Кубак Рэйтана ў Мінску
19 верасня 1919 года ў казіно Беластоцкага палка было тлумна. У Менску з’явіўся Юзаф Пілсудскі. І вось пасля сходу ў Шляхецкім доме (будынак быў насупраць сённяшняга Купалаўскага тэатра), падчас абеду ў казіно, раптам старшыня “Польскага камітэту” Генрык Грабоўскі паставіў перад Пілсудскім невялічкі срэбны кубак, да краю поўны віном, просячы пачаставацца.
Пілсудскі пачаў адмаўляцца, кажучы, што кубак занадта вялікі, а потым пацікавіўся, што за кубак такі, адкуль ён. На гэта Грабоўскі прапанаваў Пілсудскаму: “Няхай спадар Начальнік вып’е, а мы паглядзім. Пасля таго, як посуд апусцеў, аказалася, што ўсяродку кубка было выгравіравана прысвячэнне, што ён быў ахвяраваны Тадэвушу Рэйтану ад паслоў Наваградскай зямлі”.
Такія звесткі пра менскі візіт Пілсудскага былі апублікаваны ў 1998 годзе ў часопісе “Спадчына”.
Генрык Грабоўскі. Цень Рэйтана між вамі!
Асоба гэта даволі эксцэнтрычная. Бацькамі яго былі Аляксандр і Марыя Грабоўскія. Марыя паходзіла з роду Рэйтанаў і была роднай сястрой Юзафа, апошняга і беспатомнага прадстаўніка славутага роду. Таму пасля смерці Юзафа, па тастаменту, Грушаўка перайшла Генрыку. Праўда, фактычна да Другой сусветнай вайны ў Грушаўцы гаспадыняй была ўдава Юзафа, вядомая сваёй дабрачыннасцю Аліна з роду Гартынгаў. Генрыку ж дасталася пачэсная роля “кіраўніка культурнага сектара”. Менавіта яго дбаннем у Грушаўцы яшчэ да 1914 года была пастаўлена ўсім вядомая капліца-пахавальня ў неагатычным стылі, куды з новых каталіцкіх могілак у Ляхавічах была перанесена труна Юзафа Рэйтана. Пасля вайны Грабоўскі дадаў да капліцы прыгожую агароджу. Менавіта ён у 1921 годзе, падчас падпісання ганебнай “Рыжскай дамовы”, якая падзяліла Беларусь паміж Варшавай і Масквой, гучна назваў кіраўніка польскай дэлегацыі і прэм’ер-міністра Уладыслава Грабскага “Каінам” і выгукнуў “Цень Рэйтана між вамі!”. За тое ён быў арыштаваны і пасаджаны пад варту. Ён жа ў 1928 годзе арганізаваў у Грушаўцы ўрачыстасць з нагоды ўсталявання ў капліцы памятных дошак прадстаўнікам роду Рэйтанаў, сярод якіх цэнтральнае месца займала памятная дошка з барэльефам самога Тадэвуша. У 1929 годзе Грабоўскі перадаў у кракаўскі Музей князёў Чартарыйскіх апошнія грушаўскія скарбы (кубак і іншыя цікавосткі), якія на той час яшчэ засталіся. Не без ягонага чыннага ўдзелу ў 1930 годзе, у 150-ю гадавіну смерці Тадэвуша Рэйтана, у Грушаўскіх ваколіцах праводзіліся пошукі магілы Тадэвуша. Магіла была знойдзена. Але, як давёў вядомы антраполаг Казімір Сталыгва, гэта былі парэшткі жанчыны сталага веку і маленькага росту. Што не перашкодзіла нараджэнню “сенсацыйнай навіны” аб знаходцы астанкаў Рэйтана. На жаль, і да гэтага часу ёсць тыя, хто верыць “сенсацыі”. А мы працягваем пошукі сапраўднага месца пахавання нашага знакамітага земляка.
Той жа Грабоўскі разам з Алінай Рэйтан прымаў у 1934 годзе ў Грушаўцы кракаўскую даследчыцу Ванду Канчынскую, якая прыехала збіраць інфармацыю пра род і самога Тадэвуша, і пазней напісала некалькі артыкулаў. Яе можна лічыць аўтарам версіі, што кубак Тадэвуша Рэйтана быў “залатым”.
Завяршылася гісторыя Грабоўскага трагічным чынам. У дні, калі савецкая армія рушыла вызваляць Заходнюю Беларусь ад польскай акупацыі, ён быў забіты нейкай мясцовай бандай, якая не давала спакою грушаўскім ваколіцам. А сына яго ў 1944-м забілі немцы...
Ванда Канчынская. Кракаўскі дэпазіт
Даследчыца Ванда Канчынская нямала часу правяла ў розных архівах, наведалася ў Грушаўку і іншыя мясціны, звязаныя з Рэйтанамі. Праўда, і яна не выдала “поўную гісторыю”, напісала брашуру на 43 старонкі і выдала яе ў 1935 годзе ў Вільні за ўласныя грошы. Але, тым не менш, праца гэта, хоць і невялікага аб’ёму і ёсць там некаторыя памылкі, мае даволі вялікую навуковую каштоўнасць. Упершыню пра жыццё Рэйтана пісалася не з “аблокаў”, а на падставе архіўных крыніц. У тым жа самым годзе Канчынская наведалася ў кракаўскі музей князёў Чартарыйскіх. І, не марудзячы, апублікавала справаздачу, у якой дэталёва апісала перададзены ў 1929 годзе Грабоўскім “дэпазіт”.
Больш за ўсё ўвагі Канчынская ўдзяліла апісанню кубка Тадэвуша Рэйтана, хоць і пералічыла ўсе астатнія прадметы таго дэпазіта. Дзякуючы гэтаму мы ведаем, што там было, а што згубілася цягам часу. Апісанне дэпазіта будзе далей, а пакуль засяродзімся на кубку.
Два шляхетныя металы — срэбра і золата!
Не з’яўляючыся гісторыкам мастацтва, Ванда Канчынская спаслалася ў сваёй публікацыі на апісанне кубка, якое зрабіў “кансерватар музея доктар Камароўскі”. Верагодна, ён і прыняў дэпазіт ад Грабоўскага.
Паводле гэтай публікацыі, кубак быў срэбны, гданьскай работы і паходзіў з першай паловы XVIII стагоддзя. Верхні і ніжні (вонкавы і ўнутраны) фрызы былі калісьці пазалочаныя, але пазалота на той час амаль уся сцёрлася. На прасторы паміж фрызамі былі раслінныя ўзоры з дадаткам выяў рознай садавіны (гл. фота). Памеры кубка былі такія: унутраны верхні і ніжні дыяметр 7,45 і 5 сантыметраў, а вышыня 8,5. На знешнім донцы было выгравіравана “Vivat Thaddeus Reytan”. Тут трэба сказаць, што іншы надпіс, на верхнім фрызе, Ванда Канчынская прывяла ў перакладзе на польскую мову, хоць у арыгінале ён быў на лаціне. Таму прывядзём яго арыгінальны варыянт з іншай публікацыі. На вонкавым баку фрыза было выгравіравана
“Gratulor Tibi, generose Vir, optime rem tuam egisti” dixit Lentulus G.E.P. et A. A.P.”.
Што ж гэта значыць на беларускай мове, пра далейшы лёс кубка і дэпазіта Вы даведаецеся з працягу.