Сядзібны будынак 1890-х гадоў
Гэтым разам я ішоў у Грушаўку адзін. Хацелася няспешна абысці ўвесь комплекс. Дарэчы, даволі вялікі па тэрыторыі. Ну, і вядома ж, абавязкова дабрацца да капліцы-пахавальні Рэйтанаў у Грушаўцы (не блытаць з капліцай Рэйтанаў у Ляхавічах), да якой ад сядзібы каля кіламетра, калі б ляцець “як страла”.
Уласна кажучы, першы выезд рэдакцыі “К” у Грушаўку адбыўся падчас Рэспубліканскага суботніка ў красавіку 2013 года. Мой візіт адбыўся туды на некалькі гадоў раней. Тады ніхто не паверыў бы, што праз нейкія 10-12 год, малавядомая ў Беларусі вёска Грушаўка пераўтворыцца ў “месца паломніцтва”. І не толькі беларусаў. Бо расіяне ды прадстаўнікі іншых народаў , якія цікавяцца гісторыяй нашай краіны, адмыслова наведваюцца на радзіму Тадэвуша Рэйтана. Забытага героя, якога не заўсёды ведаюць нават некаторыя нашы гісторыкі.
На пачатку 2000-х у Грушаўцы многае было па-іншаму. Флігелі паабапал сядзібнага будынка стаялі ў хмызняку. Гэтак званая “Мураванка” (цагляны будыначак другой паловы XVII стагоддзя, яшчэ дарэйтанаўскі), стаяла фактычна без даху. Галіны клёнаў, якія разрасліся за шмат гадоў, хаатычна ахутвалі і драўляны сядзібны дом, і руіны бровара. Праўда, свіран, унікальны грушаўскі свіран ХІХ стагоддзя, быў у такім стане, што можна было ў ім уладкавацца на “летнія кватэры”. Кароўнік 1909 года актыўна выкарыстоўваўся па прызначэнні. А вось стайня, зарослая клёнамі і бярозамі, паціху разрабоўвалася мясцовымі жыхарамі, якія бралі там металёвыя швелера пачатку ХХ стагоддзя, бляху з даху і таўшчэзны брус. Калі праматаць некалькі год, як кадры стужкі, то мусім сказаць, што суботнікі, летнікі, фестывалі, вечарыны з выставамі праводзіліся і дзяржавай, і валанцёрамі. Дарэчы, мерапрыемствы ладзіліся не толькі ў Грушаўцы, але па ўсёй Беларусі. І мелі на мэце захаваць Грушаўку і папулярызаваць гісторыю роду Рэйтанаў. Так і адбылося, і зараз з кожным годам справа ідзе наперад.
Унікальны свіран ХІХ стагоддзя
Пра тое, як распачалася і вялася рэстаўрацыя сядзібы і капліцы, мы неаднаразова пісалі ў “К”. Апошнія публікацыі на гэты конт былі ў пачатку 2020 года. Потым рэстаўрацыйныя працы на нейкі непрацяглы час спыніліся, але, не так даўно, аднавіліся ізноў.
Што ж было зроблена нашай дзяржавай за 2021 і пачатак 2022 года? Мы запыталіся пра гэта ў начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама, спадарыні Ніны Прыхач. Аказалася, значная частка таго, што прадугледжвала першая чарга рэстаўрацыі комплексу, ужо зроблена. Што тычыцца капліцы ў Грушаўцы, то сёлета яе дах атрымаў новае бляшанае пакрыццё. Дах сядзібы, які ў момант яе пабудовы ў 1890-х, спярша быў крыты гонтай, а пазней перакрыты бляхай, сёння ізноў накрыты гонтай. Перад гэтым адбылося ўзмацненне нясучых канструкцый. На першым і другім паверхах устаўлены вокны і дзверы. Ганак сядзібы, і з параднага, і з тыльнага бакоў, амаль прыведзены да ладу. На ганках усталяваны драўляныя калоны, вырабленыя па ўзорах, якія захаваліся, дзякуючы мясцовым жыхарам. Адноўлены і ўжо часткова атынкаваны ўваходы ў сутарэнні (якія, як я памятаю, знаходзіліся ў аварыйным стане). Што ж датычыцца саміх сутарэнняў, то тая палова, якая згодна з праектам прадугледжвала размяшчэнне тут мастацкай школы і музейнай экспазіцыі, амаль завершана. Для яе закупаецца абсталяванне, камп’ютарная тэхніка і мэбля. У маі запланаваны двухдзённы летнік, для ўдзельнікаў якога закуплена ўсё неабходнае.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №15 за 9 красавіка.