Гісторыя віленскага тэатра даследавана вельмі добра, таму прасачыць творчы лёс Юзафа Сурэвіча было не так складана. Тым больш, што ён быў не шараговы акцёр, а адзін з самых яркіх прадстаўнікоў сцэны, і, да таго ж, амаль дваццаць гадоў займаў пасаду рэжысёра тэатра. Сумарна ж стаж Сурэвіча налічвае каля сямідзесяці гадоў, аддадзеных сцэне, на якую ён выйшаў упершыню ў 1823 годзе, маючы васямнаццаць гадоў. Ёсць цікавая згадка, што ў ранейшыя часы кожны акцёр перад выхадам на сцэну прамаўляў нейкае закляцце. Меў такое ў маладыя годы і Сурэвіч, ціха кажучы “У імя Айца, Сына і Духа”, а потым дадаючы “Шаноўная публіка, маю цябе… у пятцы”. Рабілася гэта паводле прынцыпу “не зашкодзіць, але можа і дапаможа”.
ПАДЗЯЛЯЙ І ЎЛАДАР
У 1840-х віленскі тэатр не толькі даваў прадстаўленні на хатняй сцэне, але і актыўна раз’язджаў па “правінцыі”, наведваючы Гродна, Коўна, Дзвінск, Мінск, і вядома ж, Друскенікі, дзе быў аздараўляльны курорт (улетку 1847 года, калі ў Друскеніках памёр знаёмы Юзафа Сурэвіча Ян Чачот, тэатр там не выступаў). У 1844 годзе частка старой трупы перабралася ў будынак былой ратушы. Прычынай стала русіфікацыйная палітыка ўладаў, якія прапанавалі акцёрам, якія пагодзяцца выступаць на рускай мове, большы заробак. Юзаф Сурэвіч і лепшая частка трупы засталіся ў старым тэатры. Але ж улады на гэтым не спыніліся і проста абвясцілі стары тэатр “аварыйным” і закрылі яго зусім. Так трупа ўз’ядналася ізноў, але на новым месцы. Ад таго часу недзе да 1857 года Сурэвіч займаў пасаду рэжысёра віленскага тэатра.
Аб тым, што Сурэвіч шукаў новыя таленты не толькі на землях былога ВКЛ, але і ў Польшчы, сведчыць цікавы эпізод. У 1843 годзе ён пабываў у Варшаве і прывёз адтуль дзвюх дзяўчат — адна з іх Эмілія Маркоўская (сястра вядомага опернага спевака Яна Маркоўскага). У той час у яе “ламаўся голас”, і разлічваць на поспех у Варшаве не выпадала. Даручаючы яе лёс Сурэвічу, яе брат разлічваў, што пад яго кіраўніцтвам яна стане выдатнай драматычнай актрысай. Так і стала. Каля дваццаці год Маркоўская была зоркай віленскага тэатра, і нават аб’ектам цікавасці паэта Уладыслава Сыракомлі.
Другая дзяўчына — Алена Маеўская. Цешыла публіку яна нядоўга, бо 8 лютага 1846 года пайшла замуж за публіцыста, выдаўца, археолага і вялікага аматара тэатра Адама Ганорыя Кіркора. Шлюб іх не быў шчастлівым. Ёсць меркаванне, што прычынай гэтага стала рамантычная сувязь паміж Сыракомлем і Маеўскай-Кіркор. Таму ў 1857 годзе неўдалы і беспатомны саюз распаўся. Маеўская з’ехала ў Кракаў, вярнулася на сцэну, працягвала сябраваць з Сыракомлем. Брала ўдзел у паўстанні 1863 года, хавала (як і Эліза Арэшка) ад пераследу кіраўніка паўстання Рамуальда Траўгута і была асуджаная на восем гадоў сібірскай катаргі.
Але вернемся ў тэатр. Перапланіраваць залю ратушы ў паўнавартасную тэатральную не атрымалася, бо “старыя сцены былі тоўстыя і трывалыя, не паддаваліся” ламам і кіркам. Так тэатр і праіснаваў да 1864 года без аддзеленай ад публікі сцэны. Што прадстаўляла некаторыя нязручнасці і для акцёраў, і для публікі.
АДЫНЕЦ, СЫРАКОМЛЯ І СУРЭВІЧ
У 1817 годзе славуты паэт Алойзы Фялінскі (ад’ютант і сакратар Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе) напісаў трагедыю “Барбара Радзівіл”. Неўзабаве яна была пастаўленая на сцэне. У 1842 годзе паставілі яе і ў Вільні. Адну з галоўных роляў (Пятра Кміты) паспяхова выканаў Юзаф Сурэвіч. Мінуў час, і ў 1858 годзе сябра Сурэвіча Антон Адынец (былы філарэт, паэт, заўзяты тэатрал і на той час даволі кантраверсійная асоба) апублікаваў сваю версію “Барбары Радзівіл”, якую пазней не раз ставілі на віленскай сцэне з удзелам Сурэвіча-Кміты.
Што ж датычыцца Уладыслава Сыракомлі, то тут усё было больш складана. Калі Сыракомля ставіўся да Сурэвіча з вялікай пашанай, бараніў гонар старэйшага сябры ў публікацыях, то Сурэвіч успрымаў паэта ўвогуле ледзь не як свайго сына. Уласна, так сам Сыракомля аднойчы і напісаў сябру Яну Хенцінскаму: “Ізноў праваліўся ў летаргію; але гэты стан напаўжыцця, напаўсмерці падаўся мне такім агідным, што я вырашыў вырвацца з яго і пераехаў у горад, дзе, каб не тэатр і таварыства нашага рэжысёра Сурэвіча, які любіць мяне і песціць, як дзіця, у лоб бы сабе стрэліў, не маючы з чаго жыць”. Але не толькі бацькоўскім клопатам атачыў Сыракомлю Сурэвіч. Выдатна ведаючы бядацкі стан паэта, які ніколі не меў дастаткова сродкаў для годнага існавання, Сурэвіч дабіўся, каб на сцэне віленскага тэатра былі пастаўленыя некаторыя творы Сыракомлі — “Каспар Карлінскі” (Сурэвіч граў адну з роляў), а потым і “Слуцкая княжна”. Адначасова ставіліся яны на польскай сцэне, але поспех доўжыўся нядоўга — у 1860 годзе Сыракомля памёр.
У 1864 годзе, без адмысловага загаду, гэтак званы “польскі” тэатр спыніў сваё існаванне. Адначасова пазнікалі ўсе невялічкія трупы, якія да таго часу калясілі па гарадах і мястэчках.
У 1867 годзе, застаўшыся без справы, Сурэвіч пераехаў у Варшаву і заняў пасаду рэжысёра драмы пры Варшаўскіх дзяржаўных тэатрах. А яшчэ праз год для яго прыдумалі іншую пасаду — “інспектра закуліснага парадку”, якую ён займаў з 1868 па 1892 год. Вядома, былі яшчэ і розныя тэатральныя ролі. Праўда, дасягнуць былога поспеху ўжо не ўдалося, бо перашкодзіў “літоўскі спеўны акцэнт”.
Памёр Юзаф Сурэвіч 1 ліпеня 1892 года, у сваім доме на вуліцы Жалезная брама. Пахавалі яго на могілках касцёла святога Антонія. Праводзілі ў апошні шлях яго сын Сымон, жонка Карнэлія і сябры. Нам засталося трошкі распавесці пра сям’ю Юзафа Сурэвіча.
СЫМОН СУРЭВІЧ
Пра лёс гэтага сына Юзафа вядома няшмат. У паўстанні 1863 года Сымон быў цяжка паранены ў спіну, зрабіўся інвалідам. Пасля закрыцця віленскага тэатра некаторыя з акцёраў і супрацоўнікаў тэатра вымушаныя былі шукаць сабе іншую працу — сярод такіх быў дэкаратар Аляксандр Штраўс. Атрымаўшы добрую мастацкую адукацыю у Пецярбургу, Штраўс рабіў касцюмы і дэкарацыі для розных опер: “Вольны стралок”, “Галька” і іншых, маляваў партрэты асобаў, звязаных з тэатрам. Захаваўся партрэт Юзафа Сурэвіча (1853 года), а вось партрэт дачкі Юзэфа Сурэвіча, Юзэфы, пасля вайны знік без следу. Штраўс, акрамя таго, што заняўся маляваннем партрэтаў, адкрыў у Вільні фотастудыю. У 1875 годзе Юзаф Сурэвіч набыў у Штраўса ковенскі філіял фотастудыі і перадаў яго сыну Сымону. Так Сурэвіч-малодшы стаў фатографам, а яшчэ пазней правізарам-фармацэўтам. Памёр ён у Вільні ў 1928 годзе, маючы 95 год. Пахавалі яго на Антокальскіх могілках. Магіла ветэрана-інваліда 1863 года цудам ацалела.
КОНРАД
Гісторыя іншага сына, які пайшоў утроп за бацькам, вядомая значна лепей, хоць ёсць і ў ёй некаторыя няпэўныя месцы. Напрыклад, у СМІ таго часу ён згадваецца як “p. Kondrat” (а не Сурэвіч). Вядома некалькі яго псеўданімаў — Condrat, Conradi, Konrad, Kodrat, а таксама імя Юзаф. Ці быў ён пры хросце названы падвойным імём Конрад-Юзаф, адно з якіх магло быць нададзена ў гонар міцкевічавага Конрада Валенрода, а другое ў гонар бацькі? На жаль, невядома. З малых гадоў Конрад граў у віленскім тэатры дзіцячыя і юнацкія ролі, а пазней, каля 1852 года, патрапіў у гомельскую трупу Канстанціна Фядэцкага, а калі той выехаў ва Украіну, ачоліў трупу і з ёй выступаў у Горках, Лепелі, Магілёве, Оршы, Сянно, Шклове, Бешанковічах і Гомелі. Пра яго пісалі, што быў вялікім педантам, поўным памылковых уяўленняў пра мастацтва, але пры гэтым вельмі дбаў пра рэпертуар, і знешнасць меў, “як оперны спявак”. У 1858 годзе, падаецца, вярнуўся ў віленскі тэатр. Хварэў на сухоты і памёр каля 1863 года. Праўда, уся гэтая інфармацыя патрабуе дадатковай праверкі, бо гісторыкаў тэатра яго асоба цікавіла мала.
ЮЗЭФА
У 1847 годзе ў Варшаве поўным ходам ішла падрыхтоўка да пастаноўкі першай оперы Станіслава Манюшкі “Галька” (лібрэта Уладзіміра Вольскага). Але раптам усё спынілася. Тады Манюшка, у роспачы, 1 студзеня 1848 года ставіць оперу з дапамогай віленскіх сяброў, бо паставіць яе на сцэне тэатра дазволу не далі (у 1854 годзе “Галька” ўсё ж будзе пастаўленая на віленскай сцэне). У 1857 годзе, у Парыжы, за грошы Антона Залескага, вядомага віленскага ілюстратара і мастака, віленскі выдавец Баляслаў Вільчынскі выдаў дзве песні Галькі. Да партытуры і тэкста песняў быў дададзены малюнак дзяўчыны з вяночкам на тле сельскага пейзажу. З-за гэтага выдання ў лютым 1858 года ў Станіслава Манюшкі адбылася лёгкая пікіроўка з Густавам Гебетнерам, які ў лістападзе 1857 года адкрыў сваю краму ў Варшаве і пачаў друкаваць творы кампазітара. Манюшка вымушаны быў апраўдвацца. Высветлілася, што Вільчынскі выдаў гэтыя дзве песні, не папярэджваючы Манюшку аб гэтым, і выключна дзеля таго, каб змясціць там малюнак “Галькі” Залескага — дарэчы, добрага знаёмага Манюшкі. Доўгі час лічылася, што на малюнку выяўленая Паўліна Рывалі, якая грала ролю Галькі ў трыумфальнай варшаўскай пастаноўцы 1 студзеня 1858 года. Але ж гэта было немагчыма, бо малюнак быў створаны за некалькі год да таго, як Рывалі выйшла на сцэну ў вобразе Галькі. Дык каго ж намаляваў Залескі?
Паводле сведчання Сымона Сурэвіча, мадэллю зрабілася сястра Сымона, Юзэфа. Лёс дзяўчыны склаўся трагічным чынам. У апошнія дні 1857 года, ва ўзросце 22 год, Юзэфа скончыла жыццё самагубствам, атруціўшыся — прычынай зрабілася “непадзеленае каханне”. Хто быў тым таямнічым абраннікам — невядома. Але з якой прычыны Антон Залескі так пратэжыраваў у 1857 годзе гэты малюнак? Чаму сваю дачку, народжаную ў тым самым 1857 годзе, ён назваў Юзэфай? І ці не сыграў тут сваю ролю Аляксандр Штраўс, які таксама пакінуў партрэт Юзэфы? Пытанні пакуль што застаюцца без адказу.
ДРУГІ ШЛЮБ
Незадоўга да закрыцця віленскага тэатра Юзаф Сурэвіч ажаніўся паўторна. Яго абранніцай ізноў зрабілася актрыса — Карнэлія Марцяеўская, якая была значна маладзейшая за мужа. У тэатры яна з’явілася ў 1862 годзе, а ўжо 6 мая 1863 года ў іх нарадзілася дачка Казіміра (памерла 28 лістапада 1865-га). Пасля ліквідацыі “польскай” віленскай сцэны Карнэлія працягвала выступаць на “рускай” сцэне. Грала яна пераважна другасныя ролі. Хутчэй за ўсё, менавіта яе датычацца згадкі ва ўспамінах вядомай рускай актрысы Аляксандры Глама-Мяшчэрскай, якая ў 1879 годзе выступала на віленскай сцэне. На яе думку, Сурэвіч было каля сарака год, грала яна ролі дзяўчынак, мела сухапарую фігуру і была па-правінцыйнаму “жаманна і манерна”, але што ў некаторых камедыйных ролях была “очень недурна”. Апошняя згадка пра яе адносіцца да 1892 года, калі ў Варшаве памёр яе муж.