Жыццё беларусаў у складзе польскай дзяржавы вызначалася пэўным нацыянальным і сацыяльным уціскам, які зазнавалі ўсе нацыянальныя меншасці. Зрэшты, меншасцю беларусы маглі лічыцца адно ў межах тагачаснай Польшчы наогул, а тут, у Заходняй Беларусі, альбо, як тады было прынята казаць, “на крэсах усходніх” (“ва ўсходнім краі”), беларускае насельніцтва складала відавочную большасць — палякамі тут сябе лічыла ў асноўным толькі частка нашчадкаў шляхты. Вядома, перасяляліся ў Заходнюю Беларусь і палякі з уласна польскіх тэрыторый — яны збольшага займалі пасады ў адміністрацыі і школьніцтве, шлях на якія быў закрыты беларусам, якіх лічылі нелаяльнымі да польскай дзяржавы. А існавала ж яшчэ і практыка перасялення ў Беларусь і надзялення зямлёй так званых асаднікаў — палякаў з ліку ўдзельнікаў савецка-польскай вайны, якія мусілі, паводле задумы, падтрымліваць польскі дух у гэтым краі.
Такі стан рэчаў абумоўліваў існаванне шматнацыянальнага і шматмоўнага асяроддзя, у якім расло і выхоўвалася пакаленне, да якога адносіўся ўраджэнец Мядзельшчыны Яўген Скурко — будучы народны паэт Беларусі, вядомы пад псеўданімам Максім Танк. Народжаны ў 1912-м, у школьныя гады, з 1923 да 1929-га, ён вымушаны быў змяніць пяць розных школ і гімназій з польскай, рускай і беларускай мовамі навучання — рэч у тым, што рускія і беларускія гімназіі ліквідоўваліся польскімі ўладамі ў выніку вучнёўскіх забастовак, з дапамогай якіх моладзь змагалася за сваё права навучацца на роднай мове. Такая несправядлівасць, у тым ліку, прывяла будучага паэта ў шэрагі змагароў супраць нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту — ён зрабіўся членам Камсамола і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і ў выніку правёў каля двух гадоў у польскіх турмах. Часам беларусам даводзілася змагацца не толькі за сваю мову ды самасвядомасць, але і за ўласны дабрабыт ды магчымасць забяспечыць сябе.
ЗА ПРАВА ГАСПАДАРЫЦЬ НА СВАЁЙ ЗЯМЛІ
Навуковы супрацоўнік Мядзельскага музея народнай славы Аляксей Камолаў распавядае, што жыхары Мядзельшчыны ў міжваенныя гады зараблялі сабе на жыццё самымі рознымі спосабамі — сельскай гаспадаркай, гандлем, многія вымушаныя былі, не маючы працы ў родным краі, выязджаць на заробкі ў чужыя краі — у Заходнюю Еўропу і Амерыку, на сезонныя работы часта выпраўляліся ў Латвію. Дзякуючы таму, што ў нарачанскім краі налічваецца каля паўсотні азёр, многім удавалася пракарміць свае сем’і з дапамогай рыбалавецтва. Аднак у сярэдзіне 1930-х гадоў польскі ўрад прыняў шэраг законаў, якія прадугледжвалі нацыяналізацыю прыродных рэсурсаў, у тым ліку перадачу рэк і азёр у веданне дырэкцыі дзяржаўных лясоў. У выніку вольная лоўля рыбы на Нарачы была забароненая, а возера перайшло ў арэнду да памешчыка Яблонскага, і рыбакам было прапанавана наймацца да яго на працу.
Мясцовыя жыхары, якія спрадвек карміліся альбо дарамі возера, альбо сродкамі ад іх продажу, былі незадаволеныя. У маі 1935 года распачаліся выступленні супраць новага парадку карыстання возерам — сяляне з вёсак Пасынкі і Чараўкі рэзалі сеткі, пастаўленыя памешчыцкімі падрадчыкамі, пераварочвалі чаўны з паліцэйскімі, якія імкнуліся задушыць супраціў. Вядома, што, калі рыбакі выйшлі на возера па-ранейшаму лавіць рыбу, а паліцыя на маторнай лодцы накіравалася адабраць у іх улоў, жонкі рыбакоў памкнуліся ў ваду і перакулілі лодку з паліцэйскімі. Вінаватых у “беспарадках” каралі рознымі тэрмінамі зняволення ў турмах Заходняй Беларусі.
Улетку 1935 года бунт нарачанскіх рыбакоў вырашыла падтрымаць Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, якая накіравала сюды для арганізацыі змагання сваіх інструктараў — Аляксандру Шчасную і Аляксандра Багданчука. У выніку ў жніўні быў створаны забастовачны камітэт, які прыняў рашэнне па-ранейшаму вольна лавіць рыбу, не дапускаць на возера штрэйкбрэхераў і патрабаваць вызвалення арыштаваных таварышаў. Агулам у выступленнях удзельнічалі каля пяці тысяч рыбакоў. Яны адмаўляліся працаваць на арандатара і патрабавалі ўзамен за забарону рыбнай лоўлі атрымаць зямельныя надзелы.
ПАМЯЦЬ АБ ПАЎСТАННІ
На перамовы з рыбакамі прыязджалі павятовы стараста з Паставаў і нават віленскі ваявода. У выніку бунтаўнікі дамагліся пэўных саступак — удзельнікі забастовачнага камітэта нават былі запрошаныя ў Варшаву, дзе іх прынялі прадстаўнікі кабінета міністраў. Змаганне нарачанскіх рыбакоў за вольнае рыбалавецтва цягнулася ажно да пачатку Другой сусветнай вайны. Адметна, што да барацьбы нарачанцаў за свае правы далучыліся таксама рыбакі іншых навакольных азёр, і хваля пратэстаў дакацілася нават да польскага Памор’я.
Максім Танк так уразіўся гэтымі падзеямі, што напісаў у 1937 годзе паэму “Нарач”, у якой распавёў аб барацьбе сваіх землякоў. З-за цэнзурных абмежаванняў твор у тыя гады не мог быць апублікаваны цалкам. Толькі ў 1940 годзе паэту ўдалося ўзнавіць поўны тэкст паэмы, уключаючы фрагменты, якія раней маглі выклікаць незадаволенасць цэнзуры. Выступленні нарачанцаў былі не толькі апяяныя ў літаратуры, але і ўвекавечаныя ў жывапісе — мастакамі Віталём Цвіркам і Кастусём Харашэвічам.
У экспазіцыі мядзельскага музея сёння можна знайсці якар і рыбалавецкія сеткі міжваеннага часу, паднятыя з дна Нарачы, здымкі кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў выступлення рыбакоў, арыгіналы іх успамінаў і сведчанняў аб тых падзеях. Побач — матэрыялы аб жыцці Мядзельшчыны ў міжваенныя гады, дакументы аб дзейнасці ў нарачанскім краі Камуністычнай партыі і Камсамола Заходняй Беларусі. Асобны стэнд прысвечаны і Максіму Танку — тут можна пабачыць перададзеныя ім асабістыя дакументы і кнігі з яго аўтографамі. А зусім непадалёк ад музея, на галоўнай плошчы Мядзела — помнік народнаму паэту, усталяваны ў 2014 годзе.
РОДНАЯ ШКОЛА
З Мядзела накіроўваемся бліжэй да малой радзімы песняра нарачанскага краю, у аграгарадок Сваткі — у мясцовай школе з 2014 года дзейнічае літаратурна-краязнаўчы музей імя Максіма Танка. Рэч у тым, што некалі будучы паэт і сам вучыўся ў старой сваткаўскай школе, і менавіта тут яму ў рукі ўпершыню трапіла кніга на роднай мове — “Беларускі каляндар” на 1925 год. Кіраўнік музея Святлана Шылько распавядае, што асаблівы гонар для стваральнікаў экспазіцыі ўяўляе сабой радаводнае дрэва народнага паэта, складзенае вучнямі школы пад кіраўніцтвам настаўнікаў паводле архіўных матэрыялаў і сведчанняў сучаснікаў ды сваякоў песняра. Акрамя таго, у музеі захоўваюцца асабістыя дакументы Максіма Танка — тут можна пабачыць арыгіналы пасведчанняў аб наданні паэту звання Героя Сацыялістычнай Працы і прысуджэнні яму Ленінскай прэміі, атрыманай за зборнік “Нарачанскія сосны”, а таксама аб наданні звання народнага паэта Беларусі.
Захоўваецца тут і мноства кніг з аўтографамі Максіма Танка, якія ён асабіста перадаваў у школьную бібліятэку і краязнаўчы музей, які дзейнічаў з 1982 года. У музеі праведзеная вялікая работа па зборы сведчанняў сучаснікаў паэта на яго малой радзіме. Многія колішнія настаўнікі сваткаўскай школы былі знаёмыя з Максімам Танкам, сустракаліся з ім падчас ягоных частых візітаў у родныя мясціны. Усе тутэйшыя жыхары прыгадваюць паэта добрым словам, сведчаць, што ён быў вельмі сціплым і спагадлівым чалавекам, заўжды знаходзіў час, каб паразмаўляць з землякамі, даведацца аб іх жыцці і клопатах.
Максім Танк часта любіў адпачываць з сям’ёй на Нарачы, дзе меў дачны домік, а суседзямі ягонымі былі яшчэ два знакамітыя сябры-літаратары — паэт Аркадзь Куляшоў і празаік Міхась Лынькоў. Сябраваў паэт і з настаўнікам сваткаўскай школы Мікалаем Пашкевічам, які ладзіў з вучнямі літаратурны гурток, у пасяджэннях якога ў розныя часы прымалі ўдзел Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Іван Навуменка, Васіль Быкаў — апошні, дарэчы, прысвяціў памяці настаўніка, памерлага ў 1972 годзе, сваю аповесць “Абеліск”.
НАВЕЧНА НА МАЛОЙ РАДЗІМЕ
Са Сватак нарэшце накіроўваемся ў родную вёску Максіма Танка, Пількаўшчыну — дакладней, на хутар Хведарцы, што непадалёк ад яе, названы так па імені дзеда паэта, Хведара Скурко, які некалі набыў гэты ўчастак зямлі. Бацькі Максіма Танка, Іван Фёдаравіч і Домна Іванаўна, мелі яшчэ траіх дзяцей — сына Фёдара і дачок Веру ды Людмілу. Разам з сям’ёй тут жыў і бацькаў брат, Фадзей Скурко, які не меў уласнай сям’і, — ён быў вельмі начытаным і дасведчаным чалавекам, наведаў багата замежных краін, ведаў некалькі замежных моў, таму моцна паўплываў на светапогляд будучага паэта. Тут, у Хведарцах, захаваўся яго родны дом — сёння ён таксама належыць сваяку Максіма Танка. Драўляная хата, якой ужо больш за сто гадоў, не так даўно займела статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Непадалёк ад роднай калыскі знайшоў паэт і свой апошні прыстанак. Нягледзячы на ўсе званні ды рэгаліі, Танк з заўжды ўласцівай яму сціпласцю пажадаў быць пахаваным на радзіме, побач з роднымі і блізкімі. Спачывае Максім Танк разам з жонкай Любоўю Асаевіч на могілках суседняй з Пількаўшчынай вёскі Новікі, у самай старой іх частцы, сярод маляўнічых, пакрытых мохам і пахіленых часам надмагілляў. Побач, убаку ад двух велічных каменных крыжоў, злучаных вянком, пад якімі пахаваныя паэт і спадарожніца яго жыцця, ляжаць таксама бацькі і нашчадкі паэта. Максім Танк і ягоная жонка былі аднагодкамі і памерлі таксама ў адзін год, у 1995-м — паэт не змог доўга вытрываць без свайго адзінага на ўсё жыццё кахання. Жыццё і смерць гэтых людзей зрабіліся сапраўдным сімвалам любові і вернасці не толькі адно аднаму, але і свайму народу ды роднай зямлі, без якой яны не ўяўлялі свайго існавання і ў якую вярнуліся на вечны спачын.
Мінск — Мядзел — Мінск