Сяргей Панасюк, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама:
— Паважаныя работнікі культуры! Вось і завяршыўся 2021 год. Ён быў адзначаны шэрагам значных культурных падзей, як у Брэсцкай вобласці так і за яе межамі. Наша прафесійная дзейнасць і далей будзе спрыяць стварэнню неабходных умоў для развіцця і рэалізацыі культурнага патэнцыялу кожнай асобы і грамадства ў цэлым. Мы павінны выкарыстоўваць свой гуманітарны рэсурс, павышаць міжнародную цікавасць да нашай гісторыі, традыцый, мовы і культурных каштоўнасцей. Мы па праве ганарымся беларускай культурай. Культура — гэта, вядома, жывы арганізм, які ўвесь час развіваецца і мае патрэбу ў прытоку новых сіл.
Дазвольце павіншаваць вас, работнікі культуры і чытачы газеты “Культура”, ад імя ўсіх работнікаў культуры Брэсцкай вобласці і ад сабе асабіста з Новым, 2022 годам і пажадаць вам, каб ён быў напоўнены цеплынёй, шчырасцю і натхненнем, быў насычаны цікавымі праектамі, творчымі ідэямі і яркімі поспехамі. Прыміце самыя шчырыя пажаданні дабрабыту і здароўя, узаемаразумення ў вашых сем’ях, цяпла і ўтульнасці ў вашых дамах!
Пётр Падгурскі, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканка:
— Шаноўныя работнікі культуры! Вы прысвячаеце сваё жыццё высакароднай справе, у якой прагнеце задзейнічаць як мага больш людзей, бо культура — здабытак усяго народа! Нягледзячы на няпросты 2021 год работнікі культуры Віцебскай вобласці правялі 12 міжнародных, 4 рэспубліканскіх і больш за 20 рэгіянальных фестываляў, свят, конкурсаў. Вялікі дзякуй за вашу працу!
Віншую вас з Новым годам і Калядамі, жадаю вашаму творчаму генію квітнець і расці ў атмасферы любові і разумення, а ў асабістым жыцці хай спадарожнічаюць дабрабыт, здароўе, удача і павага! Невычэрпнай крыніцы энергіі, аптымізму і крэатыву! З вашай дапамогай наша жыццё становіцца прыемней і весялей! Стварайце з натхненнем!
Дзяніс Язерскі, начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама:
— Дарагія сябры, калегі, чытачы газеты “Культура”! Шчыра віншуем вас з Новым годам і Калядамі. Перагортваючы апошні ліст календара мы падводзім вынікі адыходзячага года, які быў няпростым, але разам з тым цікавым. Мы працягнулі ўдасканальваць сваю працу ва ўмовах некаторых абмежаванняў, звязаных з пандэміяй. На працягу года мы праводзілі цікавыя мерапрыемствы і ўдзельнічалі ў іх, арганізавалі навучальны працэс ва ўстановах адукацыі без збояў у праграме.
У бягучым годзе дзяржава не пакінула без падтрымкі галіну — завершаны рамонтныя работы дома культуры Гомельскага раёна, адкрыта музейная экспазіцыя “Стаянка першабытнага чалавека” ў Юравічах Калінкавіцкага раёна, у гэтым жа населеным пункце актыўна працягваюцца работы на аб’екце гісторыка-культурнай каштоўнасці “Комплекс былога калегіума езуітаў”, праведзены маштабныя рамонтныя работы ў каледжы мастацтваў імя Сакалоўскага, пачаты работы на знакавым аб’екце “Партызанская крынічка”, пасля правядзення капітальных работ адкрыты Добрушскі раённы дом культуры. Трэба адзначыць і значнае абнаўленне базы музычных інструментаў.
Насычаную і разнастайную афішу культурных мерапрыемстваў склалі яскравыя цікавыя праекты. Адбыліся рэспубліканскія фестывалі “Берагіня” і “Аўцюкі”, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны, міжнародны конкурс “Музыка надзеі”, абласны конкурс “Майстар”, фестываль кнігі “ЧытайГомель”, шэраг абласных конкурсаў народнай творчасці, фестываль “На зямлі Кірылы Тураўскага”, фестываль-конкурс “Вясёлка, якая спявае” і іншыя. Гомельшчына годна прадстаўлена на конкурсе “Міс Беларусь” і атрымала два прызавыя месцы. Актыўна працавалі музейныя ўстановы, прэм’ернымі спектаклямі і праграмамі насычаны афішы тэатральна-відовішчных арганізацый.
Яркімі мерапрыемствамі былі адзначаны нашы юбіляры — 100 гадоў споўнілася каледжу мастацтваў імя Сакалоўскага, 25 гадоў адзначыў эстрадна-сімфанічны аркестр імя Юрыя Васілеўскага Гомельскай абласной філармоніі. Традыцыйна адной з самых ганаровых узнагарод з’яўляецца прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, якой адзначаны аўтарскі калектыў архітэктараў і ідэйных натхняльнікаў Гомельшчыны за стварэнне мемарыяльнага комплексу на месцы спаленай вёскі Ала ў Светлагорскім раёне. Палацава-паркавы ансамбль стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі сярод абласных устаноў, абласны цэнтр народнай творчасці перамог у рэспубліканскім конкурсе на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі ў намінацыі “Лепшае культурнае мерапрыемства народнай творчасці патрыятычнай тэматыкі”. І гэта толькі асноўныя перамогі.
Няхай надыходзячы год будзе паспяховым і плённым, стане залогам стабільнасці, прынясе мноства прафесійных перамог і дасягненняў на карысць роднай Беларусі! У гэтыя святы прыміце самыя добрыя і шчырыя пажаданні моцнага здароўя, міру і дабрабыту!
Алена Клімовіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:
— Для сферы культуры Гродзенскай вобласці 2021 год стаў знамянальным і быў багатым на падзеі. Гэта і адкрыццё новай экспазіцыі у Гальшанскім замку, завяршэнне работ па стварэнні экспазіцыі 1-й чаргі Старога замка ў Гродна, увядзенне ў эксплуатацыю многафункцыянальнага культурнага комплексу ў Астраўцы. Але, безумоўна, галоўным здабыткам з’яўляюцца людзі, якія плённа працуюць на ніве культуры. Статус народнага майстра прысвоены майстру Наталлі Клімко з Навагрудскага раёна, народным майстрам Мар’янам Скрамблевічам з Гродзенскага раёна на сродкі Гранта Прэзідэнта Беларусі рэалізаваны творчы праект па адкрыцці майстэрні, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Гродзенскі абласны тэатр лялек” стаў пераможцам Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў 2-х намінацыях, аб’ект нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Смаргонскія найгрышы” ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Паважаныя сябры, дарагія калегі! Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, творчых здзяйсненняў на карысць нашай роднай Рэспублікі Беларусь!
Алег Стэльмашок, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама:
— Кожны адыходзячы год пакідае за сабой рэалізаваныя праекты, новыя знаёмствы і прыемныя моманты. Яркім пацвярджэннем таму для Магілёўшчыны служаць такія культурныя падзеі, як міжнародныя фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”, Рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”). Гэта быў час напружанай працы на карысць роднага краю, час прафесійных поспехаў, прадуманых і ўзважаных рашэнняў. Кожны з нас унёс пасільны ўклад у тое, каб пераадолець цяжкасці і ўпэўнена ступіць у Новы, 2022 год. Новы год — гэта не проста свята або пачатак каляндарнага перыяду, гэта перш за ўсё новыя надзеі і поспехі. У нас ёсць усе падставы пазітыўна глядзець у будучыню, бо пабудаваны дакладныя планы і ёсць рэальныя магчымасці па іх увасабленні!
Жадаю вам ажыццяўлення запланаванага, новых крэатыўных творчых праектаў! Няхай новы год прынясе толькі прыемныя сюрпрызы, выдатныя навіны, удачу і поспех! Няхай усё добрае, што радавала ў адыходзячым годзе, абавязкова знойдзе свой працяг у годзе надыходзячым, а кожны яго дзень дорыць каласальны зарад жыццёвай энергіі, пазітыву.
Ала Шахоцька, начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама:
— Для нас адыходзячы год запомніўся тым, што галоўнае ўпраўленне культуры Мінскага аблвыканкама было аддзелена ад упраўлення ідэалогіі і па справах моладзі, што дало магчымасць палепшыць работу. Акрамя таго, Барысаў быў культурнай сталіцай краіны, дзе таксама прайшла важная выстава “Дасягненняў у сферы культуры краін СНД”. У Капылі ж праходзіў Дзень пісьменства. У надыходзячым годзе наш рэгіён павінен будзе годна правесці юбілей класікаў айчыннай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Таксама закладзена добрая традыцыя праводзіць фестываль рэканструкцый у Нясвіжскім замку. Усім калегам я хачу пажадаць рэалізацыі паспяховых творчых пошукаў, каб наш глядач быў задаволены і ўдзячны нам за працу.
Віталь Брэль, начальнік упраўлення культуры Мінскага гарвыканкама:
— Для сталіцы 2021 год быў хутчэй пазітыўным. Па-першае, установы культуры пачалі працаваць лепш, запаўняльнасць залаў павысілася, бо распаўсюджванне пандэміі каранавіруса ў нашай краіне сталі трымаць пад кантролем. Па-другое, у мінулым годзе ў Мінску адбылося мноства яркіх мерапрыемстваў, такіх як Дзень горада, Навагоднія святы, а таксама ўпершыню быў адзначаны Дзень народнага адзінства. Мінгарвыканкам ужо запланаваў пэўныя падзеі ў надыходзячым годзе, сярод якіх адна з самых важных —- юбілейны, 955-ты Дзень горада Мінска. Таксама для нас важна будзе ўнесці свой уклад у арганізацыю надыходзячага рэферэндуму. Усім чытачам “Культуры” хачу пажадаць моцнага здароўя, міру і шчасця.