На ёй экспануюцца рэчы, якім пашчасціла пазбегнуць сметніка. Цяпер яны належаць Музею гісторыі Мінска, а таксама ўладальнікам, што разумеюць іх каштоўнасць і перадалі іх музею ў часовае карыстанне.
Калі іх прадставіць у правільным кантэксце — а гэта ў дадзеным выпадку ў наяўнасці, — дык тыя “рэчы з гісторыяй” здольныя выклікаць настальгічныя пачуцці ці самае малое — сапраўдную цікавасць. Дэклараваная тэма выставы — захапленні мінчукоў у 1950-1980 гадах. Гэта ад часу пасляваеннага адраджэння горада да гадоў, што папярэднічалі так званай перабудове. Сама ж перабудова ў экспазіцыйны кантэкст не трапляе — і правільна: мала часу з тае пары прайшло, каб можна было пра яе нешта ўцямнае сказаць.
На выставе адсутнічае эмацыйны і сэнсавы стрыжань, вакол якога выбудоўваецца экспазіцыя. Структурна выстава складаецца з некалькіх раўназначных лакальных экспазіцый, а ўжо глядач сам вызначае, якая з іх для яго галоўная. Мяркую, што гэта правільнае вырашэнне. Для мяне ў прыватнасці самым цікавым экспанатам стала кніжная шафа з калекцыяй кніг серыі “Бібліятэка сусветнай літаратуры”. Сумны факт: бібліятэка дасталася новаму гаспадару разам з лецішчам, якое ён купіў у нашчадкаў бібліяфіла. Новае пакаленне вырашыла, што бацькавы кнігі ім непатрэбныя. Сказалі: “Бяры задарма”. А калісьці згаданы кніжны збор быў знакам прэстыжу ўладальніка.
Яшчэ выстава — вопратка і пласцінкі, фотаздымкі і папулярныя на той час друкаваныя выданні, прылады побыту. Ва ўсе часы, пры любым узроўні жыцця людзі імкнуліся побыт упрыгожыць. І, дальбог, мінчукі згаданага перыяду былі не менш за нас шчаслівымі і няшчаснымі — каму як пашчасціла. Хоць і не было ў іх мабільнікаў, Сеціва, а самаход уяўляўся раскошаю, як сёння прыватны лятак. Сам я па тым часе не настальгірую, мне сёння лепей. Але з разуменнем стаўлюся да тых, каму, як у вядомай песні, калі-нікалі “из альбома улыбнётся нежно молодость”. Праўда, іншы раз задумваюся: а што з дарагога мне матэрыяльнага асяроддзя будзе ўяўляць каштоўнасць для маіх дзяцей?