МЕЖЫ І ШЛЯХІ
Мяжа, якая рассекла на дзве паловы нашу краіну паводле Рыжскай мірнай дамовы 1921 года, пакінула непасрэдны след у архітэктуры памежных раёнаў Заходняй Беларусі. Тут актыўна будавалася інфраструктура для так званага Корпусу аховы памежжа (КАП), структуры, якая была створаная ў 1924 годзе і мусіла адказваць за догляд дзяржаўнай граніцы. Заставы і казармы КАП захаваліся ў Давыд-Гарадку, Клецку, Снове, Стоўбцах. Цяпер гэтыя будынкі выкарыстоўваюцца па-рознаму — часам як адміністрацыйныя, часам для гаспадарчых мэт, а дзесьці, як у Клецку, у іх дагэтуль жывуць людзі. Як жылыя сёння выкарыстоўваюцца і будынкі колішняга польскага вайсковага гарнізона ў Маладзечне, у раёне Гелянова.
Акрамя архітэктурных помнікаў, сляды міжваенных часоў можна знайсці таксама на дарогах Заходняй Беларусі: тут дзе-нідзе, асабліва на Палессі, у Брэсцкай вобласці, захавалася плітка-трылінка, якой брукаваліся шляхі ў тыя часы. Дарогі, выбрукаваныя гэтымі шасцікутнымі пласцінкамі, вырабленымі з базальту ды бетону і названымі па імені інжынера Уладзіслава Трылінскага, можна сустрэць, напрыклад, на шляху Кобрын — Пінск, дзе збярогся пакрыты імі пяцікіламетровы ўчастак. На ўскраіне Пінска захаваўся і манумент з базальту ў стылі функцыяналізму, узведзены ў 1938 годзе і прысвечаны заканчэнню будаўніцтва гэтай дарогі.
СПАДЧЫНА ВЯЛІКАЙ ВАЙНЫ
Пакінулі свой след міжваенныя гады і ў абарончым будаўніцтве Заходняй Беларусі. Як савецкія, так і польскія ўлады рыхтаваліся да вайны адно з адным. Калі кіраўніцтва СССР у 1930-х занялося стварэннем у Беларусі новых умацаваных раёнаў, пазней вядомых як частка “Лініі Сталіна”, то польскія ўлады занепакоіліся мадэрнізацыяй існаваўшых у Заходняй Беларусі нямецкіх умацаванняў, якія засталіся тут з часоў Першай сусветнай вайны. Рэч у тым, што фронт у 1915 годзе прайшоў прыкладна па тых самых мясцінах, дзе пазней, у 1921-м, пралягла мяжа між Польшчай і СССР паводле Рыжскай мірнай дамовы.
Нямецкія ўмацаванні часоў Першай сусветнай можна сустрэць ад Браслаўскіх азёраў да заходняга Палесся, але міжваенныя польскія ўлады паспелі заняцца рэканструкцыяй толькі аднаго ўчастку гэтай лініі. Яны аднавілі старыя нямецкія і збудавалі новыя ўласныя доты каля Баранавічаў, стварыўшы там так званыя групу “Крэпасць” і апорны раён “Дарава” ў Ляхавіцкім раёне, якія разам налічвалі некалькі дзясяткаў жалезабетонных кулямётных дотаў. Група “Крэпасць”, якая была створаная ля вёскі Арабаўшчына пад Баранавічамі, налічвала некалькі ўмацаваных пунктаў, злучаных падземнымі хадамі. У верасні 1939 года гэтыя ўмацаванні так і не здолелі выканаць свае функцыі, бо іх гарнізоны былі пераведзеныя на заходнюю мяжу Польшчы ў сувязі з нападам нацысцкай Германіі. Савецкія войскі занялі польскую абарончую лінію пад Баранавічамі без бою.
ПОШУК СТЫЛЮ
Будаваліся ў міжваенныя гады ў Заходняй Беларусі і адміністрацыйныя будынкі, і звычайнае жытло. Жылыя раёны сядзібнай забудовы, так званыя калоніі, прызначаныя для рассялення польскага чынавенства, часта будаваліся ў так званым закапанскім стылі, для якога былі адпаведныя характэрныя рысы традыцыйнай польскай архітэктуры. Такія кварталы захаваліся ў Браславе, Брэсце, Валожыне, Глыбокім, Гродне (знакаміты раён Новы свет), Наваградку, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме.
У многіх гарадах Заходняй Беларусі ў 1930-я гады ўзводзіліся будынкі ў стылі функцыяналізму, які па ўсходні бок Рыжскай мяжы ў той час звыклі называць канструктывізмам. На адрозненне ад усходняй Беларусі, тут такія будынкі бывалі не толькі мураванымі, але і драўлянымі. Асабліва багата помнікаў функцыяналізму збераглося ў Брэсце.
ТУТЭЙШЫ ТАЛЕНТ
Жылі і стваралі ў Заходняй Беларусі і мясцовыя архітэктары. Так, Лявон Вітан-Дубейкаўскі, які нарадзіўся ў 1869 годзе на Мсціслаўшчыне, скончыў у Варшаве школу будаўнічых рамёстваў і ўжо напрыканцы ХІХ стагоддзя займаўся аднаўленнем храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Чачэрску, Свіслачы і Смалянах, а ў 1897 годзе заснаваў уласнае інжынернае таварыства.
У міжваенныя гады Вітан-Дубейкаўскі зрабіўся актыўным удзельнікам нацыянальнага руху, распрацаваў, між іншым, праект будынка Будслаўскай беларускай гімназіі, які так і не быў рэалізаваны праз закрыццё гэтай установы польскімі ўладамі. У 1920-я архітэктар выканаў праекты царквы ў Відзах і драўлянага касцёла ў стылі мадэрн у Дрысвятах, а таксама жылога мікрараёна на Антокалі ў Вільні.
БРАЦКІЯ МАГІЛЫ
За часамі знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы тут, вядома, з’яўляліся і помнікі, якімі польскія ўлады імкнуліся ўшанаваць розныя гістарычныя падзеі. Так, непадалёк ад ужо згаданай Арабаўшчыны і ўмацаванай групы “Крэпасць” знаходзіцца помнік “Тры крыжы”, які быў пастаўлены ў 1937 годзе польскімі ветэранамі ў гонар Брыгады польскіх стральцоў, што ваявала ў гэтых мясцінах падчас Першай сусветнай вайны ў складзе расійскай арміі.
Агулам жа на тэрыторыях Заходняй Беларусі, якія ўваходзілі ў міжваенныя гады ў склад польскай дзяржавы, засталося багата пахаванняў салдат польскага войска, якія загінулі падчас савецка-польскай вайны 1919 — 1920 гадоў — такіх брацкіх магіл налічваецца больш за шэсць дзясяткаў. Сёння гэтыя магілы, якія зазвычай размяшчаюцца на могілках альбо ля касцёлаў, клапатліва аберагаюцца, як і любыя воінскія пахаванні розных часоў, якіх нямала засталося на беларускай зямлі. Зрэшты, падобныя брацкія магілы чырвонаармейцаў і камуністычных падпольшчыкаў, што загінулі ў тыя ж гады, зберагліся дзе-нідзе і ва ўсходняй частцы Беларусі, напрыклад на старых гарадскіх могілках у Дзяржынску альбо на Вайсковых могілках у самым цэнтры сталіцы.
ПАМЯЦЬ АБ МІНУЛЫМ
Міжваенны перыяд гісторыі пакінуў свае сляды і на магілах цывільных людзей. Так, у Заходняй Беларусі на могілках часам можна натрапіць на пахаванні 1930-х гадоў, аздобленыя сціплымі надмагіллямі са строгімі рысамі, уласцівымі для стылю функцыяналізму.
Міжваенны час у гісторыі Заходняй Беларусі адзначыўся таксама спробамі захавання архітэктурнай спадчыны ранейшых стагоддзяў. Так, тагачасныя рэстаўратары паспяхова займаліся кансервацыяй руін замкаў у Крэве і Наваградку, што дазволіла гэтым велічным помнікам зберагчыся да нашых дзён, дачакацца новых захадаў па іх зберажэнні і аднаўленні. Напрыклад, у Крэве ля замкавай вежы польскімі рэстаўратарамі ў 1920-я гады быў узведзены масіўны контрафорс — падпорная сценка, якая ўмацоўвае мур. Пры сучасных рэстаўрацыйных работах гэты элемент быў захаваны як частка шматвекавой гісторыі помніка.
СВЕДКІ ЗМАГАННЯ
Некаторыя будынкі, узведзеныя ў міжваенныя гады, захоўваюць памяць пра дзейнасць падпольных арганізацый Заходняй Беларусі. У Брэсце на вуліцы Будзённага, 33, захаваўся будынак колішняга ваяводскага суда, дзе ў лютым 1927 года адбываўся судовы працэс над членамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, вядомы як “Працэс трыццаці аднаго”. 7 лістапада 1925 года польская дэфензіва арыштавала на Брэстчыне каля дзвюх соцень членаў КПЗБ, найбольш актыўныя з іх праз два гады былі асуджаныя на тэрміны ад чатырох да шасці год турмы — у іх ліку была і знакамітая падпольшчыца Вера Харужая.
У Гродне будынак колішняга акружнога суда збярогся на вуліцы Савецкай, 31. Тут у красавіку 1925 года адбыўся “Працэс сямідзесяці двух”, на якім былі асуджаныя ўдзельнікі партызанскага руху, які дзейнічаў у 1922–1923 гадах на Беласточчыне і ў Белавежскай пушчы. У чэрвені 1928 года па падазрэнні ў прыналежнасці да КПЗБ тут судзілі яшчэ семдзесят пяць чалавек, а ў лістападзе 1930 года — удзельнікаў мітынгу ў Алекшыцах пад Бераставіцай, сярод якіх былі паслы польскага сейму Ігнат Дварчанін і Флягонт Валынец.
Архітэктурныя помнікі міжваеннага часу ў Заходняй Беларусі захоўваюць памяць аб трагічных і гераічных падзеях, якія разгортваліся ў 1920–1930-я гады. Будынкі, якія перажылі апошнюю вайну на беларускай зямлі, заслугоўваюць на тое, каб быць абароненымі ад руйнавання. Сёння гэтыя адрасы і мясціны могуць зрабіцца апорнымі пунктамі ў стварэнні маршрутаў, прысвечаных гісторыі змагання жыхароў Заходняй Беларусі за свае правы ў складзе міжваеннай польскай дзяржавы.