У рамках форума адбылася выстава, на якой былі прадэманстраваныя прадукцыя, інжынерныя рашэнні, работы і паслугі прадстаўнікоў праектных арганізацый і вытворцаў будаўнічых матэрыялаў для рэстаўрацыйных і аднаўленчых работ. Акрамя таго, былі зладжаныя майстар-класы і спаборніцтвы маладых спецыялістаў-рэстаўратараў, студэнтаў прафесійных навучальных устаноў і маладых спецыялістаў-рэстаўратараў у галінах манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і рэстаўрацыі жывапісу, а таксама рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ па цаглянай муроўцы.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, навучэнцы майстэрні Нацыянальнага мастацкага музея, Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа і іншых навучальных устаноў, якія спецыялізуюцца на рэстаўрацыйна-аднаўленчых працах.
На семінарах, што прайшлі ў рамках форума, адбылося абмеркаванне шэрагу актуальных пытанняў айчыннай сферы рэстаўрацыі, сярод якіх — міжнародны досвед рэстаўрацыі і першыя крокі інтэграцыі беларускай прафесійнай супольнасці ў міжнароднае аб’яднанне экспертаў у галіне рэстаўрацыі WTA International, узаемадзеянне гісторыка-культурнай спадчыны і соцыуму, дзяржаўная сістэма ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў, тэхнічныя аспекты і асаблівасці выканання работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны.
У ПОШУКАХ ШЛЯХОЎ ДА ХРАМА
Асаблівая ўвага падчас аднаго з семінараў форума была нададзеная ўдзелу праваслаўнай ды рыма-каталіцкай цэркваў у захаванні сакральнай спадчыны Беларусі. Аб’екты такога кшталту з’яўляюцца найбольш каштоўным і буйным складнікам ад агульнай колькасці помнікаў архітэктуры, якія маюць афіцыйны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Дзве траціны сакральных аб’ектаў, у тым ліку руінаваных, знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, дзе колькасць вернікаў з кожным годам зніжаецца ў сувязі з урбанізацыяй.
Гэты працэс абмяжоўвае магчымасці прыходаў самастойна падтрымліваць такія аб’екты і праводзіць дарагія рамонтныя працы з ужываннем нятанных матэрыялаў і тэхналогій ды прыцягненнем спецыялістаў, якія маюць рэстаўрацыйны досвед. Для многіх храмаў таксама існуе праблема паступовай страты аўтэнтычнасці з прычыны неабдуманай замены архітэктурных элементаў. Вядучыя хрысціянскія канфесіі па меры магчымасцяў удзельнічаюць у захаванні спадчыны, але для старажытных і сярэднявечных храмаў, улічваючы іх невялікую колькасць, неабходная, перадусім, падтрымка дзяржавы.
СКАРБНІЦА САКРАЛЬНАЙ СПАДЧЫНЫ
Удзельніца Сінадальнай камісіі па спадчыне касцёла на Гродзеншчыне і сакральным будаўніцтве, галоўны архітэктар праектаў Інстытута “Гроднаграмадзянпраект” Алена Шчасная адзначае: у выпадку з помнікамі сакральнай архітэктуры, якія дзейнічаюць як храмы хрысціянскіх канфесій, варта ўлічваць, што для вернікаў гэтыя аб’екты часта каштоўныя не толькі і не столькі як помнікі архітэктуры, але як намоленыя мясціны, месцы паломніцтва і цэнтры арганізацыі супольнасці прыхаджан.
Калі разглядаць сакральную спадчыну Гродзеншчыны, то больш чым з трохсот помнікаў архітэктуры, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, амаль дзве сотні аб’ектаў з’яўляюцца помнікамі сакральнай спадчыны, а каля адной пятай часткі з гэтага ліку складаюць помнікі драўлянага дойлідства. Гродзенская епархія з’яўляецца адзінай з пятнаццаці епархій Беларускай праваслаўнай царквы, на тэрыторыі якой размешчаныя тры аб’екты, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, што належаць да нулявой катэгорыі, то бок прэтэндуюць на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO: гэта Свята-Барыса-Глебская царква на Каложы ў Гродне ХІІ стагоддзя, Царква святога Міхаіла Арханёла ў Сынковічах XV стагоддзя і царква Раства Багародзіцы ў Мураванцы XVI стагоддзя.
ШЭДЭЎР НАД НЁМАНАМ
Адна з найстаражытнейшых цэркваў Беларусі, славутая гродзенская Каложа, яшчэ не так даўно знаходзілася не ў лепшым стане — храм ХІІ стагоддзя дайшоў да нашых дзён часткова, адна са сцен царквы з боку крутога абрыву над Нёманам была падмытая рачной плынню і разбурылася яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. На яе месцы ў 1898 годзе з’явілася драўляная сцяна, каркас якой дайшоў да нашых дзён — але і яна паступова пачала хіліцца ў бок ракі і вымагала абнаўлення.
Калі настаяцелем Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы ў Гродне ў 2014 годзе зрабіўся протаіерэй Аляксандр (Балоннікаў), з яго ініцыятывы былі зладжаныя тры міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі з удзелам спецыялістаў высокага ўзроўню з Літвы, Польшчы і Расіі. У выніку да вырашэння праблемы далучылася кіраўніцтва вобласці, і неўзабаве быў атрыманы грант Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, выкарыстаны для правядзення супрацьаварыйных работ, якія былі завершаныя ў 2019 годзе. Была замененая абшыўка каркаса, сам ён выраўнены, выпраўленая сістэма водаадвядзення, адноўленая агароджа храма з боку ракі.
АБ’ЯДНАННЕ ВЫСІЛКАЎ
Архітэктар і даследчык культавай архітэктуры Беларусі Аляксей Яроменка адзначыў, што апошнім часам робяцца спробы сістэмнага ўдзелу царквы і касцёла ў захаванні архітэктурнай спадчыны — так, напрыклад, у каталіцкай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску нядаўна ўведзены курс для будучых святароў аб пытаннях рэстаўрацыі храмаў, а ў праваслаўнай Мінскай духоўнай акадэміі выкладаюцца курсы царкоўнай архітэктуры і археалогіі.
Але разам з тым, архітэктар з жалем адзначыў, што часам святары абедзвюх канфесій не ўсведамляюць гістарычнай і архітэктурнай вартасці храмаў, у якіх ім даводзіцца служыць, і наданне такім помнікам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці лічаць абцяжарвальнай акалічнасцю, якая цягне за сабой непажаданыя клопаты, вымагаючы больш пільнай увагі да стану захавання сакральных будынкаў.
Здараюцца, на жаль, прыкрыя выпадкі, калі падчас работ на такіх аб’ектах страчваюцца важныя элементы помніка — так, напрыклад, у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках Смаргонскага раёна, збудаваным у пачатку XVII стагоддзя, дзе захаваліся роспісы, выкананыя ў 1937 годзе вядомым мастаком Пятром Сергіевічам, напрыканцы 1980-ых гадоў такім чынам былі знішчаныя арыгінальныя вітражы пачатку ХХ стагоддзя. Такія выпадкі — на жаль, нярэдкія і сёння — здараюцца па віне прадстаўнікоў абедзвюх канфесій, але зазвычай яны набываюць розгалас, вынікам якога робяцца спагнанні для вінаватых у неналежным стаўленні да помнікаў.
Настаяцель Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы ў Гродне протаіерэй Аляксандр распавёў, што праваслаўная царква ў Беларусі сёння актывізуе дзейнасць па захаванні прадметаў гісторыка-культурнай спадчыны, ініцыюецца стварэнне царкоўных музеяў-старажытнасховішчаў, дзе маюць захоўвацца артэфакты царкоўнай мінуўшчыны. Святар справядліва зазначыў, што архітэктары і адмыслоўцы ў галіне рэстаўрацыі мусяць прыкласці ўсе намаганні, каб знайсці паразуменне са святарамі і перадаць ім свае веды ды любоў да помнікаў, бо толькі супольнымі высілкамі магчыма зберагчы спадчыну сакральнай архітэктуры ў аўтэнтычным стане для новых пакаленняў.