Па-першае, трэба помніць, што шмат гадоў Уладзімір Караткевіч правёў за межамі Беларусі — пакінуў радзіму адзінаццацігадовым школьнікам, калі трапіў у эвакуацыю ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны, і вярнуўся ў родную Воршу толькі пасля вызвалення Беларусі. Пазней сем гадоў пісьменнік правёў ва Украіне, дзе скончыў універсітэт і два гады працаваў настаўнікам, а пасля яшчэ чатыры гады вучыўся на Вышэйшых літаратурных ды сцэнарных курсах у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве. Але па парадку.
“Ворша — мой любы горад…”
Нарадзіўся Уладзімір у Воршы ў сям’і інтэлігентаў трэцім і апошнім па ліку дзіцём. Бацька Сямён Цімафеевіч працаваў фінансавым інспектарам, маці Надзея Васільеўна была хатняй гаспадыняй. У доме бацькоў мелася вялікая бібліятэка. Уладзімір у тры з паловай гады навучыўся чытаць. Па ўспамінах родных, у шэсць гадоў ім былі напісаны першыя вершы. У дзяцінстве хлопец праяўляў схільнасці да малявання, якія захаваліся на ўсё жыццё, а яшчэ некаторы час займаўся ў музычнай школе.
У 1938 годзе Уладзімір пайшоў у школу ў Воршы. Пасля заканчэння трэцяга класа, у пачатку лета 1941 года, прыехаў у Маскву пагасцяваць да старэйшай сястры, якая там на той час вучылася. Дадому ён вярнуцца не змог, бо пачалася вайна. У эвакуацыі на Разаншчыне каля 2 гадоў хлопец быў раздзелены з бацькамі, і толькі ў жніўні 1943 года сястра змагла прывезці Валодзю да іх у Арэнбург. Вайна забрала жыццё яго старэйшага брата Валерыя.
Пасля вяртання ў Воршу атрымаў сярэднюю адукацыю і паступіў у Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнкі на філалагічны факультэт. У гэтым горадзе таксама жыла яго цётка. Дэбютаваў як паэт Уладзімір у аршанскай газеце “Ленінскі прызыў” у 1951 годзе, змясціўшы тут два вершы: “Тут будет канал” на рускай мове, і “Якубу Коласу” на беларускай. У той жа час стварыў першы варыянт знакамітай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, якая была надрукавана значна пазней. З 1956 года Караткевіч два гады настаўнічае ў Аршанскай школе. Акрамя гэтага спрабаваў заняцца навукай — пачаў пісаць кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную паўстанню 1863–1864 гадоў, але не закончыў яе. Глыбокае веданне тэмы неаднаразова служыла яму для дакладнага апявання падзей таго часу і іх герояў. У 1958–1962 гадах Уладзімір Караткевіч вучыўся ў Маскве, якая таксама шмат паўплывала на яго творчасць.
Сёння аршанскі бізнесмэн Андрэй Балабін выкупіў дом Караткевіча і суседні ўчастак. Тут плануюць пабудаваць сучасны музей беларускага класіка, бо плошча самога дома малая. Зносіць бацькоўскае гняздзечка Уладзіміра Сямёнавіча, вядома, не будуць, яго давядуць да ладу, захаваўшы аўтэнтычнасць і атмасферу месца.
“Нідзе лепей не пісалася, як у Рагачове”
Калі Орша — малая радзіма Уладзіміра Сямёнавіча, то Рагачоў — яго творчая майстэрня. Сюды ён прыязджаў дзіцем да свайго дзеда, Васіля Грынкевіча, потым, ужо ў сталым узросце, — у яго дом, дзе гасцяваў у сваякоў. Даследчыкі кажуць, што менавіта з дзеда Васіля пісьменнік браў пэўныя рысы для магната Данілы Загорскага-Вежы ў “Каласах пад сярпом тваім”. У Рагачове Уладзімір гуляў на Замкавай гары, каля руін палаца каралевы Боны Сфорца. А на старых гарадскіх могілках яго ўвагу прыцягвала магіла шляхціца Томаша Грыневіча, расстралянага ў Рагачове падчас паўстання Кастуся Каліноўскага. Паводле сямейнага падання, Томаш быў адзін з продкаў Караткевіча. Гісторыю пра яго смерць Уладзімір апісаў у пралогу рамана “Нельга забыць”.
Ад дзеда Васіля хлопчык упершыню пачуў пераказ тых далёкіх трагічных падзей, даведаўся шмат іншых паданняў і легенд. Дарэчы, менавіта дзедавы казкі адыгралі ролю ў абранні тэмы дыпломнай працы Уладзіміра ў Кіеўскім універсітэце “Казка. Легенда. Паданне”. Усе гэтыя адкрыцці пазней будуць пакладзены ў аснову будучых твораў пісьменніка. У гэтых краях Караткевіч пачаў пісаць і раман “Каласы пад сярпом тваім”. “Пастараўся заплаціць гэтай кнігай доўг Дняпру, людзям 1863 года, Беларусі”, — казаў пасля пісьменнік. Аўтар меркаваў, што твор стане першай часткай трылогіі, у якой будзе пададзена шырокая панарама народнага змагання за свабоду.
Сёння вуліца Рагачова, дзе ў адным з дамоў Уладзімір Сямёнавіч працяглы час жыў, названая ў яго гонар. Каля двара дома ўстаноўлена памятная дошка.
Мінскае жыццё
Вырашыўшы канчаткова звязаць жыццё з пісьменніцтвам, Караткевіч, ужо будучы ў Саюзе пісьменнікаў БССР, пераехаў у Мінск у 1962 годзе. Першым адрасам яго сталічнай прапіскі стала аднапакаёвая кватэра ў доме № 7 па вуліцы Чарнышэўскага, дзе ён пасяліўся з аўдавелай маці. У 1967 годзе яны пераехалі ў кватэру па вуліцы Веры Харужай, 48. У гэтым жа годзе ён пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педінстытута Вялянцінай Нікіцінай, якая стала яго жонкай.
Ажаніўся Уладзімір Сямёнавіч толькі ў 41 год. Пры пераездзе ў Мінск Валянціна Браніславаўна стала высокаўзроўневым гісторыкам Акадэміі навук і была ўзнагароджана дзяржаўнай прэміяй БССР. Сваёй жонцы Караткевіч прысвяціў раман “Чорны замак Альшанскі”. У 1973 годзе Караткевіч разам з мамай і Валянцінай Браніславаўнай пераехаў у самы цэнтр Мінска — на вуліцу Карла Маркса, 36, у так званы “Дом пісьменнікаў”. Зараз у гэтай кватэры жыве яго пляменніца. Але кабінет Уладзіміра Сямёнавіча пакінулі такім, якім ён быў пры ім. У наш час па мінскіх маршрутах Караткевіча праводзяць экскурсіі.
У 1983 годзе памерла жонка пісьменніка і цётка, у якой ён жыў у Кіеве. Каб справіцца з гэтымі нягодамі, Уладзімір Караткевіч паехаў у Воршу на паўгода, але да канца перамагчы іх ён не здолеў.
Перад смерцю класік наведаў Рагачоў і Кіеў. Разам з сябрамі пайшоў у паход па Прыпяці, але адчуў сябе дрэнна, і неўзабаве 25 чэрвеня 1984 года памёр.
Уладзімір Караткевіч імкнуўся шмат вандраваць па Беларусі з сябрамі і жонкай, і, як сам прызнаваўся, ведаў многа пра краіну. Бываў і за мяжой. Але вышэйпрыведзеныя месцы былі таксама не чужымі для яго, тут ён жыў і з асалодай займаўся творчасцю.