Больш правоў — больш абавязкаў

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

30 красавіка ў Кобрыне адбылася Рэспубліканская нарада па тэме “Праблемныя пытанні пры выкананні работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях катэгорыі “3”. У нарадзе бралі ўдзел міністр культры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў Міністэрства і іх намеснікі Віталь Бейлін, Наталля Хвір, Наталля Лапаціна, Святлана Краюшкіна, Ірына Карповіч. Кіраўніцтва Брэсцкай вобласці прадстаўлялі старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка і ягоны намеснік Генадзь Барысюк, начальнік упраўлення культуры Сяргей Панасюк, адказная за каардынацыю ўпраўленняў культуры вобласці Святлана Раманюк. Ад Кобрыншчыны былі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, намеснік старшыні Іван Карабко, начальнік аддзела культуры Валянціна Пакалюк. Былі на нарадзе прадстаўнікі ад усіх абласцей краіны і горада Мінска, а таксама супрацоўнікі ААТ “Белрэстаўрацыя” і навукова-праектнага цэнтра “РЭСТАБІЛІС”. Пасля завяршэння рабочай часткі нарады яе ўдзельнікі ўшанавалі памяць палеглых ў Вялікай Айчыннай вайне, усклаўшы кветкі да помніка вызваліцелям Кобрыншчыны.

/i/content/pi/cult/849/18041/24.jpgНарада пачалася з інспекцыйнага агляду аб’ектаў гістарычнага цэнтра Кобрына. Агляд суправаджаўся аповедамі пра тое, з якімі праблемамі сутыкнуліся рэстаўратары, працуючы на гэтых аб’ектах, якімі прынцыпамі яны кіраваліся ў сваёй працы, якія наладжаны стасункі паміж дзяржаўнымі ўстановамі і арандатарамі, а таксама тымі, хто валодае будынкамі, што ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць, на правах уласнасці. Хтосьці, прыдбаўшы ва ўласнаць такі аб’ект, рупіцца пра тое, каб будынак, атрымаўшы новую функцыю, захаваў гістарычнае аблічча, і дзеля гэтага шчыльна кантактуе з уладнымі структурамі і “Белрэстаўрацыяй”. Хтосьці лічыць, што са сваёй уласнасцю можа рабіць што заўгодна, і бессаромна перарабляе гістарычныя інтэр’еры і вонкавае аблічча на свой капыл. А ёсць і такія, што паставіўшы вакол сваёй уласнасці агароджу, забывае пра будынак на доўгія гады. Не тое, што пра рэстаўрацыю не рупіцца, але нават неабходнай кансервацыі, каб перадухіліць далейшае разбурэнне, не робіць. Як кажуць у такіх выпадках, ні сабе, ні людзям.

Гэта пра арандатараў ды ўладальнікаў. Але здараюцца сітуацыі, калі і прадстаўнікі кантралюючых устаноў паводзяць сябе, скажам так, не надта карэктна. Гібеў помнік культуры, пакуль быў ва ўласнасці мясцовых уладаў, і нікому не было да гэтага справы. А вось з’явіўся гаспадар-уласнік, распачаў выратаванне аб’екта — кансервацыю/рэстаўрацыю, і звальваецца на ягоную галаву зграя правяраючых. Так задзяўбуць, што рукі апускаюцца: ўжо й не рады гаспадар, што за справу гэтую ўзяўся.

/i/content/pi/cult/849/18041/25.jpgЮрыдычны чыннік

Нарада якраз і мела за мэту выпрацаваць юрыдычныя чыннікі сістэмы, якія б гарантавалі гістарычным аб’ектам захаванасць пры наданні новых функцый і спрасцілі б стасункі ўладальнікаў ці арандатараў аб’ектаў з дзяржаўнымі структурамі. Акрамя таго, удзельнікаў нарады азнаёмілі са змяненнямі заканадаўства ў кантэксце падрыхтоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры”. З дакладам на гэту тэму выступіў Віталь Бейлін.

Даклад ахопліваў тэмы “Ахова культурна-гістарычнай спадчыны”, “Перасоўванне культурных каштоўнасцяў”, “Арганізацыя і правядзенне культурных мерапрыемстваў”, а таксама — “Творчыя саюзы”, “Бібліятэчная справа”, “Музейная справа”, “Кінематаграфія”, “Народныя мастацкія рамёствы”, “Матэрыяльна-тэхнічная база арганізацый культуры”.

Зразумела, што прысутныя спачатку засяродзіліся на першым раздзеле. Ды і збіралася нарада, каб абмеркаваць у прафесійным асяродку стан нерухомых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і праблемы іх адаптацыі да рэалій сённяшняга дня, калі ў наяўнасці ўжо які ні ёсць, але прыватны капітал, і частку адказнасці за захаванне культурнага патэнцыялу краіны дзяржава можа перакласці на плечы прыватнага інвестара. І зрабіць гэта трэба так, каб укладаючы грошы ў карысную грамадскую справу, інвестар меў і сваю выгоду.

Чыя прэрагатыва?

Прапануюцца змяненні парадка выканання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях катэгорыі “3” у мэтах яго спрашчэння. Нагадаю, што ўсяго каштоўнасных катэгорый чатыры. “0” — гісторыка-культурныя каштоўнасці, уключаныя ў Спіс сусветнай спадчыны, а таксама аб’екты, для якіх такая перспектыва ў большай ці меншай ступені верагодная. “1” — аб’екты міжнароднага значэння. “2” — тое, што мае значэнне ў нацыянальным маштабе. І “3”  — гісторыка-культурныя каштоўнасці рэгіянальнага, інакш кажучы — мясцовага, значэння. Зразумела, што апошняя категорыя па колькасці ўключаных у яе аб’ектаў самая шматлікая. Сёння, паводле заканадаўча зацверджанай завядзёнкі, ўсе пытанні, датычныя лёсу каштоўнасцяў мясцовага класу, вырашаюцца ў Мінску, у Міністэрстве. Па кожную паперу ўладальніку ці таму, хто хоча ім стаць, трэба выпраўляцца ў сталіцу.

/i/content/pi/cult/849/18041/26.jpgЦяпер жа Мінскі гарадскі і абласныя саветы па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, створаныя пры аблвыканкамах і Мінгарвыканкаме, змогуць прымаць рашэнні, якія раней былі прэрагатывай рэспубліканскіх органаў кіравання. Так, абапіраючыся на аргументацыю навукоўцаў, яны змогуць вырашаць адбудоўваць той ці іншы аб’ект катэгорыі “3”, дазваляць або не дазваляць ягоную рэканструкцыю/мадэрнізацыю; зрэшты, даваць дазвол на разборку будынка, калі ён, напрыклад, знаходзіцца ў аварыйным стане.

Мінскі і абласныя выканкамы будуць узгадняць навукова-праектную дакументацыю на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’ектах кагорыі “3”. Працаваць жа саветы будуць паводле рэгламенту, зацверджанага Міністэрствам культуры. Правам надаваць аб’ектам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ці пазбаўляць іх гэтага статусу будзе надзелена толькі згаданае Міністэрства. Пакуль вырашаць, што на іх зямлі з’яўляецца каштоўнасцю, могуць мясцовыя ўлады. Але цяпер, як бачым, гэта стане прэрагатывай рэспубліканскага кіраўніцтва.

Прапануецца вярнуць Міністэрству культуры і мясцовым органам улады функцыі па аглядзе нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў з выдачай прадпісання ў тым выпадку, калі стан утрымання аб’ектаў незадавальняючы.

Прапанавана дапоўніць паўнамоцтвы мясцовых выканаўчых і распараджальных органаў. На іх будзе ўскладзена функцыя забеспячэння выканання ўсталяваных праектамі зон аховы рэжымаў утрымання і выкарыстання тэрыторый і зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а таксама фармаванне комплексаў мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў рамках рэалізацыі рэгіянальных, абласных і раённых праграм і забяспячэнне іх выканання.

Што выклікала дыскусію?

Удакладняюцца пытанні правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях. Дзеля спрашчэння парадку правядзення работ па забеспячэнню належнага стану гісторыка-культурных каштоўнасцяў будзе дазволена выкананне прац па бягучым рамонце на згаданых вышэй аб’ектах толькі на падставе праграм работ без распрацоўкі навукова-праектнай дакументацыі. Вось гэтая тэза выклікала на нарадзе дыскусію. Неяк страшнавата аддаваць гістарычную каштоўнасць у рукі звычайных будаўнікоў, не маючых досведу ў такой спецыфічнай працы як рэстаўрацыя…

Сама ідэя перадачы мясцовай уладзе часткі паўнамоцтваў у галіне аховы спадчыны, якія раней манапольна належалі сталіцы, здаецца, пярэчанняў не выклікае. Пытанне ў іншым: ці здолеюць рэгіёны, дзе культурная сфера знаходзіцца ў стане перманентнага кадравага голаду, якасна выконваць ускладзеныя на іх абавязкі і разумна скарыстоўваць перададзеныя ім правы. Выступаючыя ў дыскусіі гаварылі пра тое, што лягчэй стане інвестару, патэнцыяльнаму арандатару ці ўладальніку аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны, бо цяпер многія пытанні будуць вырашаць на месцах — гэта значыць, больш аператыўна, без марнатраўства часу, меншай колькасцю афіцыйных папер. Але ў сітуацыі, калі ў рэгіёнах не стае дасведчаных у справе рэстаўрацыі архітэктараў, дасведчаных у гісторыі навукоўцаў і іншых неабходных спецыялістаў, саветы па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны магчыма давядзецца фармаваць з бібліятэкараў і метадыстаў Дамоў культуры, у якіх, дарэчы, і сваёй працы вышэй за дах. Гэта не толькі магчыма, але і верагодна, бо ствараць новыя вакансіі ў рэгіянальных установах культуры пры выканкамах Міністэрства намеру не мае. Давядзецца дадаткова загрузіць працай кадры існуючыя.

Кадравы акцэнт

Галоўны архітэктар праекта праектнага філіяла ААТ “Белрэстаўрацыя” Андрэй Карпук з гэтай нагоды прапанаваў перш чым перадаваць паўнамоцтвы рэгіёнам, падрыхтаваць кадры, здольныя гэтыя поўнамоцтвы эфектыўна скарыстаць. Скажам, на базе Інстытут павышэння кваліфікацыя і перападрыхтоўкі кадраў можна было б наладзіць навучанне спецыялістаў, якім давядзецца рэалізоўваць у паўсядзённай працы новыя палажэнні Кодэкса аб культуры.

Наталля Хвір нагадала, што цяпер мясцовым уладам акрамя клопату аб належным стане помнікаў культуры давядзецца яшчэ і весці маніторынг рынку нерухомасці. Не чакаць, што нехта заявіцца і абвесціць аб намеры прыдбаць той ці іншы гістарычны будынак пад кавярню ці краму, а самім шукаць патэнцыяльнага ўласніка, якому паводле ягоных маральных і дзелавых якасцяў можна перадаць у валоданне культурную каштоўнасць, не хвалюючыся за яе лёс. Ды трэба думаць, як такога чалавека яшчэ і зацікавіць.

Міністр паабяцаў улічыць гэтыя і іншыя меркаванні пры далейшай працы над Кодэксам.

P.S.

Па вялікім рахунку сама гісторыя — прыклад таго, што можа здарыцца, калі гістарычная каштоўнасць трапляе не ў тыя рукі. Хай бы мясцовая ўлада і ў Кобрыне, і ў іншых гарадах Беларусі, памятала пра гэта і рупілася, каб гістарычныя каштоўнасці траплялі толькі ў чыстыя рукі. І зноў жа правы дадзены для таго, каб лепей выконваліся абавязкі. Абавязак у дадзеным выпадку — рупіцца пра спадчыну.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"