Напэўна, мала хто ведае, што ў будаўніцтве гэтага вядомага ва ўсім свеце помніка архітэктуры ўдзельнічала і наша рэспубліка. У 1929 годзе падчас будаўніцтва маўзалея кіраўніцтвам СССР было прынята рашэнне, што калоны, якія згодна з праектам падтрымліваюць верхнюю вяночную пліту, павінны быць выкананы з камянёў кожнай савецкай рэспублікі. 19 жніўня Савет Народных Камісараў Беларускай ССР атрымаў з Масквы ліст-тэлеграму аб тэрміновай адпраўцы на будаўніцтва маўзалея дзвюх каменных калон памерам 150 x 40 x 40 см. Гэты ліст 23 жніўня СНК БССР накіраваў у Акадэмію навук рэспублікі рэзалюцыяй намесніка старшыні СНК С.Б. Карпа: “Геолкому Академии наук. Срочно выслать камень требуемого цвета”.
Толькі 30 жніўня вучонымі акадэміі быў падрыхтаваны адказ, што ў Беларусі няма неабходных камянёў. Прытым ён напісаны так “заразумна”, што старшыня Саўнаркама БССР Мікалай Галадзед прама на лістку зрабіў наступны запіс (арфаграфія і пунктуацыя арыгінальных лістоў захаваная тут і далей): «Раз`ясніць падпісаўшаму гэту адносіну, што Саўнарком БССР не вучнёўская аудыторыя для неўразуміцельных лекцый аб “феноскандыі і эратычных валунах”, а такая установа, даручэнні якой абавязковы для выканання ўсімі установамі, у тым ліку і Акадэміяй. Лічу, што такія бяздушныя адносіны з боку геолёгічнага камітэту да выканання такой пачэснай ролі як удзел у пабудове Маўзалея т. Леніна. Запрасіць асабіста прэзідэнта Акадэміі Навук т. Ігнатоўскага даць заключэнне аб тым, якія пароды могуць быць пасланы ў Маскву для будаўніцтва Маўзалея Леніна і даручыць Геолкому выслаць іх, зьвязаўшыся з адпаведнымі арганізацыямі ў Маскве па сутнасці пасылкі цвёрдага камня. Даручыць РСІ (Рабоча-Сялянская Інспекцыя. — заўв. аўт.) расьсьледваць і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у зацяжцы выканання даручэння Саўнаркама і чаму адказ ішоў з Акадэміі цэлы тыдзень».
Але сакратарыят СНК БССР, у сваю чаргу, накіраваў у акадэмію ліст з вышэй памянёнай рэзалюцыяй М.М. Галадзеда толькі 12 верасня, за што адказныя асобы сакратарыята пазней таксама будуць прыцягнуты да адказнасці. На наступны дзень ужо сам прэзідэнт акадэміі У.І. Ігнатоўскі інфармуе СНК, што экспедыцыя для адшукання камянёў на пабудову маўзалея Леніна накіравана па раёнах рэспублікі. А 14 верасня сакратарыят акадэміі даведкай за подпісам акадэміка Уладзіслава Ластоўскага паведамляе, што камень патрэбных памераў, колеру і цвёрдасці знойдзены паблізу Мінска ў мясцовасці Дразды і што дзеля праверкі яго з боку будаўнічай прыгоднасці акадэмія звярнулася да інжынера Шаркова — будаўніка Дома Ураду.
А тым часам 17 верасня 1929 г. камісія Рабоча-сялянскай інспекцыі разгледзела справу аб дастаўцы ў Маскву дзвюх калон з прыроднага каменя для Маўзалея Леніна. Калегія адзначыла, што “заключэнне Акадэміі навук ад 30 жніўня 1929 года мела характар адпіскі ў форме навуковага трактату аб гістарычных паходжаннях парод і адкладаў на паверхні і глыбіні зямлі Беларусі без канкрэтнага месца знаходжання і вычэрпаваючай пароды камня ў суадпаведнасці з прапановай ураду”.
Калегія прапанавала прыцягнуць часова выконваючага абавязкі віцэ-прэзідэнта акадэміі Аляксея Захаравіча Казака і дырэктара геалагічнага інстытута Мікалая Фёдаравіча Бліадуху, а таксама вінаватых з боку кіраўніцтва справамі СНК БССР да адміністрацыйнай адказнасці.
Здавалася б, меры прыняты, камяні знойдзены. Заставалася толькі распілаваць іх на патрэбныя памеры і накіраваць у Маскву. Але дакументы архіва сведчаць аб тым, што на гэтым гісторыя з камянямі не скончылася.
Напэўна, тыя камяні, што былі знойдзены пад Мінскам, па сваёй вартасці паводле заключэння спецыялістаў не адпавядалі патрабаванням будаўнікоў Маўзалея. Таму ўжо 12 лістапада 1929 года адбылося пасяджэнне СНК БССР з усё тым жа пытаннем: “Пра вышуканне і адпраўку ў Маскву калёных каменняў на пабудову маўзалея Леніна”. Пастановай СНК даручалася Белдзяржбуду і Горнай групе пры Савеце Народнай Гаспадаркі БССР прыняць самы актыўны ўдзел у гэтай справе.
22 лістапада Вышэйшы Савет Народнай Гаспадаркі рэспублікі інфармаваў СНК БССР аб тым, што каля мястэчка Асвея Полацкай акругі знойдзены камяні адпаведных памераў і добрай якасці па цвёрдасці. Пасля іх апрацоўкі пяць штук будуць высланы ў Маскву.
Здаецца, на гэтым можна было б ставіць кропку. Але ў архіўнай справе знаходзім яшчэ адзін дакумент аб гэтай зацягнутай гісторыі — пісьмо Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта СССР ад 10 мая 1930 года на імя старшыні СНК БССР: «Комиссией по постройке Мавзолея В.И. Ленина было поручено тресту “Минералсырьё” войти в сношение с аппаратами Союзных Республик и получить от последних несколько камней для Мавзолея В.И. Ленина. До настоящего времени не все выполнили заявку треста. Прошу отдать распоряжение о добыче и доставке в Москву не позже 5 июня двух камней от Вашей Республики».
СНК БССР тэрмінова праводзіць дазнанне, і 24 мая 1930 года старшыня Саўнаркама БССР Мікалай Галадзед падпісвае адказ сакратару ЦВК СССР А.С. Енукідзэ: «Камень для Мавзолея послан Белорусской Академией наук ещё 23 января 1930 года (накладная №378504) по адресу: Московская контора АО «Транспорт». Копии всех документов о высылке камней посланы в Постоянное представительство БССР при правительстве СССР с предложением срочно выяснить причины неполучения их Минералсырьём».
Спадзяемся, што беларускія камяні тады знайшлі. А ці былі яны ўсталяваныя ў якасці калон, якія трымаюць вянец-пліту маўзалея? На гэтае пытанне, паважаныя чытачы, няхай адкажуць экскурсаводы, калі вы наведаеце Красную плошчу ў Маскве.
ххх
Дарэчы, існуе яшчэ адна гісторыя, звязаная з удзелам Беларусі ў будаўніцтве Маўзалея Леніна. Ёсць пад Гомелем вёска Грабаўка, дзе з даўніх часоў працавалі ўмельцы-муляры. Яны часта выязджалі ў старыя рускія гарады, узводзілі там гарадскія сцены, храмы, іншыя пабудовы. Шырока вядомых беларускіх майстроў запрасілі ў 1929 годзе ў Маскву, калі пачалі разбіраць драўляны маўзалей для будаўніцтва новай усыпальніцы з каменя і граніту. Брыгада паспяхова справілася з адказным заданнем. За датэрміновую здачу працы грабаўцы атрымалі падзяку ад урадавай камісіі па ўзвядзенні Маўзалея, а таксама падарункі: адрэзы на касцюмы і ялавыя боты.
Першыя цагліны з подпісамі беларускіх будаўнікоў навечна ляглі ў сцены Маўзалея. А брыгадзір Мікіта Фамянкоў ад сябе яшчэ і прыпісаў: “Товарищ Ленин, ты всегда живешь!”.
Генадзь БАРКУН, гісторык