Але гэта гісторыя не толькі пра “першыя крокі”, але і пра тое, што яшчэ яднае Сурэвіча з Беларуссю. Зраблю маленькі анонс — са сваёй трупай Сурэвіч не раз выступаў на нашых заходніх землях. А сын яго, Конрад, быў дырэктарам трупы, якая базавалася ў Гомелі, і несла “святло тэатральнай паходні” па ўсходніх гарадах Беларусі. У гэтай гісторыі будзе месца сябрам і калегам Сурэвіча — Антону Эдварду Адынцу, Адаму Кіркору, Станіславу Манюшку і Уладыславу Сыракомлі.
Віленчук з крыві і косці
Да сённяшняга дня пра бацькоў Юзафа Сурэвіча было вядома наступнае — “бацьку звалі Юзаф”. Прыйшоў час удакладніць і ўзбагаціць сціплую палітру радаводу дадатковымі фарбамі. Шлюб шляхетных Антона Сурэвіча і Алены з Невяроўскіх адбыўся 16 (28) красавіка 1801 года ў віленскім касцёле св. Яна.
15 (27) лютага 1805 года (а не 15 мая, як сцвярджаюць даведнікі) нарадзіўся наш герой, якога 26 лютага (10 сакавіка) ахрысцілі падвойным імем Мацей-Юзаф. Мяркуючы па тытулах хросных бацькоў і асістэнтах, сям’я Сурэвічаў належала да неапошніх прадстаўнікоў шляхецкага стану. У 1807 годзе ў Юзафа нарадзіўся брат, імя якога ў метрыцы згадана не было. У належны час бацькі адправілі Юзафа ў гімназію, у якой той правучыўся да 1821 года. Нагадаем, што гэта быў вельмі цікавы час — група студэнтаў Віленскага ўніверсітэта (Міцкевіч, Дамейка, Зан, Петрашкевіч і інш.), пераважна ўраджэнцаў беларускіх земляў, спярша стварыла патаемнае таварыства філаматаў, а за ім яшчэ некалькі — прамяністых, філарэтаў і г.д., пратуберанцы якіх разляцеліся па ўсіх навучальных установах Віленскай вучэбнай акругі. Усіх іх яднаў патрыятызм, жаданне прынесці вызваленне паняволеным народам былой Рэчы Паспалітай, а таксама любоў да навук, музыкі, паэзіі і тэатра.
У 1818 і 1821-1822 гадах у віленскім тэатры, якім кіраваў Юзаф Рагоўскі (1776-1846) (першы “Нестар-патрыярх” віленскай сцэны, дэбют якога адбыўся яшчэ ў ВКЛ, у 1792 годзе), выступала “нацыянальная акторка №1” Юзэфа Ледахоўская (1781-1849). Была яна дачкой актораў Томаша Трускаласкага і Агнежкі з Маруноўскіх (яе цётка некаторы час грала ў прыдворным тэатры князя Радзівіла “Пане каханку”). Выступы Ледахоўскай выклікалі захапленне не толькі ў філаматаў-філарэтаў, але і ў гімназіста Сурэвіча. Не раз ён збягаў з дому, каб патрапіць на прадстаўленні з яе ўдзелам. Пазней Сурэвіч прызнаваўся, што менавіта ёй ён абавязаны сваім захапленнем тэатрам. Скончыўшы гімназію, наш герой цвёрда вырашыў звязаць сваё жыццё з тэатрам. Два гады ён самастойна авалодваў акцёрскім рамяством і штудзіраваў класіку драматычнай літаратуры. Калі ж прыйшоў час паспрабаваць свае сілы на практыцы, ён адправіўся ў Бартнікі (гл. “К” № 31, 33, 37, 2021).
Зан, Бартнікі і Сурэвіч
У 1822 годзе ў Бартнікі да Слізеняў завіталі ксёндз з Ішкальдзі Валянцін Зан і яго пляменнік Тамаш (“Архіпрамяністы” ). З таго часу Тамаш Зан узяў пад сваю апеку Атона (будучага філарэта) і Рафала Слізеня (будучага скульптара), быў ім і гувернёрам і сябрам. За Тамашом падцягнуўся ў Бартнікі і філамацкі касцяк — Ігнат Дамейка, Ян Чачот і іншыя. Падчас летніх вакацый Бартнікі станавіліся праўдзівым культурным цэнтрам, шумным, вясёлым, таварыскім. Дарэчы, тут, на пагорку Нацёсак, а таксама на пагорку Клатэчна (ля суседняй Вольнай), дружна грымелі філамацкія песні, дэкламаваліся вершы (у тым ліку і Міцкевіча), а аматарскі тэатр ставіў розныя пастаноўкі. Згадкі аб гэтым ёсць ва ўспамінах і лістах Атона Слізеня, Ігната Дамейкі, Тамаша Зана. Адольф Калясінскі, іх малодшы сябра, які жыў непадалёку, менавіта ў гайку Нацёсак, упершыню ў сваім жыцці ўбачыў тэатр, якім кіраваў рэжысёр… Юзаф Сурэвіч (!). На вялікі жаль, гэта адзіная, і таму вельмі важная, згадка пра прысутнасць Сурэвіча ў Бартніках. Дарэчы, вельмі дасведчаны ў гістарычных пытаннях Калясінскі сцвярджаў, што Сурэвіч быў сваяком Зана.
Тэатральны дэбют
Нягледзячы на актыўны супраціў бацькоў, што не ўхвалілі выбар сынам прафесіі, Сурэвіч упарта ішоў да сваёй мэты. 22 або 23 кастрычніка 1823 года (невядома, па якім календары дата), ён упершыню з’яўляецца ў святле тэатральнай рампы віленскага тэатра. Роля маладога афіцэра ў драме “Awantura dniem przed bitwa” Сурэвічу ўдалася на ўсе “сто”. Юзаф Рагоўскі, кіраўнік тэатра, паціснуў руку навабранцу і сказаў прыкладна так — “Юнак,…, ты абраў цярністы шлях, але маеш запал, таму можаш вытрымаць. Але памятай — праца і цярплівасць”. Прароцтва Рагоўскага спраўдзілася. Сурэвіч, кіруючыся дэвізам “праца і цярплівасць”, годна прайшоў свой шлях, на якім было нямала церніяў”.
Мяркуючы па ўсім, маглі прысутнічаць у тэатры сябры Сурэвіча, пра якіх вялася гутарка вышэй. Праўда, у гэты ж самы час поўнай хадой вялося следства па справе філарэтаў, і літаральна ў гэтыя ж дні пачаліся арышты. 10 (22) кастрычніка быў арыштаваны Ян Чачот. А ў ноч з 23/24 кастрычніка (4/5 лістапада), да яго “далучыліся” Адам Міцкевіч, Тамаш Зан і іншыя “галоўныя дзяржаўныя злачынцы”. Імя Сурэвіча ў спісах арыштаваных сябраў патаемных таварыстваў не значылася, таму няма пэўнасці, быў ён філарэтам ці не. У кожным разе абышлося без зняволення. У тым жа годзе разам з віленскім тэатрам Сурэвіч выправіўся на гастролі ў Слонім.
У наступным, 1824-м, годзе памёр бацька Юзафа. Таму за тэатральны “гуж” давялося брацца па-сур’ёзнаму. Фартуна таму спрыяла. Нягледзячы на нізкі рост, на пачатку кар’еры Сурэвіч граў галоўныя і гераічныя ролі, але пазней абраў іншае амплуа — ролі “ветрагонаў і фанфаронаў”.
Загадка шлюбу
Даследчыкі згадваюць, што дзяцей у Сурэвіча было трое — дачка Юзэфа (каля 1835-1857) (якая скончыла жыццё самагубствам) і сыны — Сымон (каля 1833-1928) (паўстанец і фатограф) і Конрад (? - каля 1863) (тэатрал). Варта дадаць да гэтай інфармацыі, што быў яшчэ і сын Уладыслаў (найстарэйшы), які нарадзіўся 20 студзеня (1 лютага) 1830 года ў Троках.
Абранніцай Юзафа Сурэвіча стала акторка Кацярына, дачка Адрэя Маліноўскага і Элеаноры Струпінскай. Мы ўжо ведаем, што іх першынец нарадзіўся ў 1830 годзе. Толькі… метрыка шлюбу Юзафа (33 гады) і Кацярыны (38 год) датуецца 19 лютага 1839 (!) года. Прычым, Кацярына ўжо была ўдавой па нейкім Юзафовічы. Логіка падказвае, што шлюб мусіў быць у 1829 годзе, але супраць факту не пойдзеш, запіс зроблены ў 1839 годзе. Праз дзесяць год, 8 сакавіка 1849 года, Кацярына Сурэвіч памерла ад сухотаў. Пахавалі яе на могілках пры касцёле св. Стафана, дзе некалькімі гадамі раней спачыў Юзаф Рагоўскі, бацька віленскага драматычнага тэатра. У 1950-х гадах, гэтыя знакавыя для Вільні могілкі, аналаг мінскіх Кальварыйскіх могілак, былі цалкам знішчаныя і пераўтвораны ў пляцоўку для захоўвання будаўнічых матэрыялаў.
Справа — тэатр
1830-1840-я гады былі для Юзафа Сурэвіча вельмі насычаныя і плённыя. Першы бенефіс актора прыйшоўся на 1835 год. У наступным годзе разам з Юзафам Рагоўскім і Станіславам Навакоўскім Сурэвіч кіруе віленскай тэатральнай сцэнай. Адначасова спяваючы ў операх “Жан Парыжскі” Франсуа Буальдзье і “Едрусь з Едрыхова” (пераробка твора Эмануэля Тэалона дэ Ламберта). У 1838 годзе тэатральныя крытыкі канстатуюць, што прыклад кар’еры Сурэвіча “можа прыводзіцца ў якасці прыкладу найлепшай ігры, калі з нязграбнага пачатку, пры смеласці і працы, даходзіць з часам да поўнай дасканаласці”. У сезоне 1837/38 гадоў , у трупе Вінгельма Шмідкафа Сурэвіч быў прызнаны адметным акторам. Граў ён у гэты час графа Дзюнуа ў “Арлеанскай дзеве” і Караля Мура ў “Разбойніках” Фрыдрыха Шылера, а таксама тытульную ролю ў шэкспіраўскім “Гамлеце”. Было яшчэ пару бенефісаў, у якіх ён граў у “Яна звар’яцелая” Мельвіля і “Тэрэза” Дзюма-старэйшага і Анісэ-Буржуа. Акрамя выступаў, рэжысуры, кіравання тэатрам, Сурэвіч займаўся і перакладамі новых твораў для сцэны. Дзякуючы яму на сцэне віленскага тэатра 4 мая 1840 года была пастаўлена “Марыя Цюдор” Віктора Гюго. Калі Шмідкаф у сваёй дзейнасці пацярпеў паразу, каб не згубіць трупу, разам з Войцахам Ашпергерам, Янам Асьнікоўскім і Багумілам Давідсонам Сурэвіч стварае “Раду Старэйшын”, якая ўзяла ролю кіраўніцтва трупай на сябе. Гэта ж рада афіцыйна “даручыла” Сурэвічу амплуа “другога палюбоўніка” і “чорнага характара, інтрыгана”.
У 1842 годзе на сцэне ізноў “Шэкспір”. Гэтым разам Сурэвіч грае тытульную ролю ў “Атэла”. Вядома ж, чарговы трыумф. На думку крытыкаў, найбольш Сурэвічу ўдаваліся камічныя ролі, старых вайскоўцаў і шляхціцаў. У 1843 годзе на сцэне была пастаўлена “Мадэмуазэль дэ Бэль-Іль” Аляксандра Дзюма-старэйшага (пераклад Сурэвіча). У 1841-44 гадах трупа неаднаразова выступала па-за межамі Вільні — у Гародні, Друскеніках і Мінску. Праўда, наконт таго, што сам Сурэвіч пабываў у 1844 годзе ў Мінску, інфармацыя няпэўная. На гэты час прыпадае згадка Сурэвіча ў лісце Станіслава Манюшкі да жонкі, у якім ён кажа пра нейкія супярэчнасці ў іх поглядах. Дарэчы, супрацы паміж імі гэта не зашкодзіла. У 1845 годзе Сурэвіч сыграў галоўную ролю “Камандора” ў драме “Сабаўдцы” Адольфа Д’Энэры. Музыку напісаў Станіслаў Манюшка, які ж сам стаяў за пюпітрам. Аб тым, што пастаноўка была далёка нешараговая, зрабіў у сваім дзённіку запіс паэт Уладыслаў Сыракомля.
(Працяг будзе).