І нават пояс вікінга!

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Галоўная мэта археалагічных даследаванняў 2008 года, па словах загадчыцы Цэнтра даіндустрыяльнага грамадскага аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктара гістарычных навук Вольгі Ляўко, заключалася ў тым, каб максімальна ахапіць усю тэрыторыю краіны. Для гэтага была наладжана цесная ўзаемасувязь з мясцовымі навучальнымі ўстановамі — ад сярэдніх школ і летнікаў да профільных факультэтаў ВНУ.

 /i/content/pi/cult/190/2072/Viking1.jpg
 Знойдзены падмурак вежы Шклоўскага замка,
XVI — XVII стст.
Сумесная праца з вядомымі археолагамі дазволіла школьнікам на ўласныя вочы пераканацца ў цікавасці роднай гісторыі, судакрануцца з мінулым, што літаральна ажывала ў іх на вачах. Да прыкладу, юныя школьнікі-краязнаўцы з Гальшанаў ужо другі год спазнавалі археалагічную спадчыну разам з гісторыкам Паўлам Кенькам. Не менш гарачым лета выдалася і ў студэнтаў, якія, у сваю чаргу, праходзілі палявую практыку. Як адзначыла Вольга Ляўко, летась прадоўжылася плённае супрацоўніцтва з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.Машэрава, групы студэнтаў з якога працавалі ў Полацку, Друцку і Віцебску. Будучыя гісторыкі з БДУ займаліся даследаваннямі ў зоне будаўніцтва ГЭС каля Гродна і вывучалі археалагічныя помнікі ў Белавежскай пушчы. Брэсцкія студэнты дапамагалі пры далейшых раскопках старажытнай стаянкі першабытнага чалавека ў Юравічах. Навучэнцы гістарычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.Куляшова, дзе створана асобная група па спецыяльнасці “археалогія”, апошнім часам у ваколіцах Магілёва адкрылі паселішча І стагоддзя, якое развівалася да часоў Сярэднявечча. Надзвычай цікавыя даследаванні праводзіў універсітэт і ў межах Баркалабаўскага праваслаўнага манастыра, дзе перад аднаўленнем аднаго з храмаў вяліся работы з яго старажытным падмуркам, у выніку чаго былі знойдзены цікавыя прадметы, і ў тым ліку адметная кафля з выявай мясцовай ратушы.
Знойдзена абарончая сцяна Віцебскага замка
Накіраванасць леташніх раскопак можна падзяліць на фундаментальныя даследаванні і “вымушаныя”, паводле гаспадарчай дамоўленасці з арганізацыямі, што збіраюцца ўзводзіцьновыя аб’екты ў межах гістарычных зон населеных пунктаў, дзе закранаецца культурны слой. Апошнія раскопкі ажыццяўляюцца літаральна цягам усяго года, нават зімой.
У 2008 годзе, як паведаміла Вольга Мікалаеўна, археалагічнымі даследаваннямі была ахоплена не толькі тэрыторыя ўсёй краіны, але і яе гістарычныя перыяды — ад каменнага веку да Позняга Сярэднявечча. У прыватнасці, у раёне будаўніцтва ГЭС — каля Гродна адкрыта больш за 30 паселішчаў нашых старажытных продкаў каменнага, жалезнага вякоў і Сярэднявечча. Тыя мясціны доўгі час былі для гісторыкаў своеасаблівай “белай плямай”.
Зрэшты, цяпер многія са старажытных стаянак пачалі грунтоўна даследаваць. Трэці год вядуцца інтэнсіўныя работы ў Віцебску насупраць Летняга амфітэатра. Такія маштабныя раскопкі, па меркаванні Вольгі Ляўко, адметныя тым, што здабываецца вялікі аб’ём гістарычнай інфармацыі, якога пры лакальных даследаваннях магчыма дасягнуць за дзесяцігоддзі. Да прыкладу, на глыбіні 10 метраў знаходзяць рэшткі будынкаў XVIII ст., і застаецца толькі здагадвацца пра іх паходжанне і пра тое, як яны апынуліся пад такім слоем зямлі, ды чакаць працягу даследаванняў.
Археолагамі было вызначана, дзе знаходзілася абарончая сцяна Ніжняга замка ў Віцебску. У выніку раскопак была знойдзена прасліца ХІІ ст. з пакуль не
 /i/content/pi/cult/190/2072/Viking2.jpg
 Уваход у падзямелле, знойдзены ў Аршанскім парку.
расшыфраванымі надпісамі, багата рэчаў XVII — XVIII стст. Пры раскопках у Мінску з будаўнічымі арганізацыямі плённа супрацоўнічае аддзел археалогіі Сярэднявечча на чале з Аляксандрам Мядзведзевым. Летась даследаванні адбываліся на плошчы амаль у 500 квадратных метраў. Да таго ж, пастаянна вядзецца назіранне ў месцах, дзе пракладваюцца разнастайныя камунікацыі.
У Полацку асноўная частка каштоўных прадметаў была выяўлена Маратам Клімавым. Сярод знаходак на Запалацкім пасадзе — шкляныя бранзалеты, рэшткі замкоў, ключы, вухавёртка, гірка-разнаважка, фібулы, крыжыкі-нацельнікі, што сведчыць пра высокі ўзровень тагачаснай матэрыяльнай культуры. Не менш плённымі былі археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага універсітэта Дзяніса Дука, які паведаміў, што летась знойдзены экспанаты VIII — IX ст.: ладзейная заклёпка, гліняныя вырабы, рамесніцкія інструменты, разнастайныя побытавыя рэчы, а таксама калекцыя шкляных і сердалікавых пацерак, якія ўвайшлі ў моду ў Х стагоддзі.
Невядомы курган у Друцку
Не менш важнымі для навукі былі вынікі раскопак у Шклоўскім замку, што колісь належаў роду Хадкевічаў. Летась там таксама праводзілася плённая археалагічная праца: адбылося ўскрыццё каменнага падмурка вежы, гісторыя якой вялася з другой паловы XVI і да сярэдзіны XVII стагоддзя, калі войскі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча замак спалілі, а потым, па яго ж загадзе, ваяводы ўзнаўлялі гмах. Быў прааналізаваны ўвесь гістарычны працэс на адносна невялікім участку.
Як зазначыла Вольга Ляўко, нешта падобнае можна сказаць і пра Друцк, дзе ў 1001 годзе была пабудавана адна з самых старажытных цэркваў на тэрыторыі Беларусі. Мясцовыя ўлады збіраюцца стварыць зону кшталту музея-запаведніка, дзе будзе прадстаўлены ўвесь комплекс гістарычных помнікаў, пачынаючы ад паселішчаў першых стагоддзяў нашай эры і ранніх славянскіх сярэднявечных курганных могільнікаў да ўласна самога дзядзінца, а таксама гарадскога пасада, які развіваўся з канца Х да XVII ст. і знаходзіўся за тэрыторыяй Друцка. Менавіта ён і быў летась пад увагай археолагаў. Пад час раскопак пашанцавала знайсці і раней невядомы курганны могільнік, які часткова пачалі даследаваць. Ужо сёння можна сказаць, што вынікі будуць даволі нечаканымі.
Супрацоўнікі Інстытута гісторыі на Гомельшчыне праводзілі даследаванні каменнага веку. У сваю чаргу, студэнты Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Макушнікава спазнавалі мясцовую гісторыю перыяду Сярэднявечча. Імі былі знойдзены матэрыялы XII — XIII стст. на помніках протагарадскога тыпу. Дзякуючы раскопкам у Белавежскай пушчы, гісторык Вадзім Белявец вывучае адметнасці ролі вельбарскай культуры на Брэстчыне. Даследуюцца ўзаемаадносіны славян з плямёнамі, што раней жылі на гэтай тэрыторыі.
Як адзначыла Вольга Ляўко, каштоўнасць знойдзенага вызначаецца не коштам металу, з якога зроблена пэўная рэч, а той інфармацыяй, што з яго вынікае, тым больш, калі звесткі раскрываюць таямніцы, сведчаць пра невядомыя дагэтуль факты. Да прыкладу, пры правядзенні археалагічных даследаванняў Оршы, прымеркаваных да падрыхтоўкі горада да “Дажынак”, на адным з будаўнічых аб’ектаў сярод мноства рэчаў была знойдзена накладка на дружынны пояс вікінга Х — пачатку XІ стагоддзя, якая дазваляе меркаваць, што ў гэтым месцы, яшчэ да ўзнікнення Аршанскага гарадзішча, праходзіў шлях “з варагаў у грэкі”.
У бліжэйшых планах спецыялістаў, апрача ўласна палявой дзейнасці, — выданне кнігі, прысвечанай аднаму з пачынальнікаў сучаснай беларускай археалогіі Канстанціну Палікарповічу, а таксама каталога архіўных матэрыялаў, звязаных з навуковымі справаздачамі, пачынаючы з 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Напярэдадні ж 80-годдзя стварэння Інстытута гісторыі НАН Беларусі рыхтуюцца навукова-практычныя канферэнцыі з удзелам археолагаў з Расіі, Літвы, Польшчы, Швецыі і Украіны, плённае супрацоўніцтва з якімі адбывалася і летась. Акрамя таго, сёлета плануецца ажыццявіць сумесны праект з навукоўцамі Францыі па даследаванні месца пераправы войск Напалеона ў раёне Бярэзіны.
Важна адкрыць, заўважае Вольга Мікалаеўна, пэўную дэталь, кавалак гарадскога жыцця, што раней не быў вядомы. Якраз гэтым і каштоўны кожны новы палявы сезон.

Канстанцін АНТАНОВІЧ