ВЫНІК ЗАХАПЛЕННЯ
Дыск складаецца з больш як паўсотні палявых запісаў, самыя старыя з якіх зроблены Інай Назінай яшчэ на пачатку 1970-ых. Як распавядае ўдзельнік праекта фалькларыст Сяргей Лісіца, выбіраць іх давялося з больш як 500 трэкаў. А наогул матэрыялу даследчыца назапасіла мінімум пару соцень гадзін! Актыўны экспедыцыйны перыяд доўжыўся болей за 20 гадоў, і за гэты час быў назапашаны архіў з 350 бабін і касет.
Паслухаўшы запісы і пачытаўшы каментарыі да іх, можна зразумець, чаму, будучы выдатным акадэмічным музыкантам, яна аддала перавагу даследаванню творчасці гэтых самавукаў. Пэўна, не праз іх выканальніцкае майстэрства (тут профі, мабыць, выкажуцца скептычна), а перадусім праз шчырае захапленне самімі асобамі музыкаў, іх самабытным унутраным светам. І менавіта гэтае сваё захапленне даследчыца імкнулася перадаць нам. Што ёй удаецца зрабіць нават завочна ды апасродкавана.
Маючы грунтоўную музыказнаўчую адукацыю, Іна Назіна апісвала творчасць музыкаў-самародкаў з дапамогай наўрад ці вядомай ім прафесійнай лексікі. Але гэта метамова зусім не прыглушае арыгінал сваёй “разумнасцю” — наадварот, ставячыся да сваіх герояў з вялізным піетэтам, даследчыца рабіла ўсё, каб раскрыць іх унутраную самасць.
Праект дае ўнікальную магчымасць з тымі асобамі трохі пазнаёміцца. Вось, скажам, Іван Лычкоўскі з Чэрвеня, якому цяпер было б амаль 120 гадоў. Ён быў сапраўдным мультыінструменталістам, прычым не толькі ўмеў граць на паўтузіне інструментаў (дудка, жалейка, ражок, скрыпка, цымбалы, цытра…), але таксама і іх майстраваць. А яшчэ прыдумляў былічкі-казкі з гукавым афармленнем (адна з іх ёсць на дыску). Распавядаць іх было каму: Іван Іосіфавіч доўгі час працаваў у дзіцячым доме.
СВІСЦЁЛ, ПЫШЧЫК, ЧАРОТКА…
Бадай кожны з народных музыкаў — хаця б трошкі чарадзей і візіянер. Прыкладам, цымбаліст Р.П. Шамак з Асіповіцкага раёна абавязкова трымаў інструмент на каленях — бо сцвярджаў, што адчувае вібрацыі інструмента, якія перадаюцца ягонаму целу. А палескі пастух Іван Піцуха быў перакананы, што сваім граннем ён павялічвае плоднасць нівы і дастатак сваіх суродзічаў.
“Паводле ўяўленняў беларусаў, асоба Музыканта спрадвеку была акружана арэолам абранасці. Лічылася, што свой чарадзейны дар ён атрымаў ад продкаў (адсюль паходзіць азначэнне прыродны музыка), валодае, як ніхто іншы, звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь жывы і нежывы свет, здольны несці людзям радасць і весялосць, уваходзіць у лік чараўнікоў”, — піша даследчыца.
Магія і побыт сплятаюцца ў гэты постацях вельмі шчыльна — як і наогул у традыцыйнай культуры. Музыкант у вёсцы — яшчэ і важная сацыяльная функцыя. Гэта сёння мы патанаем у моры дармовага маскультавага кантэнту. Тады ютуба не было, і настрой на вяселлі, праводзінах ці проста вячорках найперш залежаў ад канкрэтнага чалавека. І яму трэба было ўмець намацаць на сваёй скрыпачцы тыя струны, якія прымусяць грамаду плакаць або кідацца ў скокі. А калі дадаць да скрыпкі губны гармонік, як рабіў Станіслаў Маленчык са Шчучына, дык усё гучала як цэлы аркестр!
Стаўленне да інструментаў у народных музыкаў было асаблівае: пагатоў, рабілі іх нярэдка самі, сваімі рукамі. І гэта быў таксама ў нечым магічны працэс. “Многія музыканты ў сваіх размовах адзначалі, што ў музычных інструментаў ёсць штосьці патаемнае, што яны жывыя, бо ў іх ёсць душа і галоўнае — голас, гук. Таму яны, падобна да чалавека, здольныя спяваць, гаварыць, расказваць, плакаць і нават крычаць”, — піша Іна Назіна. Нярэдка скрыпку нават клалі ў труну да свайго гаспадара — каб яму нясумна было ў іншасвеце.
Пры гэтым інструментарый народных музыкаў вельмі разнастайны ды вынаходлівы. Гэта для нас, прафанаў — дудка і ўсё. Насамрэч іх разнавіднасцяў процьма: свісцёл, пышчык, чаротка, ражок…
— Для Іны Дзмітрыеўны было вельмі важна зафіксаваць найгрышы на такіх архаічных інструментах, — кажа Сяргей Лісіца. — Бо раней у акадэмічных колах нічога пра іх не ведалі.
А яшчэ ёсць вуслі — адмысловы губны гармонік. Часам у ход ішло і хатняе начынне: чыгуны, чапяла, талеркі…
Як падкрэслівае даследчыца, народная музыка ніколі не была рэччу ў сабе: яна запазычвала ўсё, што толькі траплялася на вуха. Іна Назіна адзначае ў ёй водгаласы рускіх ваенных маршаў кшталту “Развітанне славянкі”, польскіх гімнаў, яўрэйскага фальклору, балгарскіх песень... А той самы “чалавек-аркестр” Станіслаў Маленчык уключаў у свой рэпертуар нават экзатычнае танга! Гучыць вельмі жарсна!
Зрэшты, чаму тут здзіўляцца? Як піша даследчыца, у рэпертуары народных музыкаў быў і джазавы “Тустэп” — на дыску ёсць яго выкананне на скрыпцы! Як выявілася, на Беларусі заакіянскі танец добра прыжыўся ды паўсюль называўся па-свойму: дзесьці “Лысы”, дзесьці “Муха”, дзесьці “Зялёная рошча”, дзесьці “Дзевачка Надзя”, а дзе-нідзе — чамусьці “Парційны”.
Але яшчэ часцей крыніцай натхнення была сама прырода. Іна Назіна выдзяляе ў творчасці народных музыкаў асобны жанр: гукаперайманні. І цытуе скрыпача і дудкара з-пад Асіповічаў М. Капейку: “Музыка, як і музычныя інструменты, бярэцца з Прыроды, з жыцця Чалавека, а жыццё Чалавека ўваходзіць у Прыроду”.
На дыску некалькі цікавых гукаперайманняў. Скрыпач (або, як іх называюць на Магілёўшчыне, скамарох) Пётр Жаканаў на сваім інструменце спрабуе адлюстраваць вецер, што гуляе ў полі. А яго калегі са Століншчыны М. Семянчук і І. Дранец імітуюць смычкамі пошчакі салаўя.
ПАКУЛЬ ПАМЯЦЬ ЖЫВАЯ
Бадай нікога з тых, хто гучыць на дыску, ужо няма ў жывых — як і большасці іх слухачоў. На вясковыя вячоркі цяпер мала дзе збіраюцца — хаця нават я іх яшчэ заспеў. Народная музыка і яе натуральнае жыццёвае атачэнне падаецца той Атлантыдай, якая няўхільна пагружаецца на дно.
— Заняпад пачаўся яшчэ з канца 60-ых, — распавядае Сяргей Лісіца. — Савецкая ўлада часта ўспрымала такіх музыкаў як людзей непадкантрольных — пагатоў, яны ж атрымлівалі “непрацоўныя даходы”. Плюс электрыфікацыя вёскі, з’яўленне радыё і тэлебачання, ўсё большы ўплыў гарадской культуры… Часам наўпрост на архіўным запісе чуеш голас дачкі або ўнучкі музыкі: “Ой, дзед, а што гэта ты граеш такое нямоднае?”.
І, на жаль, Атлантыда знікае амаль бясследна: звестак пра тых музыкаў, што прадстаўленыя на дыску, у Сеціве амаль не знойдзеш. Што ні кажы, а простыя людзі наогул вельмі рэдка трапляюць у гісторыю. Даследчыцкі праект Іны Назінай у пэўнай меры выпраўляе гэтую несправядлівасць. Аўдыястужка зафіксавала музыку, фотакамера — твары…
Прычым сам дыск — адно толькі вяршыня айсбергу. Толькі гэтая даследчыца запісала не меней за дзве сотні народных музыкаў. Можна сабе ўявіць, які пласт цікавага матэрыялу чакае папулярызацыі.
Хочацца верыць, альбом, які неўзабаве будзе даступны і ў Сеціве, стане штуршком для рэгіянальных краязнаўцаў, для раённых метадычных цэнтраў і рупліўцаў-бібліятэкараў. Натхніць іх сабраць паболей звестак пра свае таленты ды папулярызаваць іх. Пакуль гэта яшчэ не позна, пакуль памяць жывая.