Музей паўстаў у 1921 годзе ў Вільні на аснове прыватных збораў Івана Луцкевіча — вядомага палітычнага і грамадскага дзеяча, археолага і краязнаўцы, аднаго з лідараў беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя, які стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. Ён быў вядомы як нястомны шукальнік сведчанняў беларускай гісторыі і этнаграфіі, ахвотна набываў і абменьваў іх для сваёй калекцыі, якую незадоўга да сваёй смерці ў 1919 годзе перадаў Беларускаму навуковаму таварыству.
У музеі былі сабраныя творы жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, археалагічная, этнаграфічная і нумізматычная калекцыі, адзенне, мэбля, а таксама бібліятэка рукапісаў і старадрукаў. За час свайго існавання, з 1921 да 1945 года, музей, які размяшчаўся ў знакамітых віленскіх “Базыльянскіх мурах”, зрабіўся сапраўдным асяродкам беларускага жыцця Вільні і ўсёй Заходняй Беларусі, тут ладзіліся экскурсіі, лекцыі, творчыя сустрэчы з дзеячамі культуры. У гады нацысцкай акупацыі супрацоўнікі музея перахоўвалі найкаштоўнейшыя артэфакты, ратуючы іх ад разрабавання акупантамі.
На жаль, у першыя пасляваенныя гады, у сувязі з тым, што Вільня апынулася ў складзе Літоўскай ССР, музей быў ліквідаваны, а яго калекцыі падзеленыя між музейнымі ды архіўнымі ўстановамі і бібліятэкамі саюзных рэспублік. Сёння рэчы і дакументы са збораў музея імя Луцкевіча знаходзяцца ў самых розных музейных і архіўных установах Беларусі, Літвы і Расійскай Федэрацыі, многія артэфакты апынуліся ў прыватных зборах.
У Беларусі можна знайсці іх у калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага гістарычнага музея, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Стваральнікі сённяшняга выставачнага праекта мелі на мэце паказаць усю разнастайнасць тых прадметаў са збораў музея Луцкевіча, якія зберагліся да нашых дзён у нашай краіне.
ПАМЯЦІ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Выстава пачынаецца стэндам, прысвечаным асобе Івана Луцкевіча — тут можна пабачыць дакументы і артэфакты, звязаныя з яго жыццёвым шляхам і гісторыяй яго сям’і: гэта прыжыццёвы партрэт самога дзеяча, выкананы мастаком Анікітам Хатулёвым у 1914 годзе, фотаздымкі бацькі і сёстраў Івана Луцкевіча, а таксама бацькавы пагоны з часоў службы ў расійскай арміі ды мунштук самога Івана — паводле сведчанняў сучаснікаў, ён быў зацятым курцом. Як падкрэслівае куратар выставы, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Дзмітрый Моніч, увесь гэты выставачны праект перадусім прысвячаецца акурат ушанаванню заслуг Івана Луцкевіча, унёсак якога ў развіццё беларускай культуры і музейнай справы ў прыватнасці цяжка пераацаніць.
Наступны раздзел экспазіцыі дэманструе спробу рэканструкцыі інтэр’еру віленскага музея міжваенных часоў. Экспанаты змешчаныя ў вялікай колькасці на адносна невялікай плошчы — так раней рабілася з-за нястачы прасторы, бо музей месціўся ў даволі абмежаваным памяшканні. Тут прадстаўленыя этнаграфічныя матэрыялы, творы жывапісу і разьбяныя скульптуры, а таксама прадметы з археалагічнай калекцыі, якую збіраў разам з вучнямі Навагрудскай гімназіі Язэп Драздовіч.
Адметна, што ледзь ні чвэрць усіх вядомых сёння ў Беларусі музейных прадметаў з Луцкевічаўскага музея так ці іначай звязаныя з асобай славутага мастака — што, зрэшты, не дзіўна, бо ён працаваў там афармляльнікам. Дарэчы, пасада гэтая ў музеі была адной з трох, якія аплочваліся (таксама як дырэктара і скарбніка), а рэшта людзей працавалі на грамадскіх пачатках. Акрамя графікі ды жывапісу Драздовіча, у экспазіцыі змешчаныя таксама партрэты міжваенных заходнебеларускіх дзеячаў, выкананыя іншым вядомым віленскім мастаком — Пётрам Сергіевічам.
КНІГА № 1
Можна пабачыць тут і інвентарную кнігу Луцкевічаўскага музея, запачаткаваную ў 1922 годзе — яна пазначаная нумарам адзін, што сведчыць аб існаванні некалі, як мінімум, другой часткі — але пакуль такі дакумент адшукаць не ўдалося. Кніга каштоўная не толькі самім пералікам музейных прадметаў, але яшчэ і іх цікавымі замалёўкамі, якія сёння надта дапамагаюць у справе атрыбуцыі гэтых артэфактаў, расцярушаных па фондах розных устаноў і краін.
Далёка не ўсе прадметы, якія можна пабачыць на выставе, унесеныя ў гэтую кнігу, але ў такім выпадку іх прыналежнасць да музея Луцкевіча неабвержна пацвярджаецца альбо іх прысутнасцю на міжваенных фотаздымках з інтэр’ерамі музея, альбо адпаведнымі пячаткамі ці пазнакамі на саміх артэфактах. Адметна, што інвентарная кніга музея захоўваецца цяпер у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў фондзе вядомага мастака Яўгена Куліка — праўдападобна, ён атрымаў яе ад некага са старэйшых калег, віленскіх мастакоў, якія былі сведкамі ліквідацыі музея і паклапаціліся аб тым, каб захаваць такі важны дакумент для будучыні.
ПРАБЛЕМА ПРАВЕНАНСУ
Верыфікацыя прадметаў са збораў музея Луцкевіча сёння выклікае пэўныя цяжкасці не толькі з прычыны страты рэшты інвентарных кніг. Справа ў тым, што музейныя артэфакты, прывезеныя пасля вайны ў Мінск з Вільні, да 1950-ых гадоў заставаліся неапрацаванымі і захоўваліся ў скрынях у Беларускім дзяржаўным музеі вайны, дзе ў выніку былі выяўленыя камісіяй дзяржкантролю, якая выдала пастанову аб неабходнасці іх інвентарызацыі і паступовай перадачы ў іншыя музеі ды архівы.
Значная частка экспазіцыі адведзеная пад сакральныя прадметы — разьбяныя скульптуры і абразы XVII — ХІХ стагоддзяў. З іх атрыбуцыяй усё таксама выйшла няпроста — прасачыць іх паходжанне даволі цяжка з той прычыны, што яшчэ ў савецкія часы такія артэфакты часта спісвалі яшчэ з Беларускага дзяржаўнага музея вайны, нібыта з прычыны іх кепскай захаванасці. Насамрэч, хутчэй за ўсё, прычынай таму было менавіта іх сакральнае значэнне — але, так ці іначай, пазней гэтыя творы траплялі ўжо ў зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, прычым з пазнакай, што яны, нібыта, былі знойдзеныя ў экспедыцыях.
Такія маніпуляцыі выглядаюць яшчэ больш інтрыгуючымі, калі ўлічыць, што, як стала вядома з архіўных дакументаў, у камісіях па спісанні ў Музеі вайны і ў прыёмцы гэтых прадметаў у Мастацкім музеі ўдзельнічалі адныя і тыя ж людзі. Праблема правенансу такіх артэфактаў надзвычай далікатная, але, як адзначае Дзмітрый Моніч, уздымаць яе і разгадваць старыя загадкі, безумоўна, варта, каб пазбягаць памылак папярэднікаў і спрыяць развіццю музейнай справы. Даследчыкаў чакае яшчэ багата цікавай і важнай працы на шляху росшуку невядомых сёння аскепкаў луцкевічаўскіх калекцый і высвятлення іх сапраўдных лёсаў. Далучыцца да таямніц гісторыі першага беларускага музея на выставе ў Нацыянальным мастацкім можна будзе да 12 снежня.