Алесь Лось вырабляе старадаўні музычны інструмент
АДКУЛЬ КЕЛЬЦКІ ПОРТ ПАД БРАСЛАВАМ?
Алесь Лось не толькі аўтарытэтны этнограф, мастак, музыка, гаспадар аграсядзібы… Ён яшчэ і няўрымслівы вандроўнік — што называецца, па жыцці. Менавіта таму даследчык здатны знаходзіць у нашай краіне тыя “белыя плямы”, якія засталіся па-за ўвагай усіх географаў. Простую назіральнасць тут дапаўняе культуралагічная эрудыраванасць, а таксама інтэлектуальная адвага, якая дазваляе высоўваць самыя нечаканыя гіпотэзы.
Гэтым разам даследчык са здымачнай групай выправіцца на азёрную выспу, куды рэдка ступае нага чалавека. Некалі, шмат гадоў таму, Алесь Лось там ужо пабываў — і яму падалося, што сярод беларускіх ландшафтаў ён знайшоў сляды старадаўняга порту і капішча. З таго часу ўвесь час карцела вярнуцца, каб спраўдзіць здагадкі.
— На той выспе надзвычай цікавыя рэліктавыя краявіды, — распавядае Алесь Лось. — Мне падаецца, яны неяк звязаныя з культам грэцкай багіні Эрыгоны. Як ён патрапіў у нашыя мясціны? Разам з кельтамі, якія ў дагістарычныя часы пакінулі тут свой след.
Кельты, выспа, Эрыгона… Пагадзіцеся, гэта гучыць нібы сюжэт фэнтэзі. Аднак даследчык ставіцца да сваіх тэорый на поўным сур’ёзе. Пагатоў яны падмацаваныя досведам. Вось ужо не першае дзесяцігоддзе Алесь Лось імкнецца разгледзець у беларускіх краявідах ледзь прыкметныя адмеціны былых цывілізацый.
Азёрныя выспы цікавяць яго асабліва. На думку этнографа, у тую эпоху, калі рэкі і азёры былі галоўнымі шляхамі камунікацый, астравы пераўтвараліся ў своеасаблівыя “пункты прыдарожнага сэрвісу”: там падарожнік мог бяспечна заночыць, пад’есці — і заплаціць “дарожны падатак” таму племені, якое гэтыя мясціны кантралявала. Паступова такія мясціны запаўняліся і аб’ектамі сакральнага зместу: капішчамі, курганамі і нават, як мяркуе Алесь Лось, старадаўнімі абсерваторыямі.
На выспе возера Багінскае падарожніку надоўга ўрэзаліся ў памяць лавандавыя палі. І сапраўды, гэтыя кветкі звычайна не растуць у Беларусі ў дзікіх умовах. Калі кіношнікам удасца іх зафіксаваць, гэта будуць не толькі эфектныя, але і амаль сенсацыйныя кадры.
Асабліва разам з новым транспартным сродкам. З нядаўніх часоў Алесь Лось стаў яшчэ і “яхтсмэнам”, прыдбаўшы для скарэння беларускіх рэк і азёр паруснае каноэ. Да нашай мінуўшчыны яно дачынення не мае — па словах уладальніка, каб займець добрую рэпліку гістарычнага судна, у яго бракуе часу і фінансавых магчымасцей. Але затое зроблена яно цудоўным чалавекам і зможа дапамагчы патрапіць у самыя цяжкадаступныя мясціны Беларусі. Балазе хуткасць пад ветразем — ажно да 50 км у гадзіну!
Алесь Лось і Юрый Цімафееў апрабоўваюць новы інструмент
ЗВАРОТНАЯ ПЕРСПЕКТЫВА ДУДЫ
Я не мог устрымацца ад пытання: адкуль жа гэтая цікавасць да пошукаў старадаўніх цывілізацый? Як выявілася — праз беларускі фальклор, даследаванню якога Алесь Лось прысвяціў ці не ўсё жыццё. Менавіта там ён знаходзіць адсылкі да зніклых этнасаў, іх агульныя з намі міфапаэтычныя традыцыі.
— Міф жыве даўжэй за ўсё, і таму ён можа захоўваць істотную інфармацыю пра падзеі, якія адбываліся тысячагоддзі таму, — мяркуе Алесь Лось. — Зразумела, яна зашыфраваная. Але, рупліва адшукваючы патрэбныя ключы, ты неймаверна пашыраеш свой даследчыцкі кругагляд. Мне заўсёды карцела зразумець розныя пласты культуры, якія прысутнічалі на нашых землях. Мы больш-менш ведаем пра адзін-два — а іх жа насамрэч дзясяткі!Галоўным такім ключом для Алеся Лася стала дуда. Перад тым як самому стаць дударом, ён доўгі час вывучаў гэтую традыцыю. Плануецца, што ў фільм увойдуць фрагменты палявых запісаў шматлікіх этнаграфічных экспедыцый (агульны іх хронаметраж налічвае дзясяткі гадзін), якія ў архаічным VHS-фармаце назапасіў даследчык.
Як кажа рэжысёр фільма Юрый Цімафееў, убачаныя там сцэны літаральна зачароўваюць: бабулі і дзядулі, зафіксаваныя на гэтых стужках, здатныя выклікаць сваёй смеласцю ды непасрэднасцю і смех, і слёзы. Таму важна захаваць гэтыя стужкі як унікальную памяць пра тых носьбітаў глыбіннай традыцыі, якіх на свае вочы сёння ўжо не пабачыш.
— Дуда вядзе ў сакральны свет нашай міфалогіі, абрадавасці, этнафоніі… — распавядае Алесь Лось. — Гэты культурны феномен, які быў амаль паўсюдна вядомы на Беларусі ў даваенныя часы, можна разглядаць у зваротнай гістарычнай перспектыве. Ад тых вясковых музыкаў-самавукаў, якіх мне пашчасціла заспець жывымі, — і да кельтаў, угра-фінаў, готаў… Урэшце, той масток вядзе і да грэцкай антычнасці з яе вядомым культам Дыяніса.
Магчыма, такія тэарэтычныя дапушчэнні камусьці пададуцца надта смелымі. Аднак сам аўтар неверагодных гіпотэз не надта схільны ўтрапёна даводзіць сваю рацыю:
— Ведаеце, я проста жыву ў той атмасферы, дзе мне камфортна і цікава, дзе добра дыхаецца, — і, болей за тое, лічу, што такую атмасферу быцця трэба ствараць сабе самому. А калі некаму са мной цікава — заўсёды гатовы да супрацоўніцтва. Гэта як у вандроўцы: нехта ўжо праз кіламетр пачынае ныць і хоча спыніцца ды выпіць піва. А некаторыя — ідуць і ідуць, не ведаючы стомы. Так і тут: нехта спыняецца на павярхоўных пластах і гэтым задавальняецца, а нехта капае глыбей…
Поўную версію публікацыі чытайце ў газеце "Культура" №24 ад 11 чэрвеня.