НАРАДЖЭННЕ ФЕНОМЕНА
Суправаджала нас песенька да Мінска і далей, да латвійскага Даўгаўпілса, дзе мне адразу належала граць ролю ў фільме “Фруза”. Пасля доўгага першага здымачнага дня пад ноч размясцілі нас непадалёк, у матэлі Зарасая, што ў Літве. Знямоглыя, галодныя, зайшлі ў напаўцёмны, амаль пусты аб 11-й гадзіне вечара рэстаран на познюю вячэру. Селі — вось насмешка лёсу! — у кут ля эстрады, побач з пірамідай калонак. За вакном месяц адлюстроўваўся ў азёрнай вадзе, з гукаў — толькі шум соснаў і патрэскванне свечкі на стале…
Як раптам у паўцемры выявіліся постаці “лабухаў”, урубілі святло, узмацняльнікі, перакінулі праз шыі пасы электрагітар і гучна зай-
гралі аплачаны кімсьці з нешматлікіх наведвальнікаў шлягер… Канешне, гэта была “Малінаўка”!
“Ужыўленне” ў вушы жыхароў Краіны Саветаў тае песенькі можна параўнаць толькі з папулярнасцю “Волагды”.
Аўтар музыкі, знаёмы мне са студэнцкіх часоў, у адной са сваіх кніжак, прэзентаваных мне, узгадваў, што “Малінаўку” спявалі многія вакалісты, гучала яна і ў рэстаранах — пад яе зручна было трэсціся ў скоках пасля стэйка перад тортам.
Вось якраз у брэсцкім рэстаране яе і пачуў кіраўнік вакальна-інструментальнага гурта “Верасы” Васіль Раінчык — калектыў якраз гастраляваў у Брэсце. Калі лідар заявіў, што гурт будзе спяваць “Малінаўку”, то сустрэў нязгоду: “Верасы” тады распявалі сусветныя шлягеры, а тут — такі прымітыў!
Раінчыка падтрымаў толькі Ціхановіч, які вызваўся яе заспяваць, хаця да таго вакалістам не лічыўся.
Пралічаны лідарам поспех здзейсніўся пасля перадачы па ЦТ “Песня-80”: песенька зрабілася суперпапулярнай — пайшла ў народ, “Верасы” сцвердзілі сябе ў элітнай абойме савецкай эстрады, а вусаты абаяльны выканаўца палюбіўся тэлегледачам.
У АБДЫМКУ З ТУБАЙ І БАРЫТОНАМ
У сціплых успамінах пра дзяцінства згадваў Саша нанятую бацькамі няньку, што наглядала за малым. Набожная, яна чытала хлопчыку Евангелле, вадзіла ў царкву… У апошні, трагічны перыяд жыцця згадае Аляксандр пра выхавацельку. Але ў інтэрнэце няма звестак пра яго бацькоў: набіраеш запыт — выдаюць звесткі пра бацькоў Ядвігі Паплаўскай. А я памятаю яго ветлівую маці! У белым халаце і гарэзлівай наколачцы на галаве гандлявала яна ў цэнтры Мінска газіраванай вадой: чыстая газіроўка — капейка, з сіропам — тры. Саша пазнаёміў мяне з матуляй Кацяй, калі яшчэ не быў Народным артыстам.
У Сувораўскай вучэльні Аляксандр іграў на тубе ў духавым аркестры. Засвойваў барытон: улюбёны інструмент браў з сабой, спаў з ім, паклаўшы побач, прачнуўшыся, пачынаў адразу дудзець. У інструментарыі аркестра меўся чамусьці і кантрабас, Саша стаў смыкам на ім “піліць”: падбіраў злавесную тэму з парадыйнага фільма “Фантамас”.
З валоданнем ігрой на тубе, барытоне і кантрабасе, з веданнем нот лёгка паступіў у музвучэльню. Маладзечна нарадзіла шмат імёнаў у галіне мастацтва. У гэтым спрыяльным маладзечанскім “катле” і выспяваў талент Аляксандра для паступлення ў кансерваторыю.
У 60-я савецкую моладзь уразіла зусім новая музыка, якую явіў рок-гурт “Чырвоныя гітары”. Пачуўшы яе, Аляксандр адразу вырашыў: “Гэта — маё!” І ўзяўся засвойваць электрагітару.
Пасля войска ў 1973-м увайшоў ён у філарманічны гурт “Мінск”, які іграў джаз. Там сышліся выдатныя музыканты, сярод якіх скрыпач і гітарыст з першага склада “Песняроў” Валянцін Бадзьяраў, кампазітар, піяніст-віртуоз, будучы кіраўнік “Верасоў” Васіль Раінчык.
Але потым, пасля расфарміравання гурта, класныя музыканты знайшлі месцы ў іншых калектывах. А паралельна з лініяй лёсу Ціхановіча, пакуль не перасякаючыся, прачэрчвалася іншая лёсавызначальная лінія.
На пачатку 70-х Ядзя Паплаўская і яе каляжанкі з кансерваторыі ў супрацьвагу мужчынскім “Песнярам” арганізавалі дзявочы ВІА “Верасы”. Пачалі з падпевак славутаму барытону Эдуарду Міцулю, а затым “міцулінкі” аддзяліліся і сталі падумваць: да “песняроў у спадніцах” трэба ўсё ж далучыць хлопцаў.
У калідорах філармоніі сустракаліся з вясёлым бас-гітарыстам Ціхановічам — ён і стаў першым хлопчыкам у дзявочых “Верасах”.
Пра тое, як Саша сярод іх адразу паклаў вока на сціплую дзяўчынку Ядзю, як пабраліся яны шлюбам у 1975-м, абодва расказваюць у Інтэрнэце. Далучу толькі ўспамін “верасоўкі” Надзі Мікуліч пра крымпленавы пінжак: у ім распісваліся і яна з мужам, і Саша з Ядзяй. Абедзве пары пражылі разам шмат год, а таму адзенне тое лічыць Надзея шчаслівым.
ГАСТРОЛІ З “ВЕРАСАМІ”
У Хельсінкі спявачка з сусветнай папулярнасцю Амара Парту-
онда, прыняўшы Ціхановіча за лідара “Верасоў”, папрасіла ў яго “бас”. Саша ахвотна працягнуў ёй гітару. Яна адмоўна круціла галавой і зноў: “Бас, бас!” Музыкант зноў нерашуча прапаноўваў ёй сваю бас-гітару… Цягнулася непаразуменне, пакуль саксафаніст Валодзя Фельгін, трохі ведаючы замежную мову, не скеміў, што “бас” па-англійску — аўтобус! Амара прасіла дазволу сесці ў аўтобус беларусаў, каб даехаць да гатэля.
Пасля замежных канцэртаў трэба было па вяртанні абавязкова здаваць валюту, атрыманую артыстамі як ганарар. Раінчык з Ціхановічам надумалі на тую валюту ў краіне іх гастроляў купляць найноўшую апаратуру і музычныя інструменты для гурта. На радзіме на патрабаванне здаць валюту “разгублена” апраўдваліся, маўляў, вось, там “натурай” разлічыліся. Таму самая найлепшая апаратура — канцэртная і гуказапісу ў “Верасоў” — выклікала зайздрасць у іншых калектываў філармоніі.
Паколькі 1977-ы быў у мяне “годам “Верасоў”, то я задумаў аб’яднаць рускія, кубінскія, нямецкія, французскія, польскія, беларускія песні з рэпертуару гурта цікавым сюжэтам, які б цягнулі мае вясёлыя і таленавітыя цыркавыя сябры.
З той мэтай я далучыўся да гастроляў “Верасоў” у Брэсце, дзе канчаткова і выбудаваўся сюжэт музычнага відовішча. Раінчык там паказаў мне вясёленькі рэг-тайм, і я на яго музыку сачыніў тэкст: “Нямое кіно”. Песеньку пера-
далі для выканання адрасна: Сашу Ціхановічу. Яе маскоўская фірма гуказапісу “Мелодыя” неўзабаве выдасць на грамплыце.
Для першага беларускага мюзікла на відэастужцы “Гэтая доўгая кароткая гадзіна” я паставіў пантаміму пад “Нямое кіно”: жудасны злодзей з нажом ці кольтам — нехта з хлопцаў-“верасоўцаў” — крадзецца скрасці танюткую безабаронную кінагераіню — гэта Ядзя. Але кінагерой — гэта Саша — ратуе яе. Галівуд!
Тэлегледачы Беларусі пад новы, 1978 год убачылі на сваіх экранах мюзікл “Гэтая доўгая кароткая гадзіна”. Музыканты ВІА гралі невялікія эпізоды. Аляксандр Ціхановіч блішчэў у самым вый-
грышным. Музычны спектакль паказвалі яшчэ некалькі гадоў, пакуль ад частага ўжывання непрактычная шырокая магнітная стужка не стала сыпацца.
Варыяцыю на тэму пантамімы “Нямое кіно” я ўзнавіў у музычным фільме “А таксама цырк”. Задумай было аб’яднаць з адной-двума песнямі самыя славутыя калектывы беларускай эстрады, якія я ўжо да таго здымаў паасобку, — “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, гурт Валянціна Бадзьярава, джаз-аркестр цырка Міхаіла Фінберга ды цыркавыя нумары. Задума ажыццявілася ў карціне, як ахарактарызаваў стужку аўтарытэтны глядач, “патэнтна чысты беларускі рэпертуар”.
Другім “верасоўскім” шлягерам стала балада Раінчыка “Кахання развітальны баль”. Пад купалам цырка ў светлавых эфектах лунае дзявочая постаць. Перад спяваючым закаханым раз-пораз узнікае постаць “дзяўчыны яго мары” — гэта Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская.
Прыемна было на першым праглядзе пачуць ад аўтара музыкі і выканаўцы, што візуальнае ўвасабленне іх песні — ідэальнае.
“ХУТКАХОДНЫ КАЦЕР”
Так у дзённіку-нататніку назваў “Верасы” чулы і скептычны “пясняр” Ігар Палівода. Сапраўды: якімі баламі можна ацаніць доўгую гастроль “Верасоў” па ўсёй трасе БАМа, разам з кінаартыстам і сусветнай шоу-зоркай Дзінам Рыдам?
Саша Ціхановіч з захапленнем згадваў той цікавы час, 79-ы год, дзе ўсё грунтавалася на энтузіязме: часам жылі ў нейкіх палатках, буданах, вандравалі па разбітых дарогах, а то й па бездарожжы, каб дабрацца да кропкі канцэрта. Не, канешне, для кантрасту былі канцэрты ў гарадах — у Маскве, Кіеве, Мінску.
Я бачыў гэту праграму ў Вялікай зале нашай філармоніі: прыгажун Дзін Рыд з песнямі “Маці”, “Мы пераадолеем”, шчаслівыя музыканты нашых “Верасоў” — апагей іх славы!
Да таго і пасля — перамогі на фестывалях, замежныя гастролі, запісы вінілаў на фірмах “Мелодыя” ў Маскве, у Балгарыі на “Балкантоне”.
Канцэрты — пры нязменных аншлагах. “Верасы” давалі па сто канцэртаў у месяц, зарабляючы дзяржаве мільёны рублёў.
Ціхановіч у канцэртах мяняў інструменты, больш трымаў рытм на бас-гітары. Аднак усё часцей спяваў сольна і дуэтам з жонкай. Тады ў “Верасах” сфармаваўся іх пажыццёвы рэпертуар, гронкі песень, што назаўсёды зрабіліся незабыўнымі для слухачоў: “Завіруха”, “Я ў бабулі жыву”, “Малінаўка” — усе з музыкай Эдуарда Ханка, “Марскі прыбой” Ігара Лучанка. І, канешне, кранальная пяшчотная “Калыханка” Раінчыка, што хутка як паўстагоддзя гучыць для дзетак кожны вечар. Кастынгу выканаўцаў не было: правераны ладны дуэт Ціхановіч — Паплаўская.
У 1986-м ВІА “Верасы” — “хуткаходны кацер” — выбіраецца на далёкія і працяглыя гастролі па савецкіх рэспубліках Сярэдняй Азіі. Вярнуліся з непрыемнасцямі і скандалам. Аб сутнасці інцыдэнту з Ціхановічам сведкі-музыканты не расказваюць — і правільна робяць.
Карацей: у 1986-м Ціхановіч і Паплаўская вымушана пакінулі гурт “Верасы”, застаўшыся без працы ды з дзіцём на руках.
(Заканчэнне будзе)
Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр