Сённяшні Нацыянальны мастацкі музей Беларусі быў заснаваны 24 студзеня 1939 года як Дзяржаўная мастацкая галерэя. У 1957 годзе адбыліся дзве важныя перамены, назва ўстановы змянілася на “Дзяржаўны мастацкі музей БССР”, які перасяліўся ў адмыслова пабудаваны для яго “палац” на вуліцы Леніна. На той момант двухпавярховы будынак з вялікай колькасцю залаў цалкам адпавядаў патрабаванням часу. Але час зменлівы. І надышоў момант, калі стала зразумела: далейшае развіццё музея без ажыццяўлення новага маштабнага праекта немагчымае, перамены неабходныя. Так на пачатку 2000-х гадоў нарадзілася думка аб стварэнні Музейнага квартала, у перыметр якога павінны былі патрапіць адміністратыўныя будынкі па вуліцах Кірава і Карла Маркса. І вось цяпер шлях даўжынёй у дваццаць гадоў набліжаецца да свайго завяршэння.
Экскурсія па музеі
Заручыўшыся падтрымкай генеральнага дырэктара ўстановы спадара Уладзіміра Пракапцова, мы атрымалі магчымасць наведаць новы корпус музея да яго адкрыцця. Прычым з-за накладак па часе экскурсій у нас атрымалася дзве. Аб таямніцах будаўнічага працэсу нам распавёў яго кіраўнік намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцву спадар Аляксандр Бібліс. Пазней мы прайшліся па ўсіх будынках Музейнага квартала, але ўжо у асістэнцыі намесніцы дырэктара музея спадарыні Святланы Анэйка. І пачалося наша падарожжа з Рэстаўрацыйнага корпуса па вуліцы Кірава. Тут на першым паверсе будзе размешчана музейная бібліятэка з чытальнай залай. На нашых вачах супрацоўніцы музея запаўнялі кнігамі і часопісамі новыя, зручныя, сучасныя стэлажы фондасховішча.
У будучыні гэты корпус і корпус адміністрацыі музея на рагу вуліц Кірава і Леніна таксама злучацца пераходам у адно цэлае, што надасць кварталу “замкнёны цыкл”. У гэтым самым Рэстаўрацыйным корпусе на другім паверсе месцяцца дэпазітарый (сховішча калекцый) і рэстаўрацыйныя майстэрні (у тым ліку для рэстаўрацыі буйнапамернага жывапісу). Усяго дадаецца 14 новых майстэрняў (жывапісу, тканіны, дрэва і іншыя) з сучасным абсталяваннем.
Збочыўшы з вуліцы Кірава ва ўнутраны двор музея, мы прайшлі побач з корпусам, пабудаваным больш за дзесяці гадоў таму, у якім размешчана сёння старажытнае і сучаснае беларускае мастацтва, выяўленчыя творы краін Еўропы і Усходу, і маюцца залы для часовых выстаў. 18 снежня праз яго па новай галерэі наведвальнікі змогуць патрапіць у Выставачны корпус па вуліцы Карла Маркса, які раней выконваў функцыю інтэрната БДУ. Ва ўнутраным двары, які шмат каму вядомы па штогадовых мерапрыемствах “Ноч музеяў”, у цёплую пару года будзе працаваць кавярня, што даволі зручна, бо знайсці ў цэнтры горада ціхую ўтульную гавань не так сёння і проста.
Залы для зменных выстаў і арт-шоп
У новы Выставачны корпус можна будзе патрапіць не толькі па пераходнай галерэі, якая ў момант нашага візіту была залітая зыркім сонечным святлом, але і непасрэдна з вуліцы Карла Маркса. Акурат насупраць будынка філалагічнага факультэта БДУ, праз вуліцу, размешчаны ўваход у гэты музейны корпус. Пакуль што аформлены ён сціпла (толькі шыльда), але трошкі пазней з’явяцца рэкламныя стэнды. Для людзей з інваліднасцю пад’ём на першы паверх абсталяваны сучасным ліфтам. Там жа, на першым паверсе, будуць гардэроб, касы, інфармацыйны цэнтр, камеры захоўвання, кавярня, злучаная ў адну прастору з Арт-крамай. Пакуль што паліцы крамы пустыя, але неўзабаве на іх з’явяцца мастацкія выданні і сувеніры. Будзе тут працаваць і рэстаран.
А на другім паверсе размяшчаюцца навуковыя аддзелы — старажытнабеларускага і замежнага мастацтва — і цэнтр друку і сканавання. А яшчэ прадугледжана асобнае памяшканне для выяўленчай студыі, дзе мяркуюць праводзіць заняткі для дзяцей і дарослых.
На трэцім і чацвёртым паверхах — чатыры выставачныя залы для часовых экспазіцый. Уласна, тое і ёсць “наканаваннем” гэтага корпуса. Бо, як вядома, у знаёмым нам галаўным будынку па вуліцы Леніна вельмі мала месца для падобных часовых выстаў, а яны даволі запатрабаваныя.
Кожная з дзвюх залаў паверха падзеленая на дзве вялікія часткі, але, дзякуючы перасоўным модулям, гэтыя прасторы могуць пераўтварацца ў сапраўдныя лабірынты. Залы абсталяваныя сучаснай сістэмай падсветкі. Цікава, што і сцены кожнай пафарбаваныя ў свой колер.
На трэцім паверсе мы заспелі фарміраванне экспазіцыі “Выратаваныя каштоўнасці”. Тут будуць прадстаўлены творы, якія прайшлі рэстаўрацыю або рэстаўруюцца. А таксама тыя, якія яшчэ чакаюць рэстаўрацыі. У першай з дзвюх залаў будзе выстаўлена заходнееўрапейскае і рускае мастацтва (жывапіс, скульптура, ДПМ). А ў зале з сінім колерам сцен — экспазіцыя старажытнабеларускага мастацтва: абразы, скульптура, сакральныя прадметы.
Пад страхой музея
На чацвёртым паверсе размясцілася выстава “Рух зямлі. Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя” (жывапіс, графіка, скульптура, ДПМ). Займае яна ўвесь паверх і прадстаўлена творамі вядомых мастакоў — Гаўрылы Вашчанкі, Леаніда Шчамялёва, Міхася Філіповіча і многіх іншых выдатных творцаў. Архітэктурнае рашэнне гэтых залаў трошкі іншае, столь у цэнтральнай частцы кожнай з іх значна вышэйшая, чым на трэцім паверсе: так званы шкляны “ліхтар” прызначаны для натуральнага дзённага асвятлення. Ведаючы, што некаторыя беларускія мастакі маюць творы нестандартнага (не “хатняга”) фармату, падумалася, што ідэя з высокай столлю вельмі ўдалая.
Як паведаміла спадарыня Святлана Анэйка, перыядычнасць змены экспазіцыі залежыць ад многіх фактараў. Але буйныя і важныя праекты будуць размяшчацца на 2 — 3 месяцы. Тэрмін у два ці тры тыдні для праектаў, у якія ўкладзена шмат высілкаў і сродкаў, абсалютна не падыходзіць. Ведаючы не па чутках, што такое арганізацыя буйных мерапрыемстваў і мастацкіх праектаў, нельга было не пагадзіцца.
Напрыканцы візіту мы паразмаўлялі пра лёс старога будынка музея па Леніна, 20, які ад часу пабудовы ў 1957 годзе яшчэ ні разу не рэстаўраваўся. А тое, што сапраўдная рэстаўрацыя яму патрабуецца, добра бачна, калі абысці стары корпус звонку. Аказалася, планы такія ёсць.
Замыкаючы перыметр
Уласна кажучы, на гэтым наша экскурсія завяршылася. Прыемна ўражаныя, мы пакідалі музей, маючы намер вярнуцца ў яго ў дзень адкрыцця. Хочацца яшчэ раз падзякаваць спадарыні Святлане Анэйка за вельмі цікавы эмацыйны аповед.