшце, спаборнічаць вельмі складана. Дзіўная сітуацыя: з'явіліся факультэты і кафедры ў навучальных установах, дзе ніколі не рыхтавалі дызайнераў, назіраецца вялізны конкурс пры паступленні па ўсёй рэспубліцы. Спецыяльнасць знаходзіцца на вастрыні сацыяльнага попыту. Але ў нашай краіне, паўтаруся, сёння няма аналагаў таго Цэнтра,які выконваў надзвычай важную ролю ў падрыхтоўцы і абмене вопытам.

Парадоксы і воркшопы

- Як сённяшнім ды будучым дызайнерам не згубіцца, быць запатрабаванымі і ў такіх умовах?

- Некалькі гадоў таму Саюз дызайнераў распрацаваў праграму, як удасканаліць нашу працу, якія змены патрэбны ў заканадаўстве. Аднак яе не ажыццявілі. З-за гэтага бываюць парадоксы: беларускія вытворцы едуць заказваць дызайн у Маскву, а маскоўскія карыстаюцца паслугамі беларусаў, якія займаюцца фрылансерствам. Увогуле, многія дызайнеры працуюць на аднолькавых заканадаўчых умовах з прадпрымальнікамі, але такога прыбытку, як у буйнога завода ці фірмы, не маюць. Як працуюць за мяжой? Самі дызайнеры павінны знаходзіць у сабе сілы ствараць аб'екты: спачатку зрабіць нейкі ўзор, давесці яго да ўзроўню прататыпу, паказаць гандлю, а калі кампанія пагодзіцца яго набыць, трэба знайсці інвестара, заказаць прэс-форму, аснастку, матэрыялы. Збярэш гэта ўсё - атрымаеш грошы. Нам, лічу, неабходна пераходзіць да гэтай мадэлі. Па першым часе будуць памылкі, а пасля можа з'явіцца досвед. Дызайнераў, перакананы, трэба зацікаўліваць эканамічнымі метадамі рабіць якасныя рэчы. Стымулюючы іх працу, рынак, можна атрымаць больш якасных вырабаў. Патрэбны творчая абстаноўка, пастаяннае спаборніцтва, воркшопы... Вельмі паказальны ў гэтым плане досвед Швецыі. Краіна па памерах прыкладна такая ж, як наша. Там таксама няма дзяржаўнай сістэмы дызайну. Але ён вельмі добра ўмацаваны ў нацыянальную эканоміку, моцна звязаны з вынаходніцкай дзейнасцю, якая значна стымулюецца і прапагандуецца. Там актыўна распрацоўваюць сацыяльныя тэмы, напрыклад, дызайнерскія вынаходніцтвы для інвалідаў. Чым не добры падыход?

- А як усё ж такі можа дапамагчы дзяржава?

- Я лічу, што ў нас павінна быць прэмія ў галіне дызайну, якая будзе вельмі ганаровай і значнай. Узнікае пытанне: чаму ёсць званні народнага мастака, пісьменніка, артыста, заслужанага дзеяча мастацтваў, а такой жа ступені прызнання для дызайнераў - няма? Хацелася б яе ўвесці, бо ёсць заснавальнікі школы дызайну, ёсць стваральнікі метадалогіі навукі: Чарнышоў, Герасіменка, Міронава... Усе мы - выхаванцыгэтых людзей.

- Колькі слоў пра апошнія дасягненні БСД і дызайнера Дзмітрыя Сурскага...

- У жніўні пабачыў свет наш зборнік "Знак. Лагатып", другое выданне. Мы першыя на тэрыторыі былога СССР стварылі зборнік лагатыпаў кампаній, якія працуюць на Беларусі. 114 аўтараў прадставілі свае работы. Па нашым шляху пасля пайшлі і іншыя: у Пецярбургу выйшла аналагічнае выданне - "Залатая блыха". Аўтары звязаліся з намі, каб падрабязней даведацца пра нашу кнігу, і зрабілі сваю, падобную па форме. Што да ўласных праектаў, то яны, на першы погляд, даволі празаічныя, але, спадзяюся, прынясуць карысць. Зараз раблю новую мадэль пральнай машыны. Здаецца - звычайная "скрыня", ды яна будзе адрознівацца ад іншых машын па прынцыпе дзеяння: стане эканамічнай, не будзе патрабаваць вялікіх энергазатрат. А маё хобі - плаваць на байдарках, у вольны час хаджу па малых рэках краіны. Распрацаваў сваю мадэль лодкі: гэта своеасаблівая ласта, на якую можна стаць і плыць за кошт рухаў цела. Ужо быў выпрабаваны першы ўзор. За год планую распрацаваць выпраўлены прататып.

Фота Юрыя ІВАНОВА